UNESCO прызнала лясное бортніцтва Беларусі і Польшчы аб’ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны

Культура ляснога бортніцтва стала чацьвёртым беларускім элемэнтам, які ўключылі ў сьпісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. 

На 15-й сэсіі Міжурадавага камітэту аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO беларуска-польскую намінацыю «Культура ляснога бортніцтва» ўключылі ў Рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Бортніцтвам на тэрыторыі Беларусі займаліся з старажытных часоў. Бортніцтва стала асобнай галіной гаспадаркі краіны, пра што сьведчаць Статуты Вялікага Княства Літоўскага. У ХVI—XVIII стст. у гарадах і мястэчках дзейнічалі брацтвы і цэхі бортнікаў з шырокімі правамі самакіраваньня, адзначае Міністэрства культуры.

«Сёньня бортніцтва захоўваецца ў многіх вёсках Лельчыцкага раёну, сустракаецца ў межах Петрыкаўскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага, Ельскага раёнаў Гомельскай вобласьці, Столінскага і Пінскага раёнаў Берасьцейскай, асобныя бортнікі дзейнічаюць у Горадзенскай, Менскай, Віцебскай абласьцях. Захоўваюцца бортныя трацыцыі і ў асобных рэгіёнах Польшчы і Ўкраіны»,.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на беларускім Палесьсі захоўваюць традыцыйнае бортніцтва

Лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёну ўключылі ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў яшчэ ў 2017 годзе. Тады было адзначана, што праца зь мёдам — «комплексны элемэнт культурнай спадчыны, які ўвабраў ня толькі матэрыяльную, але і духоўную частку культуры».

Лясное бортніцтва — чацьвёрты беларускі элемэнт нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Таксама ў пералік уваходзяць:

  • народны абрад «Калядныя Цары»;
  • веснавы абрад «Юраўскі карагод»;
  • Урачыстасьць у гонар шанаваньня абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дрэва шукаюць, як жонку». Фінансавы аналітык зь Менску адраджае бортніцтва на Гомельшчыне

Акрамя таго, чатыры элемэнты знаходзяцца ў Сьпісе сусьветнай спадчыны UNESCO. Гэта Белавеская пушча, замкавы комплекс у Міры, палацавы комплекс Радзівілаў у Нясьвіжы, а таксама геадэзічная дуга Струвэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 беларускіх ратуш, якія сьведчаць пра эўрапейскае мінулае краіны. ФОТА