Пасланьнік Папы Рымскага перадаў Лукашэнку «трывогу і заклапочанасьць» пантыфіка падзеямі ў Беларусі

Клаўдыё Гуджэроцьці

Папа Рымскі Францішак занепакоены цяперашняй сітуацыяй у Беларусі. Пра гэта паведаміў кіраўнік службы друку Сьвятога пасаду Матэа Бруні.

«Магу паведаміць, што сёньня раніцай мансэньёр Клаўдыё Гуджэроцьці, былы нунцый у Беларусі, у якасьці спэцыяльнага пасланца Папы Рымскага мае выказаць Аляксандру Лукашэнку занепакоенасьць пантыфіка цяперашняй сытуацыяй у краіне», — цытуе Матэа Бруні «Ватыканскае радыё».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з Лукашэнкам пасьля накладзенай на яго анатэмы

Сярод іншага гэта тычыцца кіраўніка Каталіцкай царквы Тадэвуша Кандрусевіча, які неаднаразова асуджаў дзеяньні сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў. А 31 жніўня беларускія памежнікі не ўпусьцілі яго ў краіну, калі той вяртаўся з Польшчы. Лукашэнка тады заявіў, што Кандрусевіч выехаў для кансультацый у Варшаву, дзе «атрымаў пэўныя задачы».

Афіцыйныя каналы не даюць інфармацыі пра вынікі перамоваў пра лёс Тадэвуша Кандрусевіча.

Сайт Лукашэнкі піша, што ён падзякаваў спэцпасланьніку Папы Рымскага за прыезд, назваўшы яго візыт добрым знакам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч, якога ўлады не пускаюць у Беларусь, напісаў заяву аб адстаўцы праз узрост

«Ёсьць пра што пагаварыць, шмат якія тэмы застаюцца, іх адразу ня вырашыш. Але нейкія зрухі ёсьць. На жаль, вы рана зьехалі ад нас. Пасля Вялікай Брытаніі вам трэба зноў у Беларусь вяртацца», — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама папрасіў Клаўдыё Гуджэроцьці перадаць Папу Рымскаму віншаваньні з Новым годам і, калі той захварэе, няхай не хвалюецца: Беларусь гатовая прыняць яго на лячэньне: «Як што — адразу да нас».