«Чым больш сыстэма цісьне, тым больш людзі пераконваюцца, што маюць рацыю». Эканаміст Дзьмітры Крук пра сваё зьняволеньне

Эканаміст Дзьмітры Крук, архіўнае фота

Сябра Каардынацыйнай рады правёў за кратамі 15 дзён і мяркуе, што дзяржаўная сыстэма зараз паядае сама сябе.

Вядомага эканаміста і сябра Каардынацыйнай рады Дзьмітрыя Крука затрымалі падчас нядзельнай лякальнай акцыі пратэсту 29 лістапада. Як расказаў Дзьмітры, схапілі проста ў краме, дзе сілавікі шукалі ўдзельнікаў пратэсту. Судзілі Дзьмітрыя на наступны дзень. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і адправілі адбываць кару ў СІЗА Жодзіна. Вызвалілі Дзьмітрыя 14 сьнежня. На свабоду эканаміст выйшаў хворым.

«У мяне станоўчы тэст на COVID-19, — расказаў Дзьмітры Свабодзе. — Зрабіў тэст пасьля вызваленьня, зараз хворы. Але пачуваюся больш-менш нармальна».

З словаў Дзьмітрыя, сілавікі не чынілі над ім фізычнага гвалту. Да таго, што адбылося зь ім пасьля затрыманьня, ён у прынцыпе быў гатовы. Эканаміст расказвае, што і ў РУУС, і на Акрэсьціна, і ў Жодзіне побач зь ім былі людзі самых розных заняткаў і прафэсіяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя»

«Прафэсіі і род заняткаў маіх сукамэрнікаў фактычна адлюстроўвалі зрэз грамадзтва, — расказвае Дзьмітры. — Кіраўнікі і ўласьнікі прыватных фірмаў былі. Было некалькі айцішнікаў, будаўнікі, рабочыя. Я б сказаў, што гэта адлюстраваньне ўсяго грамадзтва, рэпрэзэнтацыйны зрэз».

Для Дзьмітрыя «суткі» на Акрэсьціна і ў Жодзіне сталі першым досьведам. Ён гаворыць, што сукамэрнікі абмяркоўвалі зь ім падзеі ў краіне, а таксама цікавіліся прагнозамі Крука на будучыню.

«Размаўлялі і на эканамічныя тэмы, безумоўна, — расказвае экспэрт. — Калі там сядзіш, то абмяркоўваеш усё, што магчыма. Цікавілі людзей пэрспэктывы разьвіцьця краіны, што можа паўплываць на сытуацыю, якія асноўныя рызыкі ёсьць для эканамічнага становішча. Таксама — як людзям паводзіцца ў такой сытуацыі, каб лепш сябе забясьпечыць. Гэта стандартныя пытаньні, якія непакояць усіх і кожнага».

У адным зь першых інтэрвію, дадзеных пасьля вызваленьня зь СІЗА Жодзіна, Дзьмітры выказаў думку, што палітычная сыстэма ў Беларусі зараз паядае сама сябе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымы ў Беларусі эканамічны дэфолт і што гэта значыць

«Грамадзтва вельмі істотна зьмянілася, — тлумачыць экспэрт сэнс свайго выказваньня. — Мне здаецца, гэта відавочна для кожнага. А сыстэма хоча загнаць усё ў ранейшае становішча — калі існаваў міт нейкага кансэнсусу, маўляў, усё больш-менш добра і краіна разьвіваецца. І адзіны мэтад, якім улады спрабуюць той стан мінулых гадоў вярнуць, адзіны мэтад, які застаўся, — сілавы.

Паспрабаваць сілавымі сродкамі запалохаць, прынізіць. Але вынік, скажам так, адваротны. Людзі акурат усё больш пераконваюцца ва ўласнай годнасьці, ва ўласнай рацыі. У тым, што іхныя адчуваньні і патрабаваньні справядлівыя. І што менавіта іхныя надзеі нашмат больш пасуюць таму, каб краіна разьвівалася. І ў выніку чым больш сыстэма цісьне, тым больш людзі пераконваюцца, што маюць рацыю».

Паводле Дзьмітрыя Крука, аказваючы ціск на людзей, сыстэма звужае сваю ўласную прастору для дзеяньняў. А таксама зьнішчае права на сваё існаваньне ў вачах людзей. Калі гаварыць пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА і ІЧУ, пра стаўленьне аховы і адміністрацыі да затрыманых і арыштаваных, то Дзьмітры кажа, што ня быў зьдзіўлены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

«За кратамі мяне нічога не зьдзівіла, — кажа Дзьмітры Крук. — Я далёка ня першы і, на жаль, хутчэй за ўсё не апошні, хто там пабываў. За апошнія некалькі месяцаў адбылося вельмі шмат аднатыповых гісторыяў. Безумоўна, я ўсё гэта чытаў і ведаў: жыву ня ў вакууме. Гэта канвэер, там не было нечага новага для мяне».

Эканаміст гаворыць, што, адбываючы «суткі», людзі ня толькі не губляюць надзеі на перамены, але, наадварот, толькі ўмацоўваюць сваю веру ў іх.

«Улады дасягаюць абсалютна адваротнага выніку, — кажа экспэрт. — За кратамі людзі акурат пераконваюцца ў тым, што немагчыма так існаваць далей, і натхняюцца тым, што такіх людзей, як яны, шмат. Толькі ўпэўніваюцца ў сваёй уласнай пазыцыі».