Міністар здароўя Беларусі спрагназаваў, калі спадзе другая хваля каранавірусу

Міністар здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч, архіўнае фота.

«Як мінімум да чэрвеня мы будзем жыць з высокай інтэнсіўнасьцю, пакуль штам не стане сэзонным».

Беларусь выйшла на пік пнэўманій і пратрымаецца на ім мінімум паўтара месяца, заявіў міністар здароўя Дзьмітры Піневіч, якога цытуе БелТА.

«Для індыкацыі стану эпідэмічнага працэсу ў нашай краіне мы, як і ўсе, глядзім на колькасьць хворых. Але гэта не зьяўляецца для нас асноўным індыкатарам. Ім усё ж такі зьяўляецца аналіз паступленьня людзей з пнэўманіямі, асабліва зьвязанымі з кавідам.

Нашы прагнозы пакуль спраўджваюцца: ва ўсіх рэгіёнах мы выйшлі на пік. На жаль, паказчыкі досыць высокія, і мы думаем, што будзем на такіх лічбах як мінімум яшчэ паўтара месяца», – сказаў Піневіч.

Ён заўважыў, што пандэмія ня скончыцца заўтра: другая хваля пачне спадаць толькі да лета.

«Як мінімум да чэрвеня мы будзем жыць з высокай інтэнсіўнасьцю, пакуль штам не стане сэзонным», – сказаў Піневіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь закрывае межы на выезд. Як змагаюцца з пандэміяй іншыя?