Памёр брытанскі пісьменьнік Джон Ле Карэ

Джон Ле Карэ

Клясык шпіёнскіх раманаў Джон Ле Карэ памёр ад пнэўманіі ў ноч на нядзелю ў шпіталі Корнуэла, на паўднёвым захадзе Вялікай Брытаніі, паведаміла яго сям’я. Яму было 89 гадоў.

Ён пісаў з пачатку 60-х гадоў, шмат у чым вызначыўшы сучасны стан дэтэктыўнага жанру, яго кнігі шмат разоў былі экранізаваныя.

Ле Карэ (сапраўднае імя — Дэвід Джон Мур Корнуэл) скончыў Лінкальн-каледж Оксфарду, ужо ва ўнівэрсытэце пачаў супрацоўнічаць з брытанскай контравыведкай Мі-5, выкладаў мовы ў самай прэстыжнай брытанскай школе, Ітане, а затым перайшоў на штатную працу ў контравыведку.

У 1959 годзе ён перайшоў на працу ў замежную выведку Мі-6, працаваў пад дыпляматычным прыкрыцьцём ў Заходняй Нямеччыне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малпы, інтэлектуалы, шпіёны і іншае страхоцьце, або Кнігі праз паўстагодзьдзя

Пачаў пісаць раманы аб працы выведкі ў часы халоднай вайны; пасьля таго, як да іх прыйшоў посьпех, пакінуў дзяржаўную службу. Самыя вядомыя яго кнігі — «Шпіён, які прыйшоў з холаду», «Шпіён, выйдзі прэч», «Расейскі дом», апошняя яго праца выйшла ў 2019 годзе.

Творы Ле Карэ вылучае адсутнасьць у іх супэргерояў, складаныя псыхалягічныя лініі, бездакорная ангельская мова. Ён увёў у шырокі ўжытак многія словы з тэрміналёгіі спэцслужбаў, напрыклад, слова «крот» для укаранёных агентаў стала шырока выкарыстоўвацца пасьля яго раману «Шпіён, выйдзі прэч» 1974 году.