У Горадні прайшлі раённыя маршы і затрыманьні каля каляднага кірмашу

Дваровы марш у Горадні, 13 сьнежня 2020 году

На Марш абвінавачваньня выйшлі дзясяткі гарадзенцаў у сваіх мікрараёнах. У цэнтры людзі сабраліся на калядны кірмаш. Некаторых затрымалі.

У Горадні анансавалі збор на нядзельны марш на Савецкай плошчы, дзе пачаў працаваць сьвяточны кірмаш. Людзям прапанавалі прыходзіць без сымболікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёртая нядзеля дваровых маршаў. Што адбываецца ў Беларусі на 127-ы дзень пратэстаў

Удзень каля Савецкай плошчы стаялі міліцэйскія аўтобусы і мікрааўтобусы без пазнакаў, экіпажы ДАІ. Па Савецкай плошчы і Савецкай вуліцы хадзілі міліцыянты ў форме і міліцэйскае начальства ў цывільным.

На кірмашы і на Савецкай вуліцы было відаць людзей у адзеньні белага і чырвонага колераў, нехта надзеў чырвоны капялюш Сьвятога Мікалая, хадзілі жанчыны зь бел-чырвона-белымі парасонамі.

Невялікая група людзей прайшла па Савецкай вуліцы, яны пляскалі ў ладкі, гукалі «Жыве Беларусь!». Да іх пад’ехаў мікрааўтобус, людзі ў цывільным затрымалі прынамсі двух хлопцаў. Відавочцы паведамлялі таксама пра затрыманьні на Савецкай плошчы і на вуліцы Белыя Росы.

На марш па раёне зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і воклічамі «Лукашэнку ў аўтазак» выйшлі жыхары мікрараёну Фарты.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.