Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Павал Аракельян

Марш пратэсту ў Менску 1 лістапада 2020 г.

Працягваем нашу рубрыку «Цытаты, якія дапамагаюць жыць».

Павал Аракельян:

Прыстойны чалавек — гэта той, хто робіць гадасьці без задавальненьня.

(Сяргей Даўлатаў)

Усё жыцьцё адзін з маіх улюбёных пісьменьнікаў — Сяргей Даўлатаў, бо ён як ніхто іншы праз прызму іроніі прапускаў той жахлівы савецкі пэрыяд. Цяпер мы жывём амаль у такія самыя часы, і хацелася б нагадаць, што заставацца чалавекам можна нават у сыстэме МУС — проста не атрымліваючы асалоды ад садысцкіх загадаў.

Могілкі забітыя людзьмі, якія верылі, што іх няма каму замяніць.

(Роджэр Жалязны)

І нават людзьмі, якія пасінелымі пальцамі чапляюцца за ўсё, да чаго могуць дацягнуцца.

Для перамогі зла неабходна толькі адна ўмова — каб добрыя людзі сядзелі склаўшы рукі.

(Эдмунд Бэрк)

Заўсёды актуальная думка, і ўдвая прыемней, што ўсё больш людзей не сядзяць склаўшы рукі, а гэта значыць толькі адно — дабро пераможа.

Павал Аракельян — музыка, у лістападзе правёў 15 дзён за кратамі за выступ на дваровым канцэрце.

Выбар рэдакцыі:

Вялікі чалавек — гэта той, хто можа мець уладу і не злоўжываць ёю.

(Генры Доэрты)

Улада п’яніць чалавека. Калі чалавек ап’янеў ад алькаголю, ён можа працьверазіцца, але калі ён ап’янеў ад улады, ён рэдка цьверазее.

(Джэймс Бірнс)

Генры Доэрты (Henry L. Doherty, 1870–1939) — амэрыканскі фінансіст і прадпрымальнік-нафтавік. Джэймс Бірнс (James F. Byrnes, 1982–1972) — амэрыканскі палітык, дзяржаўны сакратар ЗША ў 1945–1947 гг.

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Вольга Бабкова

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць