Эўрадэпутаты рэзка асудзілі сытуацыю ў Беларусі і заклікалі да пашырэньня санкцый

Пленарнае паседжаньне сэсіі Эўрапарлямэнту, 20 ліпеня 2020. Ілюстрацыйнае фота

На сэсіі Эўрапарлямэнту 26 лістапада прайшлі тэрміновыя дэбаты на тэму «Няспынныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці забойства Рамана Бандарэнкі», падчас якіх дэпутаты рэзка асудзілі рэпрэсіўныя дзеяньні беларускіх уладаў і заклікалі да пашырэньня пакету санкцыяў.

Пазьней сёньня па выніках дэбатаў будзе прынятая адмысловая рэзалюцыя ў гэтым пытаньні.

Падчас дэбатаў некаторыя эўрадэпутаты пачыналі сваю прамову словамі «Я выходжу» (апошняе паведамленьне Рамана Бандарэнкі ў дваром чаце) і сканчалі лёзунгам «Жыве Беларусь!»

Выступаючы ад імя фракцыі Эўрапейскай народнай партыі, эўрадэпутат Андрус Кубілюс заявіў: «Тое, што чыніць рэжым Лукашэнкі ў адносінах да беларускіх грамадзян, мы называем унутраным тэрарызмам. Што мы павінны рабіць з рэжымам Лукашэнкі? Тое самае, што і зь іншымі тэрарыстычнымі рэжымамі: жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да дзяржаўных і прыватных кампаній, якія важныя для рэжыму, санкцыі на апэрацыі ў сыстэме SWIFT, правядзеньне міжнароднага трыбуналу і гэтак далей».

Кубілюс падкрэсьліў, што санкцыі павінны закрануць «ня толькі тэрарыстычны рэжым як такі, але і тых, хто гэты тэрарызм падтрымлівае». «Крэмль павінен ведаць, што калі будзе працягваць падтрымліваць тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі, санкцыі закрануць таксама і Крэмль», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт сёньня мае прыняць рэзалюцыю аб Беларусі і забойстве Рамана Бандарэнкі

«Раман Бандарэнка памёр маладым і ўжо ніколі ня ўбачыць Беларусь свабоднай і незалежнай, — сказаў кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Робэрт Бедрань. — Усё гэта адбываецца ня ў нейкім далёкім месцы. Гэта адбываецца проста цяпер у нас на парозе, у апошняй дыктатуры Эўропы. Усё гэта рэальныя жыцьці рэальных людзей, гэта рэальная бітва за свабоду і годнасьць. У мяне ёсьць пачуцьцё, што з боку ЭЗ пакуль размоваў больш, чым дзеяньняў».

Эўрадэпутатка Мірыям Лексман заклікала стварыць місію Эўрапарлямэнту высокага ўзроўню, якая «будзе садзейнічаць спыненьню гвалту, вызваленьню палітвязьняў і пачатку нацыянальнага дыялёгу ў справе выхаду з крызісу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Ціханоўскай: «Адключэньне SWIFT — гэта ў банкаўскай сфэры як ядзерная бомба».

Прысутны на пасяджэньні камісар ЭЗ па антыкрызісным кіраваньні Янэз Ленарчыч адзначыў, што ў апошнія тры месяцы ў Беларусі назіраецца «беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій». Ён нагадаў, што Эўразьвяз не прызнаў вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і больш ня лічыць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам.

Разам з тым Ленарчыч падкрэсьліў, што афіцыйны Менск не прыняў прапановаў ў справе міжнароднай дапамогі для ўрэгуляваньня палітычнага канфлікту ў краіне і пачатку дыялёгу з грамадзтвам.

Ленарчыч адзначыў, што ЭЗ падтрымлівае і будзе надалей падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць і СМІ.

Ён таксама паведаміў, што вядзецца актыўная работа па падрыхтоўцы трэцяга пакету санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. «Эўракамісія ўжо накіравала свае прапановы Радзе ЭЗ», — падкрэсьліў Ленарчыч.