Ціханоўская: Беларусь падпіша Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе

Сьвятлана Ціханоўская і Стэфан Блок

Беларусь абавязкова падпіша Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе, заявіла Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Нідэрлянды.

Пакуль гэтага не адбылося, яна будзе зьвяртацца ў Раду бясьпекі ААН для правядзеньня сьледзтва і скліканьня трыбуналу па Беларусі.

«Забойствы Бандарэнкі, Тарайкоўскага, Крыўцова не застануцца беспакаранымі. Таксама ў нас ёсьць сьведчаньні сотняў чалавек, якія былі зьбітыя ў турмах, прайшлі праз катаваньні і згвалтаваньні. І падчас народнага трыбуналу мы зьбяром яшчэ больш доказаў, каб датычныя ў выніку панесьлі адказнасьць за свае злачынствы», — цытуе экс-кандыдата ў прэзыдэнты яе прэс-служба.

Як паведамляла прэс-служба Ціханоўскай, 20 лістапада на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Нідэрляндаў Стэфанам Блокам Ціханоўская абмеркавала міжнароднае расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму ў Беларусі і пачатак працэсу прызнаньня атраду міліцыі асаблівага прызначэньня (АМАП) і галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС тэрарыстычнымі арганізацыямі.

«Блок выказаў гатоўнасьць дапамагчы ў гэтым напрамку», — адзначаецца ў рэлізе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Франак Вячорка: Ёсьць мэханізм, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці

Рымскі статут — міжнародная дамова, якая заснавала Міжнародны крымінальны суд — прыняты на дыпляматычнай канфэрэнцыі ў Рыме 17 ліпеня 1998 году і набыў моц 1 ліпеня 2002 году. Дакумэнт вызначае функцыі, юрысдыкцыю і структуру суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто выносіць на публіку прыватныя размовы важных пэрсонаў