У Тбілісі патрабуюць новых парлямэнцкіх выбараў і адстаўкі старшыні ЦВК

У Тбілісі каля будынку парлямэнту Грузіі ў цэнтры гораду праходзіць масавая акцыя пратэсту з патрабаваньнем правесьці новыя парлямэнцкія выбары. Сярод пратэстоўцаў — сябры і прыхільнікі апазыцыйных партый, грамадзкія актывісты. Да мітынгу далучыліся жыхары рэгіёнаў Грузіі, у ім удзельнічаюць некалькі тысяч чалавек.

Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі старшыні ЦВК Грузіі, прызначэньня новай выбарчай адміністрацыі, а таксама вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных.

Выбары ў грузінскі парлямэнт адбыліся 31 кастрычніка, па афіцыйных дадзеных, перамогу на іх атрымала кіруючая партыя «Грузінская мара». Апазыцыя, асноўная сіла якой — Адзіны нацыянальны рух былога прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі, называе галасаваньне сфальшаваным. «Грузінская мара» і апазыцыя пачалі перамовы аб вырашэньні палітычнага крызісу пры пасярэдніцтве ЗША і ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы чалавек пратэставалі супраць вынікаў выбараў у парлямэнт Грузіі

У арганізацыі мітынгу ўзялі ўдзел амаль усе грузінскія апазыцыйныя партыі — як тыя, што па выніках выбараў праходзяць у парлямэнт, так і тыя, што набралі менш за неабходны для гэтага адзін працэнт галасоў.

Сёньняшні мітынг — чацьвёртая маштабная акцыя пратэсту пасьля выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі паліцыя ўжыла вадамёт супраць пратэстоўцаў