У офіс ініцыятывы «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» спрабуюць трапіць невядомыя, паведамляе ўвечары 12 лістапада праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле зьвестак праваабаронцаў, раніцай адбыліся ператрусы ў сямі актывістаў «ЗБС», сярод якіх сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям, а таксама Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, студэнткі БДПУ Кася Будзько і Яна Арабейка.
«Па стане на 18.40 яны ў КДБ», — паведамляюць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прызначыла свайго першага палітычнага дарадцу і дарадцу па міжнародных адносінахАлана Гебрэмарыям дапамагала студэнтам, якія падпалі пад рэпрэсіі за сваю пазыцыю. «Мы праводзім кансультацыі і дапамогу па пытаньнях паступленьня ў новыя ВНУ, рэлякацыі і прызыву ў войска праз адлічэньні, — цытаваў Гебрэмарыям тэлеграм-канал Ціханоўскай 31 кастрычніка. — Многія ўнівэрсытэты за межамі Беларусі гатовыя прыняць на дыстанцыйную і вочную вучобу нашых студэнтаў. Зараз вядуцца перамовы з праграмай Каліноўскага, Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам і іншымі ўстановамі. Пры гэтым важна, каб моладзь не імкнулася пакідаць краіну і спыняць пратэсты».