Эканамісты прапанавалі ўвесьці новы падатак для тых, хто працуе дыстанцыйна

Людзі, якія працуюць з дому, павінны плаціць дадатковы падатак, каб падтрымаць тых, у каго няма такой магчымасьці.

Такая прапанова зьмяшчаецца ў дасьледаваньні Deutsche Bank, зь якім пазнаёмілася рэдакцыя BBC. «Падатак на дыстанцыйных супрацоўнікаў патрэбен быў нам доўгія гады, пандэмія COVID-19 проста зрабіла гэта відавочным», — канал цытуе стратэга банку Люка Тэмпльмана.

На прапанову аналітыкаў, пяціпрацэнтны падатак за дыстанцыйных супрацоўнікаў павінны плаціць працадаўцы. Гэтыя грошы павінны накіроўвацца на дапамогу тым, хто ня можа працаваць з дому. Паводле ацэнкі банку, у ЗША такі падатак дазволіў бы зьбіраць 48 мільярдаў даляраў штогод, у Вялікай Брытаніі — звыш 9 мільярдаў долараў. Гэтага хапіла б, каб плаціць фінансавую падтрымку неабароненым групам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у сьвеце: карантын у Чэхіі і Ірляндыі, камэнданцкая гадзіна ў Францыі, Эўропу чакаюць «лічбавыя» Каляды

Праз каранавірусную пандэмію мільёны супрацоўнікаў па ўсім сьвеце перавялі на працу з дому. Многія карпарацыі плянуюць дазволіць частцы работнікаў пастаянна працаваць з дому нават пасьля завяршэньня крызісу. Аднак многія прафэсіі нельга перавесьці на дыстанцыйную працу. «Вірус дапамагае тым, хто працуе віртуальна, але ставіць пад пагрозу сродкі да існаваньня і здароўе тых, хто так працаваць ня можа», — лічыць Тэмпльман.

Ён таксама сьцьвярджае, што дыстанцыйныя супрацоўнікі ўносяць меншы ўклад у эканамічную інфраструктуру, пры гэтым працягваючы атрымліваць выгады ад яе. Напрыклад, яны ня плацяць за грамадзкі транспарт або не купляюць ежу ў рэстаранах каля офісу. «Пяціпрацэнтны падатак ня зробіць людзей бяднейшымі, чым калі б яны пайшлі ў офіс», — сьцьвярджае згаданае дасьледаваньне.