Абралі ангельскае слова 2020 году

Ангельскае слова 2020 года — «локдаўн». Такі выбар зрабілі экспэрты аўтарытэтнага слоўніка Колінза.

Як паведамляе ВВС, у сувязі з пандэміяй Covid-19 выкарыстаньне адносна рэдкага тэрміну ў англамоўных СМІ і Інтэрнэце павялічылася з чатырох тысяч у 2019 годзе да чвэрці мільёну.

«Нашы лексікографы абралі „локдаўн“ словам года, бо яно ўключае вопыт, які аб’ядноўвае мільярды людзей па ўсім сьвеце», — паведамляецца на афіцыйным сайце слоўніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другая хваля каранавірусу: у якіх краінах могуць аднавіць карантын?

«Мова адлюстроўвае сьвет вакол нас, і ў 2020 годзе ў сьвеце панавала сусьветная пандэмія, — тлумачыць рэдактарка Элен Ньюстэд. — Локдаўн зьмяніў наш спосаб жыцьця, працы, вучобы, пакупак і зносінаў. Паколькі многія краіны цяпер увялі другі локдаўн, слова выражае галоўны вынік года, хаця, вядома, ніхто не задаволены».

Да папярэдняга тлумачэньня слова «локдаўн» («накладаньне строгіх абмежаваньняў на перамяшчэньне, сацыяльныя кантакты і доступ да грамадзкіх месцаў») Колінз дадаў новае: «абмежавальная мера, уведзеная ўрадамі, каб абмежаваць распаўсюджваньне COVID-19».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўпершыню зафіксавалі звыш 1000 новых выпадкаў COVID-19 за дзень