Яшчэ шасьці мэдыкам прысудзілі «суткі» за ўдзел у акцыі пратэсту

Марш мэдыкаў і пэнсыянэраў, 9лістапада

10 лістапада працягваюцца суды над мэдыкамі, якіх затрымалі на акцыі салідарнасьці 7 лістапада.

  • Анколяга-хірурга Юрыя Івашкевіча асудзілі на 12 сутак. Затрымалі на маршы мэдыкаў 7 лістапада. Суд праходзіў па скайпу і без адваката, лекар не прызнаў віну ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве.
  • 15 сутак арышту атрымала стаматоляг Натальля Акімава. Такое рашэньне вынес суд Ленінскага раёну Менску. 15 лістапада Натальлі Пятроўне споўніцца 67 гадоў, дзень нараджэньня яна правядзе ў ізалятары. Натальлю Акімаву затрымалі разам зь дзясяткамі іншых мэдыкаў у суботу, 7 лістапада, каля першай бальніцы Менску, паведамляе Tut.by.
  • Кіраўнік зьмены СМП 8-й падстанцыі Менску Дзьмітры Стралкоў (зьбілі пры затрыманьні) — 15 сутак.
  • Рэнтгеноляг Ігар Гоцін — 15 сутак.
  • Мамоляг Віталь Хлявіч — 14 сутак арышту.
  • Анколяг-хірург Юрыя Івашкевіч — 12 сутак.

Таксама незалежнае аб'яднаньне мэдыкаў «Белыя халаты» сёньня паведамляе, што ўчора на 15 сутак таксама асудзілі старшага ўрача 9-й падстанцыі хуткай дапамогі Менску Вадзіма Карагулькіна і анэстэзістку менскага анкадыспансэру Натальлю Ермалаеву.

У нядзелю 8 лістапада ў Менску падчас пратэстаў затрымалі больш за тысячу чалавек. У суботу 7 лістапада сілавікі разагналі марш мэдыкаў і схапілі каля 50 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля масавых арыштаў 8 лістапада ў Менску прайшоў супольны марш пэнсіянэраў і мэдыкаў. ФОТА і ВІДЭА