Выкладчыкі і студэнты хімічнага факультэту БДУ падтрымалі страйкоўцаў «Гродна Азоту». ВІДЭА

Марш ў Горадні ў падтрымку рабочых заводу «Азот», якія вядуць страйк. 31 кастрыніка.

Студэнты і супрацоўнікі хімічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту выказалі салідарнасьць з рабочымі «Гродна Азоту», якія пачалі страйк, паведамляе тэлеграм-канал страйкаму «Азоту», куды даслалі відэа.

У сваім відэазвароце прадстаўнікі ВНУ заклікалі рабочых прадпрыемства «не трываць працу з-пад амапаўскіх дубінак», а далучацца да «змаганьня за свае працоўныя й грамадзянскія правы».

«Вы — лідэры страйкавага руху ўсёй Беларусі. Сілавікі затрымліваюць і б'юць вашых калег, але вы справядліва і сьмела супрацьстаіце чарговай хвалі бязладзьдзя ў нашай краіне. Іншыя завадчане натхняюцца прыкладам рабочых-азотаўцаў і падключаюцца да барацьбы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нафтан» накіраваў рабочых на «Гродна Азот», дзе страйкуюць працаўнікі

Хімічны факультэт БДУ — адзін з пастаўшчыкоў кадраў на «Гродна Азот». Прадпрыемства зьяўляецца адным зь вядучых у хімічнай галіне Беларусі. З самых першых дзён пасьля прэзыдэнцкіх выбараў многія рабочыя заводу актыўна ўключыліся ў барацьбу за канстытуцыйныя правы. 13 жніўня калёна супрацоўнікаў прадпрыемства прайшла маршам па Горадні.

Цэх «Аміяк-3», рабочыя якога страйкуюць, — адзін з ключавых цэхаў прадпрыемства, ён актыўна падключыўся да страйку 26 кастрычніка. Кіраўніцтва заводу адмаўляла вялікія праблемы на вытворчасьці, але потым зьвярнулася па дапамогу брыгад зь іншых гарадоў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнены «азотавец» пра небясьпеку на прадпрыемстве: «У людзей нэрвы не жалезныя»