Кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў заявіў, што «бандытаў», якія нападаюць на сілавікоў, «жыўцом браць ня будуць»

Мікалай Карпянкоў, начальнік ГУБАЗіК

Кіраўнік ГУБАЗіКу Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік Мікалай Карпянкоў у інтэрвію «СБ. Беларусь сегодня» назваў пратэстоўцаў «экстрэмістамі».​

ГУБАЗіК актыўна ўзельнічае ў жорсткіх разгонах мірных акцыяй пратэсту. Палкоўнік Карпянкоў асабіста ўдзельнічае ў вулічных «апэрацыях», разьбіў вітрыну кавярні, дзе хаваліся пратэстоўцы.

Байцы ГУБАЗіК удзельнічаюць ў жорсткіх разгонах мірных пратэстаў

Прыводзім некалькі выказваньняў Карпянкова.

  • «У параўнаньні з 9 жніўня сытуацыя стабілізавалася».​
  • «Адназначна менш людзей стала на вулічных акцыях. Але тыя, хто на ніх, каля 6-8 тысяч чалавек, складаюць ядро незадаволеных. Яны проста так ня сыдуць. Я ўпэўнены, што ім праплацілі грошы, яны маюць свае карысьлівыя мэты, шчыльна зьвязаны з замежнымі заказчыкамі масавых беспарадкаў».
  • «Мы таксама супраць гвалту. Паверце, прэзыдэнт, кіраўнікі праваахоўных органаў яшчэ мякка абыходзяцца з вулічнымі шкоднікамі. Але калі будзе дадзены загад жорстка і па законе разабрацца з тымі, хто парушае закон і аказвае супраціў, у тым ліку ўзброены, супрацоўнікам праваахоўных органаў, мы навядзём парадак вельмі хутка, у лічаныя дні».
  • «Па-сапраўднаму да пратэстоўцаў ніхто яшчэ не ўжываў сілы, баявых прыёмаў, ні летальнай, ні агнястрэльнай зброі».
  • «Фэйкі» пра катаваньні сілавікамі публікуюцца, «каб зрабіць нас ізгоямі ў грамадзтве, каб мы адчувалі сябе вінаватымі нібыта перад усім народам».
  • «Прадстаўнікі клясычнага крыміналітэту цяпер ня проста трымаюць нейкі нэўтралітэт. Яны нават больш законапаслухмяны лад жыцьця вядуць на фоне экстрэмістаў з апазыцыі. Бандыты тое, што адбываецца цяпер на вуліцах, не падтрымліваюць».
  • «Самае галоўнае ў нашым упраўленьні — гэта высокаматываваны, адданы краіне і прэзыдэнту асабовы склад».
  • «Мы цяпер, напрыклад, адказваючы за адзін раён Менску, выяжджаем, працуем там з вонкавай службай, спэцназам. І літаральна за 2-3 гадзіны нашы апэратыўнікі наводзяць там поўны парадак. Затрымліваем усіх, хто спрабуе зьдзейсьніць экстрэмісцкія дзеяньні».
  • «Органы ўнутраных спраў цяпер моцныя, як ніколі. Але ў той жа час, не ўтаю, мы ня прымем ніколі экстрэмістаў. Яны перайшлі мяжу, зрабілі вельмі вялікую памылку: паказалі нам, што правілаў няма».
  • «Тыя, хто дазволіў сабе пераступіць праз усе законы, у тым ліку і законы маралі, проста так не адмыюцца і адчуюць, што нельга абражаць супрацоўнікаў унутраных спраў. Калі, ня дай Божа, нешта здарыцца з камандзірам ці кіраўніком, з нашым братам па зброі – мы такіх бандытаў жывымі браць ня будзем. І калі нешта здарыцца зь сем'ямі супрацоўнікаў, бандыты адчуюць на сабе ўвесь арсэнал і ўсю магутнасьць органаў унутраных спраў».