Краіны Эўразьвязу дамовіліся пра новыя санкцыі, у тым ліку супраць Лукашэнкі

Прадстаўнікі ўсіх краінаў Эўразьвязу дамовіліся пра ўвядзеньне новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі, у тым ліку супраць Аляксандра Лукашэнкі. Рашэньне мае быць апублікаванае ў пятніцу. Пра гэта паведамілі крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі.

У кастрычніку кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, працягваюцца беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў, журналістаў і сябраў Каардынацыйнай рады, і таму Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць афіцыйных асобаў.

«Вы добра ведаеце, што Эўрапейскі Зьвяз не прызнаў фальсыфікаваныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў», — сказаў тады высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах, зьвяртаючыся да эўрадэпутатаў на пленарнай сэсіі Эўрапейскага парлямэнту ў Брусэлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бурэль: Адносіны ЭЗ зь Менскам патрабуюць перагляду. Рыхтуецца новы пакет санкцый, які ўключае Лукашэнку

«Мы ясна заявілі, што Лукашэнка ня мае ніякай дэмакратычнай легітымнасьці. Мы не прызнаем яго як законнага прэзыдэнта Беларусі», — працягнуў тады Бурэль.