Ізраільцяне паскардзіліся свайму прэм’еру, што Ізраіль ігнараваў гвалт супраць сваіх грамадзянаў у Беларусі

Пратэст у Ізраілі супраць рэпрэсіяў у Беларусі

Сябры супольнасьці «Беларусы ў Ізраілі» зьвярнуліся да прэмʼер-міністра Біньяміна Нэтаньягу. Яны нагадалі свайму прэмʼеру, што рэпрэсіі супраць мірных людзей закранулі, у тым ліку, некалькіх грамадзян Ізраілю, а таксама прадстаўнікоў габрэйскай грамады ў Беларусі.

«Грамадзяне Ізраілю Аляксандар Фруман, Арцём Пронін, Ганна Сіроціна, госьці ў Менску, былі затрыманыя паліцыяй, зьбітыя і правялі некалькі дзён у СІЗА ў нечалавечых умовах. Ізраільскае пасольства ў Менску ня толькі не адразу адгукнулася на іх зварот аб дапамозе, але дагэтуль замоўчвае гэтыя выпадкі, гэтак жа як і МЗС Ізраілю. Гэта абуральнае ўхіленьне МЗС Ізраілю ад найважнейшай сваёй функцыі — абараняць сваіх грамадзян за мяжой», — гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту нагадваюць, што 21 кастрычніка ў Слуцку былі зьняволеныя і аштрафаваныя сем чалавек, якія ўскладалі кветкі да помніка габрэям, што загінулі ў гета ў часы Галакосту. «Пасольства Ізраілю ў Менску праігнаравала і гэты абуральны факт!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «АМАП абяцаў мне другое абразаньне». Грамадзянін Ізраілю пра жахі Акрэсьціна

16 жніўня ініцыятыўная група супольнасьці «Беларусы ў Ізраілі» падала пэтыцыю ў МЗС Ізраілю з патрабаваньнем прызнаць афіцыйныя вынікі выбараў у Беларусі несапраўднымі і асудзіць гвалт супраць мірных грамадзянаў у краіне. У Ізраілі пражывае каля 120000 выхадцаў зь Беларусі, пэтыцыю падпісалі 5000 зь іх. Адказу зь Міністэрства замежных спраў група не атрымала.

Аўтары пэтыцыі прызнаюць, што прэмʼер Нэтаньягу шмат робіць для падтрыманьня іміджу Ізраілю «як адзінай дэмакратыі на Блізкім Усходзе», нагадваюць, як шмат выхадцаў з Ізраілю ўнесьлі ўклад у станаўленьне і разьвіцьцё дзяржавы Ізраіль, і заклікаюць Біньяміна Нэтаньягу выступіць «супраць гвалту ў Беларусі і падтрымаць лідэраў народнага пратэсту на чале са Сьвятланай Ціханоўскай».

Зварот падпісала ініцыятыўная група супольнасьці «Беларусы ў Ізраілі», а таксама грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі навукі, культуры і спорту — выхадцы зь Беларусі, усяго 39 чалавек.