79 выкладчыкаў МДЛУ падалі зварот да рэктара

Страйк студэнтаў Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту

Ужо 79 выкладчыкаў МДЛУ падпісаліся пад адкрытым лістом да рэктара Натальлі Лапцевай з патрабаваньнем аднавіць адлічаных 14 студэнтаў і магістрантку, а таксама вярнуць на працу трох звольненых выкладчыкаў.​ Пра гэта піша Tut.by.

Выкладчыкі ўжо аддалі наяўныя подпісы і ліст у канцылярыю рэктара. Але там подпісы не зарэгістравалі, назваўшы ўнутраным дакумэнтам. На просьбу паставіць адзнаку аб прыёме выкладчыкам сказалі паставіць дату і час падачы дакумэнту, сказала выкладчыца Дарʼя Карповіч.

Выкладчыкі плянуюць давесьці колькасьць подпісаў да 200, а таксама – падаць такі ж зварот у Міністэрства адукацыі.

Што ў звароце?

Выкладчыкі МДЛУ заклікалі ў сваім лісьце спыніць звальненьні супрацоўнікаў і адлічэньні студэнтаў унівэрсытэту, спыніць усялякі ціск на прафэсарска-выкладчыцкі склад і студэнтаў, а таксама перастаць перашкаджаць у правядзеньні мірных сходаў. Дадзенае права, заўважана ў лісьце, гарантуецца арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя гэтага, падпісанты запатрабавалі аднавіць на пасадзе дацэнта катэдры італьянскай мовы Натальлю Дуліну, выкладчыка катэдры тэорыі і практыкі ангельскай мовы Ганну Аблову і выкладчыка катэдры тэорыі і практыкі перакладу № 2 Ксенію Каткову, а таксама «старанна разабрацца ў наяўнасьці абʼектыўных прычын для звальненьня дадзеных выкладчыкаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 14 сутак асудзілі звольненую дацэнтку МДЛУ Натальлю Дуліну

У калектыўным звароце адзначана таксама, што адлічаныя студэнты і магістрантка зарэкамэндавалі сябе як добрасумленныя і дысцыплінаваныя студэнты. З навучальным плянам спраўляліся, сярэдні бал акадэмічнай пасьпяховасьці — вышэйшы за сярэдні, запазычанасьцяў па дысцыплінах ня мелі, цяжкасьцяў з вучобай не адчувалі.