«Нас страшна запалохалі». Улады закрылі гомельскія кавярні, рэстарацыі і прадпрыемствы, якія не працавалі 26 кастрычніка

Фрагмэнт абвесткі «Хлебнай майстэрні» ў сацсетках

Вынікам праверак стала закрыцьцё прыватных кавярняў, рэстаранаў і прадпрыемстваў Гомля, якія не працавалі 26 кастрычніка — у першы дзень страйку, абвешчанага Сьвятланай Ціханоўскай.

Адны адкрыта заявілі пра падтрымку ўсебеларускага страйку, іншыя напісалі, што зачыніліся з тэхнічных прычын ці на санітарны дзень. Да ўсіх, хто не працаваў 26 кастрычніка, прыйшлі: санстанцыя, пажарныя, міліцыя, аддзел стандартызацыі і іншыя органы. Цяпер вядомыя вынікі такіх візытаў: установы закрылі.

«Ну, вы самі ўсё разумееце», — напісалі ў сацыяльных сетках супрацоўнікі Becker Bar, папулярнай установы ў цэнтры гораду. Бар часова не працуе «на патрабаваньне Гомельскага гарадзкога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску закрылі яшчэ дзясятак бараў і кавярняў, якія не працавалі ў дзень абвешчанага страйку

Не працуе да 9 лістапада і папулярная рэстарацыя нацыянальнай кухні, карчма «Будзьма!» — таксама на патрабаваньне санітарных органаў. «Будзьма» — першая ў Гомлі рэстарацыя з нацыянальнай кухняй. Тут часта харчаваліся афіцыйныя дэлегацыі і чыноўнікі. «Прычым бясплатна... "Ну, вы самі ўсё разумееце". Ці вы будзеце нас карміць, ці ў вас будуць праблемы». Цяпер нас несправядліва закрываюць праз дробныя недахопы, 50 чалавек можа застацца бяз працы!" — кажуць супрацоўнікі карчмы на ўмовах ананімнасьці.

Закрылі на 2–3 лістапада і папулярны рэстаран Red Pub.

Такія ж праблемы і ў «Хлебнай майстэрні» — вытворчасьці рамесьніцкага хлеба. Яны напісалі ў сацыяльных сетках, што ўвогуле больш ня будуць працаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

На адну з крам тканін склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне правілаў гандлю, краму на гэтай падставе пакуль закрылі.

«Нам так і сказалі пры шматлікіх праверках, што "ня варта было вам зарывацца". Парушэньні такія ў нас, што перамералі тканіну — недзе сантымэтар лішні. Недзе апісаньне колеру тканіны не паводле сыстэмы. Уваход у нас быў без дыванка, а анучка — не такога колеру, як трэба. Яшчэ мы "награшылі" тым, што прадавалі тканіну белага і чырвонага колеру», — патлумачылі супрацоўнікі крамы.

Яны, як і іншыя ўласьнікі ўстаноў і прадпрыемстваў, баяцца даваць камэнтары, бо «нас усіх так страшна запалохалі, сказалі, што будзе яшчэ горш».

Belarus -- authorities close cafes, restaurants and private enterprises in Homiel, which were on strike on October 26, 2020