У Менску на традыцыйны марш пэнсіянэраў выйшла больш за тысячу чалавек, зноў без затрыманьняў. ФОТА і ВІДЭА

Марш пэнсіянэраў у Менску, 2 лістапада.

2 лістапада людзі пэнсійнага веку выйшлі ў цэнтры Менску на штопанядзелкавы пратэст. Ад Чырвонага касьцёла яны пайшлі маршам па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа. Сёньня да пэнсіянэраў далучыліся мэдыкі. Міліцыя не перашкаджае маршу.

16.10 Марш пэнсіянэраў дайшоў да плошчы Якуба Коласа, міліцыі тут няма, людзі размаўляюць паміж сабою і пачынаюць разыходзіцца.

Акцыя пратэсту скончаная, прайшла яна безь перашкод з боку міліцыі і без затрыманьняў, як і мінулым разам — 26 кастрычніка. У Маршы мудрасьці ўзялі ўдзел больш за тысячу чалавек.

Марш мудрасьці, акцыя пратэсту супраць сфальшаваных выбараў і гвалту. Менск, 2 лістапада 2020 году.

16.00 Удзельнікі маршу пэнсіянэраў на падыходзе да плошчы Якуба Коласа, ля 23-й беларускамоўнай гімназіі. Іх вітаюць людзі, якія стаяць у чарзе ў мэдыцынскі цэнтар «Synevo», каб здаць аналіз на каранавірус. Такіх сабралася каля 100.

Марш пэнсіянэраў у Менску, 2 лістапада.

15.45. Удзельнікі Маршу мудрасьці на плошчы Перамогі. Валянтэры частуюць іх цукеркамі.

15.30. У маршы пэнсіянэраў больш за тысячу чалавек, ісьці па ходніках ім цесна, асабліва праз мост над Сьвіслаччу.

Марш пратэсту пэнсіянэраў у Менску. 2 лістапада.

15.28. Погляд зьверху на Марш мудрасьці ў цэнтры Менску.

15.25 Марш пэнсіянэраў на падыходзе да плошчы Перамогі. Людзі рухаюцца па ходніках.

Марш пэнсіянэраў у Менску. 2 лістапада.

Марш пэнсіянэраў у Менску. 2 лістапада.

15.15 Уваход на плошчу Перамогі заблякаваны мэталічнай агароджай. Марш пэнсіянэраў набліжаецца да плошчы, пераходзіць мост над Сьвіслаччу.

15.05 Людзі заўважылі аўтобус з вайскоўцамі, які паехаў ад вуліцы Янкі Купалы да плошчы Перамогі, куды ідзе Марш мудрасьці. Кіроўцы машын вітаюць удзельнікаў маршу.

15.00 Калёна Маршу мудрасьці дайшла да Кастрычніцкай плошчы, людзі крычаць «Уходи!» і махаюць кулакамі на адрас рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Ніхто іх не чапае.

Марш пэнсіянэраў у Менску, 2 лістапада.

14.50 У руках пэнсіянэраў шмат плякатаў і сьцягоў.

14.45 Рух па праспэкце перакрылі таксама на плошчы Перамогі.

Людзі вітаюць удзельнікаў маршу пратэсту пэнсіянэраў і мэдыкаў.

Невядомы вітае Марш пэнсіянэраў у Менску, 2 лістапада.

14.40 Калёна пэнсіянэраў па ходніках праспэкту Незалежнасьці расьцягнулася ад Чырвонага касьцёла да крамы «Лакомка», гэта больш за тры кварталы.

Марш пэнсіянэраў у Менску, 2 лістапада.

14.32 Праспэкт Незалежнасьці перакрыты ля Акадэміі навук.

Сьцяг на маршы пэнсіянэраў.

14.30 Пратэст пэнсіянэраў асьвятляюць расейскія СМІ, у прыватнасьці агенцтва «РИА Новости».

14.25 Калёну суправаджаюць некалькі мікрааўтобусаў зь цёмнымі вокнамі, у якіх звычайна езьдзяць на затрыманьні АМАПаўцы.

14.20 Калёна ідзе па ходніках праспэкту Незалежнасьці. Міліцыя не замінае. «Не забудзем, не даруем!», «Лукашэнку ў аўтазак!». Жанчыны раздаюць пэнсіянэрам асеньнія кветкі. Міліцыянты здымаюць шэсьце на відэа.

14.10 Каля тысячы пэнсіянэраў з плошчы Незалежнасьці рушылі па праспэкце Незалежнасьці. У руках у людзей кветкі, балёнчыкі, плякаты, бел-чырвона-белыя сьцягі. Людзі скандуюць: «Уходи!», «Нашы ўнукі лепш за ўсіх», «Новы год без Лукаша», «Ганьба БТ». Наперадзе калёны ідзе граф Аляксандар Прушынскі.

13.50. Пэнсіянэры зьбіраюцца ля Чырвонага касьцёла ў Менску. На плошчы Незалежнасьці ўжо сотні чалавек.

Папярэдні марш пэнсіянэраў прайшоў 26 кастрычніка і сабраў некалькі тысяч чалавек. Сілавікі не заміналі руху калёны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскім маршы пэнсіянэраў узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Абышлося без затрыманьняў. ФОТА