Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

На пратэсьце ў Магілёве, архіўнае фота

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-лістападзе 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

„У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“

Сьвятлана Лявончык, 57 гадоў, лекар-пэдыятар, Магілёў:

Сьвятлана Лявончык

„26 лістапада мяне асудзілі на 3 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Гэта была акцыя памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

Я вельмі ўсьцешаная грамадзкім узрушэньнем у Беларусі, але ў мяне разрываецца сэрца, што за яго даводзіцца плаціць чалавечымі жыцьцямі і трагедыямі.

Да арышту Віктара Бабарыкі я старанілася палітыкі, а пасьля пачала цікавіцца выбарчай кампаніяй. Дужа перажывала гвалт сілавікоў пасьля выбараў. Прапаноўвала калегам падтрымаць пратэсты, арганізаваўшы ланцуг салідарнасьці каля паліклінікі, але ніхто зь іх не наважыўся выйсьці.

Два месяцы таму адміністрацыя паліклінікі не падоўжыла мой кантракт. Напэўна ня ведаю, ці зьвязана гэта з маёй грамадзянскай пазыцыяй, але па звальненьні стала лягчэй. Сысьці з паліклінікі хацела ўжо гады два таму, бо дужа стамілася — і ад самой працы, і ад атмасфэры ў калектыве. Акрамя выкананьня прафэсійных абавязкаў, начальства патрабавала рыхтаваць паперкі для праверак, гэтым трэба было займацца ў вольны ад працы час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Наважылася была сысьці з прафсаюзаў, але падыходзіць галоўны лекар і кажа: «Вы мяне падводзіце, мяне праз вас пакараюць». Яны так заўжды маніпулююць намі. Ты разумееш, але вымушаны цягнуць гэты воз і спадзявацца, што калі-небудзь сытуацыя зьменіцца.

Нас зь сяброўкай схапілі 22 лістапада на ўскрайку гораду, у Любускім лесапарку, падчас прагулкі ўздоўж праезнай часткі. Сяброўка трымала плякат з надпісам «Я выходжу». А я на вітаньні аўтамабілістаў падымала руку са знакам «вікторыя» ды назірала за абстаноўкай. Прызнацца, не ўпільнавала мікрааўтобус з амапаўцамі, а іх відэарэгістратар зафіксаваў, як я іх павітала. Гэта стала доказам віны ў судзе.

Зразумеўшы, хто ў машыне, мы кінуліся наўцёкі ў лес.

На мне была ярка-чырвоная куртка, а ў ёй у лесе не схавацца. Адзін з амапаўцаў зазірнуў мне ў твар і, пабачыўшы жанчыну ў гадах, прамовіў зьдзіўлена ды павучальна: «У вашым узросьце займацца такім…» Мне ад гэтых слоў стала сьмешна і гідліва.

Дарогай амапаўцы маўчалі, а ў раённым аддзеле міліцыі выставілі абвінавачаньне ў несанкцыянаваным пратэсьце супраць вынікаў выбараў. Я настойвала, што мы зь сяброўкай выйшлі, каб ушанаваць памяць забітага пасьля затрыманьня Рамана Бандарэнкі, а фраза «Я выходжу» была апошняй, што ён напісаў у дваровым чаце.

У няволі супрацоўнік пракуратуры папярэдзіў мяне пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сьледчы з крымінальнага вышуку ў ізалятары выпытваў, адкуль я бяру інфармацыю аб пратэстах, якія чаты праглядаю. Тлумачыў, што іхная задача — выкрываць правакатараў, якія падбіваюць натоўпы на парушэньні грамадзкага парадку. Калі я расказала міліцыянту гісторыю Бандарэнкі, ён склаў паперы і спыніў гутарку.

Мяне пераконвалі, што я маю аднабокі погляд на сытуацыю ў краіне і не гляджу тэлевізар, дзе паказваюць праўду. Іхны сьвет разыходзіцца па швах, і яны шукаюць апраўданьне сваім дзеяньням. Яны лічаць, што ў выпадку зьмены сытуацыі спатрэбяцца новай уладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

За тры дні няволі мяне чатыры разы разьдзявалі да галізны. Да такой працэдуры я была гатовая, але адчуваньне засталося брыдкае. У першы дзень арышту ня ела і не піла. Вады ніхто ў аддзеле міліцыі не прапаноўваў. У ізалятар прывезьлі пасьля 22 гадзіны.

Пасьля першай бяссоннай ночы ў мяне забалела галава, і ахоўнік прынёс цытрамон. Сядзела адна ў камэры на дваіх каля паста ахоўнікаў. За дзьвярыма чула пастаянна гогат, нецэнзурную лаянку ды беганіну. Ахоўнікі былі ўзростам да 40 гадоў.

У камэры было прахалодна, хоць батарэі грэлі. Калі ня рухацца, то мерзьнеш, альбо трэба сядзець у куртцы. У вокны дужа дзьмула. Удзень працавала вэнтыляцыя.

Каб падтрымаць сябе, рабіла фізычныя практыкаваньні. За тры дні ад фізычнай нагрузкі забалеў прэс, дык дзеці жартавалі, што выпусьцілі мяне з ізалятара ў добрай спартовай форме.

Папрасіла была кнігу са спадзевам, што добрую прынясуць, але далі агітацыйную літаратуру 1970-х гадоў. Ад адной вокладкі мяне перасмыкнула. Такое чытво адклала ўбок.

Суцяшала сябе, што граф Монтэ-Крыста сядзеў у адзіночцы 30 гадоў. А на другі дзень на сьцяне ўбачыла надрапаны надпіс: «Што нас не забівае, тое робіць дужэйшымі».

Шторанак выводзілі з камэры на «шмон» — надгляд. На калідоры: «Тварам да сьцяны, рукі на сьцяну, ногі шырэй», а вакол натоўп ахоўнікаў. Некалькі зь іх заскоквалі ў камэру, дзе ўсё пераварочвалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі вялі на сустрэчу з супрацоўнікам крымінальнага вышуку, патрабаваньні былі тыя самыя: «Тварам да сьцяны, рукі на сьцяну, рукі за сьпіну». Гэта дужа непрыемна чуць, і, як сядзець доўга, то пачнеш адчуваць сябе сапраўды парушальнікам. Атмасфэра мярзотная.

У суд мяне прывезьлі амаль што зацкаваную. Калі на калідоры ўбачыла родных ды сяброў, то асьцерагалася падыходзіць да іх. Панура ішла за міліцыянтам. Уяўляеце, як за тры дні няволі выдрэсіравалі. Села туды, куды паказаў ахоўнік.

Але родныя не зьвярнулі ўвагі на міліцыянтаў і пачалі абдымаць мяне, і толькі пасьля гэтага я авалодала сабою. У судзе даведалася, што сяброўцы прысудзілі 270 рублёў штрафу, а выпусьцілі ў дзень затрыманьня, бо дома застаўся непаўналетні сын“.

„Акрэсьціна цяпер трэба «адбельваць», таму там больш лагодна“

Андрэй Рабчык, відэаапэратар:

Андрэй Рабчык пасьля вызваленьня з-пад арышту

„Нас затрымалі каля поўдня 15 лістапада ў нумары гатэлю «Арбіта». У той жа дзень па ўсёй Беларусі былі затрыманыя яшчэ 24 журналісты. Судзілі на наступны дзень, 16 лістапада. На суд не змаглі трапіць ня толькі калегі, але і адвакат.

Суд мой заняў добра калі пяць хвілін. Мне, як бы гэта сказаць, «прышылі» артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу, удзел у масавых мерапрыемствах. Сьведкам быў Іваноў Іван Іванавіч. Сказаў, што я ішоў па вуліцы, а ў руках трымаў транспаранты, сьцягі ды іншую сымболіку. Хаця я ў гэты час знаходзіўся на 10-м паверсе гатэлю «Арбіта», здымаў відэа з нумару гатэлю праз вакно. Усё вельмі хутка было, я нават ня змог папрасіць адваката. Толькі на крэсла прысеў перад ноўтбукам, а ўжо трэба было ўставаць.

Затрымалі разам з калегамі проста ў нумары, куды зайшлі людзі ў цывільным, назваліся супрацоўнікамі міліцыі і адвезьлі нас спачатку ў РУУС, а пасьля на Акрэсьціна. Там я пераначаваў, там жа праз скайп даваў паказаньні падчас суду. Неўзабаве пасьля працэсу мяне разам зь іншымі затрыманымі 15 лістапада людзьмі перавезьлі ў аўтазаках у Жодзіна. Тое, што я журналіст, нікога з праваахоўнікаў не зацікавіла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мяне нідзе асабліва не апытвалі. Далі пратакол на рукі і ўсё. Калі я пабачыў пратакол у РУУС, то ў мяне вочы акругліліся. Сказаў, што я журналіст, што ня удзельнічаў у шэсьці і нават на вуліцы ня быў тады, быў у гатэлі. Але гэта нікога не цікавіла. Сказалі, што магу абскарджваць, магу рабіць што заўгодна. Агулам ставіліся нармальна. У Жодзіне жорстка сустракалі. Крычалі, некалькіх чалавек ударылі. Казалі, што мы павольна перамяшчаемся. Але калі загналі ў камэры, то ўсё скончылася. У Жодзіне такі своеасаблівы рэжым, турэмны. На Акрэсьціна прасьцей. Як разумею, Акрэсьціна цяпер трэба «адбельваць», таму там больш лагодна.

У Жодзіне спачатку трапіў у 6-мясцовую камэру, дзе было 12 чалавек. Спаць давялося хто дзе мог. Але на наступны дзень усіх раскідалі па іншых камэрах, і месцаў стала хапаць.

Сядзяць у асноўным прадпрымальнікі, вельмі шмат прадстаўнікоў малога бізнэсу. У нас быў адзін айцішнік. Таваразнаўца адзін быў, вельмі адукаваны хлопец. Але асноўная маса — індывідуальныя прадпрымальнікі. Кнігі чытаць у камэры было складана. Шэсьць чалавек сядзяць, пастаянна нехта размаўляе. Я таму пераважна кніг не чытаў. Выратаваньне — сканворды, крыжаванкі. Іх уся камэра разгадвае. І даміно яшчэ. Аказваецца, гэта вельмі весела і азартна. І гэта дазволена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Да канца верасьня я працаваў як акрэдытаваны журналіст беларускай службы Радыё Свабода. Пасьля падаў новыя дакумэнты на пераакрэдытацыю, адказу з МЗС пакуль няма. Летам мяне некалькі разоў ужо затрымлівалі падчас працы на акцыях пратэсту, але пасьля праверку дакумэнтаў і некалькіх гадзінаў у РУУС адпускалі. На «суткі» трапіў упершыню.

Я першы раз быў у такіх умовах, таму для мяне ўсё было новым. Ня ведаў, напрыклад, што посуд трэба мыць самім. І што пажадана, каб у перадачах быў сродак для мыцьця посуду, бо вада ў камэрах толькі халодная і памыць нешта праблематычна. Але гэта дробязі. Мяне нічога ня ўразіла там.

Людзі на «сутках» ня толькі не мяняюць палітычных поглядаў, але яшчэ і радыкалізуюцца.

Спалоханага ў камэрах я за ўвесь час ня бачыў нікога. Людзі рэальна злыя. Усе кажуць, што і раней ведалі пра несправядлівасьць, але затрыманьне і арышт іх толькі раззлавалі. Я ўвогуле ня чуў ні ад кога, што хтосьці зьбіраецца перастаць хадзіць на акцыі. Будуць хутчэй бегаць — гэта так. А каб нехта сказаў, што больш ня выйдзе, — такога ня чуў. Людзі настроеныя па-баявому і выходзяць на свабоду злыя. Ня ведаю, чаго хоча дамагчыся ўлада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Душ у жодзінскай турме «сутачнікам» дазваляюць раз на тыдзень. Былі і прагулянкі, але ня кожны дзень, як запісана ў распарадку дня. Арыштантаў выводзілі ў невялікі дворык 3 на 3 мэтры зь небам у клетку. Але скарыстацца гэтым момантам стараліся, бо гэта адзіная магчымасьць легальна пакурыць.

Ахоўнікі розныя. Ад тых, хто сядзіць за кратамі гадамі, яны вонкава не адрозьніваюцца ў прынцыпе. Формай толькі. На тэлефонах рынгтонамі блатняк стаіць нейкі ва ўсіх. Адзін начальнік нас прывітаў аднойчы словамі «Добрай раніцы, калябарацыяністы». Але неяк так усё. Хто старэйшы, тыя больш лагодныя. Маладыя — ірвачы. Могуць сказаць: «Чаго ты ляжыш, у нас рэжым і парадак». На палітычныя тэмы не спрабавалі размаўляць. Пыталіся толькі, ці маем нейкія скаргі, прапановы. Ставілі нам па ўнутраным радыё набор патрыятычных песень. Там сярод іншых была песьня Данчыка «Беларусь мая». Напэўна, ня ведалі, хто гэта такі“.

„Камандзіры казалі, што нам не давядзецца біць людзей“

Аляксей, да лістапада салдат в/ч 5522, Горадня:

„Цэлы год выдаўся цяжкім. Спачатку каранавірус, а потым выбары. У салдатаў ніякіх звальненьняў і выходных. Кагосьці адпраўлялі ў адпачынак за месяц да звальненьня.

Перад выбарамі пачаліся трэніроўкі ў поўным абмундзіраваньні на тэрыторыі часткі. Яны былі плянавымі і заўсёды праходзяць перад выбарамі. Але нам як тэрміновікам камандзіры казалі, што мы 25-я рэзэрва і, калі будуць нейкія хваляваньні пасьля выбараў, то мы будзем удзельнічаць у крайнім выпадку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Трэніроўкі былі цяжкія, салдаты бегалі са шчытамі на стадыёне вайсковага гарадка па некалькі гадзін. З намі калі-нікалі трэніраваліся супрацоўнікі міліцыі і АМАПу, усё, хто служыць на кантракце.

Інфармацыі звонку ў частцы было мала, тэлефоны забароненыя. Галасавалі мы датэрмінова, але ніхто не казаў, што менавіта за Лукашэнку трэба галасаваць. Я ўпэўнены, што большасьць салдат і кантрактнікаў аддалі свае галасы за Сьвятлану Ціханоўскую. Камандаваньне ў частцы чакала, што людзі пачнуць выходзіць на плошчу, але ніхто ня думаў, што гэта будзе цягнуцца так доўга.

Першы раз горадзенскіх тэрміновікаў залучылі ў разгон пратэстоўцаў увечары 9 жніўня. У той дзень на плошчы ў асноўным толькі яны і былі. У Горадні ў нашай вайсковай частцы было дзьве роты салдатаў тэрміновай службы і рота кантрактнікаў, якая займаецца перавозкай зьняволеных.

Большасьць кантрактнікаў адправілі ў Менск на ўзмацненьне. У Горадні засталася толькі малая частка і мы, тэрміновікі. Увечары нас выгрузілі на Кастрычніцкай. Была задача прайсьці ланцугом ад «Ратушнай» крамы да драмтэатру, як і адпрацоўвалі на трэніроўках.

Ілюстрацыйнае фота

Камандзіры казалі, што нам не давядзецца біць людзей, пратэстоўцы самі будуць разыходзіцца. Так і атрымлівалася спачатку, мы працавалі масай на застрашэньне, а за намі ішоў АМАП, які затрымліваў людзей і грузіў у бусікі. У першы дзень усе былі ў разгубленасьці і ніхто ня думаў, што людзі працягнуць выходзіць пасьля разгону. Мы не пасьпявалі адпачыць; ні вады, ні туалета.

У дзень выбараў мая рота да гадзіны ночы бегала па горадзе і разганяла нязгодных з вынікамі выбараў гарадзенцаў. Пасьля таго, як у горадзе ўдалося пагасіць пратэст, тэрміновікаў адправілі ў Ліду на ўзмацненьне. Была інфармацыя, што там пратэстоўцы хочуць захапіць будынак мясцовага РАУС. Але мы так і не даехалі ў Ліду, на паўдарозе нас спынілі і вярнулі ў частку. У вайсковым гарадку ў Горадні пакармілі і далі адпачыць перад чарговых выездам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Прыцягвалі нас на пратэсты і ў наступныя дні. Тэрміновікам не давяралі затрымліваць людзей, гэтым у асноўным займаліся кантрактнікі. На плошчы па той бок пратэсту я бачыў знаёмых хлопцаў, і яны мяне бачылі. Але я думаю, яны разумелі, што гэта ня мой выбар.

Тэрміновікі — закладнікі сытуацыі. Ніхто з нас ня радаваўся, што даводзіцца душыць пратэст, усе разумелі, што адбываецца ў краіне. Я быў амаль на ўсіх разгонах, але я проста хадзіў. Я адразу сабе казаў, што калі мне скажуць кагосьці ўдарыць, я ня буду біць — гэта людзі майго гораду.

Чаму зьверстваваў АМАП і кантрактнікі, я да гэтага часу не магу зразумець. Гэта неабгрунтаваная агрэсія. Для іх, калі чалавек выйшаў на несанкцыянаваны мітынг, значыць, ён парушальнік і яго трэба затрымаць любой цаной.

Самымі страшнымі і непрыемнымі для мяне былі затрыманьні каля філярмоніі на другі і трэці дзень пратэстаў. У гэтыя дні зь Менску вярнуліся кантрактнікі, якія і пачалі «наводзіць парадак» у сваім горадзе.

Было цёмна, паўсюль крычалі жанчыны. І мы, як бандыты, ішлі па праезнай частцы ад моста да філярмоніі. Камандзір часткі і кантрактнікі білі па машынах, якія сыгналілі, а кіроўцаў выцягвалі і зьбівалі. Аўтамабілі заведзеныя так і заставаліся з жанчынамі пасярод дарогі, а ў некаторых выпадках і пустыя.

Я ішоў ззаду і асабіста бачыў, як камандзір часткі дубінкай разьбіў лабавое шкло ў адной машыне. У той вечар міліцыя граміла ўсё запар, я быў у шоку.

Нікога таблеткамі не кармілі і не агітавалі так дзейнічаць. Гэта асабістая ініцыятыва некаторых і поўная беспакаранасьць. Так, хтосьці, бывала, кіне плястыкавую бутэльку ці яшчэ што-небудзь у міліцыю, але пратэст у цэлым у Горадні быў мірны. Я ўсё гэта бачыў. Бывае, людзі крычаць «фашысты» і іншыя непрыемныя словы ў адрас салдат, але яны ня ведаюць, хто перад імі стаіць. Для мяне гэта было непрыемна.

Кантрактнікі скардзіліся, што ім даводзілася больш працаваць і пастаянна выяжджаць на ўзмацненьне. Агрэсія магла быць і ад гэтага, яны хацелі хутчэй усё скончыць.

Дастукацца да кантрактнікаў і прывесьці факты, калі яны па адным, можа, яшчэ і можна. Але калі яны ўсе разам, гэта бяз шанцаў. Таму ніхто зь іх не пяройдзе на бок народу, пакуль у калектыве. Прапаганда працуе, нам спачатку ў казарме паказвалі нарэзку відэа аб пратэстах, казалі, што людзям плацяць грошы за выхад. Але потым перасталі, камандзіры зразумелі, што тэрміновікі выконваюць усе пастаўленыя загады.

Я дэмбэльнуўся, а маіх таварышаў па службе да гэтага часу выганяюць кожную нядзелю на ўзмацненьне. Яны могуць сядзець у машыне па некалькі гадзін або перакрываюць плошчы.

Ілюстрацыйнае фота

За ўдзел у задушэньні пратэстаў у жніўні горадзенскім тэрміновікам у вайсковай частцы 5522 далі надбаўку да штомесячнага заробку па 100 рублёў.

У Горадні на пратэстах міліцыя стараецца затрымліваць надта актыўных грамадзян ці тых, хто стараецца ўцячы. А яшчэ тых, хто здымае тое, што адбываецца, на тэлефон. Забіралі і журналістаў, але я не разумеў, навошта іх чапаць і ў некаторых выпадках біць. Гэта тыя людзі, хто не прамаўчыць, яны ж увесь час асьвятляюць пратэсты.

Усімі тэрміновікамі пры разгоне пратэстаў кіруе камандзір часткі Ўладзімер Голубеў. Ён размаўляе па рацыі ці паказвае пальцам, каго затрымліваць або дагнаць. У гэтага камандзіра каля ўваходу ў кабінэт замест дыванка ляжыць бел-чырвона-белы сьцяг.

Адкуль ён у яго, я ня ведаю. Напэўна, на плошчы забраў. Як ён яго называе, «ануча». Так і вырашыў выкарыстаць. Ён наогул у Горадні менш за год, прыслалі яго зь Менску кіраваць часткай.

Перад дэмбэлем мне прапаноўвалі застацца ў войску на кантракт, але я не пагадзіўся. Мне хапіла ўбачыць сыстэму міліцыі знутры за час службы.

Прапаноўвалі тады ісьці ў дружыньнікі — «займацца карыснай для грамадзтва справай». Я разумею: тое, што адбываецца цяпер у краіне, гэта поўнае бясчынства. Для міліцыі поўная сваволя, рабі што хочаш — і табе за гэта нічога ня будзе. З маіх назіраньняў, мітынгі сёньня — гэта бескарысна, як і барацьба з сыстэмай. У многіх беларусаў толькі цяпер вочы расплюшчыліся, але папраўдзе, бясчынства ў нас ужо даўно. Калі б бачыў я сэнс у мітынгах, я б і сам пайшоў. Але гэта не працуе...“

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Уладзіслаў, да лістапада салдат тэрміновай службы, Менск:

„Падрыхтоўка да разгонаў пачалася незадоўга да выбараў. Трэніроўкі доўжыліся па некалькі гадзін, на тыдзень тры разы. Мы разумелі, да чаго нас рыхтуюць: на носе былі выбары прэзыдэнта. Камандзіры нам казалі, што мы будзем абараняць незалежнасьць краіны. Галасавалі мы, як і ва ўсіх вайсковых частках, датэрмінова — за дзейнага прэзыдэнта.

У першы вечар пасьля выбараў усё больш-менш прайшло. А вось наступны дзень, 10 жніўня, я назаўсёды запомню. Мы прыехалі на вуліцу Прытыцкага. Усё пачалося з таго, што нам проста сказалі прыбраць барыкады. Праходзіць 5-10 хвілін, і да нас выходзіць натоўп людзей, каля 3-4 тысяч, а нас там усяго 25 салдат ад сілы. І вось гэтыя людзі ідуць на нас з усялякімі плякатамі і крыкамі «Сыходзь», «Вам усім капец» і г. д. З нас ніхто проста не чакаў, што тут зараз пачнецца нешта.

Празь некалькі хвілін да нас на ўзмацненьне пад'ехалі іншыя сілавікі, і тады на вуліцы пачалася сапраўдная бойня.

Мы стаялі, і ў нас ляцелі кактэйлі Молатава, камяні, узрыўпакеты, цэгла і г. д. Потым праз пару кілямэтраў у наш ланцужок заехала машына і зьбіла салдата — такога ж, як і я, тэрміновай службы. Ясна, што пасьля такога ў нас ва ўсіх адрэналін зьявіўся. Стаяла задача — прыбраць усё бязладзьдзе з вуліц. Тэрміновікі былі адзін за аднаго, таму ніхто не баяўся. Мы разумелі, што калі сёньня дамо слабіну, тады нас закідаюць, будзе ня горш, чым ва Ўкраіне. У Менску я бачыў і нямірных дэманстрантаў — арганізатараў, якія ўсім кіравалі.

Ніхто з тэрміновай службы з маёй часткі не адмаўляўся ад удзелу ў задушэньні пратэстаў. Камандзіры рабілі ўсё магчымае, каб байцы пасьля разгонаў пасьпявалі адпачыць.

У нас не было адчуваньня, што мы робім нешта дрэннае. Так, былі стомленыя ў першыя дні пасьля выбараў. І я не скажу, што мы мала спалі, усім сну хапала. Нам дазвалялі паспаць даўжэй. Кармілі вельмі добра. Хадзілі чуткі, што і тэрміновікам за кожны выезд на разгон па 1500 рублёў плацілі. Ну гэта ж сьмешна. Усё гэта было выгадна пісаць тым, у каго аўдыторыя большая, а некаторыя людзі паддаваліся на гэтыя фэйкі. Але ўсё гэта трызьненьне. Тэрміновікам была надбаўка за жнівень — 100 рублёў.

Бліжэй да верасьня нас перасталі прыцягваць да разгону пратэстоўцаў. Я стаў рыхтавацца да дэмбэлю.

Катаваньні на Акрэсьціна. Здымка belsat.eu

Нас перасталі прыцягваць, калі ўжо больш-менш усё сьціхла ў Менску. Папраўдзе, я так гэтым «наеўся», што мне і апавядаць няма чаго. Магу сказаць, што хлусьні хапае з двух бакоў. Бацькам я нічога не расказваў. Казаў, што ад пачатку пратэстаў і да дэмбэлю быў у рэзэрве.

Што тычыцца сяброў, ёсьць тыя, хто перасталі са мной размаўляць праз маю сытуацыю, але іх хутчэй знаёмымі можна назваць. А канкрэтна зь сябрамі розныя погляды былі, не падтрымлівалі мяне, але яны разумелі, што я салдат і ў мяне іншага выбару няма.

Што будзе далей? Думаю, людзі працягнуць выходзіць і тым самым у салдатаў будзе мінус выходны дзень. Я ведаю, як гэта. Ды і дзецюкоў, зь якімі служыў, шкада. Іх абзываюць па-ўсякаму, але яны нічога зрабіць ня могуць. Сёньня праз пратэставы рух і каранавірус яны пазбаўленыя звальненьняў і наведваньняў. Асабіста я пайшоў на дэмбэль і на кантракт не заставаўся“.

Hrodna Life

„Уся сыстэма працуе як нейкі завод па выпуску герояў“

Галіна Казіміроўская, хормайстар:

Галіна Казіміроўская

„Нават уявіць не магла, што столькі людзей мяне падтрымаюць, столькі добрых, цёплых слоў пачую і ўбачу. Дзякуй, шчыры і бязьмерны, дарагія людзі!!!

Як вярнулася, спачатку некалькі гадзін плакала, бо стала адпускаць і трохі накрываць, адчула сабе проста маленькай дзяўчынкай. А потым плакала, калі стала чытаць вашыя словы падтрымкі. Іх столькі, што мне, відаць, на тыдзень хопіць…

Са мною ўсё ў парадку — ня білі. Мяне схапілі 29 кастрычніка і пасадзілі ў ІЧУ на Акрэсьціна, туды трапляюць усе да суду. Гэта адно з самых жахлівых месцаў на зямлі (для мяне так), гэта там у жніўні білі, катавалі і забівалі беларусаў.

Калі праходзіла праз знакаміты дворык, каля сьцяны якога білі ў жніўні мужчын — холадам біла, як токам. Не магу пісаць аб усім, бо падпісала паперку. Але пра нейкія агульныя рэчы магу.

Умовы, у якіх я і шмат беларусаў за апошнія месяцы жылі гэтыя 4 дні, нічога агульнага з жыцьцём ня маюць, гэта катаваньне. Мне здаецца, я сябе рыхтавала, але да гэтага немагчыма падрыхтавацца. З усім гэтым брудам, хамствам, смуродам, адсутнасьцю ўсіх сродкаў гігіены, прыніжэньнем. Я не была гатовая, што мяне пазбавяць паветра — базавага права нармальна дыхаць. У камэры паветра няма, і ты спрабуеш высунуць нос у маленькую дзірку ў жалезных дзьвярах, каб зрабіць адзін удых, а потым уцякаць, бо ахоўнік можа ўбачыць і горш будзе ўсім. Бясконцы галаўны боль, высокі ціск, бессань…

Ніколі не была на допытах, і гэта было маё асабістае пекла, празь якое я праходзіла 4 разы. Ня ведаю, чаму я такі небясьпечны злачынца і якую нясу ім пагрозу, але збоку выглядала, што я быццам замінавала самалёт. Аб гэтым дакладна пісаць не магу пакуль, зусім не адчуваю сабе ў бясьпецы. Я ведаю, што праз гэты ціск, прыніжэньне, запалохваньне праходзіць вялікая колькасьць беларусаў. Увогуле ўся гэтая сыстэма працуе як нейкі завод па выпуску герояў.

Ня буду пісаць аб цяжкасьцях, вы шмат пра гэта і безь мяне ведаеце, напішу пра добрае. Сустрэла столькі цудоўных людзей, невераемныя гісторыі, вартыя таго, каб трапіць у кнігі. Адна была кранальная да сьлёз. На другі дзень маёй «адседкі», калі ўжо маіх першых сукамэрніц каго выпусьцілі, каго адправілі ў Жодзіна, я засталася адна на некалькі гадзін (гэта, дарэчы, страшней, бо здаецца, што зараз прыйдзе злы дзядзька і нават ня будзе каму заступіцца за цябе). Позна ўвечары зайшла ў «хату» новая арыштантка. І гэта была Дуліна Натальля Алегаўна, звольненая выкладчыца МГЛУ. Я яе адразу пазнала, гэта такі сьветлы, тонкі, адукаваны, добры і цудоўны чалавек, які адразу ўлюбляе ў сабе. І тут у камэру насупраць, куды ў нас выходзяць дзіркі-«кармушкі» ў дзьвярах, заводзяць новенькіх, чатырох дзяўчат. І аказалася, што гэта студэнткі МГЛУ, і яны адразу пазналі сваю выкладчыцу. І вось з нашага боку ў дзірку высунулася Дуліна, а з таго — яе студэнткі, і яны спрабуюць падтрымаць адно аднаго… Тут толькі сьлёзы.

Я ведаю, што яшчэ пэўны час буду баяцца незнаёмых дзядзькоў; ведаю, што нейкія моманты адтуль не забуду ніколі. І я дакладна ведаю, што так нельга жыць і так быць не павінна! Таму і не спынюся. Я ганаруся ўсімі героямі маёй краіны, а іх тут шмат. Я ганаруся хадзіць зь імі па адной зямлі, дыхаць адным паветрам, а неўзабаве — вольным паветрам! Гэтых людзей не зламаць, новай Беларусі — быць!

«У крывавых муках мы народзім жыцьцё Рэспублікі сваёй»“.

„У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя“

Арцём Лява, журналіст:

„Затрымалі 8 лістапада. За 15 дзён я прайшоў тры ізалятары: жодзінскі, акрэсьцінскі і баранавіцкі. Перавозілі арыштантаў у аўтазаках, як селядцы ў бочцы.

З Жодзіна на Акрэсьціна везьлі ў аўтазаку з адсекамі. Я быў у бакавой клетцы на двух чалавек, а нас па трое запіхвалі. Духата, замкнутая прастора, няма чым дыхаць. У Жодзіне ў камэры ўдвая больш людзей, чым нараў. У Баранавічах у камэры-разьмеркавальніку на 10 чалавек нас было чалавек 100.

Арцём Лява (у цэнтры) пасьля вызваленьня, Баранавічы, 23 лістапада

Умовы ў Баранавічах жудасныя — стары будынак савецкіх часоў, звараныя з крывых вугалкоў і пласьцін жалезныя нары, сырасьць. Вады гарачай не было, падлога бэтонная. У душ адвялі адзін раз за 15 дзён. Паўпадвальнае памяшканьне, акно на ўзроўні зямлі.

Якая была маска на чалавеку, калі яго забралі, з той і хадзіў. У Менску, дарэчы, маскі ў перадачах дазвалялі. А ў Баранавічах мама таксама спрабавала перадаць маскі — не прынялі.

Праз пару дзён адзін зь дзевяцёх маіх сукамэрнікаў захварэў, пачаў моцна кашляць, у яго рэзка прапаў нюх. Хлопцы даводзілі доктару, што прастуджаныя ўсе, але ў гэтага чалавека канкрэтныя сымптомы COVID-19. Але доктар не прарэагаваў на скаргі.

Доктар памераў тэмпэратуру, сказаў, што тут усе кашляюць. Удзень забаранялася ляжаць — матрацы згортваюцца, закідваюцца наверх — і сядзі на жалезных нарах, нават калі дрэнна сябе адчуваеш. Сьвятло гарыць усю ноч — уявіце, як цяжка хвораму чалавеку.

На маю думку, турэмных дактароў трэба караць за халатнасьць — яны проста ставяць пад пагрозу жыцьцё і здароўе вялікай колькасьці арыштаваных. Ніякіх захадаў пры пандэміі не рабілі наагул.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Наш доктар настолькі абыякавы і чэрствы! Прасілі ў яго дазволіць кіпеню болей, бо людзі сапраўды дрэнна сябе адчувалі — ён не дазволіў. Крымінальнікам, дарэчы, дазвалялі кіпяцільнікі, нам — не.

Самымі чалавечнымі аказаліся «баландзёры» — людзі, якія разносілі ежу. Прычым яны крымінальнікі, усе ў тату. Калі «палітычныя» прасілі іх даліць больш гарбаты, бо людзі хварэюць, яны заўсёды давалі больш.

Сам я хварэю ўжо чатыры дні. Спачатку быў кашаль, слабасьць. У апошні дзень у ізалятары страціў нюх.

Мыла дзягцярнае страшна сьмярдзіць, а я не адчуваю паху. Учора раніцай знарок нюхаў шампунь дзягцярны, а ў яго пах наагул жудасны — таксама «па нулях». Паху дэзынфэктару не адчуваю.

Цяпер разумею, што гэта сур’ёзная хвароба. Нібыта і дома ўжо начаваў, але пакутаваў, амаль ня спаў. Баліць горла, цяжка дыхаць, кашаль забівае.

Я ўжо запісаўся на тэст і на прыём да доктара ў сваёй паліклініцы. Калі расказаў, адкуль вярнуўся, у паліклініцы паставіліся з разуменьнем. Адзіная была ўмова, каб сам прыйшоў на прыём, а ня доктар да мяне дадому“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Андрусь Такінданг, музыка, Менск:

„Наш гурт «Рэха» затрымалі 7 лістапада ў поўным складзе пасьля выступу на вуліцы Нёманскай у Менску.

Спачатку ўсе чацьвёра музыкаў апынуліся ў адной камэры на Акрэсьціна. Потым Кастуся Лісецкага і Лёню Паўлёнка адправілі ў Жодзіна, я ўсе 15 сутак адседзеў на Акрэсьціна. Лёня захварэў, Кастусь наагул трапіў у шпіталь. Я таксама блага сябе адчуваю, зьбіраюся здаць тэст на каранавірус.

Кастусь Лісецкі ўжо 10 дзён ляжыць у Магілёўскім абласным шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй і COVID-19. Падазрае, што падхапіў вірус у Жодзіне“.

Кастусь Лісецкі, музыка, Менск:

„У камэры было 10 чалавек, і ў многіх былі ўсе прыкметы ковіду: кашаль, людзі не адчувалі паху, а мэдычнай дапамогі наагул не было, у найлепшым выпадку маглі даць таблеткі, якія перадавалі ў перадачах. Больш нічога.

З Жодзіна мяне перавялі ў Магілёў. А там лекары трапіліся адказныя. Калі адчуў, што ў мяне гарачка, паклікаў фэльчара, той памераў тэмпэратуру і адразу ж выклікаў хуткую дапамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Праз гадзіну прыехала «хуткая», тэмпэратура была 38,5. Паслухалі і адразу сказалі, што ў мяне дакладна пнэўманія. Забралі ў абласны шпіталь, цяпер забіты пад завязку. 10 дзён таму ў маім аддзяленьні было 37 чалавек, цяпер — 70.

Адразу прызначылі антыбіётыкі, гарманальны прэпарат. Зрабілі спачатку экспрэс-тэст, потым ПЦР — пацьвердзіўся каранавірус. Кампутарнай тамаграфіі не рабілі, толькі здымак — яшчэ і пнэўманія.

Цяпер адчуваю сябе больш-менш нармальна. Але ў турме было вельмі дрэнна, я быў, як тая гародніна: каб ня выклікалі «хуткую», ня ведаю, што было б. У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя.

Дапамагаюць валянтэры, а таксама мясцовая суполка ТБМ; прыносяць перадачы, кнігі.

Да панядзелка дакладна будуць трымаць у шпіталі. А потым, хутчэй за ўсё, давядзецца даседжваць другую палову тэрміну — яшчэ 7 дзён“.

„Як нас трымалі ў палоне на «плошчы Пераменаў»“

Гісторыя ад першай асобы пра падзеі 15 лістапада, дасланая на адрас @motolkohelp:

„Пралёг. Тут ня будзе адрасоў і імёнаў, у мэтах бясьпекі мы нават не абменьваліся кантактамі, але ўсе героі і лічбы рэальныя.

Завязка. Мы ў гасьцях у нейкай з кватэр на «​плошчы Пераменаў». Нас 15 незнаёмцаў. За вакном чуваць, як б'ецца шкло: зьнішчаюць мэмарыял памяці Рамана. Мы сядзім ціха, не вызіраем туды, бо ў вокны сьвецяць ліхтарамі, выглядваюць цені, шукаюць, дзе ёсьць людзі. Сама «плошча» ў ачапленьні.

Мэмарыял у гонар Рамана Бандарэнкі на плошчы Перамен

Мы ціхенька размаўляем, думаем, як будзем дабірацца праз пару гадзін дадому. У гэты момант да нас далятаюць навіны, што нелюдзі ў чорным пачынаюць хадзіць па кватэрах, грукацца ў дзьверы, пагражаць уладальнікам кватэр выламаць дзьверы. Патрабуюць пашпарты з прапіскай і праводзяць незаконныя ператрусы ў кватэрах. Мы выключаем сьвятло, сядзім ціха. Вакол «плошчы» сама меней шэсьць бусікаў зь ціхарамі.

Стук у дзьверы. Нас няма. Другі, больш настойлівы. Тузаюць ручку. Моцны грукат, магчыма, дубінкай. У іншай кватэры паводзілі сябе ня так ціха, ім давялося адчыніць дзьверы. Нам жа пашанцавала, паверылі і сышлі.

Міліцэйскі хапун на плошчы Перамен

Кульмінацыя. Выведка данесла, што езьдзяць на ліфтах, падымаюцца на верхнія паверхі і зноў прачэсваюць увесь дом па лесьвіцах. Думаем, як выбірацца. У гэты момант даведваемся, што на выхадзе правяраюць пашпарты. Так, вы ўсё дакладна прачыталі. Пашпарты, на ўваход і на выхад. Глядзяць прапіску; калі не супадае з адрасам дома — арыштоўваюць і адводзяць у бус. Хлопцы зь іншай кватэры паспрабавалі прыкінуцца жыхарамі. Не пракаціла, усіх забралі. Паркоўка ачэпленая, машыны аглядаюць, нават багажнік, каб там не вывозілі людзей. Нелюдзі ўсё гэтак жа прачэсваюць дом, стукаюць па лесьвіцы дубінкамі, каб мы ведалі, што яны там. Робяць другое кола і стукаюць у суседнія дзьверы.

Мэмарыял прыбраны цалкам. У нейкі момант пад'ехаў хлопец на таксі, паклаў адну кветку. Праз хвіліну яго забралі. Гісторыя паўтарылася пазьней, а 5-й раніцы, з маладой парачкай. Усклалі кветкі, хвіліна — у бус.

Гаспадары неймаверныя: накармілі, макарона па-флёцку, гарбата, кава, зладзілі начлег, раніцай смачная каша. Хачу паставіць ім 5 зорак на Airbnb, але не знайшоў іх кватэру там. Жартуем, у якія дні нам змогуць перадачкі ад сваякоў прывезьці? Ужо ўпэўненыя ў тым, што адным днём гэта ня скончыцца. Яны сьцяну ахоўвалі кругласутачна, а тут цэлыя кватэры цудоўных людзей, непарадак. Зноў жартуем, што ў нас вечарынка інтравэртаў, усе маўчаць і сядзяць у цемры.

Сяк-так выспаліся, з камфортам разьмясьціліся ўсе ў пакоі. У гэтай кватэры далей небясьпечна, дамаўляемся зь іншай, насупраць. Там ужо 20 чалавек, мы басанож і з рэчамі ў руках, каб не шумець, перабягаем туды. Нас 35. Спрабуем прыдумаць плян, нарэшце знайшлі зарадку для тэлефона! (У такіх выпадках рэкамэндую браць яе з сабой заўсёды.) Зьвязваюся з усімі, хто можа дапамагчы: прававы дэфолт, законы не працуюць, ніякіх правоў ніхто не трымаецца і ўсе бясьсільныя. «Адсядзіцеся».

Супрацьстаяньне на плошчы Перамен

Разьвязка. Чаты думаюць зьбіраць натоўпы, каб прыйсьці на «​плошчу Пераменаў», ідуць спэцыяльныя ўкіды пра канцэрты і іншыя рэчы, каб адцягнуць ад нас увагу. У нейкі момант ачапленьне здымаюць. Мы чакаем, мясцовыя жыхары зноў ідуць у выведку. Усё чыста, пашпартны кантроль зьняты, патрулёў няма. Дамаўляемся выходзіць усе ў 9:25 (адначасова, каб не змаглі ўсіх узяць). Навіна хутка разносіцца ва ўсе дамы, на вуліцу выбягае ня менш за 200 чалавек. Не зрабіў фота, было не да гэтага. На вуліцы ўжо шмат машын неабыякавых людзей, з адной зь іх крычыць дзяўчына, каб мы садзіліся. Заскокваем, рэзка торгаемся зь месца і зьяжджаем. Даведваемся, што побач з намі ў нейкім падвале сядзела каля 50 чалавек, без сьвятла, без прыбіральні. Разумею, што нам яшчэ пашанцавала...

Эпілёг. А вакол кіпіць жыцьцё, людзі едуць на працу, бо нічога ня здарылася, іхны сьвет не зьмяніўся, для іх усё гэтак сама няма вайны, зьверстваў і забойстваў. А я ў гэты момант пішу ўсім родным, што са мной усё добра. Знаходзім сябе ў сьпісах зьніклых, бо мы былі бяз сувязі.

А Менск усё далей жыве ў сваім рытме...“

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

„Я чытаў «Яўгена Анегіна» каля парашы“

Аляксандар Ждановіч, актор, Маляваныч з «Калыханкі»:

„Затрымалі 8 лістапада, падчас нядзельнага маршу на праспэкце Пераможцаў. Я ішоў зь сябрам па вуліцы ў бок кінатэатру «Масква» з крыжам у руках, вакол усё было ў АМАПе. Да мяне падышоў амапавец і пытаецца: «Што вы тут робіце?» Я кажу, што малюся за вас, каб вы ня крыўдзілі народ. «Мы нікога ня крыўдзім», — сказаў ён, і я пайшоў далей. Там амапавец размаўляў з жанчынамі на падвышаных тонах, крычаў на жанчыну. Я падышоў бліжэй і папрасіў не крычаць на жанчыну. Пасьля гэтага ён схапіў мяне за каўнер і пацягнуў. А жанчыны пачалі крычаць: «Схапілі бацюшку!». На гэта амапавец сказаў: «Бацюшку, матушку».

Завялі ў «стакан» у аўтазаку, дзе ўжо быў адзін затрыманы, нас павезьлі ў Партызанскі РУУС. Мяне ня білі і нават дазволілі некалькі разоў патэлефанаваць сваякам. Затрыманых, а іх было каля ста чалавек, прывялі ў падвальнае памяшканьне, а бліжэй да ночы ў аўтазаку, у суправаджэньні «людзей у чорным», адвезьлі ў турму ў Жодзіна. Аднаго хлопца зь перабітым носам забрала «хуткая».

Аляксандар Ждановіч

У нас была 34-я камэра, 16 чалавек на 8 мэталічных шконак, на якіх не было матрацаў. Ляжаць на іх было непрыемна. Ежы не давалі, кінулі два боханы хлеба. Мы чакалі, што будуць суды, але ў панядзелак нічога не было.

Суд быў на наступны дзень. Са мной размаўлялі пяць хвілін праз скайп. У пратаколе было напісана, што я хадзіў і выкрыкваў лёзунгі. Я напісаў, што ня згодны з гэтымі абвінавачаньнямі, але мне прысудзілі 9 сутак.

Потым у камэры было 13 чалавек, далі вату (матрацы). Гэта была выдатная кампанія, цудоўныя мужыкі. У мяне такое адчуваньне, што існуюць дзьве Беларусі: тыя, хто за межамі камэры, і тыя, хто ўнутры. Унутры была абсалютная гармонія. Розныя людзі, ад дырэктара ІТ-кампаніі да гаспадара СТА, усе аднадушныя ў бачаньні сытуацыі. Я ім чытаў «Яўгена Анегіна» каля парашы, О. Генры. Гэта ўсе добра заходзіла.

У сераду паступілі перадачы, якіх мы чакалі. Але іх выдалі толькі ў ноч з чацьвярга на пятніцу. А каб іх перадаць, сваякі стаялі каля пяці гадзін, бо былі вялікія чэргі.

Гэта, вялома, быў падарунак, параўнальна з баландай, якую мы атрымлівалі і за якую я сёньня заплаціў 135 рублёў, за ўтрыманьне ў ІЧУ. Там жа сьвятло не выключаецца цягам сутак. Месцаў не хапала, і па чарзе нехта спаў на стале. Але там вісела лямпа, і было дыскамфортна. І ў перадачы была цёмная маска для вачэй, гэта было проста ў тэму. Перадалі кнігу Бродзкага, якую перачытаў, нешта вучыў на памяць. Літаратуры не хапала, а калі я спытаў, ці ёсьць бібліятэка, яны адказалі, што гэта вы чытаць ня будзеце, гэта бібліятэка для малалетніх.

Пабачыў «тупое хамства» некаторых супрацоўнікаў ІЧУ. На шпацыры цягам дзевяці сутак не выводзілі.

Я думаю, у нас няма «праваахоўных» органаў, ёсьць «правапарушальныя». У першую ноч, калі мы падазравалі, што ў хлопца была зламаная рука, яна апухла, і яны нікога не выклікалі. Сказалі, што прыйдзе фэльчар, але ён так і не зьявіўся. Да нас даходзіла, што ў іншых камэрах былі праблемы зь лекамі, чалавеку стала дрэнна, і на яго асабліва не рэагавалі. Вельмі было прыемна, калі жанчыны сьпявалі ў камэрах «Разбуры турмы муры», «Купалінку», «Рэчаньку». І мы спрабавалі сьпяваць.

Час там цягнецца марудна, але калі я выйшаў, гэта ўсё здаецца нейкім адным эпізодам. З горыччу, канечне, думаю пра людзей, якія там незаслужана сядзяць месяцамі, як Калесьнікава, Статкевіч, Ціханоўскі і іншыя.

Вельмі ўдзячны валянтэрам, сярод якіх ёсьць мае знаёмыя. А калі я выходзіў на волю, мяне сустракалі сын, стрыечная сястра і пляменьніца.

І калі мяне каля ІЧУ сустрэла вялікая група актораў з нашага тэатру, гэта было вельмі прыемна. На сутках няма ніякай крыніцы інфармацыі, невядома, што адбываецца. Цяпер мяне чакае шмат навінаў“.

„Прачынаемся ў 6:00 пад гімн і крыкі «Пад’ём, *ля!»“

Кацярына Карпіцкая, журналіст, Менск:

Кацярына Карпіцкая. Фота „Наша ніва“

„Калі жывеш у Беларусі, здаецца, ужо даўно гатовы да затрыманьня ў кожны момант. Асабліва сёлета. Асабліва калі ты маеш дачыненьне да журналістыкі. Праўда, ніколі не чакаеш, што цябе затрымаюць так бяздарна і нізка — на прыпынку зь сяброўкамі.

…Да «соткі» адна хвіліна, мы хутка павінны быць на выставе ў галерэі «Ў» (яе ж неўзабаве хутка зачыняюць, трэба паглядзець апошнюю ў гісторыі экспазыцыю). Але замест жоўтага буса нас забірае з прыпынку шэры — трое мужчын у цывільным зь мяккай сілай адводзяць нас у сваю «карэту» для «высьвятленьня асобы». Высьвятляць яе давядзецца 15 сутак.

У Маскоўскае РУУС нас прывозяць пасьля перасадкі з буса ў «стакан» аўтазака. Тэлефоны на вачах прымушаюць выключыць і пасьля схаваць у сумкі, якія застаюцца побач з супрацоўнікамі міліцыі. Права на званок — выключана, нехта толькі пасьпявае націснуць SOS-сыгнал. Хто «тармозіць», таго на руцэ адзначаюць серабрыстай фарбай (гэта азначае, прыыншто цябе ўжо дакладна будуць судзіць, як высьвятляецца пазьней). Жанчына гучна крычыць, што ў яе кляўстрафобія, ёй нельга знаходзіцца ў замкнутай прасторы, але каго гэта хвалюе?

У Маскоўскім РУУСе апынулася каля дзясятка жанчын. Іх затрымалі, таму што яны несьлі ў руках букеты кветак. Гэта ў Беларусі-2020 стала правапарушэньнем. Адна з жанчын толькі-толькі пасьпела купіць букет у бабкі на Камароўцы, а яшчэ піражкі, каб завезьці старой маці. Яшчэ адна несла кляновае лісьце. У іншай затрыманай у руках не было нічога. Але куртка — чырвоная. Колер з катэгорыі падазрона-забароненых. Нас «ахоўваюць» адразу чатыры супрацоўнікі. Частка — у балаклавах, якія не здымаюцца, здаецца, ніколі.

Кацярына Карпіцкая. Фота „Наша ніва“

У актавай залі, дзе мы чакаем сваёй долі, заўважаю адсутнасьць фатаздымкаў у рамках на дошках гонару: «Лучшие по профессии», «Лучшие спортсмены». Задаю пытаньне аб прычыне такой пустэчы міліцыянэру: «У вас што, хіба скончыліся найлепшыя?»

— Гэта ўсё ў мэтах бясьпекі. Дзе гарантыя, што вы потым ня знойдзеце гэтых людзей і ня будзеце ім помсціць?

Менавіта пра страх помсты я яшчэ ня раз пачую: «Ну гэта ж ня мы вас затрымалі, гэта супрацоўнікі АМАП вас прывезьлі». А яшчэ пастаянна, цягам 15 дзён, буду чуць пра кактэйлі Молатава, якія міліцыянты пастаянна канфіскуюць у беларусаў і такім чынам ратуюць краіну (і сябе). Толькі як гэта ўсё тычыцца затрыманьня жанчын з кветкамі ці, напрыклад, журналістаў?

Большую частку людзей апытваюць і адпускаюць. Застаюцца тыя, хто праходзіць па адміністрацыйцы ня першы раз, і журналісты. У тым ліку карэспандэнт з Расеі Раман Папкоў (ён пасьля адсядзіць 15 сутак і будзе дэпартаваны). Пад вечар да нашай дружнай кампаніі дадаецца музыка Паша Аракелян: ён граў у дворыку песьні з мульцікаў, а яны, на думку ахоўнікаў правапарадку, распальваюць рэвалюцыйны дух. Такога небясьпечнага злачынцу дастаюць з машыны на хаду, ствараючы на дарозе аварыйную сытуацыю.

Мы не абедалі і не вячэралі. Перадачы ў РУУС не прымаюць. Два міліцыянты ўголас выбіраюць піцу і пачынаюць, як ім здаецца, сьмешна жартаваць:

— Ой, ну вось выйдзе журналістка і напіша потым: «Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС не падзяліліся з намі піцай».

Пратакол складаюць нават на Аракеляна, які прыехаў нашмат пазьней, а мяне ўсё ніяк ня клічуць на апытаньне. Я нагадваю пра сябе разы чатыры. Мне кажуць: хутка. Але потым у мяне проста забіраюць асабістыя рэчы, выцягваюць матузкі, накладаюць арышт на тэлефон — і вось нас ужо перавозяць на Акрэсьціна. Гэта субота, і там ужо нейкі хаос.

У ім, не жадаючы губляць час на абрываньне матузкоў з маёй курткі, губляюць яе саму. Больш за два тыдні я правяду у адной байцы — у тым ліку гадзінамі на вуліцы і ў камэры са зламаным акном.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Зь сяброўкай нас разьдзяляюць, разьмяшчаюць на розных паверхах ІЧУ. Са мной у камэры — маркетоляг, перакладчыца зь нямецкай, інжынэрка і… жанчына, якая ўжо ня першы раз пападаецца за бойку з братам. Пад алькаголем.

У нядзелю, 8 лістапада, калі на маршы адразу схопяць больш за тысячу беларусаў, «буйную», як і, напрыклад, жанчыну, якую затрымалі за крадзеж джын-тоніку, выпусьцяць без суду са словамі: «Вызваляем месца для больш дастойных». Годныя — гэта, напрыклад, мэдыкі, якіх у суседніх камэрах мінімум зь дзясятак.

Есьці акрэсьцінскую ежу нават пасьля сутак безь яе складана. Рыбная катлета — гэта, напрыклад, хлеб ды косткі ад рыбы. Пры тым яна заўсёды напалову халодная. У нашай камэры працякае кран і пад ракавінай пастаянна стаіць вялікая лужына. Пры гэтым у ІЧУ хаця б цёпла, нават душна. Настолькі, што ва ўсіх падскоквае ціск: нават у мяне ён пад 150, хаця заўсёды нізкі. Мэдыкі прыходзяць не адразу, нават па просьбе, калі доўга грукаеш у дзьверы. Пасьля даюць пару таблетак (асьпірын на ўсе выпадкі). Пераправяраць ваш стан дакладна ўжо ня будуць.

Ад такой духату просім не зачыняць «кармушку», але штораз знаходзіцца супрацоўнік з сындромам начальніка, які імкнецца ёю бахнуць.

На драўлянай лаўцы шрубкай, якая вывалілася са стала, драпаецца гісторыя: жнівень-2020 — студэнты, 01.11 — беларусы, 07.11 — «цветочницы», 08.11 — журналісты… Самае складанае — не рабіць нічога.

У вас няма ні кніжак, ні сканвордаў, ні ежы, ні грабянцоў, ні нават запасной бялізны, каб заняцца мыцьцём. І поўнае няведаньне таго, што адбываецца звонку.

Начное сьвятло гарыць занадта ярка і проста ў вочы — не бянтэжымся і заклейваем яго парай пракладак, рассунутых па кішэнях. Калі ёсьць запасная мэдычная маска, можна яе нацягнуць на вочы.

Ізалятары і турмы, відаць, адзінае месца, дзе гендэрная няроўнасьць працуе на карысьць жанчын. Дзяўчат кашмараць менш. Каб сарвацца на хлопцаў, дастаткова задаць супрацоўніку пытаньне: «Чаму няма гарбаты на вячэру, як належыць правіламі?» І вось ён ужо дастае дубінку, адчыняе камэру і пачынае раўці на ўвесь калідор:

— Встали, б*ть! П*расы, б*ть! Положено вам, на**й? Вам и матрасы днём не положены. Вынесли матрасы сюда ко мне, на**й, будете спать без них.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Хаця, безумоўна, абыходжаньне шмат у чым залежыць ад зьмены. Ëсьць супрацоўнікі, якія і пажартаваць могуць, і па-чалавечы ставяцца. А ёсьць тыя, хто гыркае, як на злачынцаў, яшчэ да суду. Часам у “кармушку” можа пагрукацца нехта на «пагаварыць». Часьцей такія размовы ідэалягічна правільныя, відаць, у мэтах перавыхаваньня.

Адзін з супрацоўнікаў у камуфляжы і кепцы з актуальным дзяржаўным сьцягам доўга даказвае мэдыкам, што іх салідарнасьць не патрэбная нікому, дактары павінны працаваць, а не займацца фігнёй. І, раз яны выходзяць на акцыі, значыць, не сапраўдныя дактары. Зьнянацку прыводзіць у абарону слушнасьці сваёй палітычнай пазыцыі дзіўную матэматыку: «Усяго ў нас 6 мільёнаў выбарнікаў, за Лукашэнку прагаласавалі 3 мільёны зь нечым, за Ціханоўскую і супраць усіх – 2 мільёны, так і атрымалася ў прэзыдэнта 80%». Чалавек блытаецца нават у афіцыйных лічбах.

Трох дзяўчат, што сядзелі разам са мной, судзяць за 10 хвілін. Прызнаеш віну ці не, ёсьць доказы ці не — няважна: усім даюць 15 сутак. На нядзельным маршы затрымалі зашмат людзей, часу на іх не стае, разьбірацца няма калі. Прысуды проста штампуюцца: ананімныя сьведкі ці не зьяўляюцца зусім, ці стаяць проста за сьпінай затрыманых і хлусяць, адпрацоўваючы лжэсьведчаньні адразу на многіх запар. Адзін мужчына пасьля прысуду не вытрымлівае і кажа сьведкам:

- Ды вы б маглі мяне хоць расстраляць, але хлусіць навошта? Мяне ж у названым вамі месцы нават не было, і затрымлівалі мяне ня вы.

- А вы думаеце, у супрацоўнікаў АМАПу ёсць час з вамі тут сядзець?

Чую, як судзяць жанчыну, якая заступілася каля стэлы за хлопцаў, якіх цягнулі ў аўтазак па зямлі:

- Вы прызнаяце віну?

- Калі віна ў тым, што я не магу трываць гвалт і сваволю ў краіне і выказваю салідарнасць зь беларусамі, якія супраць беззаконьня, то я вінаватая.

— 15 сутак.

Слуханьне маёй справы пачынаецца ўжо пасьля 18, у калідоры, праз скайп. Дзіўлюся, што суды працуюць пасьля шасьці. Але мне тлумачаць, што цяпер гэта норма. Працы шмат. Праўда, у 19:00 судзьдзя Лідзія Целіца, не пасьпеўшы і пачаць, усё ж кажа, што яе працоўны дзень скончыўся, працягнем заўтра. Разумею, судзіць мяне, пакуль я не адседзела максымум з трох сутак да суду, неяк ня вельмі. У выніку на наступны дзень суд пачынаецца ўжо тады, калі мае трое сутак нават скончыліся.

Праз скайп чуваць дрэнна, палову таго, што кажуць судзьдзя і сьведкі, я ня чую. На мяне марнуюць надзіва шмат часу: апытваюць маіх сьведак, выслухоўваюць — так доўга, што я прапускаю і абед, і вячэру. Праўда, гэта ўсё адно бессэнсоўна: ёсьць сьведка Пятровіч, які працуе пад псэўданімам. Ëн сьцьвярджае, што я ўдзельнічала ў мітынгу — масавым шэсьці са сьцягамі і лёзунгамі «Жыве Беларусь!» (якое страшнае спалучэньне!), хаця такой падзеі ў суботу 7.11 у горадзе не было. Ëн ня памятае, як я выглядала (запомніў мяне выключна па росьце), блытае даты затрыманьня, блытае месца, спасылаючыся на тое, што дрэнна ведае Менск… Ëн робіць да халеры памылак, але выключна ягоных слоў дастаткова, каб даць мне 15 сутак.

У суседняе памяшканьне на Акрэсьціна мяне пераводзяць ноччу. Ужо быў адбой, і таму я рызыкнула памыць адзіныя шкарпэткі і майткі, памыць галаву кавалкам гаспадарчага мыла, а ў выніку пайшла на вуліцу ў вільготных рэчах.

У ЦІП колькасьць мацюкоў і пагроз у паветры зашкальвае. Тут мы ўжо ў статусе асуджаных. На сьцяне вісіць плякат: «Не суди меня за прошлое: я в нём больше не живу». Я потым буду бачыць яго ня раз, разважаючы, як адкажуць за сваё мінулае тыя, хто цяпер «судзіць» па-за законам.

Мы з новымі суседкамі (дзьве зь іх пэнсіянэркі, маюць праблемы са здароўем, але каго гэта хвалюе) апынаемся ўпяцёх у камэры на чатырох. Як пасьля высьветліцца, гэта нам яшчэ пашанцавала: у асноўным у камэру на 4 засоўвалі і 9, і больш пэрсон. “З” — запатрабаванасьць. Акно ў новай «хаце» было зламанае: ты трапляў нібыта ў лядоўню. Усе просьбы неяк яго прычыніць супрацоўнікамі ігнараваліся (самастойна гэта было зрабіць немагчыма, бо шлях да яго перакрывалі краты. Ігнараваліся і просьбы выдаць бялізну. Так і леглі спаць у вопратцы (я — без), абдымаючыся і калоцячыся ўсю ноч і наступны дзень.

Акно рамантуюць толькі перад наступнай ноччу са словамі: «Напішаце пасьля, якія мы тут добрыя». Ага, і тое, што да Міс Беларусь Волі Хіжынковай у камэру знарок засялілі дзьвюх сьмярдзючых бяздомніц, таксама дадам.

Ужо зранку нас безь сьняданку забіраюць з камэры: «Хутчэй, зьбіраем рэчы і на выхад!» Бачу хлопца ў акрываўленых нагавіцах — білі. Супрацоўнікі сьмяюцца, калі ён выходзіць з прыбіральні перад транспартаваньнем у Баранавічы: «У цябе што, месячныя пачаліся?» Рогат стаіць на ўвесь калідор. Кожнаму, хто няправільна глядзіць у сьценку, нагадваюць: «У вас што, *ля, жыцьцё лішняе?»

Уся гэтая сьпешка са зборамі патрэбна для таго, каб пасьля мы калаціліся ў дворыку некалькі гадзін пры мінусавой тэмпэратуры — нават мужчыны ў швэдрах і куртках не адчувалі пальцаў. Адзін аддаў мне сваю вадалазку — яна сапраўды крыху ратуе.

Пасьля 10:00 нас вывезуць у васьмі перапоўненых аўтазаках — мы цынічна праедзем праз натоўп са сваякамі, якія ўжо з ночы займалі чаргу, каб зрабіць перадачу. Гэта чацьвер, адзіны афіцыйны дзень прыёму рэчаў і прадуктаў — вывозіць людзей і не даваць ім атрымаць на Акрэсьціна перадачу ўжо стала традыцыяй.

Пакуль едзем да Баранак, нам пастаянна гудуць машыны. Складваецца ўражаньне, нібыта распачалася акцыя салідарнасьці аўтамабілістаў. Нас суправаджаюць чатыры «канваіры». У нейкі момант ім робіцца сумна. Расказваюць суседзям па плячы, што яны — спэцназаўцы і павінны займацца іншымі, высокімі рэчамі, але вось ахоўваюць нас. Ну і забараняюць мне зазіраць за цёмныя фіранкі, каб пабачыць лес і чыгунку, напрыклад.

Нехта пасьпеў захапіць кавалак хлеба і наліць у бутэльку з-пад крана вады — гэтае багацьце гурманаў 23.34 пускаецца па коле. Якія тут ужо асьцярогі і каранавірус (пра масачны рэжым амаль па ўсёй краіне мы тады яшчэ ня ведаем). Ды і нам маскі мяняюць, праўда, даюць неахвотна.

Нас сустракаюць, як зорак: праходзім па шматлюдным калідоры славы пад брэх службовых сабак. Рукі за сьпінай, вочы ў зямлю. Пад 30 жанчын запіхваюць у паўпадвальнае памяшканьне. Там холадна, сьцены чорныя, усе ў цьвілі. Жалезныя нары нібыта яшчэ з дарэвалюцыйных часоў, калі будынак узводзілі. На падлозе вялікая лужына, якая цягнецца ад санвузла. Сьмярдзіць цыгарэтамі, брудам.

Пасьпяваем падзяліцца адна з адной грабянцом — хаця б разок за пятыя суткі прычасацца, бо ў большасьці іх адбіралі яшчэ ў РУУС. Разьмяркоўваем на кожную пракладкі — у каго колькі ёсьць.

Сярод нас дачка міліцыянта, які хацеў звольніцца, і цяпер яму помсьцяць. Пэнсіянэрка, якая бачыла, як у РУУС білі, і прастаяла на расьцяжцы ў двары шэсьць гадзін; дзяўчына, якая абараняла свайго хлопца ад АМАПу; мэнэджарка, якую затрымалі, бо ў яе «типичный зомби-взгляд змагарки»…

Мы адмаўляемся верыць, што ў такіх умовах магчыма жыць. Але частку жанчын у гэтым трэшы і пакідаюць, пасьля толькі на паўдня хаваючы гэты факт ад праверкі. Нас жа пасьля агляду рэчаў і пары прысяданьняў галышом пераводзяць у камэру №95 — цяпер там 21 жанчына на 19 месцаў. Сярод асуджаных — выкладчыца МДЛУ, супрацоўніца філярмоніі, пэнсіянэркі, журналісткі, студэнтка, мэнэджарка гатэля, SEO-спэцыялістка, настаўніца, кандытарка, піярніца, дызайнэрка… Апошнюю затрымалі на Гэлаўін: ішла па горадзе зь мятлой у касьцюме вядзьмаркі. Вось так і затрымалі. У выніку — артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП (апошняе, відаць, за мятлу).

У дзяўчат засталася ежа зь мінулай перадачы — так што мы зноў, дзякуючы іхнай гасьціннасьці, упершыню за суткі ямо: хрумкаем арэхамі і печывам. Ну і мы прыехалі не з пустымі рукамі, а хоць зь якімі навінамі зь нядаўняй волі.

Амаль штодзень прачынаемся ў 6:00 пад гімн Беларусі. Пад стук палкай па жалезных дзьвярах і крыкі «Под’ём, *ля!» ён набывае новы сэнс — адразу так хочацца любіць краіну і павысіць градус патрыятызму, ага.

Праўда, асабліва настойлівыя і бадзёрыя зранку штораз замяняюць у сказах «жыві, Беларусь» на «жыве». Гэтыя ж «жыве» выдрапаныя паўсюль: на стале, лыжках, талерках, паміж радкоў сканвордаў, нават у шпацырным дворыку, куды нас зводзяць 2 разы на хвілін 15 (гадзіньнікаў жа няма, і час падказвалі не заўсёды, арыентыры — уласныя).

У Баранавічах кормяць куды лепш: кухня амаль хатняя. Ëсьць толькі праблема, якую неяк на калідоры, пакуль людзі чакалі агляду доктара, агучыла кухарка: прадуктаў плянавалі на 500 чалавек, а нас тут 1000 у выніку сядзіць. Таму мэню паўтараецца па коле: гарохавы суп, аўсянка ці сечка, капуста, груца, макарона ці бульба зь нечым накшталт тушонкі зьверху. На кожную вячэру даюць 1-2 талеркі путасу на ўсіх — так часта рыбу я ня ела ніколі.

Вада з-пад крана толькі халодная, часам атрымліваецца выканькаць кіпяцільнік (і заадно каб уключылі разэткі для яго хаця б на нейкі час) — разводзім цёплую ваду з халоднай у бутэльках і так пакрысе мыемся над самай важнай дзіркай у падлозе (якая пастаянна забіваецца, а вантуз — адзін на ўвесь СІЗА і зламаўся).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Тут ужо хапае і сканвордаў, і кніжак, і нават ёсьць даміно з шашкамі. Гуляем у «Мафію», «Кракадзіла», «Стыкеры», «Што? Дзе? Калі?». Сьпяваем «Пагоню» і «Перамен». Частка вучыць італьянскую і ангельскую, пакуль не выходзяць выкладчыцы. На памяць прыгадваем вершы, запісваем на паперу, множым і чытаем іх уголас. Нехта асвойвае фэйс-фітнэс.

Асадкі не забароненыя, але іх пастаянна забіраюць і не кладуць у перадачы — пішам усё алоўкамі, асадкі — толькі каб падпісаць канвэрт.

Зь лістамі ўвогуле асобная тэма. Яны сапраўды — галоўная падзея кожнага дня (калі даходзяць). Зь іх даведваемся пра збой на АЭС, сытуацыю з каранавірусам, забойства на «плошчы Перамен»… У нейкі момант ловіш сябе на думцы, што вяртацца ў такую рэальнасьць цяжка. Страшней, чым жыць у СІЗА.

Самыя добрыя і замілавальныя лісты чытаюцца ўголас — гэта падтрымка для тых, каму не прыйшло нічога.

Лісты сартуе доктар: ад таго, што частка турэмнікаў зьлягла з каранавірусам, ён, здаецца, увогуле за ўсіх. Тым больш асноўныя абавязкі выконваць атрымліваецца не заўсёды: у аптэчцы не хапае нават простых супрацьвірусных прэпаратаў.

Доктар увечары адчыняе «кармушкі» і пачынае выкрыкваць прозьвішчы: у адказ мы павінны крыкнуць нумар камэры, калі названы чалавек сядзіць у нас. Так праходзяць гадзіны. Пасьля лісты яшчэ пройдуць цэнзуру, і працэнтаў 50 мы так і ня ўбачым. Будзем ня раз чуць нейкую быццам крыўду турэмнікаў: «Блін, ім пішуць столькі, быццам яны тут на некалькі гадоў засталіся». Але асаблівы «трыгер» у цэнзараў на нешта англамоўнае, замежнае: мне нават не перадалі мой падручнік інглішу. Хаця што тут далёка хадзіць: з намі сядзіць дзяўчына, якая прыехала ў Беларусь да бацькоў з Польшчы (асабліва небясьпечнай для Беларусі краіны, вы ж памятаеце). У выніку яе і сяброў затрымалі ў кавярні спачатку на 15 сутак, пасьля яшчэ на 10 (кагосьці — на 15). Нібыта за марш, на якім яны нават не былі. Сьведкам выступаў «супрацоўнік міліцыі», які дадаў пра сябе важнае і абсурднае:

— В простонародье я известен как тихарь.

Калі дзяўчат у апошні момант не выпускаюць на волю, затрымаўшы зноў, калі яны ўжо склалі свае матрацы, многія пачынаюць плакаць. Кожны думае, што такі ж лёс можа напаткаць і іх. Групавы сэанс сьлёз.

Перад выходнымі падсяляюць чатырох студэнтак — будучых эканамістак. За акцыю салідарнасьці працягласьцю хвілін 10 іх пасьля высочвае цэлы атрад. Адну «прыдушваюць» бел-чырвона-белым сьцягам, спрабуючы запужаць. Пасьля ён валяецца на падлозе, як ануча. Дзяўчаты супэрначытаныя і разумныя, добра ведаюць замежныя мовы. Яны разумеюць, што іх, хутчэй за ўсё, пасьля сутак адлічаць. Але такія дакладна не прападуць.

Праз шчыліну ў камэры атрымліваецца перагаворвацца з хлопцамі з суседняй. У нейкі момант яны агаломшваюць тым, што да іх заходзіў у госьці пацук. Назвалі Джэры. Што ж, мы так ужо сумуем па жывых істотах, што і самі былі б радыя Джэры.

У Рэмарка вычытваю, што «паліцыя часьцей за астатніх затрымлівае рамантыкаў». Значыць, беларусы — рамантыкі на ўсе 200-300%. Калі крыху запавольваесься і глядзіш на ўсё нібы з боку — здаецца, што ўсё гэта нейкае кіно, у якім мы граем ключавыя ролі. Узрост нашай камэры — ад 18 да 67 гадоў.

На 11-ы дзень трапляем у душ. Да нас там мыюцца зэкі, пахне не найлепшым чынам, яны ў калідоры сустракаюць нас працяглым цоканьнем, але нам ужо даўно пляваць на такія рэчы. У нас проста ёсьць каля 10 хвілін, каб змыць увесь бруд і пыл ды ўбачыць пры лепшым сьвятле, колькі сінякоў табе падарылі жалезныя трох’ярусныя нары.

Дарэчы, пра сьвятло: у камэры заўсёды гарэла дзённае. А ў апошнія дні на ноч уключалі і начное — комба. Відаць, шыкуюць пасьля запуску АЭС.

Пэнсіянэрка, якую прывозяць з маршу людзей з інваліднасьцю, падчас знаёмства занадта падрабязна апавядае дэталі забойства Рамана Бандарэнкі: яна жыве недалёка ад «плошчы Перамен».

Усіх зноў накрывае, у тым ліку ад асэнсаваньня: пасьля «сутак» гэтая вайна з народам працягнецца. Гэтыя «суткі» — ніякі не канец, а толькі пачатак. Працяг.

Кацярына Карпіцкая. Замалёўка з турмы

Апошнія гадзіны да «званка» цягнуцца асабліва доўга. Супрацоўнікі СІЗА ўспамінаюць, што я журналістка, і пытаюцца, ці не было мне сумна — у мяне ж была выдатная кампанія. Кампанія сапраўды добрая, і ўсе гэтыя людзі за два тыдні зрабілі б шмат карысных спраў для краіны. Але краіна, дзяржава ізалюе дабро.

Сустракаюць усіх на волі як герояў. Праўда, калі даведваюся, колькі журналістаў затрымалі, пакуль мяне не было «онлайн», радасьці амаль не застаецца. Раю ўсім, і асабліва цяпер Кацярыне Барысевіч, Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, хутчэй начаваць дома.

P.S. У першы ж вольны дзень я пайшла вызваляць і тэлефон, арышт зь якога суд Маскоўскага раёну зьняў яшчэ на мае чацьвёртыя суткі. Не аддавалі мне яго некалькі гадзін, трымаючы ў закладніках, пакуль я не аплачу 140 рублёў за харчаваньне ў «санаторыі». Усім пляваць, што законам на гэта даецца 30 дзён і што арышт быў даўно зьняты. Міліцыянты запэўнівалі ў тым, што на мабільны накладзены новы арышт, два тыдні таму нейкім унутраным распараджэньнем. Паказаць яго нам, праўда, чамусьці адмовіліся. Пасьля пары скаргаў і ціску тэлефоны вярнулі. Не паддавайцеся на такое.

Лайфхакі:

гумкі ад выкарыстаных масак — замест гумак для валасоў (у многіх забіралі) і матузкоў у абутку

зубачысткі — каб зашываць дзіркі ў рэчах

пакеты — замест тапак, каб схадзіць у душ

наўлечка — замест ручніка для галавы

кубак — каб нарэзаць яблыкі на кавалкі

шакаляд — каб напісаць важны тэлефон на абгортцы пры адсутнасьці алоўкаў і асадак“

„Наша ніва“

„Для іх ёсьць толькі грошы, улада, жывёльныя патрэбы“

Павал Аракелян, музыка, Менск:

„Мяне затрымалі 7 лістапада пасьля канцэрту ў Малінаўцы. За кратамі правёў 15 дзён. Настрой бадзёры, жвавы. Як і два тыдні таму. Нават лепшы. Як у санаторыі пабываў.

Выцягвалі мяне з аўтамабіля, які ўжо крануўся зь месца. З кіроўцам разам. На галаву надзелі капюшон, паклалі фэйсам у сядзеньне амапаўскага буса.

Павал Аракелян падчас дваравога канцэрту

Спачатку трохі пазаймаліся з кіроўцам, але пасьля ўзяліся за мяне. Кіроўцу адпусьцілі, бо ён ніякага дачыненьня да гэтага ўсяго ня меў. А яшчэ атрымалася так, што машына так і не пасьпела спыніцца, калі нас выцягвалі. То яна і «ўпісалася» ў аўтамабіль перад намі. Таму кіроўца застаўся разьбірацца з ДАІ.

Амапаўцаў на мяне адправілі ці то 8, ці то 10, і яшчэ, казалі, каля тузіна было дзесьці недалёка ў двары. Сілу, вядома, ужывалі – сьцяжка, пара высьпяткаў, – але гэта дробязь на фоне таго, што робіцца.

Пад «сяброўскую» размову павезьлі ў РУУС. Я праслухаў усю мэтадычку. Думаю, цяпер любога міліцыянта можна браць, і ён вам раскажа, што калі сюды прыйдзе Эўропа, то Беларусі ня будзе; што калі не Лукашэнка, то хто; што вось ты, Аракелян, нармальны, але ўсе іншыя праплачаныя.

Амапаўцы добра ведалі, каго і чаму яны затрымліваюць. Пры гэтым нават выказвалі нейкую спагаду.

Казалі, што я проста збочыў не туды. Спыталі ў мяне, ці я не спужаўся. Кажу, што не з пужлівых. Пачуў тады нават фразу, што мне пашанцавала, што яны мяне ведаюць. Таму, маўляў, мне лёгка абышлося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пасьля павезьлі ў Маскоўскае РУУС, дзе ўжо былі затрыманыя ўдзень журналісты і дзяўчаты з маршу. Пратакол склалі хутка, пасьля чаго адразу этапавалі на Акрэсьціна. Потым быў у Жодзіне, а завяршаў адседку ў Магілёве.

Увогуле паўсюль, ад самага пачатку і да канца, паўнавартасныя катаваньні. Антысанітарыя, адсутнасьць гігіены, туалетнай паперы, вады, чалавечага стаўленьня. Паўсюль тое, пра што расказвала Алена Леўчанка. Але ўсім, хто там знаходзіцца, усім людзям пляваць на гэта абсалютна.

Адзінае, на чым я хачу зрабіць акцэнт: падчас страшэннай сусьветнай пандэміі робіцца ўсё, каб кожны выйшаў з арышту хворым. Быў такі момант. Пытаюцца, ці ёсьць скаргі на здароўе. Хлопец падымае руку: «У мяне няма, але я кантактаваў з каранавірусным». «Ха-ха, вось зь іншымі кантактаваць ня будзеце».

Яны ведаюць, што робяць. Вы п’яце з аднаго кубка на ўсіх, няма гарачай вады. Робіцца ўсё для таго, каб як мага больш людзей выйшлі адтуль з ковідам.

Я сам кашляю, але я кашляю ўвесь час у такую пару. Калі ўчора выходзіў са сваёй «хаты», то я там быў самы здаровы, хоць маю праблемы з насаглоткай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я дакладна ведаю, што паўсюль, ва ўсіх так званых «хатах», людзі ў асноўным самаадукоўваюцца. Інтэлігенцыя ж сабралася. Але, калі шчыра, усе «хаты», куды я заяжджаў, я хутка апускаў на свой узровень. Таму 90% часу мы рагаталі, калі хтосьці ішоў у прыбіральню. Шчыра кажу: як было, так было. Але 10% мы ўсё ж такі самаадукоўваліся. Абмяркоўвалі што заўгодна. Гэта нават магло дэмаралізаваць той бок, бо палонныя сядзелі і ўпэўнена абмяркоўвалі, што будзе, калі мы пераможам. Якія рэформы, усё такое. Няма ніводнага сумневу ў тым, што будзе далей, як трэба дзейнічаць.

Я шчасьлівы, што адседзеў, бо столькі цудоўных кантактаў у мяне б не завязалася ніколі, а тут на працягу двух тыдняў. Там былі сапраўдныя сьвяцілы: са мной сядзеў сусьветна вядомы ўроляг Аляксандар Мініч, унікальны выкладчык з БДУ Аляксандар Сарока, доктар хуткай дапамогі, вядучыя спэцыялісты ІТ-кампаній, бізнэсоўцы, гісторыкі, настаўнікі, шахтар, МАЗавец, былы вайсковец. Там быў увесь зрэз грамадзтва. Безумоўна, усе «наркаманы і алькаголікі». Сапраўдных наркаманаў і алькаголікаў я ня бачыў зусім.

Мяне папярэджвалі пра магчымае затрыманьне. Расказаць падрабязна пра гэта не магу, але я ведаў пра ўсё загадзя. А вось чаму ўлада арганізавала хапун на ўдзельнікаў дваровых кастрычніцкіх канцэртаў, можна толькі здагадвацца.

Я нават спрабаваў дабіцца адказу на гэтае пытаньне ў тых людзей, якія мяне арыштоўвалі. Думаю, гэта зноў нейкая мэтадычка. Цяпер паўсюль шукаюць нейкіх арганізатараў. Адбываецца канфлікт Савецкага Саюзу, які пакуль пры ўладзе, і сучаснасьці, ХХІ стагодзьдзя. Гэта «саўкі», якія проста не разумеюць, як так можа быць, што такое ідэя. Для іх ёсьць толькі грошы, улада. Толькі першасныя патрэбы, жывёльныя. Яны проста не разумеюць, што можа быць інакш. Для іх прадаць можна ўсё; думаюць, што ёсьць нейкія людзі, якія атрымліваюць прыбытак з усіх гэтых падзей. Але яны нідзе іх не знаходзяць, таму хапаюць усіх. Але выніку няма. І паразуменьня не атрымаецца. Адыходзіць старая эпоха і прыходзіць новая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У камэрах на Акрэсьціна, у Жодзіне і Магілёве сядзяць прадстаўнікі ўсяго народу. У кожнай «хаце» ёсьць айцішнікі, музыкі, лекары, рабочыя, дальнабойнікі, беспрацоўныя, настаўнікі.

Я вельмі ўсьцешаны, што мяне «ўзялі» акурат пасьля апошняга з заплянаваных канцэртаў. У гэтым сэнсе зрабіў усё, што плянаваў. Далей не было магчымасьці праз надвор’е. Былі пляны ў сфэры культурнай салідарнасьці, але цяпер трэба будзе крыху заняцца здароўем. Спадзяюся, ня вельмі шмат гэта зойме. І буду працягваць тое, што плянаваў рабіць далей. Зараз паспрабую ў навінах зарыентавацца, магчыма, нейкія ідэі прыйдуць яшчэ“.

З выкарыстаньнем інтэрвію „Нашай ніве“

„Я недаацэньваў гэта, думаў, што лягчэй“

Алег Грузьдзіловіч, журналіст, Менск:

Алег Грузьдзіловіч

„Мяне абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка. На судзе я даводзіў, што працаваў у гэты дзень з рэдакцыйным заданьнем «Народнай волі», меў журналісцкае пасьведчаньне. Але сёньня міліцыянтам усё адно, журналіст ты ці не.

Калі мяне раней затрымлівалі, то супрацоўнікі прэсавай службы МУС прыяжджалі разьбірацца. А гэтым разам ніхто не прыяжджаў, ніхто мной не цікавіўся. Паказалі пратакол, што я «ўдзельнічаў у шэсьці». І далі 15 сутак.

У мяне быў такі эпізод на Акрэсьціна. Са мной разам судзілі чатырох дзяўчат з Эканамічнага ўнівэрсытэту. І адну зь іх выводзілі з суду якраз, а я чакаў свайго рашэньня. Яна ідзе ўся ў сьлязах. Кажа: «Мы 3 хвіліны пастаялі, а нам 15 сутак». Я пачаў яе супакойваць, кажу: «Прыйдзе час, будзеце ганарыцца». А міліцыянт, які там быў, стаў на нас крычаць: «Што вы іх падбухторваеце!» Я ўжо яму кажу: «Я падтрымліваю, трэба ж падтрымаць чалавека». А ён: «Яе не падтрымліваць трэба, а ўваліць ёй, каб яна так больш не рабіла. Жыцьцё ёй гэтым зламалі». А дзяўчына тады адказвае: «Гэта не яны мне жыцьцё зламалі, гэта мне адзін чалавек жыцьцё зламаў».

Ад адных міліцыянтаў — грубасьць, другія спакойныя. Адзін міліцыянт прыходзіў да кармушкі і казаў: «Лажыцеся спаць». А ў іншую зьмену міліцыянт бегаў па калідоры і грукаў па “кармушках”, прымушаў усіх матрацы наверх падымаць, каб сядзелі на жалезных прутках. Усё залежыць ад чалавека. Так было і на Акрэсьціна, і ў Баранавічах.

Падчас свайго судовага працэсу, які вяла судзьдзя Фрунзэнскага суду Ярохіна, я «пажартаваў», што столькі разоў пісаў пра ўмовы на Акрэсьціна, а тут спазнаю ўсё на ўласным досьведзе. Пераканаўся, што ўсё гэта вельмі цяжка.

Я недаацэньваў гэта, думаў, што лягчэй. Бачыў, калі людзі выходзілі (Севярынец, Дашкевіч), то трымаліся стойка, па-мужчынску. Але мы недаацэньваем тую ступень выпрабаваньняў, якія звальваюцца на звычайнага чалавека ў такіх умовах. Там інфармацыйная ізаляцыя. Там рухавая ізаляцыя — ты ня можаш хадзіць. За ўвесь час двойчы вывелі на прагулку на 10 хвілін у каменным мяху тры на пяць мэтраў. І адзін раз за 15 дзён вывелі ў душ.

Але быў і пазытыўны досьвед. І гэта тыя людзі, зь якімі давялося сядзець.

Усе, з кім сядзеў, упартыя, кажуць, што трэба выходзіць, змагацца, пратэставаць. Галоўнае, што ўсе перакананыя, што раней ці пазьней усё будзе добра. Адзін толькі сталы чалавек казаў, што трэба мяняць фармат акцый. Другі чалавек прапанаваў жыць на мінімум выдаткаў у месяц, каб нічога не ўкладаць у бюджэт.

Алег Грузьдзіловіч падчас суду

Я б таксама адзначыў, што сярод затрыманых вельмі розныя людзі. Калі назіраеш за шэсьцем, здаецца, што ўсе з аднымі сьцягамі, усе ўсьміхаюцца, нібыта і поглядаў аднолькавых. Але гэта ня так. Былі ў нас некалькі чалавек, якія выступаюць за захаваньне сьмяротнага пакараньня. Шмат мы дыскутавалі, ці павінна Беларусь быць прэзыдэнцкай, ці парлямэнцкай рэспублікай. Абмяркоўвалі шмат, якой будзе ў будучыні Беларусь.

У адну камэру са мной трапілі і затрыманыя падчас экскурсіі шахтары-страйкоўцы зь «Беларуськалію».

Адзін шахтар, зь якім я сядзеў, кажа: «Маёй дачцэ 15 гадоў. Яна праз тры гады ўжо будзе галасаваць. І што, яе будуць „мачыць“ гэтак сама, як мяне?! Калі мы зараз ня зробім нармальную краіну, нашых дзяцей будуць гэтак сама біць. Мы гэта мусім зрабіць дзеля сваіх дзяцей». Я лічу, гэта вельмі моцны матыў“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

„Пагражалі згвалціць, сказалі, што завязуць у гестапа ці ў лес“

Мікалай Дзядок, блогер-анархіст (аповед сукамэрніка, які выйшаў на волю):

„Сілавікі прыйшлі ў ягоную здымную кватэру ў пасёлку Сасновы каля 23:00 11 лістапада. Разьбілі акно і ўварваліся сем чалавек з СОБРу і АМАПу.

Адразу пачалі біць, каб даў пароль для ўваходу ў сыстэму, потым душылі падушкай. Калі ён стаў задыхацца, даў пароль. Потым доўга білі, пакуль ня ўспомніў пароль ад Telegram.

Пасьля нейкі час Дзядок ляжаў на падлозе – сілавікі не давалі яму падняць галаву, але ён запомніў, што яны хадзілі па кватэры. Неўзабаве яны прывялі панятых-суседзяў і правялі ператрус у кватэры. Яму адразу сказалі, каб пры панятых ні слова не казаў.

Падчас ператрусу зь нішы з інструмэнтамі дасталі тры бутэлькі, якіх раней у кватэры не было; ад іх быў вельмі моцны пах бэнзіну. Але бутэлькі былі загорнутыя ў ручнік, які ён выкарыстоўваў на кухні.

Скончыўшы ператрус, сілавікі сказалі Дзядку, што цяпер будуць запісваць відэа. Яго запхнулі ў каморку і пусьцілі туды сьлезацечны газ. Затым вывелі на вуліцу і пярцовым газам залілі ў твар, проста ў вочы. Сказалі, што калі ня скажа на відэа, не дадуць памыцца. Завялі ў дом, і пакуль не зьнялі відэа, памыцца не далі.

Мікола Дзядок

Увесь час пагражалі згвалціць, памачыцца на яго, сказалі, што завязуць у гестапа ці ў лес.

Каля паловы на першую ночы Дзядка пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў Менск, у ГУБАЗіК МУС. Там яго паклалі тварам у падлогу, і ў такім становішчы ён правёў чатыры гадзіны.

Патрабавалі пароль ад VeraCrypt, ад цьвёрдага дыска, патрабавалі сказаць, хто адміністратары каналаў, асабліва анархісцкіх «Прамень» і АЧК. Калі маўчаў, білі дубінкамі па сьпіне і нагамі.

Пагражалі згвалтаваць дубінкай, білі па руках, па пятках – электрашокерам; калі ён падымаў галаву, на яе наступалі рукой – так працягвалася да пяці раніцы.

Бралі бутэлькі, якія нібыта знайшлі ў кватэры, і засоўвалі рыльцы яму ў рот, прымушалі на іх пляваць, потым расьціралі. Далі падпісаць нейкія паперы.

Пасьля запатрабавалі, каб зноў прамовіў на камэру напісаны імі тэкст – сказалі, што калі скажа нешта ня так, то будуць біць. Калі скажа яшчэ нешта пра ГУБАЗіК, то забяруць з ІЧУ і зноў будуць біць, і яшчэ мацней.

Хто зьдзекаваўся, сам ён ня ведае – удзельнікі затрыманьня і ператрусу не прадстаўляліся і былі ў масках. Яны сказалі, што ён атрымае сем-дзевяць гадоў, а калі нешта раскажа пра іх, то на зоне яго загоняць у «петушатню» і заб’юць.

У ІЧУ на Акрэсьціна Дзядка даставілі каля пяці раніцы 12 лістапада. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №1“.

„Медиазона“

„Мы пыталіся ў ахоўнікаў: ці жывы Лукашэнка?“

Яўгенія Верамейчык, мэнэджар у IT-кампаніі:

Яўгенія Верамейчык

„Да 8 лістапада мая сястра Юлія пасьпела «пасядзець» двойчы: першы — яшчэ з 9 да 14 жніўня на Акрэсьціна, другі — за адзін з жаночых маршаў. Але Юля ўсё роўна працягвае хадзіць на маршы, я таксама заўсёды хаджу з ёй.

8 лістапада мы ўжо былі каля Галерэі «Менск» і ўбачылі, што пачынаецца хапун. Сястры стала кепска. Цяпер яна прымае антыдэпрэсанты, каб палепшыць стан пасьля першых двух арыштаў. Юля села на ганак, вакол усе бегалі ад АМАПу, людзей хапалі... Сястра расплакалася. Кажу: «Юля, хадзем дадому. Яшчэ ня позна, як-небудзь выйдзем».

Яна адмовілася, і мы ўдзьвюх пайшлі бліжэй да стэлы. Большасьць пратэстоўцаў былі на ўзгорку, над праезнай часткай. Іх было некалькі тысяч — ацаніць складана, бо ўсе стаялі хто дзе. Здавалася, што калі цяпер ня выйсьці на дарогу, то яе проста зоймуць аўтазакі і пачнуць усіх затрымліваць. Таму мы, як і яшчэ зь дзясятак жанчын, вырашылі пайсьці наперад.

За намі амаль ніхто не пайшоў. І тут мы ўбачылі перад сабой кардон. Бакавым зрокам заўважаю, што сястру забіраюць — нават фатаздымак ёсьць, як яе хапаюць. Падсьвядома я разумела, што ў мяне ёсьць маленькае дзіця, таму надоўга мяне наўрад ці пасадзяць. Таму, памятаючы пра стан сястры, я палезла на шчыты і сказала: «Мяне таксама тады забірайце разам зь ёй». Хацелася падтрымаць сястру, пабыць побач хоць колькі.

На гэтым здымку — сястра Яўгеніі. Фота: TUT.BY

Амапаўцы асабліва не супраціўляліся. Маўляў, хочаце ў аўтазак? Праходзьце, калі ласка, і вы таксама.

Праўда, мяне ў машыну павалаклі. Я пыталася, навошта: сама ж папрасілася, магу прайсьці. Так мы апынуліся ў аўтазаку, а ўжо потым — у Савецкім РУУС. У Юлі не забралі тэлефон, і ў нас атрымалася адправіць геалякацыю блізкім, каб паведаміць, дзе мы знаходзімся.

У Савецкім РУУС давялося прастаяць некалькі гадзін «на расьцяжцы» — гэта тая самая пастава каля плоту з паднятымі ўгору рукамі і расстаўленымі шырока нагамі.

Зь мяне ўсё і пачалося. Спачатку мы стаялі ў дворыку проста тварам да плоту, рукі назад. Да нас падыходзіла жанчына, якая нас апісвала: імя-прозьвішча, месца працы, ці ёсьць дзеці. Празь некалькі чалавек ад мяне стаяў хлопец, ён сказаў, што працуе праграмістам у Wargaming. Я прашаптала нешта накшталт «Танкі з народам». Але гэта пачуў і супрацоўнік РУУС, які сказаў: «Вось гэтую самую гаваркую давайце на расьцяжку».

За мяне паспрабавалі заступіцца іншыя дзяўчаты, але іх як «чульлівых» паставілі побач са мной. Усяго ў Савецкім РУУС было восем жанчын — усе яны пазьней апынуліся ў адной камэры ў Жодзіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Перадач у Савецкім РУУС для нас ніхто ня ўзяў. Не было ніякай ежы; калі вельмі папросіш, маглі адвесьці ў прыбіральню. Увесь час у аддзяленьні мы правялі стоячы. Ёсьць толькі невялікая курыльня, дзе лаўкі на тры месцы. На іх далі магчымасьць сесьці маёй сястры, бо яе пачало ванітаваць, яшчэ адной дзяўчынцы Насьці, якой было кепска, і хлопцу са зламанай нагой. Гэта высьветлілася пасьля прыезду «хуткай».

Насьця, ёй 28 гадоў, была з намі з РУУС. У яе сям'і адседзеў ужо кожны. У аўторак Насьця павінна была сустракаць брата з ІЧУ, але цяпер, спадзяюся, брат сустрэне Насьцю. Яна выдатна гуляе ў «Кракадзіла». Бачылі б вы Карпянкова ў яе выкананьні!

Да вечара ў двары РУУС стала вельмі холадна, пайшоў дождж. Людзі трэсьліся. Мне пашанцавала: я была цёпла апранутая, бо разьлічвала на такі варыянт разьвіцьця падзей. Пакуль мы стаялі на вуліцы, у падвале будынка вяліся «сьледчыя дзеяньні».

Пэрыядычна да нас падыходзілі людзі ў цывільным адзеньні, якія вырывалі кагосьці з шэрагу каля агароджы і запрашалі прайсьці. Гэта быў альбо вопіс рэчаў, альбо здыманьне на камэру, альбо ўзяцьце адбіткаў пальцаў, альбо падпісваньне пратаколу — праз гэтыя працэдуры прайшлі ўсе. Выклік на дзеяньні быў нават у нейкай ступені радасьцю, бо ты мог хаця б пабыць у цёплым памяшканьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Больш за ўсё з падзеяў у РУУС запомніўся момант вопісу рэчаў. Дзяўчына, якая гэтым займалася, адзначыла аўтамабільны ключ, банкаўскую картку, зьнятыя матузкі, заручальны пярсьцёнак. У мяне таксама з сабой быў сьцяг з выявай Пагоні. У вопісе яго не аказалася — супрацоўніца РУУС выкінула яго ў сьметнік.

Падпісваць вопіс я адмовілася, бо ў ім не хапала адной маёй рэчы. Дзяўчына пачала крычаць, што я «бандэраўка» і што «гэтую анучу» яна забірае. Тады я запатрабавала аформіць акт канфіскацыі рэчы. Пасьля гэтага супрацоўніца паклала сьцяг на падлогу і пачала яго таптаць, працягваючы мяне абражаць. Я спрабавала зазначыць, што пад гэтым жа сьцягам Лукашэнка даваў прысягу ў 1994-м, але яна адказвала, што гэта няважна, бо фашысты былі яшчэ раней. Усё скончылася тым, што прыйшоў іншы супрацоўнік, як я зразумела, вышэйшы за яе пасадай, і сказаў, што калі я хачу «ўпісаць анучу», то трэба ўпісваць. Такі варыянт я таксама падпісаць не пагадзілася, мы сышліся толькі на «тканіне бел-чырвона-белага колеру».

У Жодзіна нас адправілі толькі позна ўвечары: па адчуваньнях, гадзін у 9-10. Мужчыны ехалі, стоячы на каленях, жанчын пасадзілі на лавачкі.

Спачатку мы ўзрадаваліся, бо па чутках у Жодзіне лепш, чым на Акрэсьціна. І нібыта там судзьдзі мякчэйшыя: часьцей даюць штрафы, чым суткі. Але ўсё аказалася наадварот.

У Жодзіне па калідорах нам загадалі хадзіць па бел-чырвона-белых сьцягах — іх клалі, як чырвоныя дывановыя дарожкі. Зь ператрусаў запомніўся момант зь дзяўчынай Кацяй — у яе з вушэй не даставаліся завушніцы, здаецца, нешта з зашпількай. У супрацоўнікаў турмы быў такі гумарок, маўляў, зараз прынясём пілу і будзем табе зразаць мочкі. Вядома, яна спалохалася. Але завушніц так і не зьнялі.

Варвара Аляксееўна. Тут будзе шок-кантэнт. Вара — мама семярых дзяцей, шасьцёра зь іх непаўналетнія, а старэйшага затрымалі разам зь ёй. Яна чумавая! У тату, струменіць мудрасьць, стойкасьць, любоў да дзяцей. Выходзіць таму, што за будучыню дзяцей страшна. 75 гадзін яе трымалі пад замком, потым далі штраф 30 базавых.

Людміла. Разам з мужам кіруе будаўнічай брыгадай. Ведае пра адстройваньне дома ўсё (я цяпер, здаецца, таксама). Яе байкі будаўнічыя не давалі нам маркоціцца. Дачцэ Людмілы 26 гадоў, і яна мае прапанову працаваць у Брытаніі. Людміла ходзіць на маршы, бо хоча бачыць сваіх будучых унукаў часьцей, чым раз на год. Ужо зайздрошчу тым, хто будзе астатнія 11 дзён слухаць яе жартачкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі я ўбачыла, што камэры разьлічаныя на чацьвярых, я стала трымацца бліжэй да сястры, каб нас не разлучылі. Але нас усіх васьмёх, затрыманых з Савецкага РУУС, зьмясьцілі ў адну камэру. Яшчэ дзьве «партыі» дзяўчат падсялілі пазьней у той самы дзень: яны прыехалі з Маскоўскага і Ленінскага РУУСаў. Так нас стала 19.

Нам сказалі, што пакуль мы не асуджаныя, ніякіх матрацаў, пасьцельнай бялізны і наогул нічога ня будзе. У панядзелак нам на ўсіх далі два боханы хлеба — ежа таксама «не паложана», бо нас няма ў сьпісах. Ужо ў аўторак нам раніцай далі аўсянку на малацэ, некаторыя яе паелі: да таго часу жываты балелі. На абед далі баршчу — гэта ўжо ела і я. Сытуацыя з туалетам... Уяўляеце, як ён выглядае на Акрэсьціна? Ён абгароджаны сьцяной, там нават ёсьць дзьверы. У Жодзіне ж туалет абгароджаны невялікай сьценачкай, якая прыкладна па калена, зусім нізенькая. Вядома, ніякіх дзьвярэй няма і ўсё навідавоку.

Вада ішла толькі халодная. Але хтосьці ўсё роўна спрабаваў падмывацца ў такіх умовах. З добрага: калі дзяўчаты прасілі, ім выдавалі пракладкі і туалетную паперу.

Паветра ў камэры было вельмі мала. Мы бачылі, што акно прачыненае, але яно знаходзілася за некалькімі пластамі нейкіх кратаў, засавак. Калі станавілася кепска, можна было падлезьці да шчылінкі і падыхаць хоць неяк. Мы прасілі ахоўнікаў адчыніць «кармушку» — зразумела, што ня дзьверы, але нават гэта «не паложана».

Нечаканую праблему стварылі і ложкі. На Акрэсьціна яны ўяўляюць сабой вялікі драўляны насьціл, на якім тэарэтычна можна прылегчы і без матраца. У Жодзіне ж ложак — гэта скрыжаваныя жалезныя палкі, якія ўпіваюцца ў ногі. Цяпер — праз тыдзень пасьля ляжаньня на іх — мае ногі выглядаюць так, як быццам мяне білі.

Здымак Яўгенія зрабіла праз тыдзень пасьля вызваленьня. Такі сьлед на нагах пакінулі жалезныя ложкі ў Жодзіне. Фота з асабістага архіву

Найлепшыя месцы ў нас былі на падлозе, пад ложкамі або пад сталом. Там хаця б ня так моцна сьвеціць сьвятло, якое наогул не выключалі. Таксама «не паложана». Стараліся ўкладвацца так, каб хоць мінімальна зручна было ўсім 19 людзям. Падкладалі паліто ці ў каго што было, рабілі з адзеньня насьцілы на падлогу. Калі камусьці перашкаджаў шум, стараліся не размаўляць. Ну і, вядома, нацягвалі на вочы маскі, каб ня так моцна сьвяціла лямпачка. Яшчэ пакінулі сабе пару кубкаў пасьля таго, як нам прынесьлі чай, каб можна было хаця б ваду зручна з-пад крана піць.

Ларыса Валянцінаўна. Яшчэ адна сяброўка з аўтазака. Ларысе 60, і яна не прапусьціла ніводнага маршу. Ні жаночага, ні пэнсіянэрскага, ні нядзельнага. Калі ў камэры ёй стала зусім блага, папрасіла ў ахоўніка таблеткі ад галавы, якія ляжалі ў яе ў сумачцы з футра ламы. Яна атрымала 15 сутак.

Элеаноры — 61 год. Усе трое сутак Эля была ў спартовым топе і легінсах, бо выйшла на марш адразу з трэнажорнай залі. Успамінаю яе і ня веру, што ёй 61. Мне б такую фігуру ў мае 30! Яна нам расказвала пра сына, які жыве зь сям'ёй за мяжой, пра тое, што «недзе ж ёсьць краіны, дзе паліцыя дапамагае, а не зьнішчае народ».

Ахоўнікі звычайна адказвалі на адно пытаньне за раз. Нас цікавіла, якая гадзіна, калі дадуць матрацы, калі пакормяць або таблеткі. Даводзілася вырашаць, што нам важнейшае, але калі патрэбны былі лекі, вядома, прасілі іх. Калі не, то часьцей за ўсё пыталіся пра час: зразумелі, што матрацаў і ежы ўсё роўна не дадуць, навошта прыніжацца. Часам задавалі пытаньне, ці жывы Лукашэнка. Нам адказвалі: «Пакуль жывы».

З пацешных момантаў запомнілася, як усе елі крошкі ад «сьнікерса». У адной дзяўчыны ў вопратцы завалялася абгортка ад яго і малюсенькая частка самай шакалядкі. Елі так: аблізвалі палец і бралі крошку.

Судзілі ўсіх нас у сераду, 11 лістапада. Для гэтага напярэдадні прывезьлі з Жодзіна на Акрэсьціна. Думаю, так зрабілі, каб мы не атрымалі перадачы, якія ў Жодзіне прымаюць якраз па серадах. У чацьвер, 12 лістапада, жанчын, якім далі “суткі”, адправілі ў Баранавічы, каб і на Акрэсьціна перадачы яны не атрымалі. Тут іх прымаюць у чацьвер.

Для мяне ўсё скончылася ў сераду (далі штраф), а вось сястра засталася адбываць пакараньне — 15 сутак“.

LADY.TUT.BY

„Адцягнулі ззаду штаны і залілі з балёнчыка“

Цімур Рабцаў, індывідуальны прадпрымальнік, Менск:

„Мяне затрымалі 8 лістапада ў парку імя Янкі Купалы. Не спадабалася сілавіку, як я на яго гляджу. Мне залілі пярцовікам з балёнчыка спачатку твар, пастаялі, паглядзелі, што я не супраціўляюся, адцягнулі ззаду штаны і залілі з балёнчыка яшчэ ў раёне хвастца. Таму ў бусіку я ехаў з «разагрэтым» адчуваньнем, пярцовік сьцякаў па нагах, потым ногі гарэлі яшчэ двое сутак.

Пакуль ехалі ў бусіку, мяне дапытвалі, чым займаюся, хто плаціць, колькі плацяць, білі па твары, па нырках, пыталіся, чаму няма з сабой тэлефона.

У Цэнтральным РУУС адразу павялі здымаць «кіно». Я яшчэ быў у стане афэкту. Потым, недзе праз тры гадзіны, здымалі другі дубаль. Але, як я ўжо пазьней зразумеў, першае кіно атрымалася больш цікавым. Я стаяў са сьцяжкамі, рукі за сьпінай. Пасьля вызваленьня я паглядзеў відэа на тэлеканале АНТ.

Цімур Рабцаў на АНТ

Іншых затрыманых таксама здымалі, і выглядалі яны таксама ня самым лепшым чынам. Яны аказваюць псыхалягічны, фізычны ціск, прымушаюць казаць тое, што ім трэба. Я не адразу зразумеў, што гэта нейкая гульня накшталт «Угадай мэлёдыю». Першы раз не ўгадаў, табе далі па твары, потым яшчэ ўдарылі. То бок няма сэнсу гуляць у герояў, бо ўсё, што ім трэба, ты скажаш у кожным выпадку.

Так давялося «прызнацца» ў блякаваньні дарог. А я проста пераходзіў вуліцу ў калёне. Я быў крыху наперадзе.Там была машына ДАІ, і яны, відаць, здымалі, падумалі: ага, блякіроўшчык дарог. У мяне не было ніякай атрыбутыкі. То бок поўнасьцю сфабрыкаваная, не да канца раскручаная справа.

Пасьля здымак паставілі ў кут на калені. Потым вывелі ў калідор, дзе былі іншыя затрыманыя.

Я запомніў, што ў той момант я быў 78-м, многа людзей было на вуліцы, і цягам дня падвозілі затрыманых пачкамі. Супрацоўнікі РУУС самі былі ў шоку ад прывезенай колькасьці людзей. У іх там нейкі гонар быў, маўляў, ударна папрацавалі. Хамілі ўсяляк.

У РУУСе я быў да 4 гадзіны ночы, потым павезьлі ў ІЧУ ў Жодзіна.

Цімур Рабцаў

Перад намі група людзей, якая павінна была паехаць у Жодзіна і паўтары гадзіны стаяла на вуліцы, бо зламалася машына. Мы паехалі калёнай з трох-чатырох аўтазакаў. Там прайшлі мэтраў 250 па калідорах, папрысядалі, паскакалі. Гэта робіцца, каб ты максымальна потны, сьмярдзючы зайшоў у камэру, каб даставіць дыскамфорт.

На мяне склалі пратакол паводле артыкула 23.34. У жодзінскім ІЧУ судзілі, далі 10 сутак арышту. Адваката не пусьцілі, а лісты з волі не дайшлі.

У першай камэры было 24 чалавекі, па трое на нары, сядзець не дазвалялі, трэба было хадзіць па камэры. Сядзець можна было толькі за сталом, за якім зьмяшчалася максымум 8 чалавек, і мы мяняліся. Пакармілі толькі ў панядзелак увечары. Днём мы пілі ваду з-пад крана з далоні. Праз двое сутак пасьля суду выдалі матрац, наўлечку. У аднаго хлопца засталіся матузкі, і з дапамогай іх мы змаглі прачыніць вакно камэры. З намі былі дыябэтыкі, і наглядчыкі ня ведалі, што рабіць з гэтымі людзьмі. Стаўленьне да нас было, як да жывёл.

10 сутак праляцелі як адзін дзень. У камэры я сустрэў мастака Ўладзіслава Стальмахова, які чытаў нам вершы, расказваў гісторыі. Яму таксама далі 10 сутак.

Усе адзін аднаго падтрымлівалі. Усе сукамэрнікі выдатныя людзі, за такімі людзьмі будучыня. Як кажуць, не сядзеў — не беларус“.

„Калі судзьдзя даваў штраф, амапаўцы лютавалі — чаму ня суткі?“

Ігар Карней, журналіст, Менск:

„Забралі нас з жонкай 15 лістапада прыкладна а 12-й гадзіне каля «МакДоналдзу» на Пушкінскай, дзе тады было абвешчана месца збору. Людзей было няшмат, калёна толькі пачынала фармавацца.

Ігар Карней пасьля вызваленьня з жодзінскага ізалятара, 25 лістапада

Народ стаяў на ўзбочынах. І наагул здавалася, што гэтых сілавікоў-слабавікоў было больш, чым пратэстоўцаў. Спачатку яны пабеглі браць людзей у двары, а ўжо потым хапалі тых, хто на тратуарах знаходзіўся.

Мяне схапілі і так моцна цягнулі, што куртку парвалі. Калі саджалі ў аўтазак, на ўваходзе на падлогу быў кінуты бел-чырвона-белы сьцяг, але мы неяк адсунулі яго крыху лявей, каб не таптаць. Атрымаў пару разоў па сьпіне. Пасадзілі ў маленькую камэру чацьвярых, а той адсек быў разьлічаны максымум на дваіх. Павазілі па горадзе, а потым туды трэба было жанчын перасадзіць. Мужчын у аўтазаку паставілі на калені, так і ехалі да РУУСу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Прывезьлі ў міліцыю, паставілі частку затрыманых уздоўж агароджы РУУСу, частку каля гаража. Тварамі да сьцяны, рукі ўгару.

У двары пастарунку быў самы цяжкі экстрым. Фактычна нас там трымалі з гадзіны дня да гадзіны ночы. Пэрыядычна падыходзілі міліцыянты, патрабавалі, каб мы рукі яшчэ вышэй узьнялі. У той дзень было даволі халодна — увечары тэмпэратура мінусавая, без пальчатак рукі мерзьлі.

У гадзіну ночы прыехаў аўтазак, і ўсіх нас некуды павезьлі. Спачатку ня ведалі, куды. Потым ужо амапавец сказаў, што ў Жодзіна.

У пакоі надгляду таксама бел-чырвона-белы сьцяг на падлозе валяўся, хто адмаўляўся наступаць — білі дручкамі, нагамі, кулакамі. Потым ужо разьвялі па камэрах — у камэру на 10 чалавек запхнулі 20. Першыя двое сутак не было ні матрацаў, ні пасьцельных прыналежнасьцяў. Фактычна першую ноч і ня спалі — хтосьці падклаў рукі пад галаву і спрабаваў драмаць на стале. Другая ноч таксама цяжкая была.

У аўторак, на трэці дзень, былі суды. Судзілі праз скайп судзьдзі з Крупак, Смалявічаў і Чэрвеня. Адчувалася, што яны нічога не разумеюць: пратаколы складзеныя абы як, месца затрыманьня пазначана ня тое, час таксама ня той. Людзі абураліся, не пагаджаліся, а яны не зьвярталі ўвагі, бо зразумела, што яны паняцьця ня маюць пра сталічныя лякацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Судзілі паводле шаблёну. Калі чалавек трапляў другі раз, давалі болей. Аднаму такому «рэцыдывісту» далі 20 сутак паводле артыкулаў 23.34 і 23.4. Прыпісалі яшчэ супраціў міліцыі. Давалі і па 15 сутак — шляхам складаньня двух пратаколаў: 10 плюс 7, атрымліваецца 15. У парадку выключэньня пару прысудаў было па 7-8 сутак. Толькі адзін быў штраф. Гэта выклікала ў амапаўцаў прыступ лютасьці, яны патрабавалі ад судзьдзяў тлумачэньняў, чаму штраф, а ня суткі.

Я сядзеў разам з такім удзельнікам вулічных падзеяў, які спрабаваў падтрымаць бок улады. Ён прыйшоў на Пушкінскую і спрабаваў падтрымліваць амапаўцаў, якія разганялі пратэстоўцаў, маўляў, «бі, лупі, валі іх!». Але атрымалася так, што ён крычаў, а амапаўцы, напэўна, не разабраліся, што гэта было — і ўзялі яго.

Судзіў прыхільніка Лукашэнкі судзьдзя з Чэрвеню, яму далі 12 сутак. На судзе ён спрабаваў апраўдвацца,казаў, што ён «свой», што ўдзельнічае ў аўтапрабегах пад чырвона-зялёным сьцягам. Аднак суд да гэтага не прыслухаўся, і яму ўсё роўна далі 12 сутак.

І вось калі ён выйшаў, амапавец, вельмі злы амапавец, яго абняў і сказаў: «Ну, всякое бывает, так что, братан, держись, в следующий раз будет меньше...»

На ўмовы ўтрыманьня ня скарджуся. Адзін раз выводзілі на прагулку, адзін раз — у душ. Перадачы, якія сваякі прывезьлі ў сераду раніцай, перадалі толькі ўвечары ў чацьвер.

Учора пасадзілі хлопца, які прынёс нам навіны з волі. Дарэчы, ён пастаўляе посуд у турмы. Пакуль ня ведаю, ці ўсё дайшло ў перадачы, але літаратуру яны дакладна фільтравалі. Ну а супрацоўнікі турмы нармальныя, даволі адэкватныя, але часам прыходзілі амапаўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Сумна было, рабіць няма чаго. Пад’ём а 6-й, адбой а 22-й. Сядзець на нарах нельга ўдзень. Вакол стала — 6 пасадачных месцаў, стоячы чытаеш, ходзіш кругамі. Ніводнага ліста, ніводнай тэлеграмы ніхто з сукамэрнікаў так і не атрымаў, ніякай сувязі з вонкавым сьветам не было.

Што да кантынгенту, у камэры былі толькі «палітычныя». Амаль усе — з вышэйшай адукацыяй, усе працуюць. Шмат айцішнікаў, былі навуковыя супрацоўнікі акадэмічных інстытутаў, адлічаныя студэнты, прадпрымальнікі, рабочыя з МАЗу, зь БелАЗу — цалкам прыстойная публіка“.

„Сьцяг нам ножкі сагрэў“

Марыя Каржанеўская, мэдык, Менск:

Марыя Каржанеўская

„8.11. Гуляла ў цэнтры гораду. Я ўпэўнена, што маю на гэта права. Стаяць, ісьці, адна ці з некім, дзе лічу патрэбным, у якой лічу патрэбным вопратцы і дапаўненьні да вопраткі. Іх фармулёўкі «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», «незарэгістраваная сымболіка» — гэта іхныя фантазіі і няведаньне Канстытуцыі. Ім так зручна.

...Пасыпаліся, як гарох, ляцелі па ходніках моста. Мяне ўзяў пад локаць высокі «чорны», здаецца, алмазавец. Я ціха сказала, што іду сама, “Калі ласка, не прысьпешвайце, у мяне крок меншы”. Ён і вёў асьцярожна. А навокал віравала розная энэргетыка, хтосьці зь іх нёсься разьюшана, затрымліваў брутальна. Зайшла ў бус, ён зьняў зь мяне плякат і са словамі «А гэта ўжо пакінем гісторыі» прыставіў яго да агароджы моста. З пачуцьцём гумару, аднак. Параіў і шалік з Пагоняй зьняць. Шкада, што не паклала ў заплечнік, мог бы захавацца. А так у РУУСе зьнялі і зьнесьлі разам з чыёйсьці бэйсболкай. Напэўна, яны экіпіруюць «ціхароў», цяпер усё магчыма.

У шэрым аўтазаку, куды нас перасадзілі, дзьверы ў камэру падобныя на дзьверы печы. Месцаў тры там на лаве, нас было 6 жанчын. Мужчын кідалі на падлогу, чуліся ўдары і стогны.

Паставілі на вуліцы тварам да сьцяны, рукі за сьпіну. Жанчын менш пільнавалі. Таму варочалася, разглядала. П’яны мужчына, яўна ня з «нашых», трохі буяніў. Яны яго, ужо пабітага, яшчэ білі, зашпілілі кайданкі, працягнулі па асфальце. Адчуваньне, быццам гэта ў цябе зь пясьцяў дзярэцца скура. Навошта яны і такіх бяруць, для «карцінкі»? Нагадала, што да кожнага чалавека трэба па-людзку, будзе ляжаць на зямлі — застудзіць ныркі. Прынесьлі шыну, пасадзілі яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Паступова ўсіх перапісалі. Папрасіла выклікаць «хуткую» хлопцу з апухлай нагой і крывёй на патыліцы. Яго забралі. Яшчэ для аднаго прасіла — гематома ўтварылася каля скроні. Яны паглядзелі, вырашылі, што ня трэба. Многія мужчыны кульгалі моцна, але ня скардзіліся, трымаліся. Жанчына побач пабялела, кашляла. Упрошвала я, каб адпусьцілі яе, бо кантакт першага ўзроўню. Не, нікога больш ня выпусьцілі. Нават мамы малых дзяцей паехалі ў выніку ў Жодзіна. Машу (3 гады дачушка) судзілі толькі праз два дні, далі 25 базавых. Жэню (двое дзяцей, 5 і 7 гадоў) пратрымалі ўвогуле тры дні, у сераду, ужо на Акрэсьціна, прысудзіўшы 50 базавых.

Вобшук. Перапісваюць каштоўнае — пашпарт, ланцужок, завушніцы, пярсьцёнкі (зьняць), грошы, ключы. Тэлефона не было з сабой. Яго забіраюць як гарантыю сплаты штрафу.

Яны. Цікава паназіраць. Шмат хто ў балаклавах. У простых масках тыя, якія «чалавечнейшыя», ці як.

Жанчына-міліцыянтка была прыязнай, сказала булачку ўзяць з сабой і выбачылася перад тым, як правяла па кішэнях. Дазваляла зрабіць званок усім, у каго былі тэлефоны. Жанчын вадзіла ў «цывільную» прыбіральню ў будынку. Сказала застацца ў гаражах, каб ня мерзьлі; прапанавала крэсла. Я папрасіла схадзіць па жанчын, што засталіся на вуліцы. Дазволілі.

Засяроджаныя, падкрэсьлена ветлівыя складальнікі пратаколаў. Кшталту «Мы проста выконваем сваю працу».

Ахоўнікі розныя. Адзін хацеў пагаварыць, выстаўляўся, жаліўся, што мэдыкі адмовілі бацькам. Даказваў, што ня ўдзельнічае ў затрыманьнях, не атрымлівае дадатковых грошай. Не разумее, чаго мы ходзім, бо яго бацькі і сваякі нікуды ня ходзяць, усім задаволеныя. «Эмпатыі пазбаўлены», — сказала я, але наўрад ці ён зразумеў. Іншыя ўпэўнены, што пратэсты фінансуюцца, але, можа, да шарагоўцаў не даходзяць грошы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Самы адэкватны і спагадлівы на пытаньне, чаму ён тут працуе, адказаў, што ў разгонах ня ўдзельнічаў. Калі прымусяць — апусьціць шчыт.

Нейкі самы ўпэўнена-разьвязны, у цывільным, нечакана запытаўся на «ты»: «Как думаеш, победите?» Я адказала, што пераможам, бо людзі не даруюць гвалту і зьдзекаў. Мэдыкі не даруюць. Ён пагадзіўся: «Так, мэдыкі не даруюць».

Бліжэй да вечара прынесьлі ежу і ваду ад валянтэраў. Вялікі дзякуй, сапраўды паратунак, бо ў турме ўжо могуць трымаць бязь ежы доўга.

Усё б нішто сабе, але трымалі нас там гадзін 15. Месцаў прысесьці амаль няма, гаражы халодныя, ратавалася, мераючы прастору крокамі. А мужчыны, зь якімі прыехалі ў аўтазаку, так і прабылі амаль увесь час на вуліцы каля сьцяны.

Мова. Нас тады яшчэ не пазначалі. Звыкла ігнаравалі нават напісаньне прозьвішча. Толькі той, хто здымаў і каротка апытваў, усьміхнуўся: «100%» (вінаватая?), але далей гаварыў са мной па-беларуску.

Транспартаваньне ў турму. Аўтазак-перавозка, з лавамі. Усім не хапіла, мужчыны некаторыя стаялі ўвесь час. Доўга-доўга, душна, хацелася хутчэй трапіць усярэдзіну, каб прылегчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Сьцягі. На падлозе, у нейкім калідоры з паваротамі. Ад нечаканасьці і нейкага імгненна ўзьніклага мэталёвага смаку ў роце я збочыла да сьцяны. Можа, канваір ужо быў стомлены (тое пад ранак, гадзін мо сем), я ішла апошняй да таго ж. Мяне ня ўдарылі.

Доўга чакалі асабістага агляду. Сьцяг і там на падлозе. Выказаўшыся пра дзікунства гэтага, таксама сказала, што мяне прыніжае агляд. Па адміністрацыйцы прапісана «адсутнасьць складу злачынства». Недалёкая дзеўка нешта хаміла, потым заявіла, што пакліча ахоўніка-мужчыну. Разулася, разьдзелася і стала на Сьцяг. Дзяўчына ў камэры потым суцяшальна зазначыла: «Ён нам ножкі сагрэў».

Нарэшце камэра. А там два ложкі двухпавярховыя, мэталічныя рашоткі без матрацаў. І ўжо жыхарак амаль удвая больш. Неяк прытулілася седзячы, «правалілася». Памятаю, прывялі яшчэ жанчын, адна расплакалася. Думаю, таксама марыла прылегчы. А тут і сесьці няма дзе. Але пацясьніліся.

Потым пачула маё прозьвішча. На выхад. Канваір, даючы падпісваць абавязаньне зьявіцца ў суд, бурчаў незадаволена: «Калі вы такія ўнікальныя і незаменныя мэдыкі, а міліцыя вам кепская, трэба дома сядзець».

Я ніяк не чакала такой дапамогі і ўдзелу. Я кранутая і ўдзячная. Суд яшчэ будзе.

Але мне хочацца сказаць: ня бойцеся. Варта і сябе зразумець, што ты вытрымаеш. Можна паспрабаваць і дапамагчы камусьці. Калі ўпэўнены, што гатовы“.

„Што можна разгледзець, калі не ўцякаць“

Іна Карней, Менск:

Іна Карней

„Пра тое, што можна разгледзець, калі ўвайсьці ў цесны кантакт з праваахоўнай сыстэмай.

Уявіце, якая карціна можа перад вамі разгарнуцца, калі вы выйдзеце прагуляцца ў нядзелю ў Менску зь цьвёрдым намерам не ўцякаць. Па-першае, капец як страшна, калі людзі ў чорным пачынаюць падступаць, абступаюць і страшэнна хочацца змыцца, але калі застацца, можна ўбачыць шмат цікавага.

Вось «Алмаз», яны толькі высыпалі са сваіх бусікаў і натыкнуліся на людзей, якія не пабеглі, трохі зьдзівіліся, спрабавалі нават уступаць у дыялёг, а затым адышлі. Унутры страх таксама адступае і ўключаецца аналітыка. Аказалася, што самае важнае — перажыць першую хвалю — далей ужо лягчэй, яшчэ будзе страшна, але ўцячы ўжо не захочацца.

Вось другі заход, чорныя людзі бегаюць празь цябе, зразумела, што мэта ў іх нейкая пэўная ёсьць і жанчыны дакладна не зьяўляюцца іх мэтай. Шмат мітусьні і крыкаў, у нейкі момант я нават стаяла ў счэпцы. Счэпку экіпіяваны баец разьдзірае бяз бачных высілкаў, проста праходзіць празь яе, як празь перашкоду, бо далей бачыць сваю мэту. Наогул, хлопцы рабілі ўражаньне вельмі мэтанакіраваных. У іх вызначана была задача (браць мужчын), яны добра каардынаваліся, у іх ёсьць сыгнал аб дапамозе, на які іншыя байцы бягуць ва ўсю моц, таму адбіць і не атрымліваецца, за імгненьне налятаюць з усіх бакоў і ўцягваюць ахвяру і пару жанчын у прыдачу.

Працягвалася гэта хвілін 15, гэтыя хвалі набягалі, агіналі нас (мы проста стаялі на месцы), расьсейваліся па дварах, вярталіся, зноў накатвалі. За гэты час перада мной прабегла столькі вачэй, няма ў іх нічога зьвярынага, вар’яцкага або незразумелага, асудныя хлопцы. І ў нейкі момант яны проста тармазнулі каля нас і настойліва прапанавалі прайсьці, шанцаў адмовіцца не было.

Далей ужо былі іншыя пэрсанажы, за 15 гадзін у РУУС чаго толькі не нагледзісься.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Вось хамавіты амапавец на расейскай мацернай тлумачыць, куды глядзець, дзе трымаць рукі і што рабіць з асабістай маёмасьцю (скласьці перад сабой на асфальт).

Дзяўчына ў форме, якая перапісвае затрыманых: прозьвішча, адрас, адукацыя, месца працы. Казаць трэба гучна, так што ўвесь двор чуе, што з трох дзясяткаў чалавек, якія стаяць тварам да сьцяны, пераважная большасьць мае вышэйшую адукацыю.

Опэр, які апытвае для пратаколу, ні разу не падняў вочы, як быццам чалавек перад ім толькі для радкоў на паперы.

Нічым не характэрны пэрсанаж, які водзіць нас па чарзе ў прыбіральню (біятуалет на вуліцы, дзьверы не зачыняюцца, з-пад кабінкі цячэ мача).

Пальцы адкатвае хлопец са стыльнай стрыжкай, відавочна адукаваны, працу робіць весела, нават артыстычна, можна ўявіць, што гэта такі від манахромнага жывапісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Відэаапэратар кожнага здымае для гісторыі, аказваецца ўсiм задаюць пытаньне, ці не жадаем мы нешта сказаць іншым грамадзянам. Але складана перасягнуць стэнд-ап пра «хлопатнае дзельца», таму я адмаўляюся ад камэнтароў.

Жанчына ў форме, якая робіць дагляд, вельмі прыгожая, такую ўяўляеш за столікам рэстарана, а не ў падвале РУУСа.

Байцы ў балаклавах, байцы ў балаклавах са стрэльбамі (гэта зь іх вылятаюць гумовыя кулі?), байцы ў поўнай экіпіроўцы, нейкія людзі ў цывільным, цётка з кадравай службы, якая гукае: «На паўмэтра ад сьцяны, гэта водаэмульсіёнка, адціраць потым пасьля вас» (гэта мы ўжо адаграваліся ў калідоры РУУСа пасьля чатырох гадзін стаяньня ў дворыку).

Сумны супрацоўнік, які ахоўвае 30 жанчын, які ўжо стаміўся адказваць «патэлефанаваць — гэта не да мяне, так, таблеткі можаце ўзяць, ваду зараз прынясуць, спыніць размовы, зладзілі тут мітынг».

Асобна запомніўся супрацоўнік, які «азнаямляў» з пратаколам і правамі і быў настолькі гугнявы, што кожны раз упадаў у ступар, спрабуючы нарадзіць патрэбныя словы, але стараўся з усіх сіл.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Звычайныя людзі, ніякіх дэманаў, не плююцца агнём, не валодаюць супэр-сілай, не інтэлектуалы, але і ня дурні. Яны абсалютна ўпэўненыя, што робяць правільную працу, абараняюць парадак. Для іх мы парушальнікі закона, мы павінны быць пакараныя. Яны ў сваім праве і ў сваёй сіле. Калі ў вас ёсьць ілюзія, што нейкае правільнае слова або факт здольны перавярнуць іх карціну сьвету — пакіньце, хто вагаецца, ужо ўсе з гэтай сыстэмы сышлі (садысты, на жаль, засталіся). Для астатніх усё вельмі жорстка, выразна і мае сваю лёгіку. Права і парадак, яны так яго разумеюць. Я калі гэта зразумела, нават засумавала. «Міліцыя з народам» — гэта не спрацуе, можна не скалынаць паветра.

А потым я падумала, што тут жа ёсьць на што абаперціся. Гэтыя людзі заточаныя на выкананьне закона, яны разумеюць мову закона, дык трэба на ёй зь імі гаварыць. Праўда, пакуль адсылкі да Канстытуцыі не працуюць, толькі раздражняюць, але ёсьць адсылкі да артыкулаў крымінальнага кодэксу. Ня помста, ня вока за вока, не самасуд, а закон, які працуе, вось пра гэта трэба зь імі размаўляць. Там ніхто не пяройдзе на бок сьвятла, але застацца зь імі ў прававым полі можна.

Ага, яшчэ адна выснова — цяпер я буду ўцякаць. Калі стаяць, шоў заканчваецца вельмі хутка“.

Гісторыя Вадзіма Дзьмітронка

Вадзім Дзьмітронак, 43 гады, архітэктар (апавядае сябар Уладзь Рымша):

„У звычайнай агульнай размове я сёньня выпадкова даведаўся, што ў лякарні хуткай дапамогі (БСМП) ляжыць Вадзім Дзьмітронак.

І таксама выпадкова адна дзеўчына, якая таксама ўдзельнічала ў той размове, прыгадала сюжэт, які яна бачыла на БТ, пра нейкага хлопца, «лысага і з барадой», якога ўчора (15 лістапада) затрымалі з рагаткай і дручком.

Мы разам знайшлі той сюжэт. Гэта быў Вадзім.

Тое, што на Арлоўскай Вадзіма моцна пабілі і ў кадры цячэ ягоная кроў, не праблема ані для антыбеларускай тэлевізіі, ані для антыбеларускіх «праваахоўнікаў».

Тое, што яго, ужо ў кайданках і пабітага, залівалі газам — таксама не праблема ані для тых, ані для гэтых: яны даўно прызвычаіліся хлусіць, біць і забіваць; забіваць, біць і хлусіць — і адныя ня могуць існаваць без другіх.

Ну а мы прызвычаіліся, што для іх гэта норма. Звычайны такі беларускі лад суіснаваньня скаціны і людзей.

Вадзім Дзьмітронак

Але ці дамо мы рады звыкнуцца з тым, што калі ты страляеш у людзей мэталічнымі шарыкамі з баявой зброі — ты ня вылюдак, а «праваахоўнік». А калі ты маеш пры сабе рагатку з шарыкамі — ты «ціраріст».

Ці звыкнемся мы з тым, што калі ты закідваеш людзей гранатамі ды як вар'ят латошыш іх рукамі, берцамі ды дручком — ты “красаўец”, а калі маеш у заплечніку страйкбольную дымавую шашку — ты “очэнь апасный гасударсьвіный прыступнік”.

Цяпер Вадзім у лякарні, у аддзяленьні спалучаных траўмаў, пад «аховай» тых, хто пакрывае забойствы мірных беларусаў і чыё ведамства ўжывае стрэльбы, гранаты і нават войска супраць тых, хто наняў іх для сваёй абароны.

Вадзім — высакародны і мужны чалавек. І, як гэта часта спалучаецца ў такіх людзях, вельмі добры. Вядома, што ён шмат гадоў прынцыпова падтрымліваў беларушчыну.

... Вядома, што ён ані пры якіх умовах ня біў бы зьвязанага чалавека. І ўжо ж пэўна не здымаў бы яго на камэру, — да такога роўню ён ніколі не апусьціўся б.

Сёньня Вадзім ня можа есьці — толькі піць. У такім стане яго прыкавалі кайданкамі да ложка. І яшчэ я ведаю, што яго перавялі ў палату з хворымі на COVID-19, хоць ковіду ў яго не было“.

Жонка Вадзіма Вольга:

„У сюжэце БТ мужа паказалі ледзь не як тэрарыста. Мяне гэта шакавала.

У мяне невялікая, але вельмі шчасьлівая сям’я. Дзяўчаткі шалёна любяць тату, зрэшты, як і ён іх. Кожны прыход з працы суправаджаецца гонкай, хто першым дабяжыць да таты і мацней яго абдыме. Ім усё роўна, што тата архітэктар, які, як ён сам кажа, добра «натаптаў» у горадзе. Куды ні паедзеш у Менску, заўсёды знойдзецца, што праектаваў тата. Дзесьці прыпынак грамадзкага транспарту, дзесьці рэканструкцыя будынка, гістарычнага помніка; дзесьці — мэдычны цэнтар або архітэктурная прывязка помніка, сквэр... Ім важна, каб ён прыходзіў дадому!

Дзьмітронак Вадзім Генадзевіч ня проста муж, тата, архітэктар. Ён яшчэ і патрыёт, шчыра любіць Беларусь, чалавек з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці і каштоўнасьці чалавечай годнасьці. Ён заўсёды верыў, што годнасьць — гэта тое, чым неабходна даражыць, павага — тое, што трэба заслужыць.

Пра затрыманьне мужа я даведалася ад дзяжурнага адваката, якая паведаміла, што Вадзім знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС, і яна падала хадайніцтва аб выкліку «хуткай», таму што ён у вельмі кепскім стане і яму неабходная рэанімацыя.

Каля дзевяці вечара я паклікала сяброўку пасядзець зь дзецьмі, сама зьбіралася ехаць да мужа ў лякарню хуткай дапамогі. У гэты час да мяне дадому прыйшлі людзі ў масках са Сьледчага камітэту. Прадставіўся толькі адзін — падпалкоўнік Аўдзееў.

Спыталі, ці ёсьць дома мужчыны, ці сапраўды я жыву толькі з мужам. Паказалі прадпісаньне на агляд кватэры. Ветліва размаўлялі. Паўтарылі, што ня зробяць кепскага ні мне, ні дзецям. Пыталіся пра зброю, аўтаматы, кактэйлі. Для мяне гэта быў сюр. Якія аўтаматы, кактэйлі, мужыкі, калі тут жыве сям'я зь дзецьмі?

Пры аглядзе нічога не знайшлі, і я паехала ў лякарню.

У прыёмным пакоі Вадзім сядзеў у вазку, пабіты, у крыві, ня мог гаварыць. Я спрабавала да яго дакрануцца — ён матаў галавой, каб не чапала, бо дотыкі прычынялі яму боль.

Калі санітарка сабралася перавезьці яго на вазку, ён нават ня мог падняць ногі, каб паставіць іх на падстаўку.

У той вечар я даведалася, што ў Вадзіма закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Пра іншыя пашкоджаньні і стан мужа дактары мне не гавораць.

Вадзім пад канвоем, сувязі зь ім няма. Яго шпіталізавалі ў траўматалёгію. Загадчык аддзяленьня сказаў, што нікога не пускае ў сувязі з COVID.

Пра тое, што Вадзім зьбіраўся ехаць на “плошчу Пераменаў”, я ня ведала. Гібель Рамана Бандарэнкі ва ўласным двары яго абурыла.

Вадзім быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, зьбіраў подпісы за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты. Пазьней ён увайшоў у пашыраны склад Каардынацыйнай рады.

Я пакуль не адважылася сказаць старэйшай дачцэ, што адбылося з бацькам. Псыхоляг кажа: трэба расказаць праўду. Я бачу яе твар і не магу быць бесстароньняй“.

„Салідарнасьць“

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

„Турма выхоўвае найлепшыя адносіны адзін да аднаго“

Юзаф Нямера, 63 гады, пэнсіянэр, Горадня:

„6 верасьня ў Горадні быў марш пратэсту, было каля 5 тысяч чалавек. Мы прайшлі па праезнай частцы некалькі кілямэтраў ад цэнтру гораду да ўнівэрсаму «Брэст». Там дарогу перакрыла сьцяна амапаўцаў у поўным рыштунку. Тады дзяўчаты сталі ў счэпкі, схаваўшы мужчын. Байцы сталі выхопліваць людзей, у тым ліку жанчын, распылілі сьлезацечны газ.

Юзаф Нямера

Я ішоў у сярэдзіне маршу, калі пачуў каманду на затрыманьне. Частка людзей разьбеглася. Адна жанчына ўпала. Я падбег, каб дапамагчы ёй падняцца. У гэты момант убачыў, як побач два амапаўцы цягнулі па зямлі іншую жанчыну. Яна прысела амаль да зямлі.

Хіба маё сумленьне ня вытрымала. Я ўдарыў у вобласьць ягадзіцы гэтага амапаўца і крыкнуў: «Адпусьці!».

Другі баец пабег на мяне з дручком, але я зьбег зь месца, бо займаюся спортам і хутка бегаю. Пазьней на допыце апэратыўнік сказаў, што мне пашчасьціла, што я ўцёк. «Інакш мы б з вамі цяпер не размаўлялі. З вас бы зрабілі адбіўную катлету».

Я выходзіў на вулічныя акцыі, каб выказаць сваю нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў. Пра гэта я казаў і на допытах.

Акцыя была мірная. Мы ніводнага газона не патапталі, ніводнай вітрыны не пабілі, аўтамабіля не разьбілі, не перавярнулі. Людзі прайшліся б ды разышліся б па хатах. Калі б гэта быў мітынг на плошчы, то людзі цягам гадзіны пагаварылі б і таксама мірна разышліся. Усё было б чыста.

Юзаф Нямера з жонкай Маргарытай

Гэта ўсё міліцыянты запісалі на відэа і пазьней мяне вылічылі. Затрымалі праз два тыдні, 22 верасьня. Я ехаў на ровары па малалюдным месцы, насустрач ішлі два хлопцы ў цывільным, схапілі за стырно ровар, даставілі мяне ў міліцыю. Супраць мяне распачалі дзьве крымінальныя справы паводле артыкулаў 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і 364 («Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). З-пад варты выпусьцілі ўжо толькі пасьля прысуду.

Большасьць часу я сядзеў у турме ў цэнтры Горадні. Умовы былі прымальныя. Праўда, у адным з турэмных карпусоў было вільготна, яшчэ не было ацяпленьня. Большасьць сукамэрнікаў курылі. Вэнтыляцыя слаба працавала, таму сьвежага паветра не хапала.

Нармальны сьняданак, абед увогуле добры, вячэра таксама. Калі якая дапамога з волі, сала, то ўвогуле добра, жыць можна.

Штодня нас выводзілі на прагулку. Я займаюся лёгкай атлетыкай. У невялікім дворыку здолеў бегаць, скакаць, разьмінацца. За два месяцы прачытаў каля 10 кніг. Гулялі з сукамэрнікамі ў шахматы, шашкі. Першы ліст жонцы адтуль я напісаў на туалетнай паперы і перадаў з сумакэрнікам, якога вызвалілі раней.

Я адчуваў вялікую падтрымку. Мне прыходзіла найбольш лістоў у камэры з Варшавы, Нью-Ёрку, Лёндану, усёй Беларусі — ад знаёмых і незнаёмых.

Многія лісты, асабліва з навінамі ў краіне, я зачытваў для ўсіх сукамэрнікаў, бо гэта падтрымка не для аднаго чалавека, а для ўсіх.

З васьмі чалавек чатыры былі «палітычныя», два «эканамічныя», але жылі ў камэры, як адна сям’я.

Юзаф Нямера

Турма выхоўвае найлепшыя адносіны адзін да аднаго. У турме найперш трэба заставацца чалавекам. Высьвятляць нейкія адносіны? Не. Усе яднаюцца, разумеюць, што трэба перажыць усім разам. Толькі салідарнасьць.

12 лістапада суд прызнаў мяне вінаватым паводле абодвух артыкулаў і прысудзіў 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову закрытага тыпу. Да таго ж суд абавязаў выплаціць 500 рублёў кампэнсацыі пацярпеламу амапаўцу за «пачуцьцё дыскамфорту і прыніжэньня», якія той зьведаў. А яшчэ ж байцу давялося пасьля таго эпізоду памыць форму. Я папрасіў прабачэньня ў пацярпелага ў судзе. Той даваў паказаньні, закрыты шырмай і пад зьмененым імем.

Сваё апошняе слова ў судзе я прысьвяціў беларускім жанчынам. Увесь сьвет захапляецца імі, а мы іх цягаем па асфальце“.

„У Жодзіне нам паслалі «дывановую дарожку» з БЧБ-сьцягоў“

Ivan Ivanov (тг-карыстальнік), Менск:

„Гэтая гісторыя адбылася са мной у нядзелю 8 лістапада. У гэты дзень я пайшоў у цэнтар гораду. Калі прыйшоў на Нямігу, зайшоў у кавярню «Праспэкт», якая знаходзіцца на Пераможцаў, 17. Пасьля пайшоў у бок стэлы.

Праз мэтраў 50 мяне спынілі людзі ў форме, папрасілі адкрыць заплечнік (там у мяне была толькі бутэлька вады). Спыталі дакумэнты, іх у мяне не аказалася. Спыталі, што раблю тут, на што адказаў, што проста гуляю. Тады яны папрасілі прайсьці зь імі на размову, узялі пад руку, сказалі не супраціўляцца і адвялі да аўтазака.

Аўтазак быў, як яго называюць, «стакан», мяне пасадзілі ў тарцавы адсек, там са мной ехалі потым яшчэ 8 чалавек. Затрыманьне было зроблена прыкладна паміж 13 і 14 гадзінамі.

Ілюстрацыйнае фота

Прывезьлі нас у Цэнтральнае РУУС. Усіх загналі ў калідор, паставілі тварам да сьцяны і апыталі (імя, прозьвішча, нумар тэлефона, месца працы і г.д). Потым кожнага выклікалі на допыт у актавую залю. На допыце сказалі скласьці ў заплечнік усе асабістыя рэчы, папругу, матузкі і да т.п. Пасьля допыту ўзялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі. Далей адправілі на чацьвёрты паверх у крымінальны вышук, дзе мяне яшчэ раз дапыталі і сфатаграфавалі. Пасьля гэтага вярнулі ў калідор першага паверха. Потым выклікалі азнаёміцца з пратаколам, у якім было сказана, што я ішоў у калёне з 500 чалавек са сьцягамі і транспарантамі і выкрыкваў лёзунгі, сьведка Іваноў Іван Іванавіч. Я напісаў, што віны не прызнаю, з пратаколам ня згодны і буду аспрэчваць яго ў судзе. Пасьля гэтага мяне пакінулі ў калідоры.

У РУУС у той дзень прывезьлі каля 100 чалавек. Калі ў калідоры ўжо не было месца, людзей ставілі да сьценкі на вуліцы. Было ў той дзень досыць холадна.

Калі ўсіх азнаёмілі з пратаколам, многіх ужо павезьлі на Акрэсьціна. Мяне і тых, хто застаўся, пасадзілі ў камэру. У камэры было даволі цёпла, было нас там дзесьці каля 10 чалавек. Там мы праседзелі каля гадзіны. Потым нас сабралі, ззаду сьцягнулі сьцяжкай два вялікія пальцы рук і пасадзілі ў аўтазак. Аўтазак гэтым разам быў кшталту «банка» — зь дзьвюма лаўкамі па баках. Вёз нас АМАП, амапаўцы былі ў цэлым адэкватнымі, паводзілі сябе нармальна, размаўлялі з намі, спрачаліся аб пратэстах. Было па іх відаць, што іх усіх гэта таксама дастала, што яны маральна выматаныя. Скардзіліся на пагрозы іхным сем'ям.

Каля турмы ў Жодзіне

Па прыезьдзе ў Жодзіна нам паслалі «дывановую дарожку» з БЧБ-сьцягоў. Паставілі на вуліцы да сьценкі, рукі за сьпіну. Хадзіў ахоўнік са спэцыяльнай гумай і біў нас ёй па руках, нагах і сьпіне. Пасьля гэтага нас адправілі ў памяшканьне тыпу падвала, дзе правялі пераклічку і па падвальных калідорах павялі да камэр.

Было некалькі дзьвярэй, перад якімі мы спыняліся і прысядалі. Адразу мы пабеглі, але потым хтосьці штосьці зрабіў ня так і мы пайшлі паўпрысядам (ахоўнікі называюць гэта “гуськом”). “Гуськом” жа даводзілася падымацца па прыступках. Таксама стаялі ў паўпрысядзе з паднятымі проста рукамі. Хто рабіў няправільна або павольна, атрымліваў гумай. Гума сьлядоў не пакідала, але біла балюча. Камусьці прылятала нагой ці кулаком. Білі не на поўную сілу, каб не было сьлядоў. Апошні шлях прайшлі паўзком на каленях. Ногі забіліся капітальна, яшчэ не адышоў да гэтага часу.

Пасьля гэтага, як яны казалі, «спорту», нас прывялі ў вялікі калідор. Там яшчэ раз апыталі на наяўнасьць пабіцьця. Потым адвялі ў асобны пакой, дзе мы разьдзеліся да майтак (праверка на сьляды пабіцьця) і пасьля гэтага адвялі ў камэру. У камэры са мной было 18 чалавек, потым прыйшлі яшчэ пяць. Камэра была абстаўленая наступным чынам: 6 двух'ярусных ложкаў — мэталічныя каркасы без матрацаў, стол, па баках 2 лаўкі, туалет, рукамыйнік, на сьцяне вісяць паліцы. На ложках удзень сядзець нельга, за сталом можна. Калі ахоўнік лавіў, што сядзелі на ложках, мы прысядалі. Аднаму, у якога была спрывіленая нага, дазволілі сядзець на ложку. У камэры было цёпла, асьвятленьне штучнае, сонечнае сьвятло з-за кратаў прабівалася слаба. Сядзелі так да другой паловы дня, потым усіх патроху сталі выводзіць на суд. Мяне судзілі адным з апошніх.

На судзе я сказаў усё тое самае, што і на допыце. Мне прысудзілі штраф 15 базавых. Пасьля суду вярнулі ўсе асабістыя рэчы (нічога не арыштоўвалі). Дзесьці ў 19 гадзін 9-га я выйшаў на свабоду. Адразу падышлі праваабаронцы, запісалі прозьвішча, імя, год нараджэньня і які штраф далі. Пасьля падышоў хлопец у жоўтай камізэльцы і паказаў чалавека, які адвязе мяне і іншых у Менск. Дзесьці пасьля 20-й быў дома“.

„Я асабіста бачыла ў яе на грудзях апёкі ад цыгарэт“

Лізавета Кажакіна, 30 гадоў, праграміст, Менск:

Лізавета Кажакіна. Фота August2020

„11 жніўня мяне забралі каля 8 гадзін вечара. Я стаяла на Пушкінскай. Шчыра сказаць, я не праходзіла проста міма, стаяла там сьвядома. Хацелася выказаць свой пратэст неяк. Але да мітынгу маштабнага я далучацца не зьбіралася.

Мяне закінулі ў мікрааўтобус, у якім было трое зьбітых хлопцаў і тата з дачкой (іх не чапалі). Некалькі гадзін усіх каталі па горадзе. Людзі ў чорнай форме пастаянна зьдзекаваліся.

— Мы цябе па коле пусьцім!

— Пераменаў захацела? Мы табе зараз такіх пераменаў наробім!

— Абліжы дубінку, тады, можа, мы цябе прабачым і адпусьцім...

Усё суправаджалася нецэнзурнай лаянкай і сьмехам.

Я ім адказвала дзёрзка. Мабыць, таму мяне адзіную адвезьлі ў РУУС. Усіх астатніх пакаталі, пабілі і выпусьцілі. Увогуле, знайшлі самага злоснага злачынца — жанчыну мэтар шэсьцьдзесят ростам.

Мяне прывезьлі ў РУУС Фрунзэнскага раёну а 10-й вечара. Разам зь іншымі завялі ў спартовую залю. Усяго было каля 100 затрыманых. Дзяўчаты стаялі ў кайданках, потым ім дазволілі сесьці. Хлопцаў паставілі на калені, тварам у падлогу. Шмат у каго рукі былі зафіксаваныя сьцяжкамі. У такой позе яны знаходзіліся некалькі гадзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Было адчуваньне, што яны ўсіх запар зьбіралі, як грыбы. У пад’езды забягалі, крамы. Некаторыя наогул не разумелі, чаму яны тут.

Мужчын білі страшна. Перада мной ляжаў хлопец: ён настолькі прывык да біцьця, што ў яго рэфлекторна цела курчылася. Гэта значыць, калі білі ягонага суседа, ён торгаўся яму ў такт.

У РУУС я адзін раз абярнулася — падумала, што труп ляжыць. Настолькі твар быў пабіты — да мяса, у кашу — што я спалохалася. І вочы былі заплюшчаныя.

Пазьней у спартзалю прыйшла жанчына ў форме супрацоўніка АМАПу, Карына. Яе твар я запомню надоўга. Яна пачала біць тэлефоны затрыманых. Мой смартфон трапіўся першым. Карына кінула тэлефон аб сьцяну, потым аб падлогу, а потым дабіла рукамі. Сказала, што «рэвалюцыянэрам» пашанцавала, што гэта не яе зьмена. Таму што ад яе б дзяўчатам дакладна ўляцела.

Празь некалькі гадзін выклікалі, каб скласьці пратакол. Стандартны артыкул за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Пакуль пісалі, запалохвалі пастаянна. Казалі: «Ты ж разумееш, што зараз ня будзеш працаваць там, дзе цяпер працуеш». Пыталіся, колькі нам заплацілі. «Атрымай за свае 60 рублёў!»

Раніцай мяне і іншых людзей з РУУС пасадзілі ў аўтазак — 20 чалавек на падлогу ў два рады. Машына доўга ня ехала. Варушыцца мужчынам было нельга. Варухнесься — атрымаеш дубінай. Так яны трымалі да таго часу, пакуль хлопцам не станавілася вельмі цяжка. Калі ўсе пачыналі стагнаць і жаліцца — усе былі на мяжы — аўтазак крануўся. Катаваньне ўдалося.

Нас прывезьлі на Акрэсьціна. Хлопцаў высадзілі ў адзін бок і пачалі біць. Дзяўчат — у другі бок. Загадалі станавіцца і глядзець на сьцяну. Паварочвацца было нельга, глядзець на мужчын таксама.

Пасьля зьбіцьця мужчын пачалі па адным вадзіць на суд. Людзі адтуль выходзілі кожныя 30 сэкундаў. Некаторых пасьпелі асудзіць, іншых — не. Мяне не пасьпелі, бо суд працуе толькі да 5-й вечара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Камусьці 10 сутак далі, камусьці 15. Ня ведаю, паводле якога прынцыпу яны судзілі. Напрыклад, дзяўчыне 18-гадовай далі 10 сутак. Божы дзьмухавец. Яна так трэслася, нэрвавалася. Дарэчы, яна зьбіралася ў Акадэмію МУС паступаць.

Пасьля судоў людзей адвялі на вуліцу. Амаль кожную гадзіну міліцыя складала сьпісы. “Прозьвішча! Дата нараджэньня!” А затым пачыналі строіць калёны. Потым з гэтай калёны выклікалі людзей і строілі іншую калёну.

Як у кубікі гуляліся. З другой калёны яны трэцюю робяць. Незразумела, навошта гэта ўсё. Я думала, што зараз нас кудысьці адвязуць. Але не. Мы проста пераходзілі ў іншае месца і стаялі далей.

Я ненавіджу гвалт у любой форме, асабліва ў адносінах да сябе. Але супрацьдзейнічаць стараюся ў мірнай форме. Найлепшая зброя — гумар і сарказм. Нават ноччу на Акрэсьціна, седзячы на халоднай зямлі разам зь іншымі затрыманымі, я не забылася пра свае прынцыпы і не змагла прамаўчаць:

— Хлопчыкі, вунь у вас груша недалёка расьце. Няхай дубінкі папрацуюць на карысьць. Пазьбівайце нам груш, калі ласка.

Ахоўнікі разгубіліся ад такога нахабства. Але грушы дзяўчатам стрэсьлі і прынесьлі.

У тры гадзіны ночы людзей завялі ў 4-мясцовую камэру. У ёй было 26 дзяўчат. Хтосьці спытаў: «Хіба больш месца няма ў іншых памяшканьнях?». Адказалі, што ёсьць, але ўсё роўна будуць сюды прыводзіць. А калі зьняволеныя будуць выпендрывацца, то яшчэ чалавек 10 прывядуць.

У камэры я такіх гісторый наслухалася! У асноўным дзяўчат не чапалі. Мяне ў тым ліку. Можа, мінімальна нейкія сінякі паставілі, калі хапалі і кідалі з крэсла на крэсла ў мікрааўтобусе. Але некаторых усё ж білі.

Адна дзяўчына расказвала, што з хлопцам прыехала з Масквы пагуляць па Менску. Іх схапілі і адвезьлі ў турму. Білі і зьдзекаваліся. Я асабіста бачыла ў яе на грудзях апёкі ад цыгарэт. Спынілі мучыць, калі даведаліся, што яна грамадзянка Расеі. Пачалі ігнараваць. Як быццам яе зусім няма. Магчыма, ня ведалі, што зь ёй рабіць. Адпускаць баяліся, але і ня лезьлі больш. Чацьвёра сутак яна адседзела. Што зь ёй стала потым, я ня ведаю.

Яшчэ адну дзяўчыну пачалі біць, калі даведаліся, што ў яе літоўскае грамадзянства. «Ах, калі ты літоўка, значыць, у вас там раўнапраўе. Значыць, атрымай, як і мужчыны!»

Мужчын білі пастаянна. Зь перапынкамі 15-20 хвілін. Сьмяротным боем. Ноччу на Акрэсьціна такія крыкі стаялі! Некаторых дзяўчат зь іхнымі хлопцамі разам забіралі. Яны сядзелі і ня дыхалі, ім здавалася, што гэта менавіта іх хлопцаў б’юць («Я чую свайго Лёшу!»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мэдычную дапамогу мала каму аказвалі. Дзяўчына на Акрэсьціна страціла прытомнасьць. Яна стукнулася галавой, ёй лекара мясцовага выклікалі. Але пазьней вярнулі. Дзяўчына была ўся ў сьлязах. Што здарылася, адмовілася гаварыць. Потым яе адправілі з намі ў памяшканьне з бэтоннай падлогай начаваць.

Кожныя 5 хвілін адчынялі камэру, прозьвішчы называлі, штосьці правяралі. Такое адчуваньне, што яны перапіс насельніцтва зладзілі.

Потым мяне і дзяўчыну зь літоўскім грамадзянствам вывелі. Нам далі падпісаць паперу — клясычнае папярэджаньне. Там гаварылася пра тое, што калі нас яшчэ раз забяруць зь мітынгу, то пагражае ўжо крымінальная адказнасьць.

Выпусьцілі ў 5:30 раніцы 13 жніўня. Я выйшла да валянтэраў — і трапіла ў іншы сьвет. Дзякуй вялікі ўсім неабыякавым! Мяне накармілі, напаілі, нават пакурыць далі. Валянтэры такія малайцы! Вельмі стараліся, дапамагалі, а вось сябе не шкадавалі. Адзін мужчына сказаў, што ня сьпіць ужо 45 гадзін.

Больш за тое, прыехаў хлопец і прывёз скрынку новых добрых смартфонаў. І папрасіў раздаваць тым, чый тэлефон разьбіты.

Яна даведалася, што за чалавек іх купіў, патэлефанавала і падзякавала. Аказалася, што хлопца завуць Стась.

Але добрае стаўленьне валянтэраў не змагло выкрасьліць з памяці ўсё, што адбылося за 2 дні.

Гэта самая страшная экскурсія ў маім жыцьці. Я быццам бы ведала, што так можа быць. Але ў глыбіні душы ня верыла. А вось калі ўбачыла на свае вочы... У мяне проста няма слоў“.

August2020

„Мы павінны кожны дзень выходзіць на плошчы і самі заходзіць у аўтазакі“

Аляксандар Бульбашоў, Менск:

„Я амаль быў упэўнены ў тым, што ўжо гэтым разам мяне дакладна арыштуюць, бо вырашыў для сябе, што больш ня буду ўцякаць ад лукашэнкаўскіх карнікаў. Так і здарылася. Калі натоўп, убачыўшы іх, пабег, я застаўся стаяць на месцы. Са мной засталіся стаяць мая жонка, мой найлепшы сябар і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Ну а чаго бегаць ?! Чаго тады прыходзіць на гэтыя акцыі? Каб пагуляць з карнікамі ў даганялкі?.. Не паверыце, ніякага страху не было. Страх даўно прайшоў, засталася толькі нянавісьць. Я ледзь яе стрымліваў.

Нас узялі пад рукі і павялі ў аўтазак. Біць ня білі, але мой карнік увесь час спрабаваў заламіць мне руку за сьпіну. Я казаў яму, што ня буду ўцякаць. Ён ня верыў...

Па дарозе да аўтазака я папрасіў карніка, які вёў маю жонку, адпусьціць яе, бо наша непаўналетняе дзіця засталося дома адно. І здарыўся цуд — жонку адпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мяне завялі ў аўтазак і, перш чым пасадзіць у жалезную клетку, абшукалі. Тэлефоны забіралі адразу, але я яго з сабой прадбачліва ня ўзяў... Клетак у аўтазаку некалькі. Ёсьць шматмясцовыя, а ёсьць і аднамясцовая. Я сядзеў у аднамясцовай.

Нас прывезьлі ў мясцовае аддзяленьне гестапа, завялі ў цір і паставілі да сьценкі... Страляць ня сталі — на гэты раз... Кожнаму раздалі папяровыя пакеты і загадалі скласьці ў іх матузкі, рамяні і іншыя рэчы з кішэняў. Мой сябар, зь якім мы былі на акцыі, — а ён ужо спрактыкаваны, яго ўжо раз затрымлівалі — адразу сказаў: «Пакеты — дрэнная прыкмета. Значыць, нас, хутчэй за ўсё, не адпусьцяць». Ён не памыліўся.

У ціры нейкі обэрштурмбанфюрэр, які гаварыў па-расейску амаль без акцэнту, падыходзіў да кожнага затрыманага, прасіў назваць прозьвішча, імя і здымаў усіх на відэа. І наогул, гэта дзіўна, але ўсе карнікі разумелі расейскую і ніштавата на ёй гаварылі.

Потым праз кожныя тры хвіліны ў цір стаў прыходзіць нейкі ротэнфюрэр. Ён зачытваў прозьвішча і адводзіў затрыманых на допыт. Калі на зачытанае прозьвішча ніхто не адгукнуўся, я пажартаваў: «Яго ўжо расстралялі». Усе засьмяяліся. Ротэнфюрэру жарт таксама спадабаўся, ён усьміхнуўся і з баварска-шклоўскім акцэнтам сказаў: «Вельмі добра, што расстралялі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Наогул, забягаючы наперад, скажу, што карнікі гэтым разам абыходзіліся з намі надзіва добра. Думаю, быў проста такі загад мясцовага брыгадэнфюрэра — ня біць. Быў бы загад забіць — забілі б, там жа, у ціры, або ў момант затрыманьня. Забілі б нават маці родную, бо мазгоў і сэрца ў гэтых хлопцаў, па-мойму, ужо не засталося. Іх даўно ўжо замянілі загады і службовыя інструкцыі.

Праз паўгадзіны мяне ўжо дапытваў нейкі унтэрштурмфюрэр. (Так, забыўся сказаць, амаль усе карнікі былі альбо ў масках, альбо ў балаклавах.) Утойваць свой удзел у акцыі я ня стаў, а проста сказаў, што прыйшоў на яе для таго, каб ушанаваць памяць забітага супрацоўнікамі МУС Рамана Бандарэнкі. Унтэрштурмфюрэр не паверыў сваім вушам. Ён абурыўся і пачаў даказваць мне адваротнае, што міліцыя тут ні пры чым. Не даказаў. І словы пра «забітага супрацоўнікамі МУС» у мае паказаньні ён чамусьці не запісаў. Забыўся, напэўна. Напісаў проста — «... прыйшоў ушанаваць памяць Бандарэнкі».

Потым мяне завялі ў іншы кабінэт, дзе ўжо іншы унтэрштурмфюрэр прапанаваў мне падпісаць яшчэ нейкі пратакол. Дакладна такія, загадзя нарыхтаваныя пратаколы, у якія карнікі проста ўпісвалі прозьвішчы, прапанавалі падпісаць усім затрыманым. Я напісаў, што з пратаколам ня згодны. Яны не пярэчылі.

У невялікай актавай залі, куды мяне прывялі пасьля допыту, за вялікім белым сталом сядзелі два ротэнфюрэры ў балаклавах і з нашыўкамі АМАП на грудзях. Мне загадалі сесьці і чакаць. У залі нас сабралася чалавек 30. Ротэнфюрэры не зьвярталі на нас амаль ніякай увагі, яны захоплена глядзелі на смартфоне відэа пра рыбалку. Тады я спытаў:

— Таварышы фашысты (закрэсьлена) міліцыянты, можна пытаньне?

— Ну, — сказаў ротэнфюрэр зь дзіўным нямецкім імем Андрэй (прозьвішча і сваё званьне ён чамусьці не назваў, пасаромеўся, напэўна).

— А можаце растлумачыць, чаму нас затрымалі?

— Вам павінны былі ўжо растлумачыць, — не адрываючыся ад экрана смартфона, сказаў ротэнфюрэр Андрэй.

Ну а далей, як той казаў, слова за слова, і завязалася гарачая дыскусія на прадмет любові да радзімы. Ротэнфюрэр Андрэй даказваў нам, што ён абараняе радзіму ад такіх, як мы. Расказваў нам, што мы, змагары, хочам забіць яго маленькую дачушку, што траціна тых, хто выходзіць на акцыі пратэсту, атрымліваюць за гэта грошы. Так-так, хлопцы, яны шчыра вераць ва ўсё гэтае трызьненьне! Гэтыя бараны вераць у тое, што мы хочам забіць іхных дзяцей. Уяўляеце, як ім заср*лі мазгі?! Дакладней, мазгоў у гэтых дзяцей амаль няма, таму што, калі я сказаў ім: «Хлопцы, зразумейце, галакост таксама быў законны», — ротэнфюрэр Андрэй перапыніў мяне і спытаўся: «Што такое галакост?»

Ня хлушу!!! Ён ня ведаў, што такое галакост!

Уяўляеце, іх інтэлектуальны ўзровень?! Гэта жах! Я слухаў іх і ня верыў сваім вушам. Я не скажу, што там усе такія. Па вачах некаторых карнікаў было відаць, што ім сорамна і няёмка за тое, што яны робяць. Яны, напэўна, ведалі пра галакост і разумелі, што імі цяпер пагарджае ўвесь беларускі народ, што ў вачах беларускага народу ўсе яны цяпер — фашысты.

Пасьля цікавай і ажыўленай дыскусіі, якая доўжылася каля гадзіны, нас пагрузілі ў аўтазакі і адвезьлі ў турму, дзе я ў мярзотных умовах з ванітнай ежай і з цудоўнымі сукамэрнікамі правёў суткі.

На наступны дзень мяне паднялі з нараў і павялі ў мясцовы турэмны тэатар. Тэатар уяўляў зь сябе малюсенькі пакой. Замест сцэны — стол. За ім ужо сядзелі два акторы: мужчына ў чорнай мантыі і бляндынка ў ахоўнай масцы. Актор у мантыі абвясьціў, што цяпер яны зь дзяўчынай згуляюць асабіста для мяне пацешную кароткую сцэнку вядомага беларускага рэжысэра А.Р. Лукашэску пад назвай «Беларускі суд». Сцэнка мне спадабалася. Яна доўжылася хвілін сем. Я нават сьмяяўся адзін раз, а менавіта ў той момант, калі актор у мантыі спытаў у мяне: «Ці давяраю я суду?» Падыскутаваць з «судзьдзём» не атрымалася, бо ён прафэсійны актор і ня стаў адказваць на мае пытаньні пра скрадзеныя Лукашэнкам выбары, забітага Бандарэнку і іншых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі.

Віны сваёй я не прызнаў. Мне далі 10 базавых. Прызнаў бы, як потым я высьветліў у тых, хто выйшаў пасьля мяне, далі б наогул пяць. Чаму так мала? Думаю, мясцовы брыгадэнфюрэр загадаў «судзьдзям» не злаваць пакуль народ. Але я не шкадую, што не прызнаў, бо лічу, што ня трэба прыніжацца перад вылюдкамі. А самае галоўнае, — бегаць ад іх ня трэба. Гэта, сябры мае, наша самая вялікая памылка за апошнія тры месяцы. Навалачы падабаецца, што мы бегаем ад іх, яны атрымліваюць ад гэтага кайф. Мы не павінны бегаць і хавацца ад іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі мы хочам перамагчы іх, замест працы мы кожны дзень, а ня толькі ў нядзелю, павінны выходзіць на плошчы і самі, мірна і добраахвотна, як гэта рабілі палякі яшчэ ў васьмідзясятыя, заходзіць у аўтазакі. Мірна, добраахвотна, тысячамі, дзясяткамі тысяч — у аўтазакі. Іншых спосабаў перамагчы лукашызм у нас проста няма. Праз пару дзён нас бы ўжо не затрымлівалі. А яшчэ праз тыдзень усеагульнай забастоўкі і штодзённага выхаду на плошчы хаця б мільёна людзей па ўсёй краіне рэжым нашага аграфюрэра паў бы. 100% паў бы. Асабіста я ў гэтым не сумняваюся.

Калі вароты турмы ўжо адчыняліся, наглядчык, які праводзіў нас, па-добраму і шчыра сказаў нам:

— Посьпехаў вам, хлопцы, і бывайце!

— Мы не разьвітваемся, — сказаў я яму, — хутчэй за ўсё, мы яшчэ вернемся, таму што спыняцца не зьбіраемся. Бо калі мы спынімся — нам усім канец...

У першага стрэчнага я папрасіў патэлефанаваць. Праз 15 хвілін пад'ехала мая жонка, абняла мяне, пацалавала і сказала, што я дурань. Я зь ёй згодны“.

„Нам неяк сорамна было ўцякаць“

Канстанцін Чарухін, пісьменьнік, Менск:

Канстанцін Чарухін

„15 лістапада мы з жонкай Ганнай нават не пасьпелі дайсьці да месца збору. Мы ня ведалі, куды ехаць. Вырашылі паехаць на Пушкінскую. Запаркавалі там аўтамабіль на праспэкце. Пабачылі, што струмені маладзёнаў ідуць у кірунку мэтро «Пушкінская». Ужо нешта дзіўнае было, мы запозна крыху пад’ехалі, недзе ў 12.20. Людзі ў абодвух кірунках ужо ішлі. Было незразумела, пачаўся сход ці не.

Нам сказалі, што каля мэтро стаяць людзі ў счэпцы. Бусы ўжо езьдзілі туды-сюды. У выніку пад’ехалі аўтазакі зялёныя. Людзі пабеглі, а нам неяк сорамна было ўцякаць. Мы сталі на месцы. амапаўцы ў нас спыталіся, ці мы ўдзельнічаем. Я адказаў, што выйшаў паглядзець. Праўду, у прынцыпе, сказаў. Акцыі там не было ніякай. Павалаклі нас. Але прыстойна было, нікога ня білі. Магчыма, таму, што людзі ва ўзросьце ўсе былі.

Адна з жанчын у аўтазаку вельмі нэрвавалася і пастаянна прасіла сілавікоў выпусьціць яе на волю. Урэшце самлела. Амапаўцы вывелі яе з аўтазаку, спынілі «хуткую» і перадалі жанчыну мэдыкам. Пасьля гэтага ўсіх затрыманых яшчэ нейкі час вазілі па горадзе, а потым перасадзілі ў іншы аўтазак і адвезьлі ў Цэнтральнае РУУС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я спрабаваў лічыць людзей. Налічыў 50 чалавек у першай партыі. Верагодна, там некалькі соцень за ўвесь час прайшло. Спачатку нас паставілі тварам да сьцяны, потым было лагадней. Вада была ў бутэльках, у прыбіральню дазвалялі схадзіць. Маладыя супрацоўнікі ставіліся адэкватна. Адзін толькі быў афіцэр, які чапляўся да людзей, падвышаў голас. Некалькі чалавек былі паламаныя. Але іх ня там пабілі, а такімі ўжо прывезьлі. Іх прывозілі сілавікі ў камуфляжы. Адзін хлопец з паламанай нагой быў, адзін стаяў з паламанай рукой. Ён ні пра што не прасіў, як сапраўдны беларус. Толькі калі супрацоўнікі самі спыталі, што зь ім, тады расказаў. Яму выклікалі лекара.

Настрой ва ўсіх затрыманых быў бадзёры, нармальны. Нават у пабітых.

Мне з маім пратэзам (няма нагі і рук) афіцэры адразу крэсла выставілі. Некаторым людзям дазволілі сядзець. Колькі зэдлікаў было, столькі сядзела людзей. Апытвалі мяне двойчы. Першы раз быў малодшы афіцэр, задаваў дзіўныя пытаньні. Накшталт таго, ці атрымлівалі мы ўзнагароду за ўдзел. Ці блякавалі дарогу. На пытаньне пра ўзнагароду я сказаў, што так, спадзяваўся. Афіцэр удакладніў, на якую менавіта, падрыхтаваўся запісваць. Я кажу — спадзяваўся на валадарства нябеснае. Ён падзавіс крыху. Потым сказаў, што няверуючы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У выніку на нас склалі стандартныя пратаколы паводле артыкула 32.14 — крычалі «Жыве Беларусь», удзельнічалі ў акцыі. Я ў канцы дапісаў, што са зьместам пратаколу нязгодны. Сьведкам у мяне выступіў чалавек зь іменем Александровіч Аляксандар Аляксандравіч. Як і амаль ва ўсіх іншых затрыманых. Дзеля разнастайнасьці трапляўся яшчэ сьведка Іваноў Іван Іванавіч. Аформілі мяне апошнім. У РУУС я агулам правёў каля 17 гадзін. Жонку Ганну адпусьцілі раней — пасьля 12 гадзін. Таксама з пратаколам“.

Ганна Чарухіна:

„У аўтазаку адна жанчына спрабавала размаўляць з АМАПам. Гаварыла ім, як яна працуе, як яна падаткі выплачвае. Што яна зрабіла для гэтай краіны, што ёй шкада, што АМАП толькі і ўмее, што нас біць. АМАП зь цікаўнасьцю на нас глядзеў. Ім цікава, што мы за птушкі, чаму мы ходзім пастаянна, чаго мы хочам. Гаварылі нам, што ў двары іх закідвалі бутэлькамі людзі. Што калі нам ня плацяць, то плацяць некаму іншаму, а намі толькі кіруюць.

Сярод сілавікоў цяпер таксама няма аднароднасьці. Як мне падалося, ёсьць і такія, хто ўсё разумее.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Сярод супрацоўнікаў РУУС таксама ня ўсе аднолькавыя. Ёсьць маладыя, актыўныя, спрабавалі нас «выхоўваць». А былі такія, якія наадварот. Якія ўсё разумеюць і не задавалі лішніх пытаньняў. Ёсьць там тыя, у каго ня поўнасьцю мозг атрафаваны... Я супрацоўніку ў РУУС сказала, што гэта адзінае, што мы можам рабіць. Што мы можам толькі выходзіць, рызыкуючы ўсім. І паказаць такім чынам, што мы нязгодныя. Людзям не даюць сабрацца трэці тыдзень, жорстка затрымліваюць. Я думаю, што выходзяць тыя самыя 100 тысяч, проста гэтага ня бачна. Магчыма, нешта прыдумаецца за тыдзень. Перафарматуецца. Будзем спадзявацца на нейкі суд“.

„Вы, с*кі, у «Эўраопт» ня ходзіце, вы АМАП не паважаеце!“

Аксана Мароз, лекарка:

„Я ўсё яшчэ на волі, хоць учора правяла 8 гадзін у Ленінскім РУУС. Забралі 7 лістапада з акцыі лекараў каля 1 клінікі, акцыя яшчэ не пасьпела разгарнуцца. Тых, хто «забіраў», было значна больш, чым лекараў — проста спакавалі ўсіх, хто быў каля галоўнага корпуса. Мы не супраціўляліся — нас ня білі і не цягнулі за ногі. Малады амапавец, які затрымаў мяне, відавочна хацеў мяне адпусьціць. Ён вёў мяне ад буса да буса, а яны былі поўныя, і ён сказаў: «Калі і апошні будзе заняты, вы ціха сыходзьце».

Але ў апошнім бусе былі галянтныя, с*ка, амапаўцы і яны сказалі: «Мы пасунемся». Так нас «спакавалі» — яшчэ 4 лекараў. Доктарка ўчастковы тэрапэўт пачала ім казаць, што парушаюцца нашы правы пры затрыманьні, чым прывяла ў шаленства амапаўца-кіроўцу. Ён стаў гарлаць нам, лекарам, дарослым людзям з вышэйшай адукацыяй, што мы авечкі, якімі кіруюць з інтэрнэту, і нам плацяць. Мы спыталі, ці не баіцца ён захварэць, а мы будзем яго лячыць, што ён расцаніў як пагрозу. Тут яго і прарвала — ён крычаў: «Мяне лечаць у паліклініцы МУС, а калі да вас, пачвары, прыйду, то будзеце лячыць як міленькія! Вы, с*кі, у “Эўраопт” ня ходзіце, вы АМАП не паважаеце!» Тут я ня вытрымала і спытала: «А ёсьць за што?!" Тут ён закрычаў: «Заткніцеся, а то фарбай пазначу!»

За гэты час нас падвезьлі да аўтазакаў і пачалі туды перагружаць, саджаючы ў клеткі. Нас пасадзілі ўтрох у адно аддзяленьне, і месца больш не было, але сталі запіхваць яшчэ адну дзяўчыну. Я сказала: «Вам не пашанцавала — мы ўсе тоўстыя і ня зьмесьцімся!» Але дзяўчыну ўсё роўна ўвапхнулі і яна ехала ўсю дарогу ў мяне на каленях. Ехалі доўга. Нейкая дзяўчына ў суседняй клетцы паспрабавала сьпяваць. Ёй загадалі заткнуцца ў грубай форме.

Калі прыехалі на месца, сказалі хутка выгружацца і загналі ў гараж. Загадалі: «Тварам да сьцяны, рукі на сьцяну!» Я спытала: «Мы хіба небясьпечныя злачынцы, каб так стаяць?! Я аддаю перавагу глядзець у вочы небясьпецы». І разьвярнулася проста перад чалавекам, які нам гэта загадаў, сустрэўшыся зь ім позіркам. Ён спытаў: «Паглядзелі, і што?» Я адказала: «Падобныя на даволі інтэлігентнага чалавека. Мы таксама тут усе лекары з вышэйшай адукацыяй, не бандыты, не экстрэмісты, таму давайце будзем паважаць адно аднаго». Ён сышоў, усе павярнуліся і больш нас да сьцяны не паварочвалі.

Потым нас «абшманалі», забралі і апісалі рэчы, тэлефоны, грошы і адабралі матузкі. Потым складалі пратаколы, фатаграфавалі. У мяне склалася ўражаньне, што супрацоўнікам РУУС было нават крыху сорамна гэта рабіць — яны разумеюць, што іхная дзейнасьць цяпер — гэта бясчынства. Абыходзіліся з намі ветліва і нават зь нейкім спачуваньнем — перадалі ад валянтэраў ваду і нейкую ежу, адаптол (супакаяльныя таблеткі). Я сказала: «Наркаманы, у каго ломка, налятай!» Мы ўсе падтрымлівалі адно аднаго, расказвалі анэкдоты, гісторыі з жыцьця. Потым амаль усіх мужчын і трох жанчын павезьлі на Акрэсьціна — было незразумела, чым яны кіраваліся, выбіраючы ахвяры.

Потым нас сталі выклікаць падпісваць вар’яцкі пратакол, у якім ва ўсіх было напісана, што мы ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве з забароненай атрыбутыкай, выкрыквалі антыўрадавыя лёзунгі, перашкаджалі мінакам і іншае трызьненьне. На маё абурэньне, што гэта ж поўнае трызьненьне, «таварыш» параіў напісаць: «Катэгарычна ня згодная».

Потым нас сталі па адным, без папярэджаньня выпускаць. Ганаруся, што правяла сьвяточны дзень у такой выдатнай кампаніі калегаў! Шкадую, што не было з сабой тэлефона, каб захаваць гэтыя моманты, ці хаця б ручкі, каб абмяняцца кантактамі.

Сёньня я спрабую апамятацца, адпачываю. Але я не зламаная! Я па-ранейшаму супраць хлусьні і гвалту!

***

Паўдзельнічала ў сумным цырку пад назвай суд Ленінскага раёну — 30 базавых! Быў і «сьведка» на адвернутым ад нас маніторы ноўтбука, які «ня памятаў», як я выглядаю, але запэўніваў, што я стаяла каля дарогі і крычала: «Жыве Беларусь!» І ведаеце, мне здалося, што нават грознай судзьдзі Шут Ю. С. было неяк няёмка.

Самым цяжкім было не сарвацца і не спытаць, як ёй сёньня «судзіцца» пасьля ўчорашняй сьмерці Рамана, забітага людзьмі ў пагонах. Толькі думка, што на волі я больш патрэбная, стрымала мяне.

А зараз пра прыемнае — мая група падтрымкі з 15 чалавек, відавочна, уразіла і сакратара, і судзьдзю. Менавіта дзякуючы маім сябрам мяне «не панесла», я не нагаварыла ўсяго, што думаю аб працы іх сыстэмы і сытуацыі ў краіне, і дзякуючы ім я засталася на волі!

Дзякуй усім, хто прыйшоў мяне падтрымаць, і тым, хто быў са мной у думках. Я люблю вас! І менавіта салідарнасьць і любоў выратуюць маю любімую Беларусь.

І, калі ўжо мяне аштрафавалі за лёзунгі, то я крычу на ўвесь ФБ: жыве Беларусь!!!“

„Успамінаю ня выбухі, а жыхарку дому №62, якая здала нас АМАПу“

Natasha Bibikova, акторка і тэлевядоўца, Менск:

„Пасьля нашага выпадку затрыманьня 25 кастрычніка я часьцей успамінаю не сілавікоў, РУУС, наглядчыкаў і камэру. Два іншыя моманты. Чамусьці тую пажылую жыхарку дому №62 на вуліцы Арлоўскай, якая здала нас, прыкладна 25 чалавек, людзям у чорным.

Натальля Бібікава

Спусьцілася, адчыніла пад’езд, дзе мы хаваліся, і паклікала іх. І, мяркуючы па тым, як яна нас называла, зь якой нянавісьцю казала нам вымятацца, спала яна потым ня тое што спакойна, але і з пачуцьцём глыбокага задавальненьня ад свайго «подзьвігу». Хутчэй за ўсё, калі б хтосьці ёй пасьля расказаў, што здарылася з усімі намі, колькі хто адседзеў, каго як білі і як з каго зьдзекаваліся, яна сказала б нешта накшталт: «Так ім і трэба, няма чаго швэндацца...» Але ды Бог зь ёй. Хаця наўрад ці Ён зь ёй. Але вы зразумелі. Але чамусьці, праяжджаючы ледзь ня кожны дзень па Арлоўцы міма таго дома, я ўспамінаю яе, а ня выбухі...

І другі выпадак. Гэта адбылося ўжо каля сьцен турмы ў Жодзіне, калі нас толькі-толькі адпусьцілі. Адна дзяўчына з нашай камэры тут жа набрала маму. Яна вельмі ўсхвалявана слухала гудкі, а потым асьцярожна сказала: «Мама, гэта я, мяне выпусьцілі». А ў адказ пачула: «Ну што, дахадзілася?» Дзяўчынка зьмянiлася з твару i сумна адказала: «А ты, мама? Дагаласавалася?»

Пра гэта нават пісаць балюча, а ўжо ўяўляць, што адчула дзяўчынка, якая толькі што выйшла на волю, і зусім невыносна. Бо яна, гэтая дзяўчынка, быўшы ў турме, відавочна перажывала за тое, як перажываюць там родныя. Гэта яшчэ адна рана, якая зьявілася ў нашай краіне за гэтыя паўгода. Я не сустракала, каб нехта пра яе пісаў, але чула ад многіх. Раскол у сем’ях. Часьцей паміж бацькамі і дзецьмі, бабулямі-дзядулямі і ўнукамі. Калі старэйшыя ня проста перажываюць і таму просяць, моляць і нават шантажуюць здароўем, каб «дзеці» не выходзілі на маршы. А калі ў адной сям'і цалкам супрацьлеглыя пазыцыі. Ну добра, пазыцыя - выбар кожнага. Але скажыце — ваша «адданасьць» «кіраўніку» настолькі важнейшая за тое, ці будуць з вамі размаўляць вашыя дзеці? Важнейшая, чым імавернасьць больш ніколі ня ўбачыць унукаў?

Таму кожны панядзелак я вельмі плачу падчас “Маршаў мудрасьці”. Вельмі. І вельмі хвалююся. Калі мой тата змог прыехаць на адзін з маршаў (маме схлусіў, што да стаматоляга, каб не хвалявалася), мяне ўсю калаціла ад страху. Пытаюся потым: “Ты не хваляваўся?” А тата кажа: “Ну ты даеш, там бабулькі па 80 гадоў і тыя не баяцца, а я буду хвалявацца?” Па мне — гэтыя бабулі і дзядулі адны з нашых галоўных герояў. Нізкі паклон кожнаму! Спадзяюся, у іхных сем’ях няма адваротных сытуацый — бабуля выходзіць, а ўнук праклінае.

Не магу, гучыць у галаве ўжо каторы тыдзень: «Мама, мяне выпусьцілі» — «Ну што, дахадзілася?»“.

„Мы ўжо ня б’ём, у нас іншы шлях для гвалту над вамі“

Алесь Талстыка, Менск:

„Мяне затрымалі 14 кастрычніка а 17-й гадзіне каля пад’езду майго дому. Я меў пэўнае прадчуваньне. З дачкой разьвіталіся ня так, як звычайна, потым на вуліцы празь цішыню пачуў, як рухаецца аўтамабіль. Гляджу – спыніўся ў канцы дому. І адразу ахапіла настальгія: так мяне затрымлівалі і па прадпрымальніцкім руху, і ў справе Курапатаў. Зразумеў, што гэта па мяне. Набраў сына, кажу: “Сынок, глядзі ў вакно — татку крадуць”.

У Ленінскім РУУС мяне чакаў пратакол за ўдзел у акцыі 11 кастрычніка. Са мной размаўлялі высокія здаровыя мужчыны, дакладна не супрацоўнікі Ленінскага РУУС. Бо з усімі ленінскімі мы ведаем адзін аднаго: яны прыяжджалі, калі мы зьбіраліся ў ланцугі салідарнасьці на раёне, і нават папярэджвалі, калі прыяжджаў АМАП. Таму я адмовіўся размаўляць з чалавекам, які не прадставіўся. Пакуль чакаў каля дзяжурнай часткі, запатрабаваў, каб адну дзяўчыну адпусьцілі ў туалет, а другой — выклікалі хуткую, бо яна была пабітая — і гэта выканалі.

У РУУС быў дзяжурны маёр — мой былы саслужывец. Ён папрасіў маладога супрацоўніка, які вёз мяне на Акрэсьціна, не чапаць мяне.

У бусе я нават рызыкнуў папрасіць паслабіць кайданкі на правай руцэ — і мне не адмовілі. Тыя хлопцы ў бусе ўсё пыталіся адзін у аднаго, хто колькі паспаў. Адказы былі: хто тры гадзіны, хто — паўтары.

Алесь Талстыка

Пры прыёме ў ІЧУ на Акрэсьціна мне адмовілі ў мэдычнай дапамозе. Я папярэдзіў, што ў мяне высокі ціск, на што фэльчарка сказала: «Я ня доктар». У камэры сядзелі восем чалавек і стаяла сьпякота: вокны былі зачыненыя, нічога не праветрывалася. Крыху пазьней затрыманыя дамагліся, каб адчынілі хаця б «кармушку». Я адразу прынцыпова адмовіўся ад ежы.

Раніцай нас з мацюкамі пачалі некуды пераводзіць. Я адразу зрабіў заўвагу маёру. Сказаў: «Маёр, вы нешта блытаеце. Я адукаваны чалавек, і я вам нагадваю: я яшчэ нават не асуджаны, а часова затрыманы. А што будзе, калі я празь пяць хвілін вызвалюся?» І ён адразу сказаў адвесьці мяне ў камэру. Потым аказалася, я прапусьціў 17 хвілін палітінфармацыі. Хлопцы сказалі, што гэта была найлепшая калыханка.

Суд адбыўся ў ІЧУ: высьветлілася, што на мяне ёсьць яшчэ адзін пратакол, за 2 верасьня.

Я пачытаў — і мне стала кепска. “Хуткую” мне ня выклікалі, але лекарка аказала прафэсійную дапамогу: гадзіны дзьве варажыла нада мной і не выпускала. Калі мяне зноў прывялі ў камэру, хлопцаў ужо асудзілі, і неўзабаве мне таксама далі 15 сутак за два эпізоды. Я ўздыхнуў з палёгкай, бо ўжо налічыў сабе ня менш за 25.

Увечары мяне перавялі ў ЦІП на Акрэсьціна. У камэры былі адчыненыя вокны, а батарэі ня грэлі. На ложках ня дошкі — мэтал. Людзям выдалі матрацы і загадалі спаць у такім холадзе.

Але хоць можна было дыхаць — ня тое, што ў ІЧУ. На раніцу папярэдзілі, што нельга абапірацца, чытаць — мы чыталі і рагаталі. А потым нас зноў вывелі з хаты, і на выхадзе я заўважыў супрацоўніцу ЦІП, пра якую ўсе пісалі раней, — бляндынку Карыну. У мяне ўсплылі ўсе тыя кадры, і я спытаўся ў яе: «А, гэта ты тая забойца, якая катавала нашых дзяцей, братоў і сясьцёр?» Яна сагнула дубінку, пашапталася з капітанам, усіх загналі ў хату, а мяне праз тры хвіліны запрасілі «пагаварыць». Мяне павялі на першы паверх і ў нейкім пераходзе сказалі: «Мы ўжо не забіваем і ня б’ём, у нас іншы шлях для гвалту над вамі: мы ўключаем электрашокер, зьвязваем рукі і ногі назад і засоўваем кляп у глотку, каб вы маўчалі, заткнуліся і нават не стагналі». Я ведаю, што гэта такое: дыяфрагма не працуе, ты задыхаесься, траціш прытомнасьць. Потым прыходзіш у сябе, асэнсоўваеш і зноў траціш прытомнасьць.

Магчыма, я і перажыў усё гэта, але цяпер не магу сказаць дакладна: я страціў прытомнасьць, а ачуўся ўжо ва ўнутраным дворыку ЦІП, пра які шмат хто расказваў яшчэ пасьля жнівеньскіх затрыманьняў.

Я пачаў перажываць усё гэта на сабе. Пачаў прыглядацца да сьцен і заўважыў, што празь сьвежую фарбу праступаюць напісаныя, падобна, крывёю словы «Жыве Беларусь!» Напэўна, іх спрабавалі зафарбаваць для БТ ці для якой праверкі, але кроў проста так не адмыеш.

У камэры сябры сказалі, што мяне не было 2,5 гадзіны, і на гэты час увесь паверх вывелі пакурыць.

І па сёньня ў мяне разадранае паднябеньне, баляць зубы і сківіцы. Але ўспомніць, што адбылося, я не магу.

Потым мяне этапавалі ў Жодзіна. Там на калідоры ўсім сказалі ўзяць рэчы і бегчы наперад. Абапірацца на сьцяну нельга. Калі затрымліваўся — білі па нагах.

Самае цяжкае — лесьвічныя праёмы. Калі бяжыш па прыступках, кружыцца галава, а спыняцца нельга. Так з намі бег двухмэтровы хлопец, яму цяжка было ўпісацца, і ён расьсек галаву, яго забрала «хуткая».

Потым мяне чакаў сюрпрыз: завялі ў камэру для зьняволеных пажыцьцёва.

Алесь Талстыка

Мэталічныя дзьверы, брудна, сьвятло не выключаюць нават на ноч, вокны зашытыя мэталам. Налічылі 3-4 віды тараканаў. Але аднойчы мяне пасадзілі ў карцар. Прызначылі старшым па камэры, а хлопец памыў свае адыдасаўскія красоўкі і ў пакецік наверх у кантэйнэр паклаў. Яны сказалі, гэта беспарадак, і накіравалі старшага па камэры — мяне — у карцар. Там я сядзеў з псыхічна хворым чалавекам, ён крычаў і кідаўся на мяне. Я папрасіў прынесьці кніжку, бо ня вытрываю сам — прынесьлі «Ведзьмака».

Адносіны да арыштаваных залежалі ад зьмены: было і добрае стаўленьне. Напрыклад, некаторыя перадавалі перадачы нават уначы, дазвалялі асьцярожна курыць і нават частавалі цыгарэтамі і перадавалі шакаляд для дзяўчат. Але ў той жа час, калі прывезьлі людзей пасьля нядзельнай акцыі, на іх езьдзілі на калідоры, чытаючы рэп.

Мы налічылі іх шмат — каля 400 чалавек. Людзей тады прывозілі ўсю ноч. Дарэчы, арыентаваліся ў часе мы па цягніках: адзін зь вязьняў ведаў расклад чыгункі на Жодзіна.

А адзін прапаршчык забараняў мне карыстацца беларускай мовай. Казаў, што пакуль я не навучуся размаўляць на нармальнай мове, ніхто мяне тут не пачуе.

Аднойчы мы пачалі крычаць у камэры «Лукашэнку ў аўтазак!» Пасьля гэтага нам у камэру запусьцілі газ. Мы пачалі задыхацца, цяклі сьлёзы і соплі – усё, як і апісваюць. Напэўна, гадзіны дзьве адыходзілі, бо потым ужо зьмянілася зьмена і нам нават адчынілі кармушку, каб крыху праветрыць, і дазволілі курыць у «хаце».

Апошняе выпрабаваньне чакала ўжо на выхадзе: на парозе расьсьцілаюць бел-чырвона-белы сьцяг, ідуць самі — і ты павінен.

Пра ўсе катаваньні я ўжо напісаў заяву ў Сьледчы камітэт. Вядома, я мог бы зьехаць з краіны ў любы момант, але я ўжо пажыў, аб’езьдзіў паўсьвету, а цяпер за дзяцей гатовы да хоць якіх рэпрэсій“.

„Вясна“

„Душылі сьцягам і называлі яго пракладкай“

Наста і Алена, 17 гадоў, студэнткі БДЭУ:

„10 лістапада мы выйшлі ў “ланцуг салідарнасьці” з затрыманымі ды адлічанымі навучэнцамі. Дзяўчаты трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і некалькі плякатаў, у тым ліку з надпісам «Ребята, мы вместе». Ніякіх лёзунгаў ніхто не выкрыкваў, аўтамабілі, якія праяжджалі побач, сыгналілі ў падтрымку. Маўклівы пратэст праходзіў на перапынку паміж заняткамі, на аўтобусным прыпынку насупраць галоўнага корпусу ўнівэрсытэту. Нягледзячы на тое, што мы ладзілі акцыю па-за тэрыторыяй БДЭУ, ахова на загад адміністрацыі выклікала міліцыю.

Студэнты выйшлі на акцыю салідарнасьці з затрыманымі. Фота тэлеграм-канал БДЭУ 97%

Акцыя доўжылася ня больш за пяць хвілінаў. На прыпынак прыехаў бус зь сілавікамі. Яны былі ў цывільнай вопратцы, балаклавах і кепках з чырвона-зялёным сьцягам.

Яны накінуліся на нас і павалаклі ў бус. Нас павалілі на зямлю, мы моцна выцяліся галовамі. Я на кароткі тэрмін страціла прытомнасьць. Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыла, як сілавік топчацца нагамі па маіх валасах. Мяне схапілі і зацягнулі ў аўтобус разам з трыма каляжанкамі, кінулі на падлогу і загадалі стаць на калені тварам у падлогу. Пазьней перасадзілі на задняе сядзеньне. Мяне ня білі, затое давялося назіраць, як зьдзекуюцца зь іншых.

Яны крычалі, што нас трэба вы*баць, што мы ня бачылі вялікага х*я, бо тады б не выходзілі. У адной дзяўчыны знайшлі сьцяг, моцна зацягнулі яго вакол шыі і пачалі душыць. Другая атрымала поўху за тое, што спрабавала бараніць дзяўчыну, якую білі па галаве. Увогуле білі па галаве за кожную заўвагу.

Фота студэнтаў, якое зрабілі сілавікі падчас аблавы

Сілавікі не спыніліся на чацьвярых затрыманых і паехалі хапаць уцекачоў. Дзьвюх дзяўчын затрымалі на выхадах з падземных пераходаў, дзе тыя хаваліся. Іх закінулі ў бус; адна ледзь дыхала, другая была ўся чырвоная. Ва ўсіх запатрабавалі аддаць тэлефоны і дакумэнты.

Мой тэлефон выпаў пры затрыманьні. Аказалася, яго падабралі сілавікі ў траве. Я адмовілася назваць пароль, на што мне сказалі, што мяне памецяць фарбай і адправяць у Жодзіна.

Больш за ўсё дасталася Алене, якая сядзела за кіроўцам. Яе ня толькі білі, цягалі за валасы і парвалі куртку, але і моцна душылі.

Пасьля маёй заўвагі, каб не чапалі сябровак, кіроўца схапіў мяне ззаду і локцем прыціснуў шыю да сядзеньня. Яму дапамагалі як мінімум двое мужчын, што сядзелі побач.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасьці 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat.eu

Я прапанавала адной дзяўчыне перасесьці з падлогі на сядзеньне, за што мяне пачалі біць па галаве. Я сказала, што мне дрэнна, тады мяне пачалі душыць, уціскаючы ў сядзеньне. Адзін біў па нагах.

Увесь час гаварылі, што паедзем у Польшчу спароўвацца з Пуцілам, заснавальнікам тэлеграм-каналу «НЕХТА», абзывалі ягонымі шлюндрамі і размаляванымі шкурамі. «Змагары *баныя, як вы нас затр***лі», крычалі яны. Сьцяг называлі пракладкай.

Я не магла вырвацца і дыхаць, яны закрычалі, што я «вы*бваюся». Перасталі толькі таму, што ззаду адзін зь іх крыкнуў мяне адпусьціць, бо зараз заб’юць. Дзяўчаты заступаліся за мяне, ім заломвалі рукі, штурхалі. Хтосьці сказаў, зьвяртаючыся да мяне: «Я зараз раскладу цябе і вы*бу». Сьцягнуў куртку. Пасьля гэтага мне стала вельмі страшна, я проста глядзела ў падлогу.

У сілавікоў, якія затрымлівалі, былі праблемы з дыкцыяй і мовай, да таго ж пашыраныя зрэнкі. Я не выключаю, што яны былі пад дзеяньнем прэпаратаў.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасьці 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat.eu

Яны змушалі сказаць каляжанак, што мы заклікалі іх выходзіць на акцыю. Маўляў, прызнавайцеся, гэтыя малалетнія сукі вас падгаварылі. Нас называлі арганізатаркамі і каардынатаркамі несанкцыянаванага мерапрыемства.

Яны гаварылі, што мы ведаем, быццам нам нічога ня будзе, таму падбухторваем іншых. Што нас адпусьцяць, а рэшта будзе сядзець і цярпець. Пагражалі, што нам закрыюць выезд за мяжу, акрамя Польшчы, каб мы звалілі да Сьцёпы Пуцілы. І што нас вы*буць у анал. Было страшна, што могуць гэта зрабіць.

Пасьля доўгага ваяжу ў бусе нас прывезьлі ва УУС Заводзкага раёну і адвялі ў актавую залю. На размову да нас прыйшоў намесьнік начальніка ў справе грамадзкай бясьпекі Сяргей Варэйка, які пацьвердзіў, што сілавікоў выклікала адміністрацыя БДЭУ.

Ён паказваў фота, зробленае зь месца, адкуль звычайна за намі назірае адміністрацыя. Спытаў, ці ўжо зьвязваліся з намі з унівэрсытэту. Сказаў, што адміністрацыя хоча для нас лепшага, а мы па-сьвінску сябе паводзім. Я сказала пра пабіцьцё, на што ён засьмяяўся і сказаў, што няма доказаў на твары. Нас пыталіся, чаму мы выходзім.

Мы сказалі пра гвалт і фальсыфікацыі. Нам адказалі, што мы смаркачы. Старэйшым дзяўчатам пагражалі адлічэньнем, пазбаўленьнем інтэрнату. Казалі, што яны вернуцца ў свае «дупы сьвету», што мы нікому не патрэбны і зьнішчылі сабе жыцьцё.

Ён таксама сказаў, што калі б ягоны сын выйшаў на акцыю, ён бы яго таксама пабіў, бо гэта здрада, мы нічога ня вартыя, мы ніхто і ня маем правоў. Мы спыталі, чаму нас білі, калі мы не супраціўляліся. Ён адказаў, што міліцыя мае права ўжываць фізычную сілу, а мы самыя вінаватыя.

Нам «пашанцавала» — нас не забралі на Акрэсьціна толькі таму, што нам няма васямнаццаці. Астатніх адвялі на надгляд і забралі ў ізалятар. З аддзяленьня нас забралі бацькі і адвезьлі ў шпіталь на агляд. Нам абедзьвюм паставілі дыягназ “закрытая чэрапна-мазгавая траўма і страсеньне мазгоў” і выдалі лісткі непрацаздольнасьці.

Дактары нармальныя, яны разумеюць, што адбываецца, і, як могуць, дапамагаюць. Доктар, які аглядаў мяне, расказваў, што да іх увесь час прывозяць пабітых. Колькасна, можа, траўмаў менш, але яны больш цяжкія. Я яшчэ «лёгка» выкруцілася.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасьці 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat.eu

Нас затрымлівалі ўжо другі раз. Тэлефанавалі з дэканату і пагражалі адлічэньнем. Адміністрацыя ўнівэрсытэту не ўпершыню падстаўляе студэнтаў: рэктарат сьведчыў супраць навучэнцаў і хадайнічаў, каб іх прыцягнулі да адказнасьці за ўдзел у пратэсьце. Так, аднаго хлопца выклікалі на размову ў пастарунак за сядзячую акцыю. Яго пасадзілі на 15 дзён і адлічылі.

Фармальных прычынаў для майго адлічэньня няма, але яны могуць знайсьці што заўгодна. У БДЭУ ўжо адлічылі 15 чалавек. Адны ня хочуць узнаўляцца, бацькі іншых зьбіраюцца ісьці ў рэктарат і абскарджваць рашэньні. Студэнтаў адлічалі за прагулы ў дні, калі яны былі на бальнічным, а значыць, іх не было на акцыях пратэсту.

Я зьвярнулася ў праваабарончы цэнтар «Вясна» і 13 лістапада падала з бацькамі скаргу ў Сьледчы камітэт. Праз тыдзень мне споўніцца 18 гадоў. У міліцыі вынесьлі папярэджаньне, што пасьля трэцяга затрыманьня супраць нас могуць распачаць крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў.

12 і 13 лістапада прайшлі суды над дзяўчатамі, якіх 10 лістапада затрымалі разам з намі. За маўклівую акцыю 15 содняў атрымалі чатыры студэнткі БДЭУ: Арына Брусьнігіна, Марыя Курэнь, Анастасія Глушэнь, Кацярына Лявонава. Іх адправілі адбываць арышт у Баранавічы“.

Фота студэнтаў, якое зрабілі сілавікі падчас аблавы

„Белсат“

„Зьбіраўся кідаць у АМАП дымавыя шашкі“

Павал Кабуш, 26 гадоў, кампутарны графік, Менск:

„Мяне затрымалі 8 лістапада паміж стэлай і станцыяй мэтро «Няміга». У іншай сытуацыі я, вядома, уцякаў бы, як ня раз было, але тут АМАПу рэальна было процьма і перакрыта ўсё з усіх бакоў.

У бусе загадалі стаць на калені, білі па галаве і прымусілі сказаць пароль ад тэлефона.

Сайт афіцыйнай газэты sb.by паказаў відэа, на якім мяне ў бусе дапытваюць амапаўцы. Загалоўкі артыкулаў былі шматабяцальныя: «Цьвікі пад коламі, дымавыя шашкі, камяні ў кішэнях — акцэнты вулічныя бандыты расставілі ўжо з пачатку нямірнага пратэсту», «Адны зьбіраліся кідаць дымавыя шашкі, іншыя „гулялі“ з каскамі і камянямі. У Менску — чарговы марш». У мяне амапаўцы пыталіся на відэа:

— Раскажыце, зь якой мэтай вы прыйшлі на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства?

— З мэтай закідаць шашкамі...

— Якімі шашкамі?

— ...супрацоўнікаў АМАПу. Дымавымі.

— Дзе вырабляліся шашкі?

— Шашкі вырабляліся... Я ня ведаю, дзе.

На гэтым паказанае відэа абрываецца.

Што было папраўдзе?

Калі амапаўцы атрымалі доступ да майго тэлефона, то ўбачылі ў ім фрагмэнты кліпа, якія я пакінуў на памяць. Месяц таму як супэрвайзэр спэцэфэктаў я браў удзел у здымках кліпа для музычнай групы Korn, які рабіўся на замову кампаніі Wargameing.

Здымкі праходзілі ў пяшчаным кар’еры за Менскам. Для стварэньня атмасфэры спэцыяльна навучанымі прафэсіяналамі-піратэхнікамі выкарыстоўваліся дымавыя машыны і дымавыя шашкі (на відэа відаць, як акуратна зь імі абыходзіліся, кідаць іх, вядома, хутчэй за ўсё, немагчыма). Ды і наогул дымавыя шашкі ніякай шкоды не наносяць, іх у асноўным для прыгажосьці і выкарыстоўваюць, можна знайсьці адпаведныя відэа на ютубе.

Амапаўцы пачалі распытваць пра гэта відэа. Яны былі ўпэўненыя, што гаворка ідзе пра выраб шашак для нападу на АМАП.

Сталі пытацца (крыкам): «Навошта рабілі дымавыя шашкі?!» На што я ў зьдзіўленьні адказваў, што ніякіх шашак не рабіў. Іх такі адказ не задавальняў, і яны працягвалі біць па галаве ўсё мацней і перапытваць усё ў больш агрэсіўнай манеры. Па іхным тоне было зразумела, што іншы адказ іх не задаволіць, ды і ў вушах ужо зьвінела. Потым амапавец, які сядзеў на пярэднім сядзеньні, сказаў нешта накшталт: «Скажаш, што нам трэба, — усё будзе добра, адпусьцім». На што я падумаў: ого, гэта кшталту яны хочуць зь мяне прызнаньне выбіць, як бывае ва ўсякіх фільмах.

Амапаўцы мелі вельмі сур’ёзныя намеры, таму не было іншага выйсьця, як падыграць.

Афіцыйныя СМІ паказалі толькі частку запісу. І выйшла неяк так:

— А хто рабіў шашкі?

— Э-э-э... Я ня ведаю.

— Дзе вы іх хацелі кідаць?

— М-м-м, а дзе вы хочаце?

— На Пушкарах?

— Ну добра, няхай на Пушкарах.

— Як даведаліся, як іх рабіць?

— Гм-м, ну можа, з тэлеграм-каналаў? (ім такі адказ асабліва спадабаўся, яны такія: «Так, сапраўды, тэлеграм-каналы»).

— Зь якіх тэлеграм-каналаў?

— Гм-м, ну няхай можа зь «Нехты»?

— Якой яшчэ «Нехты»?

Тут у амапаўцаў зьявіліся нейкія сумневы. Яны спыталі: вось у цябе на тэлефоне відэа, дзе вы рыхтуеце дымавыя шашкі для нападу на АМАП. Тут я, вядома ж, зразумеў, пра што гаворка, і патлумачыў адкуль гэтыя відэа і як мы іх зрабілі.

Ампаўцы паспрабавалі нанава запісаць допыт, але я казаў ужо, што ніякіх шашак не рабіў. Яны, вядома ж, засмуціліся, адзін сказаў другому, што я ўжо нічога не скажу. Мяне павярнулі тварам у сядзеньне, яшчэ пару разоў ударылі, сьцягнулі рукі сьцяжкамі. Рукі пазначылі фарбай з балёнчыка, а на сьпіне намалявалі чырвоны крыж. Сказалі, што на крыміналку я ўжо нагаварыў.

Пазьней, калі перасаджвалі ў аўтазак, амапаўцы сказалі канваіру, маўляў, ёсьць доказы, што я рыхтаваў напад на АМАП.

Я сказаў, што няма ніякіх доказаў, і за гэта адразу атрымаў ад канваіра сур’ёзны ўдар у жывот і зразумеў, што спроба была наіўная. З таго часу ня мела значэньня, што здарылася, чырвоны крыж проста азначаў, што гэтага чалавека трэба жорстка біць. Рэбры дагэтуль баляць. У аўтазаку сказалі клясычнае «Прымі жорстка», пабілі і пасадзілі ў клетку, потым туды падсадзілі яшчэ трох хлопцаў. Давезьлі да РУУС, там хлопцаў вывелі, а мяне пакінулі ў аўтазаку, каб яшчэ раз пабіць. Пасьля гэтага павялі ў РУУС з усімі, трохі дабаўляючы па дарозе».

У пастарунку ў мяне спыталіся, за што мне намалявалі крыж. Калі я дастаў асабістыя рэчы, а сярод іх былі незвычайныя навушнікі, спыталі, ці выкарыстоўваліся яны для сувязі з каардынатарамі.

Пасьля гэтага сьледчы сказаў мне: «Тэрарыст, так?» і накіраваў далей чакаць. Потым далі азнаёміцца з тым, у чым мяне вінавацяць. І там быў звычайны ўдзел у масавым мерапрыемстве — адміністрацыйка.

У пратаколе напісалі, што віну цалкам прызнаў, праходзіў міма і падышоў паглядзець, пасьля чаго быў затрыманы.

Цяпер знаходжуся за межамі Беларусі.

Я скончыў факультэт радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій Белдзяржунівэрсітэту з чырвоным дыплёмам. Спакойна працаваў і да выбараў, вядома, як і ўсе, разумеў, што ўсё дрэнна, але больш клапаціўся пра сябе. Як і многія думаў, што нас занадта мала і нічога ня выйдзе. Цяпер жа ўпэўнены, што нас большасьць і ў нас няма шанцу прайграць“.

„У нашай камэры мужчын-іншаземцаў была адна беларуска“

Джэ Мэнг, 20 гадоў, кітаец, Менск:

„У Менск я прыехаў у пачатку лета. Гэтыя месяцы я зь цікавасьцю назіраў за сытуацыяй у Беларусі. Я проста ня мог прапусьціць пратэст 9-га жніўня — гэта было самай цікавай і гарачай падзеяй для мяне за ўвесь час знаходжаньня ў гэтай краіне. Так што я быў на стэле 9-га жніўня. Але маштаб пратэсту і жорсткасьць міліцыі пераўзышлі ўсе мае чаканьні — такога ўявіць сабе ня мог. 9-га я вярнуўся дадому цэлы і здаровы.

Джэ Мэнг. Фота August2020

10-га я зноў быў на акцыі пратэсту, быў у натоўпе і назіраў за тым, што адбываецца. Вяртаўся дадому ўначы на ровары. Было прыкладна 1.30. Праспэкт у раёне гандлёвага цэнтру «Галерэя» быў перакрыты людзьмі ў форме: каля 300 чалавек стаяла недалёка ад гандлёвага цэнтру, яшчэ прыкладна 40 — на скрыжаваньні побач з БДУ. Я падумаў, што ў іх няма прычыны мяне затрымліваць.

Я не размаўляю па-расейску, падышоў бліжэй да іх і спытаў на ангельскай: «Ці можна мяне прапусьціць?». У гэты момант да мяне падбеглі 6 міліцыянтаў і затрымалі мяне. Я не супраціўляўся, так што мяне ня білі, толькі скруцілі рукі. Але я не маўчаў — спрабаваў растлумачыць ім, што проста ішоў дадому. Праўда, яны не далі мне гаварыць шмат. У нейкі момант яны зьбіраліся мяне адпусьціць, але ўрэшце сказалі прысесьці на кукішкі на дарозе і трымаць рукі за галавой. Я думаў, што хутка ім усё растлумачу і мяне ўсё ж адпусьцяць. Разьлічваў, што гэтае непаразуменьне скончыцца цягам гадзіны. Але выйшла ўсё ня так, як я думаў.

Разам са мной затрымалі яшчэ чалавек 30. Нам усім сказалі ляжаць «мордай у падлогу» — у такім становішчы мы ляжалі хвілін 20. Потым нас пагрузілі ў аўтазакі, якія былі паўсюль. Закінулі туды і мой ровар. Калі мяне пасадзілі ў машыну, я быў крыху шакаваны тым, што міліцыя мяне не адпусьціла. Тады я зразумеў, што сытуацыя сур’ёзная. Але не скажу, што моцна засмуціўся: хутчэй гэта была сумесь смутку і радасьці. Я чалавек авантурны, мне было цікава паглядзець, што будзе адбывацца ў турме.

Мяне зьмясьцілі ў малюсенькую замкнутую прастору ўнутры грузавіка з двума беларусамі. Мы нічога ня бачылі і ня ведалі, куды нас вязуць. Праз хвілін 20 нас прывезьлі на Акрэсьціна (назву я даведаўся пасьля таго, як мяне адпусьцілі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Машына прыехала, нам сказалі выходзіць. Мы пачулі, як крычаць турэмнікі, затрыманыя маўчалі, некаторыя — каго білі — плакалі. Славутая турма на Акрэсьціна падзеленая на вялікі і маленькі двары, злучаныя паміж сабой. На вялікім двары знаходзіцца пяціпавярховы белы будынак, на малым — маленькі чатырохпавярховы.

Нас адправілі ў вялікі двор. Там каля сьцяны ўжо ляжалі іншыя арыштаваныя, іх абшуквалі турэмнікі. Нам таксама загадалі гэтак сама легчы. Некаторых людзей адпраўлялі ў гэты белы будынак, на ўваходзе трэба было зьняць абутак. Усе падпарадкаваліся.

Што адбывалася зь людзьмі далей у гэтым белым будынку, я так і не даведаўся. Турэмнікі выявілі, што я іншаземец, да мяне падышоў нейкі начальнік, сказаў, што мяне трэба вывесьці. Я спадзяваўся, што ўсё зьменіцца, мяне выпусьцяць. Але гэтага ня здарылася — празь некалькі хвілін гэты чалавек адвёў мяне ў чырвоны будынак.

Гвалт там мяне шакаваў. Каля пяцідзесяці чалавек з аголенымі торсамі стаялі на каленях каля сьцяны, некалькі турэмнікаў білі іх дубінкамі. Я таксама быў каля гэтай сьцяны, на ёй насупраць ад мяне былі сьляды сьвежай крыві. Побач са мной быў італьянскі рэпартэр. Можна сказаць, што мы карысталіся «льготамі» — нас ня білі. За выключэньнем некалькіх украінцаў і расейца — магчыма, іх не прызналі за іншаземцаў альбо яны супраціўляліся. Хоць я не скажу, што паводзіў сябе вельмі паслухмяна.

Думаю, яны не зусім разумелі, што рабіць з затрыманымі іншаземцамі. Нядоўга нешта абмяркоўвалі, а потым нас адправілі ў адну з «клетак» пад адкрытым небам — прагулачны бэтонны дворык. Нас там было 12 замежнікаў. У турме наўрад ці выканаюць хоць якую нашу просьбу, ня варта гэтага чакаць, там дзейнічаюць свае працэдуры. Калі зьняволеныя пра нешта прасілі, міліцыя іх проста ігнаравала. Я спрабаваў нешта пытаць, вынік быў той самы. Ды і гаварыў я на ангельскай.

На падлозе нашай клеткі быў вадасьцёк, каб мы маглі памачыцца. Вады мы не прасілі — думалі, што нас выпусьцяць да сьвітаньня.

Арыштаваныя іншаземцы былі ў параўнальна стабільным настроі. Пад крыкі турэмнікаў і зьняволеных мы абмяркоўвалі на ангельскай сытуацыю той ночы, апавядалі адзін аднаму, як нас арыштавалі. Я падумаў пра песьню «Wind of change», успомніліся словы: «An August summer night, soliders passing by, listening to wind of change». Я быў больш злы, чым напалоханы. І быў абсалютна ўпэўнены, што мяне хутка выпусьцяць — я ж не зрабіў нічога дрэннага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Удзень у нас канфіскавалі ўсе рэчы і перавялі ў маленькую камэру ў памяшканьні. Я пабываў і жыў у многіх месцах, але гэта найгоршае з таго, што я бачыў. Чатырохдзённы досьед там — незабыўны кашмар. Плошча пакоя — каля дзесяці квадратных мэтраў, у ім 4 ложкі, там жа туалет і ракавіна. Спачатку нас там было каля 10 чалавек і гэта яшчэ можна было трываць, але потым колькасьць дасягнула 23 чалавек. Легчы не было дзе, сьвежага паветра не было. Заўсёды гарэла сьвятло, было цяжка спаць. Тры дні нас не кармілі, нам не давалі пітной вады — усе маглі піць ваду з-пад крана толькі побач з прыбіральняй. На чацьвёрты дзень раніцай далі хлеба і трохі кашы (калі не памыляюся, гэта быў рыс).

У нашай камэры мужчын-іншаземцаў была адна беларуска. Я так і не зразумеў, чаму яе сунулі да нас. Я спрабаваў пагутарыць зь ёй, але яна не гаварыла па-ангельску, а я не разумею расейскай. Але наогул ва ўсіх зьняволеных у камэры былі вельмі гарманічныя адносіны — мы шмат размаўлялі, разам сьпявалі: часам на ангельскай, часам на расейскай. Мы добра пазнаёміліся — рабіць жа не было чаго; усё, што мы маглі, — гэта размаўляць. Мне вельмі дапамагаў адзін мой сукамэрнік: мы шмат жартавалі, уяўлялі, што будзем рабіць, калі выйдзем з турмы. Мы ўсе вельмі хацелі хутчэй адтуль выйсьці. Але праз два-тры дні сытуацыя крыху зьмянілася: мы сталі больш трывожнымі, ды і ўвесь час размаўляць бязь ежы не было сіл — часьцей за ўсё хацелася проста знайсьці больш камфортнае месца для сну.

Калі нас судзілі, трохдзённы тэрмін адміністрацыйнага затрыманьня ўжо мінуў, так што гэта быў незаконны працэс. На судзе ў мяне не было адваката, а перакладчык быў кепскі (скажу больш: ён быў дурны). Судзьдзя запытаў нейкую лухту, я не памятаю ўжо, што. Я падпісаў нейкі дакумэнт, які не да канца зразумеў. Я так разумею, усіх нас абвінавачвалі ва ўдзеле ў недазволенай акцыі пратэсту. Я спадзяваўся, што судзьдзя рассудзіць справядліва — я ж нічога не разумею ў беларускіх законах. Мне здалося, што ўсе павінны былі падпісаць гэты пратакол. І я падпісаў, каб выйсьці — я проста ня мог больш там знаходзіцца. Большасьць іншаземцаў вызвалілі пасьля абеду 14 жніўня — дапамаглі амбасады. Мяне таксама выпусьцілі ў той дзень. Усяго я правёў у турме чатыры з паловай дні.

Нягледзячы на тое, што я лічу сябе вельмі моцным, гэты досьвед на Акрэсьціна — адно з самых шокавых перажываньняў, якія калі-небудзь у мяне былі. Мне дапамагала думка, што ўсяму прыходзіць канец і, незалежна ад таго, як доўга гэта будзе працягвацца, калі-небудзь гэта стане толькі ўспамінам.

Адразу пасьля майго выхаду валянтэры далі мне шмат ежы, якая мне была так патрэбна. Я хачу падзякаваць ім за гэта. А потым я забраў свой ровар, сеў на яго і паехаў у гостэл. Празь некалькі дзён да мяне прыйшлі два чалавекі зь міграцыйнай службы, забралі мой пашпарт. А потым мяне дэпартавалі. Калі я вярнуўся па пашпарт празь некалькі дзён, мне проста сказалі, што я павінен цягам пяці дзён пакінуць краіну. Вяртацца сюды наступныя 3-5 гадоў мне нельга.

Але мае асабістыя пляны гэта ня моцна зьмяніла. Я і так плянаваў зьехаць у сярэдзіне жніўня. Мне 20 гадоў, апошнія гады я большую частку часу вучыўся і жыў у Канадзе, а ў Беларусь прыехаў падарожнічаць. Эпідэмія каранавірусу засьпела мяне ў Вялікай Брытаніі, потым адкрылася ня так шмат эўрапейскіх краін, Беларусь — адна зь іх. Я пражыў тут амаль тры месяцы. Мне тут падабалася. Беларусь вельмі чыстая, малалюдная краіна зь нізкімі цэнамі. Людзі тут сумленныя, прыстойныя, высокаадукаваныя, але амаль ніхто не размаўляе па-ангельску. У мяне ня так шмат сяброў у Беларусі, але з тымі, каго я ведаў, мы часта сустракаліся, добра бавілі час разам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пасьля затрыманьня і дэпартацыі спачатку я паехаў ва Ўкраіну, потым — у Турэччыну, затым пляную вярнуцца ў Канаду, а ў налета — у Кітай. Першыя дні нэрваваўся, цяпер магу спакойна глядзець на тое, што адбылося, але не хачу часта ўспамінаць пра гэты досьвед.

Цяпер я стаў больш моцным чалавекам, больш трывалым да нягодаў. Я лічу, што нам варта больш даведвацца пра розных людзей у розных кутках сьвету, клапаціцца пра іх і спрабаваць дапамагчы. Таму што, калі вы ясьце, сьпіце або чытаеце, многія людзі пакутуюць ад голаду, вайны, хвароб або дзеяньня ўладаў. Мы таксама павінны быць асьцярожнымі зь дзяржаўнай уладай. Таталітарны ўрад мае шмат пераваг, але ўсе яго заганы выявіліся ў жніўні ў Беларусі.

Я не трымаю зла або крыўды. Я вельмі палюбіў людзей у гэтай краіне. Мне шкада, што ў найбліжэйшыя гады я не магу сюды вярнуцца. Сваім сябрам я б, пэўна, параіў прыехаць у Беларусь. Але не ў 2020-м і не ў 2021 годзе. І нават не таму, што тут могуць арыштаваць — цяпер занадта моцнае напружаньне і занадта шмат канфліктаў. Беларусь — і асабліва Менск — у гэты час не такія ціхія і мірныя, як раней.

Я жадаю, каб народ Беларусі нарэшце атрымаў тое, што хоча, і зь нецярплівасьцю чакаю майго наступнага візыту, хоць і ня ведаю, калі ён будзе“.

August2020

„Пагражалі забіць, павесіць, утапіць“

Андрэй Я., малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі:

„1 лістапада я вяртаўся дадому па Лагойскім тракце і быў ужо даволі далёка ад месца акцыі, калі зразумеў, што побач едзе нейкі дзіўны шэры бус. Адтуль выскачылі амапаўцы і запхнулі мяне ў машыну.

Там у мяне абшукалі заплечнік, дзе знайшлі лазэрную ўказку і бінокль. Указку я проста насіў з сабой, як і іншыя канцылярскія прылады з працы, а бінокль у ліку іншага выкарыстоўваю, каб назіраць за птушкамі – у мяне шмат пунктаў перасячэньня з арнітолягамі.

Пасьля гэтай знаходкі са мной запісалі ролік, які назаўтра паказалі на дзяржаўнай тэлевізіі. Гэтае ж відэа разьмясьцілі і некаторыя праўладныя Telegram-каналы. На кадрах можна ўбачыць, як у мяне пытаюцца: «Навошта бінокль?», на што я адказваю: «Птушачак гляджу». Таксама мне задаюць пытаньне, хто сьвяціў супрацоўнікам міліцыі ўказкай у вочы, і я кажу: «Ня ведаю, дакладна ня я».

Пасьля таго, як яны зьнялі ролік, пачалі патрабаваць, каб я разблякаваў свой тэлефон. Я адмовіўся, і мяне пачалі біць. Білі рукамі, нагамі, пагражалі забіць, павесіць, утапіць. Яшчэ гразіліся, што ў азадак засунуць дубінку, штаны парэзалі.

Тэлефона я не разблякаваў, яны яго зламалі. Пасьля гэтага мяне адвезьлі ў Савецкае РУУС, адвялі ў нейкі падвал, дзе ўжо стаялі іншыя затрыманыя людзі, склалі вопіс рэчаў. Прычым у пратаколе не было ўжо ні бінокля, ні ўказкі, ні ключоў. Але большая частка рэчаў потым вярнулася.

Затым мяне вывелі ў двор. Я ўжо ў тым падвале сябе кепска адчуваў, а на вуліцы проста стаяў каля сьценкі і ў адзін момант пачаў траціць прытомнасьць. Хтосьці з затрыманых быў лекарам і адразу вызначыў, што ў мяне страсеньне мозгу.

У РУУС мне выклікалі «хуткую» – мяне там абсьледавалі, а потым адвезьлі ў 5-ю гарадзкую клінічную лякарню, дзе я і прабыў пяць дзён. Зараз знаходжуся на бальнічным. Дыягназ: «ЧМТ лёгкай ступені, страсеньне галаўнога мозгу, пералом пярэдняй і верхняй сьценак левай ВСП (верхнясківічнай пазухі), удар, гематома мяккіх тканак левай ягадзіцы і сьцягна».

Андрэй Я. у лякарні. Фота TUT.BY

Як я сябе цяпер адчуваю? Ужо нармальна, я досыць хутка ўзнаўляюся. Адзінае непрыемнае адчуваньне – пераломы ўсё яшчэ трохі адчуваюцца, але, у прынцыпе, нармальна. Нават мае сябры зьдзівіліся, як на мне ўсё так хутка загаілася. Псыхалягічна таксама быццам нармальна. Я выжыў, здароўе быццам бы аднаўляецца, і гэта самае галоўнае.

Адзінае, пра што я думаў у тым мікрааўтобусе – гэта як выжыць і мінімізаваць шкоду. Апынуўшыся ў лякарні ў падранай вопратцы і са зламаным смартфонам, перш за ўсё я папрасіў у санітаркі тэлефон і пазваніў маці – гэта быў адзіны нумар, які я меў у памяці. Потым ужо пра тое, што здарылася, даведаўся блізкі сябар, а за ім і калегі.

Як я зразумеў, у тыя пяць дзён, што я ляжаў у лякарні, да мяне яшчэ павінны былі прыйсьці са Сьледчага камітэту, бо мяне затрымлівалі і даставілі ў лякарню зь міліцыі. Але за гэты час ніхто пра мяне так і ня ўспомніў.

Калі я нядаўна больш-менш акрыяў, то вырашыў забраць свае рэчы з РУУС. І мне давялося некалькі разоў курсаваць паміж Якуба Коласа, 3 і 9, каб яны вызначыліся, хто я такі, за што мяне затрымалі і дзе мае рэчы. Мой заплечнік знайшоўся чыста выпадкова: на ім захавалася бірка зь імем. Мабыць, там здарыўся нейкі бардак з дакумэнтамі.

Так што пакуль я проста чакаю, што ж будзе далей. Таму што, самі разумееце, амаль усім, каго ў той дзень затрымалі, «прышылі» крымінальны артыкул. А мне – толькі папярэджаньне.

Маю на ўвазе дакумэнт, які прыйшоў на імя майго кіраўніка. У лісьце, які падпісаў начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб, гаворыцца, што 2020/11/01 на мяне склалі 2 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 КоАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. «У гэтай сувязі прапануем вам у рамках кампэтэнцыі правесьці тлумачальную гутарку аб недапушчальнасьці падобных дзеяньняў у далейшым і неабходнасьці выкананьня дзейнага заканадаўства.

У ходзе гутаркі неабходна давесьці аб'ектыўную інфармацыю, у першую чаргу тую, якая разьмяшчаецца ў дзяржаўных СМІ, аб дэструктыўных праявах, у тым ліку з боку Telegram-каналаў і іншых масмэдыя, у адносінах да нашай дзяржавы і народу, пра фэйк-тэхналёгіі, якія ўжываюцца пры гэтым, спробы маніпуляваньня грамадзкай думкай і паводзінамі розных груп грамадзян».

Пакуль гэтая гутарка ня праводзілася. Афіцыйна я працягваю знаходзіцца на бальнічным.

Прычым запісаў пра тое, што такія пратаколы складаліся, у самой міліцыі няма, і яны самі не разумеюць, што да чаго. Так што я пакуль чакаю, хіба толькі да праваабаронцаў зьвярнуўся. Яны параілі пачакаць, паглядзець, што будзе, таму што таксама з такім раней не сутыкаліся.

Быў прыемна зьдзіўлены тым, як мяне падтрымалі калегі і сябры. Таксама, пакуль ляжаў у лякарні, іншыя супрацоўнікі акадэміі захваляваліся, што мяне могуць звольніць. Але афіцыйных папер аб звальненьні мне не паступала. Так, хадзілі чуткі, але пакуль быццам бы ўсё замялі.

Вядома, страшна, калі такое здараецца з табой або тваім блізкім, гэта вельмі цяжка. Але што зрабіць, у такі вось нялёгкі час мы жывём. І ўсе гэтыя выпадкі – звычайны тэрор“.

TUT.BY

„Амапавец адмовіўся ад паказаньняў. Пашанцавала“

Барыс Пастарнак, 76 гадоў, дырэктар выдавецтва «Время» (Масква):

Барыс Пастарнак

„Усё адбылося 15 лістапада блізу 14-й гадзіны, калі пачаўся хапун каля мэтро «Пушкінская».

Я выйшаў з падземнага пераходу і падышоў да мэмарыялу Тарайкоўскага. І тут з боку кінатэатра «Аўрора» спусьціліся чорна-зялёныя чалавечкі і пачалі хапаць проста выпадковых людзей, тых, хто стаяў каля мэмарыялу. Гэтых затрыманых спрабавалі адбіваць астатнія, у асноўным пажылыя жанчыны.

А каля дарогі стаялі два мікрааўтобусы сілавікоў.

Гэтыя мікрааўтобусы, напэўна, вельмі крохкія, бо хтосьці пхнуў нагой той мікрааўтобус -- і зь яго адразу ж высыпаліся сілавікі ў чорным і пачалі таксама затрымліваць усіх, хто трапіць пад руку.

На мяне, напэўна, зьвярнулі ўвагу, бо я стаяў са смартфонам — у выніку адзін сілавік штурхнуў мяне ў сьпіну. Я ледзь ня ўпаў, мяне падхапілі «чорныя» і закінулі ў мікрааўтобус. Пасьля на мяне кінулі яшчэ траіх чалавек. Мне пашанцавала, што я апынуўся ўнізе, бо тых, хто ляжаў зьверху, білі дубінкамі.

Пасьля пэўны час мы недзе езьдзілі, і ў выніку нас даставілі ў Фрунзэнскае РУУС. Мне адразу там сказалі: «На вас крымінальны артыкул за пашкоджаньне міліцэйскай маёмасьці! Вас затрымаюць на трое сутак!» Сьледчы, ці хто там, пачаў складаць пратакол, я напісаў, што з пратаколам ня згодны. Кажу: у вас жа там здымаў нейкі чалавек усё на камэру, дык вазьміце праглядзіце запіс, і ўсё стане відаць. Бо я ж ня ў тым узросьце і тэмпэрамэнце, кажу, каб біць міліцэйскія аўтобусы.

Тут зайшоў дзяжурны адвакат і паведаміў, што адзін з амапаўцаў штосьці там засумняваўся і адмовіўся ад паказаньняў. Сьледчы выйшаў, пасьля вярнуўся, сказаў мне: «Вы свабодны!» І парваў пратакол.

Пашанцавала“.

„Наша ніва“

„Пасьля Акрэсьціна адчуваў сябе, як гной, размазаны на асфальце“

Дзяніс, 37 гадоў, вядучы інжынэр МКСК „Менск-Арэна“:

Дзяніс. Фота August2020

„11 жніўня ўвечары выехаў на працу. Пасьпець трэба было да пачатку начной зьмены, к дзевяці вечара. Прыйшлося ехаць на Пушкінскую і чакаць тралейбуса да «Менск-Арэны». Вуліца была як на далоні — бранятэхніка, АМАП, салдаты. Я пачаў нэрвавацца, але супакоіўся, калі ўбачыў, што пад’яжджае тралейбус.

Я зразумеў, што пасьпяваю, што ўсё добра. Але ў гэты ж час праяжджала машына, пасыгналіла і пасажыры памахалі мінакам. Я падняў руку зь белай стужкай ім у адказ. Не пасьпеў апусьціць, як мяне пад ручкі — і ў аўтазак. Я, вядома, бачыў АМАП побач. Але і падумаць ня мог, што мяне забяруць за адзін жэст.

Загрузілі ў аўтазак. І там пачалося самае «цікавае». Паклалі тварам у падлогу. Кашуля, туфлі, джынсы — усё гэта стала брудным, натуральна.

Адразу адабралі ўсе рэчы. Пару разоў прайшліся дубінкай па целе. Нічога не пыталіся. Паставілі на калені, а галаву — пад сядзеньне. І ў такой паставе чакалі незразумела чаго каля трох гадзін. Паехалі толькі тады, калі машына цалкам запоўнілася. Прывезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну.

Выгрузка спэцыфічная. Востры пандус, дзьве калёны амапаўцаў. Усіх мордай у падлогу, у асфальт. Так ляжалі да раніцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Амапаўцы хадзілі і разглядалі, хто ў што адзеты. Калі чалавек у шортах, майцы, ёсць тату — зь ім была больш жорсткая размова. Па тэлефонах лазілі. Шукалі фота, відэа. Глядзелі, хто падпісаны на “Нехта”. Шукалі нібыта каардынатараў. І ў працэсе, вядома, білі.

Ва ўсіх быў, напрыклад, падрапаны твар. Бо цяжка было ляжаць і глядзець у асфальт. Проста пачынаеш задыхацца, таму што нос заціснуты. Паварочваесься — атрымліваеш. Няправільна ногі расставіў — атрымліваеш.

Хадзілі вадой палівалі, каб мы не сагрэліся ні ў якім разе. Шчыра кажучы, стварылася ўражаньне, што яны проста зьдзекаваліся. Імітавалі, як быццам цябе аблілі мачой. Кашулі, майкі, штаны — усё было мокрае.

Потым прымушалі сьпяваць гімн Беларусі, крычаць «Мы любім АМАП!» Хто слаба крычаў ці ня ведаў словы гімна — атрымліваў. Білі моцна. Я такога раней ня бачыў. І ня думаў, калі шчыра, што такое магчыма.

Нам казалі, што нібыта ў супрацоўнікаў АМАПу за грошы кідалі камяні. Адзін каменьчык — 10 даляраў. Я лічу, што гэта проста нагода ім апраўдацца.

Раніцай усіх паднялі і завялі ў будынак РУУС для дачы паказаньняў. Гэта трэба было бачыць: здаравеннае памяшканьне, сталы радамі. Туды прыводзяць людзей, ставяць на калені. Як быццам перад табой сядзіць настаўнік. Толькі ты на каленях, а не за партай. Я доўга так стаяў, усё здранцьвела. Вырашыў трохі разагнуцца і агледзецца. І тут ззаду мне такая поўха прыляцела! А потым і яшчэ раз. У галаве ўсё зазьвінела.

Калі далі падпісаць пратакол, я пачаў яго чытаць. І раптам — удар па стале кулаком. «Пішы, што ты тут яшчэ чытаць сабраўся?» Я не разумеў, што адбываецца. Зусім не чакаў, што будуць так доўга трымаць. Што я зрабіў? Падняў руку? Думаў, ну максымум складуць пратакол і дадуць штраф.

Пасьля падпісаньня пратаколу павялі шукаць рэчы і складаць вопіс. Затым — у аўтазак. Куды паедуць, нікому не паведамілі.

Пакуль везьлі, пачалі пацяшацца. «Дзеткі, хто з вас футбол любіць?» Зразумела было, што шукаюць футбольных фанатаў. Такога фаната знайшлі яшчэ ў РУУС. Ён меў тату з назвай нейкай ангельскай футбольнай каманды, па-мойму, “Лівэрпуль”. Але ён адказваў, што заўзее толькі за гэтую каманду, больш ні на якія матчы ня ходзіць. Яму, на шчасьце, не дасталося. Стала зразумела, што ён ня мае дачыненьня да ультрас.

Да татуяваных таксама было асаблівае стаўленьне. Ёсьць тату — ідзі прысядай. Упор быў на тое, што калені і так былі забітыя пасьля шматгадзіннага стаяньня. Калі знаходзілі «няправільныя» тату — з Пагоняй, нацыянальнай сымболікай — білі. «Пераменаў хочаце — атрымаеце!»

Пасьля прывезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна. Вывелі і пачалі біць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Людзі выйшлі, і я пачуў удары, крыкі. Мяне адзін амапавец, відаць, пашкадаваў. Сказаў: «Дзядзька, пачакай тут». І прытрымаў у аўтазаку.

Я выйшаў у выніку апошнім. Сяк-так — калена ўжо не згіналася. Убачыў калідор з амапаўцаў. Ну, думаю, усё. Гэтае чаканьне, што цябе зараз будуць біць, напэўна, яшчэ горшае, чым калі б’юць. Спусьціўся — прыляцела, як мне здалося, пару далікатных удараў. Прайшоў, падымаю вочы — ізноў АМАП. Калі ж гэта ўсё скончыцца! Стаялі напагатове і ў шаломах. Дубінкай паказалі ў камэру. Зайшоў.

Мяне і іншых затрыманых зьмясьцілі ў «адкрытку». Гэта камэра для прагулак. Зьверху ўмантаваныя краты, на падлозе — бэтон. Усяго там аказалася 58 чалавек. У суседняй камэры — 120.

Ніхто ня еў, ня піў. Шмат каму было кепска. Забралі з эпілепсіяй чалавека. Яшчэ быў дыябэтык. Мы ледзь дамагліся, каб хто-небудзь прыйшоў — яму кепска стала. Быў чалавек, якога затрымалі, напэўна, 10-га, у пэрыяд перастрэлак. Я ня ведаю, чым там стралялі, але ў яго была агнястрэльнай рана на руцэ. Першую дапамогу яму аказалі, перабінтавалі. Але ў шпіталь не адвезьлі. Ён так і дабыў да суду з акрываўленай рукой.

Уначы нас пачалі драбніць. Выклікалі па прозьвішчах і адводзілі. Засталіся 25 чалавек у камэры. Можна было ўжо неяк разьмясьціцца паспаць. Але ўмовы былі жудасныя. Мужчыны здымалі абутак, каб легчы. Самі разумееце, ніхто ня мыўся — гэта пот, гэта смурод. Вядро з мачой у куце — у туалет ніхто не выпускаў. Але людзі хацелі хоць неяк паспаць. Таму што пры 58 затрыманых у камэры не ўдавалася нават легчы.

Вады не давалі. Патрабавалі пустыя бутэлькі для яе. Гэта вельмі сьмешна. У нас усе рэчы забралі — якія бутэлькі?

13 жніўня перавялі ў памяшканьне на другім паверсе. Шчыра кажучы, пасьля «адкрыткі» мне камэра здалася люксам. Там быў калідорчык, дзе людзі ляжалі на матрацах. Ляжалі! Былі нават падушкі з коўдрамі. Была ракавіна і туалет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Праз 2 гадзіны ў «люксе» адвялі да судзьдзі. Кажуць: «Расказвай, як было». Я адказваю: «Ехаў на працу. Вось працоўны тэлефон — праверце». Сказалі, што зараз патэлефануюць. Мяне адправілі ў калідор тварам да сьцяны чакаць.

Я прастаяў некалькі гадзін. Потым выклікалі і сказалі, што патэлефанавалі на працу. «Сапраўды, вы павінны былі а 9-й пачаць працаваць. Тады ў нас няма падстаў для далейшага затрыманьня». Карацей, вось вам штраф 30 базавых — і ў сьветлы шлях!

Я думаю — ну як? Падняў руку — 810 рублёў? Ніякіх прабачэньняў за зьбіваньне. Добра, халера зь імі. Хоць адпускаюць.

Але далей пачаўся цырк. Зноў паставілі ў калідор. У мяне калена адымалася, я як чапля стаяў. Папрасіў сесьці — нічога падобнага. Потым вывелі на вуліцу і зноў там пакінулі чакаць. Зноў там гадзіну прастаялі, уткнуўшыся ў сьцяну. Потым кажуць: “Хадзем”. Я ўзрадаваўся. Але зноў на 4 паверх завялі, у кабінэт. Там мы на відэа сказалі, што абавязуемся больш у несанкцыянаваных акцыях ня ўдзельнічаць.

Потым наступіў момант ікс — адпускаюць. Але сказалі, што рэчы аддадуць праз 2 тыдні. А ў мяне там ключы ад машыны, ад кватэры, дакумэнты, карткі банкаўскія. Гэта значыць, мяне бруднага, сьмярдзючага, бяз грошай і дакумэнтаў выганяюць. Я ім кажу: «Вы разумееце, што вы мяне ў бамжа ператварылі? Мне вось адкрыта няма куды дзецца: ні ключоў, ні тэлефона, ні грошай». У адказ — дубінка на плячо. Вось так праводзілі.

Я выйшаў і трапіў у валянтэрскі летнік.

Дзяніс. Фота August2020

Сказаць, што я быў прыгнечаны, — нічога не сказаць. Адчуваў сябе, як гной, размазаны на асфальце. А тут на мяне наляцелі, накармілі, напаілі. Я проста абалдзеў. Пасьля гэтага сьвінскага абыходжаньня ад супрацоўнікаў…

Пасьля вызваленьня сьляды пабіцьця не здымаў. Хапала іншых праблем. На працы хацелі звольніць, але потым высьветлілася, што такіх затрыманых у МКСК «Менск-Арэна» яшчэ некалькі. І пытаньне адклалі.

І наогул сорамна. 37-гадовы пабіты хлопчык. Што я скажу? У іншых вунь зубы выбітыя, рукі прастрэленыя, ногі пераламаныя... А што я? Пагатоў мне здаецца, што гэта бессэнсоўна. Я больш не хачу зь імі мець зносіны.

Але дапамога мэдыкаў усё ж спатрэбілася — балелі калена і вуха. Летась была апэрацыя (праблемы са слыхам), сёлета павінна была быць другая. У РУУС супрацоўнік сваёй поўхай, як ведаў, усё пагоршыў. Я ў інтэрнэце прачытаў, што “Имена” дапамагаюць, і вырашыў зьвярнуцца. Валянтэры адгукнуліся: мне ў мэдычных пытаньнях дапамаглі па поўнай праграме. Накіравалі мяне на Сухую ў РНПЦ отарыналярынгалёгіі і ў «Ладэ». Там адразу і абсьледавалі, і лячэньне прызначылі“.

August2020

„У вачах «людзей у чорным» чытаўся страх“

Максім Матырка, 43 гады, уладальнік мэблевай кампаніі, Менск:

Максім Матырка. Фота August2020

„13 жніўня са мной не адбылося нічога звышнатуральнага. Ішоў па працоўных справах у раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Паварочваю галаву і бачу чорны бус з танаванымі шыбамі. А ў мяне на ўсё гэта чуйка. Разумею, што ўсе, зараз мяне будуць прымаць. Так яно і выйшла.

З машыны выбеглі мужыкі ў чорных масках, як бандзюкі ў 90-я, дагналі, схапілі мяне і дзяўчыну з хлопцам, якія праходзілі міма, і ўсіх разам заштурхалі ў машыну. Я асабліва не супраціўляўся. Усяго нас у бусе апынулася дванаццаць затрыманых. Плюс шэсьць «людзей у чорным» разам з кіроўцам. Як потым я зразумеў, нас узялі за БЧБ-сымболіку. Адразу мне сарвалі з рукі белую стужачку.

Я не маўчаў, пытаўся, што кепскага ім зрабіў. Спачатку яны нават уступалі ў дыялёг, казалі: «Ды вы нам усім надакучылі, нам усё гэта ўжо надакучыла». На што я хутка зрэагаваў і адказаў, маўляў, ехалі б вы дадому да жонкі і дзяцей, дык не, са мной тут катаецеся. Пасьля чаго я і атрымаў першы ўдар у калена.

А потым мяне панесла. Выказаў усё, што пра іх думаю. Што ўсё, што яны робяць — гэта незаконна, і што ўсіх іх чакае трыбунал. І што вы думаеце? За ўсё гэта яны мяне крышку паштурхалі, больш каб закрыў рот, але ў іх у вачах чытаўся страх. Яны ўсе нас баяцца. Самі б’юць і пераглядваюцца паміж сабой, разумеюць, што сам-насам бы ня справіліся.

З усіх дванаццаці чалавек мне дасталася больш за ўсё, бо я ўвесь час бурчаў. «Людзі ў чорным» прасілі мяне памаўчаць, а я ім адказваў, што мне сумна і што я сам па сабе люблю пагаварыць. Не, вы ня думайце, што я бясстрашны. Многія мае сябры да гэтага часу ляжаць пакалечаныя ў лякарні пасьля ўсяго гэтага. Напэўна, мяне проста так загартаваў жыцьцёвы досьвед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Яшчэ ў дзяцінстве мама пакінула мяне ў дзіцячым доме. Мяне выхоўвала вуліца. А потым служыў у Чачэніі, прайшоў вайну ў 1995 годзе, ведаю, што такое сьмерць. З бою нас вярнулася двое з шаснаццаці — я з раненьнямі і яшчэ адзін таварыш на інвалідным вазку. І мне зусім ня хочацца, каб цяпер, у мірны час, адбывалася нешта падобнае. Я сам вайсковец, ведаю псыхалёгію сілавікоў, мяне так проста не напалохаць, не зламаць.

За ўвесь час, пакуль нас вазілі па горадзе, паўгадзіны патрацілі на мяне. На ўсе мае словы адказвалі кулакамі. Відаць, што людзі падрыхтаваныя, б'юць у самыя болевыя месцы — рэбры, калені, рукі, цягліцы. Па твары ня білі, стараліся не пакідаць сінякоў. Два разы ўдарылі ў калена так, што да гэтага часу калю абязбольвальныя і кульгаю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі мяне забралі, першая думка была пра тое, што дадому не вярнуся. Быў гатовы да таго, што павязуць невядома куды. І ніхто ня будзе ведаць, дзе я і што са мной, а потым знойдзе ў лесе які-небудзь грыбнік. А яшчэ баяўся, што залезуць мне ў тэлефон -- і ўсё, прывітаньне, Акрэсьціна. Быў страх за таварышаў, зь якімі перапісваліся і стэлефаноўваліся, каб іх таксама не забралі. Але, як ні дзіўна, тэлефона ніхто не запатрабаваў.

Я сваю пазыцыю ўтойваць ня буду. Ужо пачынаючы з 9 жніўня я актыўна ўдзельнічаю ва ўсіх акцыях пратэсту і працягну рабіць гэта далей. Нягледзячы на тое, што я грамадзянін Расеі, з 2004 году жыву ў Менску. Так, мне прапаноўвалі беларускае грамадзянства, але пры дзейнай уладзе мне гэта нецікава. Маю дачку-беларуску, ёй 9 гадоў. І ўсё гэта я раблю дзеля яе, каб яна жыла ў спакойнай і цудоўнай краіне.

Цяпер кожную раніцу прачынаюся, гляджу ў люстэрка і кажу: «Хто малайчына? Максім малайчына. На Акрэсьціна сёньня паедзем? Не, не паедзем». Усё роўна ёсьць адчуваньне, што міма мяне гэтыя падзеі ня пройдуць. Нельга ва ўсім гэтым варыцца і застацца ўбаку.

У выніку сілавікі павазілі нас гадзіны тры ў машыне і выкінулі за горадам у раёне Ўручча. Напрыканцы ўдарылі мяне нагой у сьпіну, і я ўпаў на калені. Разьвітаўся зь імі словамі: «Дзякуй, закон бумэранга яшчэ ніхто не адмяняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі машына зьехала, некаторыя, хто быў са мной там поплеч, выказвалі свае прэтэнзіі: маўляў, навошта ты балбатаў, скажы дзякуй, што наогул выпусьцілі. Я нават трохі пакрыўдзіўся на людзей. Мы быццам бы ўсе з аднолькавымі стужкамі, за адну ідэю, а калі сутнасьць даходзіць да справы — усе адразу ў кусты. У мяне крыху іншы характар.

Заявы ў міліцыю я не пісаў. На каго, «людзей у чорным»? Гэта сьмешна. Магу пайсьці з заявай і не вярнуцца. У лякарню таксама не зьвяртаўся. Уколы ў калена калю сам. Яно ў мяне да гэтага часу як каменнае. Але гэта мяне не спыняе схадзіць з усімі на плошчу па нядзелях. Аднойчы нават выступіў у вольны мікрафон, расказаў, што са мной адбылося, і падзякаваў беларусам за тое, што вы крутая нацыя. На беларусаў цяпер глядзіць увесь сьвет і ганарыцца вамі. І таму назад шляху ўжо няма“.

August2020

„Зь міліцыі пыталіся, ці былі тыя, што затрымлівалі, у форме“

Ігар Валковіч, бацька пяці дзяцей, Менск:

„Пасьля майго затрыманьня жонка засталася адна зь пяцьцю дзецьмі. Алена зьбіралася ў радзільню, калі я выйшаў ненадоўга з пад’езда і «прапаў». Пазьней я «знайшоўся» на Акрэсьціна: відавочцы расказвалі, што мяне і суседзяў зацягнулі ў аўтазак. За хуліганства далі 13 дзён арышту.

У аўторак я нарэшце вярнуўся — са зламаным плячом. З гэтай траўмай, без належнай дапамогі я правёў у ізалятарах амаль два тыдні.

А ў той вечар 28 кастрычніка я ў кампаніі суседзяў стаяў пад пад’ездам, за намі вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Раптам да нас падышлі два чалавекі ў цывільным (яшчэ чацьвёра стаялі непадалёку).

Пачалі прэтэнзіі нам кідаць: «Задзяўблі, што вы гэтыя сьцягі вешаеце!» Мы спыталі: «А вы хто?» — «Міліцыя». — «Пасьведчаньне пакажыце», — кажу ім. Пасьля я атрымаў некалькі разоў па галаве, левую руку сталі заломваць. Пасьля адцягнулі да рэчкі, там яшчэ дабавілі.

Даставілі ў Маскоўскае РУУС. Больш ня білі. Суд вырашыў, што, знаходзячыся каля дома, я павесіў бел-чырвона-белы сьцяг — тыповае хуліганства.

Валковічы. Фота зь сямейнага архіву

Рука невыносна балела. Пасьля суду фэльчар абмацала плячо, нічога сур’ёзнага не знайшла, дала таблетку для абязбольваньня. Я сам думаў, што гэта зьвіх. Нармальна руку падняць ня мог, за гэтыя дні распрацаваў толькі рух наперад-назад.

Суткі я адбываў на Акрэсьціна і ў Баранавічах. Першыя тры дні практычна ня еў: было балюча — разьбіты твар.

Вызваліўся я ў ноч на 10 лістапада. Валянтэры дапамаглі дабрацца дадому. Ранкам адвёў дзяцей у садок і пайшоў у паліклініку зрабіць здымак. Рэнтген паказаў пералом левага пляча. Дактары спыталі пра характар траўмы — я ня стаў утойваць, што крымінальная.

Сказалі, тэрмін загойваньня такога пералому — пяць тыдняў. Два ўжо прайшло, яшчэ на тры мне далі бальнічны. Гіпс не накладалі, рука цяпер зафіксаваная спэцыяльнай сумкай.

У той жа дзень да нас прыйшлі зь міліцыі. Удакладнялі, ці былі людзі, якія затрымлівалі, у форме. Днямі павінен прыехаць сьледчы“.

Алена Валковіч, жонка:

„Тыя дні як у тумане. Дагэтуль не магу адысьці ад шоку. Я цяпер цяжарная шостым дзіцём і неўзабаве павінна ехаць у радзільню. У тую сераду мы з мужам зьбіралі рэчы ў лякарню, а празь некалькі хвілін яго затрымалі.

Мы рыхтаваліся да радзільні, прасавалі дзіцячыя рэчы. Мужу патэлефанавалі, і ён сказаў, што адлучыцца на пяць хвілін, тэрмінова патрэбна дапамога. Мы пераяжджалі нядаўна, я падумала, што патрэбна дапамога суседзям у пераносцы рэчаў. На саракавым тыдні пра дрэннае ня думаецца. І муж выйшаў у хатняй адзежы, майцы з кароткім рукавом. Прайшла гадзіна, дзьве, яго тэлефон маўчаў.

Я ўключыла інтэрнэт і жахнулася ад паведамленьняў суседзяў. Яны пісалі, што напалі пяць-шэсьць чалавек у балаклавах і зацягнулі ў аўтазак некалькі людзей. Я зразумела, што мой муж там, сярод іх.

Некаторыя дэталі я даведалася праз адваката. Калі да пад’езда пад’ехалі лукашэнкаўцы ў масках, там стаялі дзяўчына з хлопцам і Ігар. Ім прапанавалі прайсьці ў аўтазак. Ігар пачаў пытацца, за што, і яго ўдарылі па твары. Пасьля ўсе пайшлі ў аўтазак.

Іх даставілі ў Маскоўскае РУУС, пасьля на Акрэсьціна. У пятніцу адбыўся суд. За артыкул 17 (“хуліганства”) Ігару далі 13 сутак.

Такі жывёльны страх. Я ня спала гэтыя ночы; калі б ня дзеці, зусім бы з катушак зьляцела… Столькі плянаў было. Думалі, як сям’я будзе сустракаць мяне з малой з радзільні. Ігар у аўтапарку дамовіўся ўзяць аўтобус у арэнду, хацеў плякатамі і шарамі ўпрыгожыць.

Цяпер ні таты, ні сустрэчы. Цяжка схавацца і зрабіць выгляд для дзяцей, што ўсё добра“.

„Наша ніва“

„Людзі для ўлады — нікчэмнасьці, быдла, мяса, пыл“

Сяргей Міхайлаў, 47 гадоў, сыстэмны адміністратар, Менск:

Сяргей Міхайлаў. Фота August2020

„13 верасьня мы з жонкай пілі каву ў гандлёвым цэнтры «Арэна Сіці», было каля чатырох гадзін. Выйшлі з будынку і ўбачылі групу мітынгоўцаў — чалавек трыста. Вырашылі перайсьці дарогу празь пераход. І раптам пад’ехала калёна спэцтэхнікі, машын дзесяць: аўтазакі, бусік. Усё адбылося вельмі хутка. Мы нават да калёны не пасьпелі дайсьці.

З машын выскачылі людзі ў чорным, у балаклавах, з дубінкамі, з агрэсіўным крыкам:

— Сукі, бегчы!

І людзі сталі хаатычна разьбягацца. Я зразумеў, што зараз пачнуць хапаць усіх запар. Тут воляй-няволяй пабяжыш.

Да мяне набліжаўся чалавек у чорным, я крыкнуў жонцы:

— Ты бяжы!

І сам таксама пабег.

Замарудзіліся мы паміж унівэрсытэтам фізкультуры і Нацыянальным алімпійскім камітэтам. Стаміліся. Я злавіў сябе на думцы, што яшчэ ў школе займаўся бегам, а цяпер пара аднавіць. Бег — гэта заўсёды карысна, як высьветлілася (усьміхаецца).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я спыніўся на пагорачку. Павярнуўся назад і ўбачыў, што на зямлі ляжыць жанчына гадоў пяцідзесяці і два чалавекі ў чорным (як мяркуецца, супрацоўнікі АМАПу) б’юць яе рукамі і нагамі.

І мне сарвала «стоп-кран». Я закрычаў:

— Людзі, на дапамогу!

Кінуў першай, якая трапілася, жанчыне сумку з фотаапаратам і пабег туды. Я разумеў, які можа быць вынік, але ў той момант рашэньне было адно — дапамагчы жанчыне. Убачыў бакавым зрокам, як усьлед за мной на падмогу кінулася яшчэ пару хлопцаў. Пакуль мы беглі, я вельмі моцна крычаў, проста як у фільмах пра рыцараў (так, што на наступны дзень балела горла). Гэтая псыхалягічная атака падзейнічала. Сілавікі пачалі ўцякаць.

Жанчына стала падымацца зь зямлі. Але з-за электрычнай будкі раптам выбеглі чалавек дваццаць, а нас было чацьвёра. Я пабег па горцы ўніз. Спатыкнуўся і ўпаў. Мяне дагналі і пачалі радасна біць — адначасова чалавек шэсьць.

Я спартыўны чалавек, вяду актыўны лад жыцьця, займаюся вэйкбордынгам (экстрэмальны від спорту, які спалучае ў сабе элемэнты вадналыжнага слаламу, акрабатыку і скачкі. — August2020). У мяне шмат мэдалёў — у міжнародных чэмпіянатах у сваёй катэгорыі з 2014 году заваёўваў практычна першыя месцы. Сын таксама, у дзіцячай катэгорыі. Гэта наша зь ім супэрхобі. Гэты від спорту патрабуе моцнага вэстыбюлярнага апарату. Нават лежачы, я спрабаваў абараняцца.

Білі рукамі, дубінкамі, нагамі куды папала — па сьпіне, руках, нагах, шыі. Я яшчэ падумаў, што малоцяць неяк хаатычна, непрафэсійна — хлопцам было гадоў дваццаць, прафэсіянал мог бы вырубіць адным ударам. Потым схапілі за рукі-ногі і панесьлі ўшасьцёх. Ударылі 3-4 разы па твары, носе, губе. Я паспрабаваў дастукацца да іх: «Што вы робіце? Спыніцеся! Вы не разумееце, што робіце». Бескарысна...

І раптам адзін зь іх з усяго маху ўдарыў мяне ў пахвіну. Тут, вядома, быў сур'ёзны шок. Адчувальны боль. Мяне выратавала тое, што, калі ён біў, джынсы спаўзьлі напалову і ўдар трохі змазаўся. Гэты чалавек быў у масцы, але я добра запомніў яго вочы. Ён сказаў: «Ну што, яшчэ?»

Мяне занесьлі ў аўтазак і закінулі на апошняе сядзеньне. Я там быў адзіны. Не хапала кіслароду, хацелася піць, было вельмі балюча, стала зусім кепска. Я спрабаваў дакрычацца да ахоўніка — бескарысна, ніхто не рэагаваў. Разьдзеўся цалкам зьверху, да пояса, і лёг на падлогу.

Аўтазак паўгадзіны катаўся па горадзе, пакуль не запоўніўся людзьмі. Нас прывезьлі ў Заводзкае РУУС — я адразу пазнаў: па іроніі лёсу, настройваў там сыстэму відэаназіраньня па працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У нас адабралі ўсе рэчы: папругі, матузкі, у кагосьці — тэлефоны, мой выпаў яшчэ падчас затрыманьня — жонка з сынам знайшлі яго ў кустах на наступны дзень. У РУУС завялі ўсіх у актавую залю, запоўнілі яе на 80%. У кагосьці бралі адбіткі пальцаў, у кагосьці запісвалі прозьвішча, імя, анкетныя зьвесткі, усіх апытвалі, здымалі на відэакамэру.

Потым усіх сталі прымушаць падпісваць пратаколы, складзеныя, як пад капірку. Адзін мужчына вельмі абураўся:

— За што мяне затрымалі, я ж чакаў аўтобус на прыпынку!

Яго вывелі з залі хвілін на дваццаць, а калі прывялі назад — ён маўчаў. Мы спыталі ў яго:

— Што з табой рабілі?

Ён не сказаў больш ні слова.

У залі РУУС я сказаў супрацоўнікам:

— Мне ўдарылі дубінкай у пахвіну. Вельмі моцны боль. Трэба нешта з гэтым рабіць.

Ніхто не адрэагаваў.

Сяргей Міхайлаў. Фота August2020

Калі сталі вадзіць людзей у туалет на першым паверсе, я таксама пакульгаў у суправаджэньні маўклівага супрацоўніка. Калі я ўбачыў, што са мною сталася, ня вытрымаў і вылаяўся матам. Стала ясна, што патрэбна тэрміновае мэдычнае ўмяшаньне.

Супрацоўнік сказаў:

— Зразумеў. Зойдзеш у залю, скажы, што ў цябе яшчэ і ціск падняўся.

І толькі тады выклікалі «хуткую», яна прыехала праз паўгадзіны. Мэдыкі сказалі, што патрэбна неадкладная шпіталізацыя. Калі ішоў да машыны, я асьмялеў і спытаў дзяўчыну-супрацоўніцу:

— Як вы з гэтым жыць будзеце?

А яна:

— О, а ты падпісаў пратаколы?!

Я сказаў, што не азнаёмлены зь імі і падпісваць ня буду. Прыйшоў нейкі начальнік:

— Ці ты падпісваеш, ці нікуды ня едзеш.

Азнаёміцца з пратаколам так і не далі. Я напісаў: «З пратаколам не азнаёмлены». Ён стаў крычаць. Прыйшлося перакрэсьліць «не азнаёмлены» і напісаць: «з пратаколам азнаёмлены». Я нават ня ведаў, у чым мяне вінавацяць.

Выехаў я з РУУС а восьмай гадзіне вечара. Лекар, якая рабіла УГД, ледзь не заплакала: «Як такое можа быць ?!» У мяне быў разрыў яечка.

Паклікалі хірурга: «Ускрыцьцё пакажа. У працэсе зразумеем, ці зможам зашыць або прыйдзецца выдаляць». Папрасіў падпісаць дакумэнты, што магчымае выдаленьне яечка. Праз гадзіну мне зрабілі апэрацыю. Вельмі своечасова, калі б на пару гадзінаў пазьней... Прыбралі гематому. Зашылі. Ёсьць надзея, што ўсё будзе добра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У лякарні апалітычная пажылая жанчына рабіла мне перавязку:

— На ровары ўпаў?

— Не, дубінкай стукнулі.

— А чаго ты туды пайшоў?

Я адказаў:

— Убачыў, як б'юць жанчыну, і заступіўся за яе. Вы хочаце, каб, калі вас будуць біць, я прайшоў міма?

Больш яна не падымала гэтую тэму.

Пяць дзён я правёў у шпіталі, цяпер дома, на бальнічным. Я не магу бегаць, скакаць, займацца спортам, сваімі любімымі справамі. Спадзяюся, што праз пару месяцаў аднаўлюся. А вось у эмацыйным пляне я стаў больш мэтанакіраваным.

Я паспрабаваў сам асабіста разабрацца ва ўсім. Пытаўся многіх знаёмых, ці бачыў хтосьці празаходніх арганізатараў. Не. На акцыях усе былі такія ж, як я, як яны, як мы.

Пасьля таго, як убачыў на свае вочы, як у мірных людзей страляюць, кідаюць гранаты, пускаюць газ, зьявілася моцная грамадзянская пазыцыя. У мяне трое дзяцей; ня хочацца, каб яны жылі ў краіне, дзе людзі для ўлады — нікчэмнасьці, быдла, мяса, пыл.

Пасьля 10-га жніўня ў мяне зьнік страх. Тыя, хто спрабуе загнаць народ у стойла, выкарыстоўвае страх як сродак. Гэта адзінае, што ў іх ёсьць супраць нас. Увесь рэжым трымаецца на страху. Калі ўсе перастануць баяцца — усё стане на свае месцы.

Сяргей Міхайлаў. Фота August2020

Так, мы былі даволі апалітычныя, ня бачылі пэрспэктывы. Але цяпер, калі ўлада ня сыдзе, пэрспэктыва адна — 37-ы год. Спусьціць справу на тармазах ня хочацца. Проста трэба цяпер з розумам падыходзіць. Калі зьнікае страх, павінен застацца розум.

За беларусамі цяпер сочыць увесь сьвет, і мы павінны паказаць, як жыць далей.

Цяпер хочацца дыхаць на поўныя грудзі. Зрабіў сабе адпачынак на пару гадзін. Узяў фотаапарат, паехаў у поле, а там рэчка, захад. Я стаў бачыць сьвет на 360 градусаў, як быццам каламутнае шкло працерлі да бляску. Пачаў адчуваць усе фарбы, колеры, пахі. Цяпер я бачу прыгажосьць.

Падаў заяву ў Сьледчы камітэт, адказу пакуль не было“.

August2020

„Хацеў скокнуць у Дняпро, каб прыцягнуць увагу да гвалту“

Аляксей Бяляеў, 26 гадоў, мэталюрг, Магілёў:

Аляксей Бяляеў

„Мяне зацягнулі амапаўцы ў свой мікрааўтобус увечары 31 кастрычніка, калі я гатовы быў скокнуць у Дняпро. За дваццаць хвілінаў да гэтага я пералез цераз парэнчы моста і, трымаючыся рукамі за іх, чакаў прыезду аварыйных службаў. Побач прымацаваў бел-чырвона-белы сьцяг. На мне была майка з надпісам «Страна для жизни». Для храбрасьці, прызнаюся, выпіў піва, бо прадбачыў, чым мой учынак скончыцца. На вайне ж салдатам давалі «сто грамаў перад атакаю».

Задума была, каб супрацоўнікі экстраных службаў пераказалі старшыні гарвыканкаму маё патрабаваньне сустрэцца зь ім. Я хацеў пераканаць яго ў неабходнасьці дыялёгу аб спыненьні гвалту з боку сілавых структураў. Сам я катэгарычна супраць гвалту ў любых яго праявах.

Прыйшоўшы на мост, я дапускаў думку пра сьмерць, але больш ня мог мірыцца з тым, што на пратэставых акцыях б’юць жанчын, кідаюць у аўтазакі дзяцей. Для мяне гэта дзікунства. Я перакананы: калі ўлада ня можа спыніць гвалту, то навошта яна наагул. Цяпер яна ўспрымае мірныя пратэсты як часовую зьяву, ад якой ня будзе ніякіх наступстваў, але яны будуць.

Па мосьце праходзілі людзі. Некаторыя хвалілі за мой учынак. Былі тыя, хто асуджаў, маўляў, навошта табе гэта трэба. Здалёк зь мікрааўтобуса, відаць, амапаўцы здымалі мяне на відэа. Прыехалі «пажарнікі», мэдыкі. За імі прымчаў яшчэ адзін мікрааўтобус зь сілавікамі. Мяне ўгаворвалі пералезьці назад і абяцалі дачакацца кіраўніка гораду, калі я буду ў бясьпечным месцы.

Нечакана падбеглі два амапаўцы і схапілі за рукі. Я супраціўляўся. Хацеў вырвацца і скокнуць у Дняпро, але мне гэтага не ўдалося. Калі перацягнулі праз парэнчы, то зьявіліся яшчэ двое. Схапілі мяне за ногі і ўчатырох зацягнулі ў мікрааўтобус. Кінулі на падлогу. Сьцяг сарвалі і закінулі за мною ў салён.

Як толькі зачынілі дзьверы, узяліся біць. Я прыкрыў твар рукамі і ня бачыў, колькі мяне малаціла міліцыянтаў. Суняць іх было марнай справаю. Яны білі «ад душы». Ёсьць такое выказваньне: «Брак розуму замяняюць эмоцыі», дык гэта быў той выпадак.

Маральна да такога павароту я быў гатовы, і гэта было прадказальна, аднак не ўяўляў, што будуць гэтак жорстка зьдзекавацца. Піва не асабліва дапамагала. Больш за дзесяць удараў нанесьлі ў адно месца, у сьцягно. Чатыры дні потым хадзіць ня мог і цяпер кульгаю.

Б’ючы, мяне зьневажалі. «Дурань» — гэта была самая лагодная абраза. Папікалі, што я ня скокнуў у раку і «ім цяпер трэба са мною вазіцца». Яны былі злыя за тое, што мая акцыя стала рэзананснай.

Аляксей Бяляеў са сьцягам, які называе сваёй дарагой рэліквіяй

У Кастрычніцкім аддзеле міліцыі амапаўцы на шыю завязалі сьцяг і грэбліва паддзелі: «Во цяпер ты сапраўды змагар!». Я быў шакаваны. Мне выклікалі хуткую дапамогу. Яе доктар сказаў, што ёсьць бачныя пашкоджаньні. Завезьлі ў траўмапункт. Рэнтген паказаў удар сьцягна. Канстатавалі, што траўма крымінальная і трэба выклікаць міліцыю, але гэтага не зрабілі, бо мяне суправаджаў міліцыянт.

Вярнулі назад у аддзел. Аформілі два пратаколы: за арганізацыю несанкцыянаванага пікету і знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня (0,72 праміле). Я нічога не чытаў і не падпісваў.

На судзе сьведка-міліцыянт заявіў, што я выкрыкваў на мосьце «Жыве Беларусь», але гэта няпраўда. Бо я прыйшоў не мітынгаваць, а дамагчыся сустрэчы з кіраўніком гораду.

Мне прысудзілі 8 дзён арышту. Сьцяг вярнулі. У ізалятары праблемаў не было. Я там сядзеў ужо трэці раз за ўдзел у пратэставых акцыях.

Мой учынак можа здацца наіўнасьцю, але я ім хацеў прыцягнуць увагу мясцовай улады да беззаконьня, якое чыніцца ў яе пад бокам. Яна нібыта зьнікла, самаўхілілася ад вырашэньня таго, чым цяпер занепакоеныя людзі. У гарадах фактычна ўведзены камэнданцкі час. Затрымліваюць дзясяткамі людзей. Спадзяюся, што кіраўнік гораду пачуў маё пасланьне…“

„Зачынілі дзьверы аўтазака… і пусьцілі газ!“

Ala Sposab, пэнсіянэрка, Менск:

„10 лістапада я вырвалася з-пад кантролю))). Па-першае, у пятніцу я прысьніла страшны сон. Нейкая мэталічная істота мне сказала страшным голасам: «Табе трыццаць содняў». Я адчула, што гэты марш скончыцца для мяне ня вельмі добра, але ўсё ж пабегла, праўда, адна. Сяброўцы не патэлефанавала.

Варожай тэхнікі было столькі, што проста дзіву давалася ад гэтай колькасьці вадамётаў, аўтазакаў, бусаў. Людзей хапалі на падыходзе да цэнтру гораду. Хапалі ў асноўным мужчын. Прычым схапілі шмат выпадковых людзей. Нам проста не далі аб’яднацца. І хто прыдумвае хадзіць на стэлу? Там вельмі лёгка хапаць людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Затрымлівалі з надзвычайнай жорсткасьцю. Я сустрэла там сваю сяброўку Вольгу. Яна пільнавала сваю цудоўную дачку Насту, якой 17 гадоў і якую адлічылі зь лінгвістычнага каледжу за яе ўдзел у пратэстах. Яна бегала за амапаўцамі, абсьвіствала іх, проста лезла на ражон. Нам удалося адбіць бацьку і сына ад АМАПу, але яны самі пайшлі ў аўтазак. Сказалі, што ім так трэба. Я зразумела, што яны проста хочуць зьехаць адсюль і выкарыстоўваюць усе магчымасьці для гэтага. Вольгу і Насту арыштавалі, а мяне так адштурхнулі, што я паляцела на людзей, якія стаялі за мной. Я прасіла іх адпусьціць, але дзьверы буса зачыніліся…

Схапілі вельмі шмат людзей, нас засталося мала. Я вырашыла ісьці дадому, але спачатку зайсьці ў Сьвята-Духаў сабор, ды на падыходзе да яго мяне і групу жанчын, якія туды кіраваліся, акружыла вялікая група амапаўцаў, кожны зь іх схапіў па адной жанчыне, і нас павялі ў аўтазак. Я, вядома, не маўчала, сарамаціла іх. Казала, што яны храбрыя толькі з пэнсіянэрамі, але мяне загналі туды разам зь іншымі.

Дзяўчаты сталі пісаць SMSкі з нашымі прозьвішчамі праваабаронцам, а мяне папрасілі пасварыцца з амапаўцамі, каб яны не перашкаджалі, што я і зрабіла бліскуча. Мяне хлебам не кармі, а дай падаконваць амапаўца. Адзін быў адэкватны, а другі нейкі не зусім нармальны. Ён стаў мацюкацца, замахвацца на мяне дручком і мяне, пэнсіянэрку, абзываць курыцай (!!!), а потым як абвараны кіпенем выскачыў з аўтазака. А перад гэтым сказаў мне перастаць квахтаць. Я ўзялася за другога амапаўца, ён таксама чамусь нэрваваўся. Дзяўчаты пад шумок напісалі SMS і далі мне адбой. Я змоўкла з пачуцьцём выкананага абавязку і вельмі задаволеная сабой.

Пасьля гэтага нам загадалі пераходзіць у другі аўтазак. Я ўпіралася, казала, што мне і ў гэтым падабаецца, але яны ня слухалі мяне, загналі нас у суседні аўтазак… На падлозе ляжаў бел-чырвона-белы сьцяг, увесь у брудзе. Нам загадалі ісьці па ім! Я абурылася. Пасьля нас пагналі ў «стакан» — вузкае памяшканьне ў канцы, разьлічанае на трох чалавек, нас запіхнулі туды ўдзевяцёх, мужчын паставілі на калені, рукі за галаву, ілбом у падлогу, зачынілі дзьверы… і пусьцілі газ!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я зайшла апошняю, мне дасталася першай. Я заплюшчыла вочы, закрылася маскай, старалася меней дыхаць. Дзяўчатам, якія стаялі побач, стала зусім дрэнна, адна спачатку кашляла, а потым стала падаць. Дзьверы адчынілі, мяне папрасілі адысьці крыху ўбок, а Ірыну (яна мэдык), падвялі да кратаў, каб яна магла дыхаць. Ёй стала лягчэй, але тут дзьверы зачынілі зноў і пусьцілі газ. Усім стала дрэнна, я таксама пачала хіліцца ўбок. Дзьверы адчынілі, праветрылі аўтазак, туды зайшлі амапаўцы, і нас павезьлі ў РУУС…

Калі мы прыехалі ў РУУС, нам загадалі стаць ланцужком каля сьцяны. Мы там стаялі хвілін 15, а потым загадалі падняцца наверх. Мужчын было крыху больш, чым жанчын. Сярод жанчын было шмат пэнсіянэрак, адной нават 71 год. Мужчыны былі пабітыя, пазначаныя фарбай, у некаторых былі выскубаныя валасы. Адзін хлопец сядзеў каля мяне і стагнаў, у яго былі адбітыя ныркі. Нас выклікалі па адным, мы падпісвалі нейкія дакумэнты. У мяне арыштавалі завушніцы і пярсьцёнак. Сказалі, што вернуць, калі я аплачу штраф альбо адсяджу содні. Потым мяне павялі да сьледчага. Я зайшла бяз маскі і стала кашляць. Проста было сумна. Ён мяне выгнаў. Я пайшла да другога сьледчага, падпісала нейкія дакумэнты.

Вады нам не далі, сказалі, што вада ёсьць у кране. У прыбіральні было брудна. Амапаўцы і міліцыянты штораз мацюкаліся. У залю, дзе мы былі, прывялі Вольгу. Я ўзрадавалася. Дачку выпусьцілі, бо яна была непаўналетняя. Мы паразмаўлялі. Парадавала, што кампанія была клясная — усе мелі вышэйшую адукацыю, а некаторыя добра размаўлялі па-ангельску і на іншых мовах.

Прыблізна а трэцяй гадзіне (ночы!) нас загрузілі ў аўтобус і павезьлі ў турму ў Жодзіна. Нас сустрэў той самы злосны амапавец, які замахваўся на мяне ў аўтазаку. На прыступках зноў быў сьцяг, ён загадаў ісьці па ім. Вольга збочыла, ён моцна ўдарыў яе ў грудзі. Я пайшла па чырвонай палосцы, каб не запэцкаць белыя. Нас паставілі ля сьцяны, я глянула долу і ўбачыла налепку — БЧБ-сьцяг! Радасьць была вялікая, я ажно падскокнула ад радасьці. Затым амапавец загадаў усім ісьці на кукішках уздоўж сьцяны. Я не магла так ісьці, крыху сагнулася і пайшла. Ён прычапіўся да Натальлі, мы зь ёй пасьля трапілі ў адну камэру. У яе балелі ногі і сэрца, яна не магла хутка бегчы. Ён так моцна крычаў на яе, што мы былі ў шоку. Нас прывялі ў камэру. Там былі чатыры ложкі-шконкі, дзьве лаўкі і паліцы пад тэлевізар і імбрык. Прыбіральня была ў камэры, вада для піцьця з-пад крана. Дзяўчаты леглі па дзьве на ложкі, мы селі на лаўкі і пастараліся заснуць, паклаўшы галаву на стол…

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Нас не кармілі. Мне трэба было прыняць мае лекі, якія ляжалі ў сумцы ў калідоры, мы некалькі разоў грукалі ў дзьверы, але ніхто не адказваў. Празь некалькі гадзін зайшоў міліцыянт, які прынёс мне тры лустачкі хлеба. Я выпіла лекі і супакоілася. Мы пачалі знаёміцца і размаўляць. Сярод нас былі мэдыкі, настаўнікі, праграмісткі. Узаемадапамога была проста надзвычайная. Мы падтрымлівалі адна адну, шмат жартавалі, спачувалі адна адной. Праз калідор была камэра мужчын, адтуль быў чуваць сьмех. Як аказалася, у камэры былі 32 праграмісты. Там таксама была атмасфэра падтрымкі, хоць зь іх зьдзекаваліся больш. Калі мы ішлі па калідоры, мы бачылі на падлозе акрываўленыя сьцяжкі. Імі сьцягвалі рукі мужчын. Дзяўчаты расказвалі, што мужчыны стаялі з узьнятымі рукамі, якія былі раней сьцягнуты сьцяжкамі, і па іх руках цякла кроў. І ніхто зь іх ня скардзіўся…

У калідоры чуліся мацюкі турэмнікаў, іх крыкі. Потым да нас прывялі яшчэ жанчын, нас стала 23. Дыхаць было цяжка, вэнтыляцыя адсутнічала. Потым нас стала ізноў 15. Астатнія пайшлі на суд. Прысуджвалі ад адной да 15 базавых штрафу. Маю справу і справу Ірыны адправілі на дапрацоўку, у нас суд будзе 23 лістапада ў Смалявічах, у Менску судзьдзі вельмі загружаныя.

Нарэшце нас павялі на выхад з рэчамі. Нас сустрэлі валянтэры. Дзеці шукалі мяне ноччу, раніцай прывезьлі мне рэчы і лекі, але іх не прынялі. Мусілі раніцай ехаць дамоў, валянтэры паабяцалі, што мне перададуць лекі і адвязуць дадому. Я так удзячна ім, гэтым незвычайным людзям. Мне далі паесьці і папіць, давезьлі дахаты.

Сын цяпер жартуе зь мяне, кажа, што нарадзіўся ў сацыяльна небясьпечнай мамы. Я таксама сьмяюся. Часам трэба трапіць у такую сытуацыю, каб зразумець, як цябе любіць твая сям’я. А таксама адчуць радасьць ад простых рэчаў — паху кавы раніцай, выспацца, не прачынаючыся ад крыку турэмнікаў, і проста радавацца магчымасьці ўбачыць неба ў акне“.

„Я буду крычаць, як парадзіха“

Зьміцер Дашкевіч:

„Крык

Народная мудрасьць кажа: ніколі не кажы “ніколі”. І я стараўся так і рабіць. А потым нахабнейшым стаў і падумаў: “Ніколі і нічым вы мяне ўжо ня зьдзівіце ў турме”. І вось пераступіла нага мая камэру №7 Ізалятара часовага ўтрыманьня. Палкоўнік запасу Сяргей Маслоўскі, які падняўся з падлогі, аж прысьвіснуў, бо перад уваходам у бэтонную клетку зь мяне зьнялі палову вопраткі, уключна з курткай: “Як ты сядзець тут будзеш?!” Прысьвіснуў і я, бо за гадоў пяць бадзяньня па турмах і зонах я такіх умоваў адседкі не сустракаў.

Зьміцер Дашкевіч

Бэтонныя клеткі Ізалятара часовага ўтрыманьня, камэры №7 і №8, незразумела, да якога юрыдычнага статусу належаць. Па-першае, я даўно ня бачыў камэр з крывой бэтоннай сьцяжкай замест падлогі. Нават у самых дабітых зонаўскіх ізалятарах падлога засьцелена дошкамі ці, у горшым выпадку, плітамі зь якога пілавіньня. Бо вільготныя бэтонныя ізалятары — галоўная крыніца сухотаў.

Па-другое, у зонаўскім ізалятары на ноч адкідаюць нары, у турэмным карцары адкідаюць нары і даюць на ноч матрац з коўдраю. Натуральна, у кожнай камэры ёсьць прыбіральня з вадой і нават рукамыйнік з вадой. У зімовы пэрыяд часу і ў ізалятары, і ў карцары дазваляецца надзяваць пад робу нацельную бялізну. Статус жа бэтонных клетак у ІЧУ ні пад што не падыходзіць — перад уваходам стараюцца максымальна разьдзець (адна рэч — зьнізу, адна — зьверху), нары на ноч не адкідваюцца, ваду ў рукамыйніку і ўнітазе знарок адключылі (каб ты сядзеў у камэры, як быдла ў стайні, — хадзіў у прыбіральню і ня мог змыць) — гэта проста катоўня памерам 1,6 на 3,2 мэтра, а ня камэра.

Мы сьпіна да сьпіны прылеглі на запасную Сяргееву кофту, падклалі бутэльку вады пад галаву ды кожную гадзіну падымаліся, разьміналі косткі, мяняліся бакамі — і пры кожным пад'ёме я проста сьмяяўся, асэнсоўваючы, у які сюр я трапіў. Палкоўніку было ня так сьмешна, бо ён на той час гагатаў ужо 15-ы дзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У першую ноч Сяргей Маслоўскі апавядаў мне сваю гісторыю. Ён кіраваў ДАІ Менскай вобласьці і ў 2010 годзе сышоў на пэнсію. Сёлета далучыўся да выбарчай кампаніі, езьдзіў са штабам па гарадах. Сяргея арыштавалі на шэсьці 11 кастрычніка, добра апрацавалі дубіналам, далі 15 содняў і павезьлі ў Жодзіна. У Жодзіне ж, зразумеўшы, што перад імі палкоўнік запасу, чамусьці не прынялі і павезьлі назад у ІЧУ, дзе кінулі ў катоўню №7.

Ашалеўшы ад убачаных умоваў, палкоўнік адмовіўся прымаць ежу. Праз тры дні ў яго падскочыў ціск і выкліканая «хуткая» прыняла рашэньне арыштанта забіраць. Начальнік ІЧУ не хацеў аддаваць, але доктар настаяў. Сястрычка, якая прымала Сяргея ў шпіталі МУС, сказала: ня бойцеся, мы вас ім не аддамо. Доктарка, якая ставіла Сяргею першую кропельніцу, бачачы ягонае сіняе цела, плакала і казала: “Мы ўсе за вас”. Начальнік ІЧУ не здаваўся: выставіў Сяргею кругласуткавы канвой і езьдзіў асабіста ў шпіталь, стараючыся як мага хутчэй вярнуць арыштанта ў ізалятар, што нейкім чынам і зрабіў праз чатыры дні. Але, трохі ачуняўшы і едучы назад у ІЧУ, Сяргей быў хаця б перакананы, што цяпер яго зьмесьцяць у звычайную камэру. Якое ж было зьдзіўленьне 55-гадовага палкоўніка запасу, калі яго зноў кінулі ў бэтонную клетку. Але гэтым разам ён прарваўся з швэдрам і лёгкай, але курташонкай — гэта ратавала здароўе яму і цяпер мне.

На наступны дзень, увечары панядзелка, 26 кастрычніка, Сяргея Маслоўскага мусілі вызваляць. “Начальнік абяцаў, што вызваляць”, — пераконваў мяне Сяргей. “Ну глядзі, — кажу я яму, — калі дасядзіш да вечара, то пэўна пойдзеш дахаты. Калі тузануць з камэры раней — раскрутка”. Гадзіне а 12-й расчыніліся дзьверы камэры і Сяргею загадалі сабрацца з рэчамі. Радасны палкоўнік падскочыў і ўчапіўся за зубную пасту. “Чаго ты радуесься?” — спытаў я яго. “Дык на свабоду ж!” — “Якую свабоду, калі ў цябе тэрмін да вечара, а цяпер шчэ абеду няма?” — “Мне абяцалі свабоду!” — “Кажу табе, гэта раскрутка”. — “Але начальнік абяцаў!” Так мы і разьвіталіся, не сышоўшыся ў думках: радасны палкоўнік запасу пакінуў мне свой швэдар — і больш у катоўні №7 я яго ня бачыў.

Ходзячы потым туды-сюды па камэры, я падумаў, што не хапае для паўнаты карціны, каб бэтон залівалі вадой. Падзяліўся гэтай думкай зь сядзельцам катоўні №8, які расказаў мне, што першы тыдзень яму так і залівалі. І як ён быў босы, то залазіў на зэдлік і чакаў, калі вада высахне. Сядзеў жа ў суседняй клетцы, а можа шчэ сядзіць і цяпер, Дзьмітры Кулакоўскі — 37-гадовы капітан міліцыі, які ў Заводзкім РАУСе 9 жніўня кінуў дакумэнты з рапартам на стол і перастаў хадзіць на «працу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Капітана шукалі з СОБРам і ўрэшце арыштавалі. Спрабавалі навесіць крымінал за нейкае быццам бы злоўжываньне, але зрабіць гэта было цяжка, і пачалі караць “суткамі”. Першы раз далі 12. Па сканчэньні паднялі на ноч у звычайную камэру, а на наступны дзень выпісалі новыя содні. Абвінавацілі яго ў тым, што па вызваленьні з ІЧУ фоткаў будынак на тэлефон і на заўвагі супрацоўніка не рэагаваў. Дзьмітры заявіў, што яго не вызвалялі нават з ІЧУ, але «сьведка» сказаў, што вызвалялі. Дзьмітры заявіў, што ў яго і тэлефона няма ў рэчах, але «сьведка» сказаў, што ёсьць. Капітану далі 15 і вярнулі ў катоўню №8. Пачутае далей мяне ўвяло ў поўны ступар: чалавека больш за 20 дзён ня водзяць мыцца, не даюць яму таблетак, якія прынесла жонка і якія ляжаць пад камэрай, не дапрасіўся ён нават сваю зубную пасту. Я з маім паслужным сьпісам такога катаваньня ня толькі нідзе ня бачыў, але і ня чуў нават.

І кіруе катаваньнем асабіста начальнік ІЧУ, які і мяне распранаў. На маё пытаньне пра законнасьць такога ўтрыманьня садыст перадгенэральскага чыну доўга мацюкаўся і пагражаў расправай. Хоць мне пашанцавала: за мяне на волі малілася царква, ваявала жонка — мяне памучылі толькі трое сутак і, думаю, не ад добрай волі, а пад ціскам грамадзкай думкі вырашылі этапаваць у Баранавічы і перад гэтым перавялі на ноч у звычайную камэру.

Зайшоўшы ў яе, я гагатаў ужо на поўную — на нарах сядзеў мой стары знаёмы, палкоўнік запасу Сяргей Маслоўскі. “Ну што, на свабодзе?” — сьмяяўся я, бо так моцна кантраставала аблічча Сяргея, які радасна выскокваў з катоўні, з надзьмутым Сяргеем у камэры, што я ня мог сябе стрымліваць. “Ага!” — буркнуў Сяргей і расказаў мне працяг сваёй гісторыі.

Адразу па вызваленьні з катоўні №7 яго ўзялі ў калідоры супрацоўнікі Савецкага РАУС і павезьлі да сябе, дзе аформілі супраціў міліцыі і вярнулі ў ІЧУ. На судзе Сяргей даведаўся, што ў 17:40 ён супраціўляўся на плошчы Якуба Коласа. Сяргей запярэчыў, што ён жа вызваліцца мусіў у 17:10. Судзьдзя сказала, што часу ў яго хапала. Сяргей запярэчыў, што яго ня вызвалілі, але завезьлі ў РАУС, а сьведка сказаў, што Сяргей адмаўляўся праехаць для высьвятленьня асобы. Сяргей запярэчыў, што яму не было б сэнсу адмаўляцца — у яго і пэнсійнае пасьведчаньне з сабою, сьведка сказаў, што Сяргей падазроная асоба і дакумэнтаў недастаткова. Вынік: новых 15 дзён арышту. Але гэтым разам ужо ў звычайнай камэры. І, гледзячы на мой няспынны сьмех, Сяргей пачаў сьмяяцца і сам. “Толькі калі ў машыне на Савецкі РАУС “бранзалеты” зашпіліліся на маіх руках, я зразумеў, што ты казаў мне праўду”, — згадзіўся нарэшце са мной палкоўнік запасу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Але сорамна было мне, калі я лёг на матрац і чамусьці заснуць на ім мне было яшчэ цяжэй, чым на бэтоне. І я пасярод ночы зразумеў, чаму мне так няёмка — у суседняй камэры ўсё яшчэ ляжыць на бэтоне Дзьмітры Кулакоўскі. “Ведаеш, сябар, — сказаў я праз шчыліну ў кармушцы суседу, — ты мусіш выжыць, бо нам трэба міністар МУС, які сядзеў у турме. Які ведае, што такое душэўныя і фізычныя пакуты ў камэры чалавека — і чалавека вінаватага, і пагатоў невінаватага. Нам трэба такія кіраўнікі сілавога блёку і дзяржавы, якія ведаюць, як гэта — зьбірацца падохнуць у бэтоннай клетцы. І я веру, што мы перажывём гэтыя жахлівыя дні, у нас няма іншага варыянту, бо пры іншым варыянце ня будзе нас саміх — і такія людзі, як Дзьмітры Кулакоўскі, будуць кіраваць новай Беларусяй, у якой ня будзе месца дзяржаўнаму садызму і маньякам пры ўладзе”.

Я абяцаў суседу па катоўні, што буду маліцца за яго і расказваць пра яго людзям — і я малюся і крычу, бо іншых сродкаў дапамагчы ў нас няма, мы жывём у дзяржаве, дзе «часам не да закону», і гэты час зацягнуўся на 26 гадоў. І я заклікаю маліцца за тысячы вязьняў, за дзясяткі тысяч зьбітых, за сем'і забітых і скалечаных і крычаць аб іх пакутах кожнага. Гэта лямант у пустыні, як кажа Біблія пра Яна Хрысьціцеля. “Я буду крычаць, як парадзіха”, — кажа аб Сабе Бог праз Ісаю. “Калі яны замоўкнуць, камяні будуць крычаць”, — кажа Ісус Хрыстос пра Сваіх вучняў. Дык не прымушай крычаць камяні, крычы сёньня ты. І няхай гэты крык пачуе Госпад“.

„Бачыш жанчын, аднагодак маёй маці, — у сіняках рукі“

Леанід Мышленьнік, 37 гадоў, эканаміст, Берасьце:

Леанід Мышленьнік. Фота August2020

„Затрымалі мяне 9 жніўня на скрыжаваньні вуліц Карла Маркса і Пушкінская. Зьбіраліся з адным чалавекам ісьці ў парк, проста прагуляцца. Ніхто не пратэставаў там, не выкрыкваў нічога супраць, скажам так, на той момант яшчэ дзейнай улады. Плошча была перакрытая, людзі ня ведалі, як можна прайсьці.

Падышоў да супрацоўнікаў без апазнавальных знакаў спытаць, дзе я магу гуляць у сваім горадзе. Там яшчэ стаяў нейкі падпалкоўнік зь імі побач і здымаў на тэлефон усё. Пачуў: «Працуем». Мне выкруцілі руку. У выніку разам са мной затрымалі яшчэ шэсьць чалавек. Пасадзілі ў аўтобус, затым перасадзілі на праспэкце Машэрава, каля будынку Берасьцейскага РАУС, у аўтазак. Яны ўжо хапалі там людзей.

Выскачылі і пачалі проста хапаць людзей на вуліцы. З аўтобуса было відаць, як людзей б’юць дубінкамі ўдвох ці ўтрох. Ніякага мітынгу не было. Усе чакалі яшчэ вынікаў выбараў. Я ўзяў раздрукоўку званкоў: у 21:12 я ўжо сядзеў у аўтазаку, тэлефанаваў аднаму чалавеку сказаць, што мяне затрымалі, каб ён перадаў маім блізкім. Я яшчэ нават ня ведаў, куды нас павязуць. Пасадзілі двух непаўналетніх са мной. У аднаго была губа разьбітая.

Раней палітыкай ня моцна цікавіўся. Гэта не маё, я адукацыяй эканаміст. Галасаваць сёлета хадзіў, вядома. І што будуць такія пратэсты, я не чакаў. А міліцыя казала: «Вас не папярэджвалі, што ў горад хадзіць нельга?» Маўляў, сродкі масавай інфармацыі казалі пра гэта. Хоць нідзе такога ня згадвалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця, адкуль перавялі ў ІЧУ — гэта той самы будынак. Магчыма, міліцыянты гулялі ў «дрэнны-добры». Спачатку ў ІЧУ было нармальна ўсё. У 8-мясцовай камэры нас ці то 10, ці то 11 было. Да 11 жніўня зьняволеным наогул нічога не казалі. А з 11-га пачалося. Ёсьць там адзін маёр, ён нават на сваіх падначаленых крычаў «Вы жывёлы!», падганяў іх, каб яны горш да нас ставіліся. На допыты калі выклікалі, ставілі на расьцяжку — больш за мэтар шырыня паміж нагамі, рукі да сьцяны. Калі пачынаеш рухацца — ногі ж разьяжджаюцца — па нагах маглі ўдарыць, па печані. Псыхалягічна ціснулі. Напрыклад: «Мы вам зараз закінем зэка, які хлопчыкаў любіць, вось вы павесяліцеся там ужо».

У Доме правасудзьдзя наагул на калені ставілі. І затрыманых выкідалі з аўтазака на асфальт — калені былі падзёртыя. Ты выбягаеш з аўтазака, цябе могуць дубінкай ударыць, калі павольна бяжыш. І калі пацэляць. Звычайна па адным у камэру саджаюць, пакуль суду чакаеш, — тут па трое, па чацьвёра знаходзіліся.

Суд твае довады, просьбы зьвярнуць увагу на білінг, на відэазапісы або папрасіць сьведак не бярэ пад увагу. Паводле рапарту супрацоўніка міліцыі, я нібыта знаходзіўся ў 21:20 на праспэкце Машэрава, 39, мітынгаваў, выкрыкваў — як звычайна. Хоць я ўжо быў затрыманы. Са мной хлопец сядзеў, яго наогул спынілі супрацоўнікі ДАІ ў 19:20, папрасілі праехаць зь імі для складаньня пратаколу ў Ленінскі РАУС — і зачынілі на суткі, нібыта ён на мітынгу быў.

З суду нас прывезьлі ў СІЗА. Там таксама сядзелі на кукішках, рукі за галавой, яны з сабакамі хадзілі. Ратвэйлер за сантымэтраў 70 ад цябе брэша, пашча клацае. Людзей, якіх затрымлівалі, вазілі наогул па ўсёй вобласьці, не пакідалі толькі ў Берасьці.

Стаўленьне ў СІЗА было лепей, чым у ІЧУ, не было такога зьверства, як у гаражах або ў спартзалі РАУС. У 10-мясцовай камэры нас было максымум 27 чалавек, але 12 жніўня некаторым давалі штрафы і выпускалі, таму падсялялі. Ніхто на нас нічога абразьлівага не казаў, нас памыцца звадзілі, адзін раз выпусьцілі на шпацыр. У камэры проста размаўлялі. У ІЧУ рабілі з паперы карты, але іх забіралі.

Мы пыталіся ў супрацоўнікаў ІЧУ, што адбываецца ў краіне, але ніхто нічога не казаў. 11 жніўня толькі стала вядома, што нібыта ў Берасьці, вобразна кажучы, вайна ідзе. Толькі 13-га мы ўбачылі гэта па траўмах. Таму што 12 жніўня на судзе былі тыя, каго 9-га затрымлівалі. Усе думалі, што вайна зараз пачнецца, будуць рэальна людзей забіваць.

У мяне больш істотных траўмаў не было. Так, сінякі дробныя, калі руку круцілі. А вось прывозілі людзей, якіх затрымлівалі 10-11 жніўня... На сьпіне адбітак пратэктара ад берца. Я не ўяўляю, зь якой сілай трэба ціснуць. Чалавек прыехаў з гаражоў у Ленінскім РАУС колеру бакляжана. У яго быў закрыты пералом рукі. У гаражах білі дзяўчыну — ён лёг на яе, закрыў целам. І яго дубінамі білі. Ён з намі ў камэры ў СІЗА гадзіну пабыў і зьехаў. Людзі прыяжджалі з выразанымі на штанах адтулінамі. Гвалтавалі іх дубінкамі ці не, ня ведаю. І ў СІЗА табе ніхто ня скажа, ніхто ня ведае, як да гэтага паставяцца. Сьляды ад куль гумавых на руках былі. “Кармушкі” былі адчыненыя: бачыш жанчын, аднагодак маёй маці, — у сіняках рукі. У СІЗА быў мужчына, у якога са шчытавіцай праблемы, — яму толькі на пяты дзень лекі перадалі, хоць іх трэба штодня піць.

Пасьля таго, як зь СІЗА выпусьцілі амаль усіх і нас засталося 21, ізноў перавялі ў ІЧУ. Другі раз там ужо па-хамску ставіліся. У іх пытаеш, ці адпусьцяць цябе, напрыклад: «Адпусьцяць, не адпусьцяць — сядзі». Пра час даведацца: «Прыйдзе час, даведаесься». Даведваесься па тым, што раз на гадзіну выводзяць пакурыць.

Быў у нас супрацоўнік такі, і ў ІЧУ, і ў СІЗА, які нам цыгарэты прыносіў. За свае грошы купляў і прыносіў. Быў час, што нам цыгарэты нават забаранялі перадаваць. Расказваў, дзе што адбываецца. Але такіх мала было, 1-2 чалавекі з усіх. Ім таксама забаранялі з намі размаўляць, усюды камэры. Гэты калідорны 15-га сказаў, што звальняецца. І мы больш яго ня бачылі. Ён расказваў, яго нават ледзь ня пабілі, калі ішоў дадому ў форме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я ўсе 10 дзён, якія мне прысудзілі, адседзеў. У мяне на руках толькі пастанова суду Ленінскага раёну Берасьця і абласнога. Ніякія дакумэнты не выдаваліся. І толькі на пяты дзень мяне блізкія знайшлі, праз знаёмых, а потым і сьпісы зьявіліся. Калі тэлефанавалі ў ІЧУ, казалі, ня ведаюць, ці ёсьць такі. Альбо ўвогуле ня бралі слухаўку.

Выйшаў — рука ные і ные. Думаў спачатку, што проста адлежаў на нарах. Зьвярнуўся да лекара, МРТ зрабілі — пералом пляча. Калі не рабіць апэрацыю, плячо будзе проста вылятаць. Зараз да кіляграма дазваляюць падымаць толькі. Рабочай рукой. Я даглядаю бабулю, ёй ужо 88 гадоў. Паехаць да яе, каб нешта зрабіць, немагчыма. Я зьвярнуўся ў “Имена”, і валянтэры шукаюць, дзе можна зрабіць апэрацыю. У нас такую ня зробяць. Цяпер заўважыў, з раніцы пачаў сустаў выскокваць. Таму ўжо стала страшна.

Некаторыя знаёмыя суперажываюць. Некаторыя... гуляюць, скажам так. А некаторыя кажуць, сам вінаваты, няма чаго лазіць. “Вам праплацілі, вы хочаце разбурыць краіну”. Больш жорстка стаў ставіцца да людзей з процілеглымі поглядамі. Такое адчуваньне, што брат на брата пайшоў. Імкнуся зь імі не кантактаваць, хоць раней нічога не перашкаджала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі даведаўся, што адбывалася ў тыя дні, крыўдна стала, што мяне так рана затрымалі. А другое пачуцьцё — агрэсія. Якое яшчэ можа быць адчуваньне ад таго, што адбываецца? Трохі страху. У кватэры не куру, даводзіцца выходзіць. Перш, чым выйсьці кудысьці, пару разоў у вочка паглядзіш. Па вуліцы ідзеш — увесь час азіраесься. Раней замкнеш на адзін паварот ключа, цяпер на два. Спачатку так наогул: засынаю, чую шоргат — вочы расплюшчваюцца. Кашмары сьніў. Сьнілася мне вясельле на могілках.

Думкі зьехаць ёсьць, і не ў мяне аднаго. У мяне брат у Менску на “плошчы Пераменаў” жыве. Кажа, калі нічога ня зьменіцца, забярэ сям'ю і зьедзе. Сястра стрыечная таксама. Бацькі кажуць: “Калі трэба, едзь”, але я не магу іх пакінуць. Розумам разумею, што калі ўлада застанецца гэтая самая, то рабіць тут няма чаго. Будзе Паўночная Карэя.

Прысуд абскардзіў у абласным судзе, аднак рашэньне раённага суду засталося бязь зьмен. Ужо напісаў наглядную скаргу на набыцьцё законнай моцы пастановы ў справе аб адміністрацыйным правапарушэньні на імя старшыні абласнога суду. Пакуль разглядаецца скарга, чалавек мае права не аплачваць рахунак, які выставілі за знаходжаньне ў ІЧУ“.

August2020

„Пабілі, выставілі бандытам і паказалі па БТ“

Аляксандар Д., 18 гадоў, цырульнік, Менск:

„Цяпер уся сям’я ў шоку ад таго, як тэлеканал «Беларусь-1» зрабіў зь мяне ледзь не тэрарыста. А я проста ішоў каля крамы са сваёй дзяўчынай.

У доказ маіх нібыта радыкальных поглядаў у сюжэце БТ паказалі кадры апэратыўнай здымкі з дэманстрацыяй маіх тату. Здымка шмат разоў перарывалася. Пры гэтым тыя, што здымалі, казалі, што твару ня будзе відаць.

Я абураны, што сілавікі і журналісты мяне выставілі поўным бандытам, напалохалі бацькоў, пабілі і паказалі на БТ.

Аляксандар Д., тату. Фота naviny.by

12 кастрычніка мы ішлі каля ўнівэрсама «Рыга», было каля 19:30. Мы спускаліся па сходах. Бачылі, што людзі стаялі, махалі сьцягамі. Калі сілавікі пачалі затрыманьне, мы нават не ўцякалі. Я зыходзіў з таго, што мы ж проста ідзём па вуліцы. У выніку атрымалася так — уцяклі тыя, хто ўдзельнічаў у пратэсьце, а затрымалі тых, хто ў краму ішоў. Я гэта ведаю — прыйшлося ж потым больш за суткі зь людзьмі адседзець. Вядома, я супраць таго, каб затрымлівалі і білі мірных удзельнікаў акцый, але калі такое адбываецца, калі ты проста ідзеш зь дзяўчынай каля крамы...

Завялі ў мікрааўтобус. Я адразу сказаў, што супраціўляцца ня буду, даў сябе абшукаць.

Некаторыя рэчы, якія ў мяне знайшлі, потым паказалі ў сюжэце на БТ — два нажы, балаклава, газавы балёнчык. Маўляў, дарагія гледачы, якія яшчэ вам патрэбны доказы неправамерных намераў затрыманага?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Балаклаву мне калісьці падарылі, балёнчык часам браў для самаабароны, а сьцізорыкі выкарыстоўваліся, каб нешта адкрыць або абрэзаць. Увогуле, нічога супрацьзаконнага. Пагатоў у той дзень я проста пераносіў некаторыя свае рэчы з аднаго месца ў другое. Усе яны (там былі і іншыя, якія па БТ не паказалі) ляжалі ў заплечніку — не ў кішэнях, не за поясам, а ў заплечніку.

Я ніколі не ўжываў ні нажы, ні балёнчык супраць людзей.

У мікрааўтобусе пры перавозцы мяне паставілі на калені, тварам да задніх дзьвярэй, рукі зафіксавалі з дапамогай плястыкавай сьцяжкі. Да гэтага часу не магу нармальна друкаваць — вялікія пальцы дранцьвеюць. Забаўна, што каля мяне ляжала нечая каўбаса, хлеб. Захапілі яшчэ людзей, прыехалі, як я потым зразумеў па размовах, у Савецкае РУУС. Там людзі з закрытымі тварамі, не ў міліцэйскай форме, білі мяне і іншых затрыманых.

Ад мяне патрабавалі прызнацца, што я анархіст. Такую выснову зрабілі з таго, што ў мяне на целе ёсьць спэцыфічныя тату.

Гэта карцінкі, некаторыя зь якіх у мяне з 16 гадоў, я набіў іх на знак пратэсту супраць таго, якая ў нас дзяржава. Паказвалі нейкія групы ў сацсетках, сьцьвярджалі, што я адміністратар групы анархістаў. Я быў у паніцы, было адчуваньне, што мне шыюць справу. «Мужыкі, у чым прызнацца?» — пытаўся я. Тлумачыў, што і навошта было ў мяне ў заплечніку, што нічога не рабіў і ня маю дачыненьня да гэтых суполак.

Білі за ўсё, што знайшлі ў заплечніку — за нажы асобна, за балаклаву асобна. Зьбівалі дубінкай, рукамі, нагамі. «Гавары, што анархіст», — загадвалі.

Аляксандар Д., пабоі. Фота naviny.by

Білі, прычым, мне здаецца, знарок так, каб асабліва не было сьлядоў. Сінякі ёсьць, але ня столькі, як можна было чакаць. Я нават ня стаў здымаць пабоі, думаю, гэта бескарысна. Мяне ўразіла, як моцна білі 19-гадовага хлопца — пяць чалавек на аднаго. Ён невялікага росту, нават ня скажаш, што яму столькі гадоў. Звалі яго Яўген. На «Беларусь-1» паказалі яго ў бронекамізэльцы.

У выніку я падпісаў пратакол, у якім пагадзіўся, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я разумеў, зыходзячы з допыту і біцьця, што гэта для мяне самае простае, што можа здарыцца. Тут увайшоў нейкі чалавек і кажа: «Хто хоча на Жодзіна?» Яны вырашылі, што паеду я і іншыя. Дарогу я правёў на падлозе аўтамабіля — галавой у прасторы паміж сядзеньнямі. Многія, у тым ліку я, біліся галавой, пакуль ехалі. У Жодзіне адзін мужчына сказаў, што ён кантакт першага ўзроўню — хварэе яго мама, якая зь ім жыве. Нам выдалі маскі. Спыталі, ці патрэбна вада. Далі адну бутэльку на ўсіх. Меры засьцярогі былі такія — каранавірусны п’е апошнім. У аўтазаку нас было 25 чалавек, у камэры апынуўся 21. Аднаго вывелі сярод ночы: мне здаецца, яго да нас пасадзілі слухаць размовы, думаю, гэта быў ціхар. Дзе дзеўся той 19-гадовы хлопец, ня ведаю.

Дваццаць чалавек спалі на дзесяці ложках, на жалезных прутах, — не было ні матраца, ні бялізны. Так мы правялі каля двух сутак — спалі па чарзе. На другі дзень было вельмі холадна. Я быў у майцы, вельмі прасіў куртку, далі празь некалькі гадзін.

У выніку прызналі вінаватым паводле арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве), штраф — 10 базавых, і адпусьцілі. Ні пра якое блякаваньне дарог, як заяўляла прэс-служба МУС, або экстрэмізм на судзе гаворкі не вялося.

Некаторым выпісалі такі самы штраф, некаторым пяць базавых. Ужо прайшло некалькі дзён пасьля вызваленьня, няма ніякіх дакумэнтаў з суду. І забраных рэчаў пакуль не вярнулі.

Калі сядзеў у Жодзіне, больш за ўсё хваляваўся за маму, яна сардэчніца. Пазьней даведаўся, як сям'я глядзела сюжэт на БТ, дзе мяне паказвалі. Усе плакалі. Вызвалілі мяне 14 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі выйшаў, убачыў шмат валянтэраў — яны сьпісы складаюць, дапамагаюць дабрацца дадому. Мне таксама прапаноўвалі, але мой бацька быў пад турмой. Ён перадачу прывёз, доўга там стаяў. Я сеў да яго ў машыну, мы яшчэ трох чалавек у Менск падвезьлі. Калі маму ўбачыў, зразумеў, што яна вельмі моцна хвалявалася. І бацька перажываў.

Лічу, што пацярпеў незаслужана — я ня быў на акцыі. Аднак і з тымі, хто ўдзельнічае ў мірным пратэсьце, нельга так абыходзіцца, як са мной. Яны нас называюць фашыстамі, але мне здаецца, гэта сілавікі — фашысты. У Беларусі дзеецца поўнае беззаконьне. У гэтай краіне такога не павінна быць“.

naviny.by

„Пагражалі вывезьці з краіны жывую або па частках“

Марыя Калесьнікава, 38 гадоў, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, Менск:

Марыя Калесьнікава

„7 верасьня мяне выкралі ў цэнтры Менску. Пасьля майго выкраданьня мяне завезьлі і сілай зацягнулі ў кабінэт Карпянкова М. М. (начальніка ГУБАЗіК МУС), дзе ён крычаў, абражаў, запалохваў. У яго кабінэце «гутарка» адбывалася з двума іншымі спадарамі (Казакевічам Г. А., першым намесьнікам міністра ўнутраных спраў, і Паўлючэнкам А. Ю., начальнікам Апэратыўна-аналітычнага цэнтру). Вы часта можаце бачыць іх у афіцыйных СМІ. Яны паставілі ўльтыматум: я зьяжджаю з краіны і з-за мяжы раблю, што хачу, альбо мяне вывезуць — жывую або па частках. Зломяць пальцы, закрыюць на 25 гадоў на зоне, дзе я буду шыць кашулі сілавікам. Гутарка доўжылася пару гадзін зь перапынкам на «адпачынак» у камэры-адзіночцы.

Мяне перавезьлі ў СІЗА КДБ, дзе пасьля ператрусу зьмясьцілі ў камэру-адзіночку, на верхні паверх. Я «адпачыла» там пару гадзін, і мяне правялі ў будынак КДБ для гутаркі з трыма супрацоўнікамі (адзін зь іх — Бычак К. Ф., начальнік аддзелу Сьледчага ўпраўленьня КДБ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пракураныя, цёмныя, маркотныя калідоры, дзе са сьцен глядзіць дзед і вітрыны з вымпеламі, сьцягамі і іншымі кадэбэшнымі артэфактамі, пакідалі дзіўнае ўражаньне. Там быццам трапляеш у стары савецкі фільм.

«Займальная гутарка» доўжылася да позьняй ночы. Сярод мноства пытаньняў іх цікавіла інфармацыя пра мяне: хто аўтар тэкстаў, чаму я сьцьвярджаю пра фальсыфікацыі, на якіх падставах сьцьвярджаю, што Ціханоўская перамагла, ці арганізоўвала я несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, ці спрабавала перашкодзіць працы дзяржаўных органаў, ці зьвязаная я зь «Нехта» і якія мэты ў Каардынацыйнай рады. Ці разумею я, што адказнасьць за пабітых, забітых ляжыць на мне, а не на тых, хто аддаваў загады. Гэтыя і іншыя тэмы выклікалі ў мяне шчырае зьдзіўленьне. Яны сапраўды лічаць, што існуюць «лялькаводы», што звонку хтосьці спрабуе паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, а тыя, хто выходзіць на вуліцу, — злачынцы, а ня мірныя беларусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Улада ня чуе волі народу. Яны ня могуць зьмірыцца з думкай, што беларускі народ хоча іншага жыцьця, гатовы да перамен і бярэ адказнасьць за сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей. Мы беларусы. Мы народ, а не народзец. Мы жывём у цэнтры Эўропы, а не на лапіку зямлі. І мы можам усё зьмяніць. Вы неймаверныя. Я адказваю за свае словы і магу ў падрабязнасьцях апісаць усе кабінэты, калідоры, памяшканьні, у якіх я знаходзілася. Гатовая апазнаць усіх удзельнікаў падзей, якія адбыліся са мной 07.09.2020 — 08.09.2020. Я падала заяву аб завядзеньні крымінальнай справы паводле артыкулаў 182, 183, 186 КК у Сьледчы камітэт, Генэральную пракуратуру.

Так, мне было страшна. Я сапраўды баялася трапіць у турму і што мяне маглі забіць, расчляніць. Але галоўнае ў гэтай сытуацыі — усьведамленьне таго, што гэты «бардак і хаос», гэты жах, гвалт павінны скончыцца, сапраўдныя злачынцы павінны быць пакараныя, а беларускі народ стане свабодным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я не шкадую ні на хвіліну пра сваё рашэньне застацца. Не баюся крымінальнай справы, турмы і абсалютная ўпэўненая, што баяцца павінны тыя, хто зьдзяйсьняе злачынствы.

Беларускі народ ніколі не даруе забойстваў, зьнявагі, гвалту.

Мы моцныя, сьмелыя, мудрыя, мы разам, і любоў мацнейшая за страх“.

NN.by

„У Беларусі людзей выкрадаюць і катуюць кожны дзень“

Надзея Пагадаева, Менск:

„16 кастрычніка мяне выкралі.

Сказалі «Добры дзень, Надзя» і зацягнулі ў машыну. Потым быў чорны мяшок на галаву, кайданкі і КДБ (?), дзе я даведалася, што затрыманая нібыта за ўдзел у нядзельным маршы 11 кастрычніка.

Некалькі гадзін я ня ведала, дзе знаходжуся і з кім размаўляю. З адвакатам, як мне сказалі, пагаварыць нельга, «таму што»; блізкім аб затрыманьні не паведамілі.

Надзея Пагадаева, першая перад амапаўцам. Фота TUT.BY

Падпісваць што-небудзь і сьведчыць супраць сябе я адмовілася. Далі 12 сутак.

Наступныя 6 дзён я правяла на Акрэсьціна, бязь зьменнага адзеньня і якіх-небудзь прадметаў гігіены. Напрыклад, замест пракладак нам з сукамэрніцамі далі пачак ваты.

Таму, калі мяне перавезьлі ў Жодзіна, я падумала, што трапіла ў рай. Мяне сустрэлі выдатныя жанчыны. Здавалася, што ў камэры ёсьць усё, пра што толькі можна марыць.

Ад таго, што мяне перавезьлі ў чацьвер раніцай, я засталася безь перадачкі (у Жодзіне іх прымаюць па серадах, а на Акрэсьціна па чацьвяргах). Таму дзяўчаты дзяліліся са мной ежай са сваіх перадач, адзеньнем, далі мне зубную шчотку і майткі. Сястрынства ёсьць любоў.

Дні ў Жодзіне былі наагул добрымі. Мы шмат чыталі, размалёўвалі, разгадвалі крыжаванкі, рабілі зарадку і радаваліся, калі нас вадзілі на шпацыр. Мне нават пашчасьціла схадзіць там у душ — на дзясятыя суткі пасьля затрыманьня.

Тыдзень таму я выйшла з жодзінскай турмы.

На разьвітаньне работнік гэтай установы вырашыў яшчэ пабіць мужчын за маёй сьпінай, калі нас ужо выводзілі на волю. А потым галянтна прапанаваў мне руку, прыабняў і сказаў: «Ды чаго ты заплакала?» Я скінула яго руку з пляча.

Гэты тыдзень я панічна баялася выходзіць на вуліцу. Цяпер працую з псыхолягам.

За час арышту я сустрэла тры падобныя гісторыі выкраданьняў, ды і па прыклады далёка хадзіць ня трэба — учора выйшаў Строцаў Дзьмітры пасьля 13 дзён зьняволеньня. Яго выкралі гэткім самым чынам.

У Беларусі выкрадаюць людзей і катуюць (у зьняволеных няма чыстай вады, прадметаў гігіены), людзей б'юць і ўтрымліваюць у нечалавечых умовах.

Гэта адбываецца кожны дзень.

Ведайце гэта і не маўчыце, калі ласка“.

„У нашым райцэнтры такога ніколі не было, хіба што ў вайну“

Сяргей Даронін, 45 гадоў, будаўнік, Горкі (Магілёўская вобласьць):

Сяргей Даронін

„Мы з жонкай Натальляй і большым сынам Стасем выбраліся 10 жніўня ў цэнтар гораду ў гаспадарчых справах. Непадалёк ад Цэнтральнай плошчы ўбачылі аўтазакі. Ясна, мы ведалі, што адбываецца ў краіне пасьля выбараў, але не дапускалі думкі, што сілавікі ўчыняць гвалт у нашым райцэнтры. Тут жа кожны адзін аднаго ведае і падобнага ніколі не было, хіба толькі ў вайну.

Мы выйшлі са сваёй машыны, бо ехаць далей не адважыліся. Плошча перад райвыканкамам была бязьлюднай. Людзі грамадою сталі каля кінатэатру, які за некалькі сотняў мэтраў ад будынка гарадзкой адміністрацыі. Мы не парушалі грамадзкага парадку, ня чулі, каб міліцыя папярэджвала, што зьбірацца ў гэтым месцы забаронена. Ішлі сям’ёю і раптам чуем: «Узяць іх!»

Да нас падляцелі міліцыянты ў рыштунку. Далей усё адбывалася хутка. Я зразумеў, што проста затрыманьнем гэта ня скончыцца. У сілавікоў былі намеры нас «круціць жорстка». У гэты момант да нас падбег меншы 15-гадовы сын Данііл. Ён выправіўся ў цэнтар, дзе звыкла гуртуецца моладзь, раней за нас. Я пачаў крычаць, каб жонку і дзіця не чапалі. Мяне адразу павалілі тварам у асфальт і ўзяліся малаціць дручкамі. Жонка потым сказала, што на мяне наваліліся трое «касманаўтаў». Столькі ж абступілі 23-гадовага Стася і білі гэтаксама, як мяне. Натальлю схапілі пад рукі двое і пацягнулі ў аўтазак. Яшчэ адзін ішоў сьледам.

Натальля Дароніна

Чуў, як яна лямантавала: «Што вы творыце? Так рабіць нельга! Ганьба!» Данііл кінуўся да маці. Два сілавікі прыціснулі яго да сьцяны, а трэці ўдарыў дручком. Натальля крычала амапаўцам: “Адпусьціце хлопца і ня біце! Ён непаўналетні», — маліла яна.

Жонка казала, што запомніла вочы міліцыянтаў, якія распраўляліся з намі. Яны былі ашалелымі, азьвярэлымі, з чырваньню.

Я не магу пераказаць словамі, што адчуваю, успамінаючы тыя падзеі. З падобным сутыкаліся мужчыны ў вайну, калі не маглі абараніць сваіх блізкіх, а потым жылі з такой душэўнай траўмай. Мне сорамна, што ня змог прыкрыць сабою сваю сям’ю.

Нас чацьвярых закінулі ў адзін аўтазак. У мяне было расьсечана вуха, балела галава. Даніілу разьбілі нос, цякла кроў. На просьбу выклікаць хуткую дапамогу міліцыянт заявіў, што хлопца агледзеў і зь ім усё ў парадку. У аддзеле міліцыі таксама адмовіліся аказваць мэдычную дапамогу. У ізалятары я і сын прайшлі мэдычны агляд пасьля пісьмовага звароту ў Сьледчы камітэт на неправамернае ўжываньне сілы і спэцсродкаў супрацоўнікамі органаў правапарадку. У мяне былі сінякі па целе, вялікі шнар на галаве паўз вуха. У сына таксама сінякі. У жонкі былі сінякі на руках, бо за іх яе цягнулі ў аўтазак. У паліклініку схадзілі, калі выпусьцілі з ізалятару.

У ізалятар мяне, разам зь іншымі схопленымі, перавялі блізу трэцяй гадзіны ночы. Перад гэтым прайшлі зьневажальную працэдуру агляду. Разьдзявалі да галізны, а потым праводзілі розныя маніпуляцыі: прысесьці, нахіліцца. Натальля казала, што ў «малпоўні» трымалі жанчыну з трэцяй групай інваліднасьці і не давалі вады. 19-гадовую дзяўчыну кінулі туды за тое, што яна сядзела з хлопцам на Цэнтральнай плошчы перад райвыканкамам.

Мэдычная даведка зь фіксацыяй пабояў у Сяргея Дароніна: “удар мяккіх тканак левага вуха, абдзерына галавы і шыі”

Жонка прабыла ў ізалятары дзень. Данііла, пратрымаўшы некалькі гадзін у міліцыі, адпусьцілі, калі прыйшла па яго бабуля. У ізалятары абыходзіліся з намі больш-менш па-людзку. Супрацоўнікі ж ведаюць, што ім у Горках яшчэ жыць. Што да разгону на плошчы, то ў ім удзельнічалі мясцовыя супрацоўнікі, а таксама курсанты, якіх камандзіравалі да нас. Кажуць, што прыцягвалі і вайскоўцаў в/ч 6713, якія ахоўваюць горацкую папраўчую калёнію №9, хаця яны адмаўляюць гэта.

Тое, што мы перажылі, адбываецца тады, калі людзям у пагонах даюць неабмежаваную ўладу. Яны ня здольныя ўсьведамляць, што за злачынныя свае дзеяньні пасьля адкажуць. Мы ў сям’і гэта называем дзяржаўным разбоем…“Утраіх мы абскарджвалі прысуды мясцовых судзьдзяў Вераб’ёвай і Зайцава, але іх абласны суд пакінуў у сіле. Зь міжраённага аддзелу Сьледчага камітэту маю і сынаву справу перадалі ў Магілёў. Адтуль даслалі паперу, што праверку працягнулі на тры месяцы. Ілюзіяў у нас няма, што нам адпішуць у выніку.

„Праз шыхт міліцыянтаў гналі з крыкам: «Жывёлы, на выхад!»“

Пётра Шкадун, 63 гады, пэнсіянэр, Магілёў:

„Я шмат часу праводжу ў інтэрнэце, а ў першыя дні пасьля выбараў яго адключылі, таму зь сябрам увечары 11 жніўня дамовіліся прагуляцца. Блізу 19 гадзіны прыйшоў на плошчу перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм». Яна была амаль бязьлюдная. На суседняй лаўцы ў тэлефоне корпаўся маладзён. Яго скруцілі сілавікі і некуды павялі. Плошчу людзі ў чорным ачапілі. Тады падумаў: «Пачалося!»

Пётра Шкадун

Пайшоў у прылеглы сквэр. Там таксама былі міліцыянты. Патэлефанаваў сябар і сказаў, што прыйсьці ня можа. Я вярнуўся на плошчу, каб паўзь яе трапіць на прыпынак, але ён быў заблякаваны. Ужо сыходзіў з абкладзенай міліцыяй мясьціны, як мяне схапілі за дзьве рукі.

«Хадзем!» — кажуць. Пытаю: «За што?» «Зашмат гуляеш!» — адказваюць. Ужо ў Сьледчым камітэце мне паказвалі запіс з камэр відэаназіраньня, дык мяне вялі праз пустынную плошчу ня два, а чатыры міліцыянты. Мітынгаў на плошчы не было.

Павялі да аўтобусаў. Адзін міліцыянт «фармальна» трымаў за руку, а другі, дужэйшы, круціў яе, каб я згорблена ішоў. На маю заўвагу, што я не супраціўляюся, дык не насядай, аслабіў хватку. Вокны аўтобуса, у які мяне заводзілі, былі застаўленыя шчытамі. Адразу ўдарылі дручком па сьпіне, ледзь утрымаўся на нагах. Потым: «Жывёла, дзе тэлефон?» Спрачацца было бессэнсоўна. Прымусілі разблякаваць яго.

«Стары, чаго ты прыпёрся сюды? Сядзеў бы дома. Швэндаесься тут», — раўлі на ўсю моц амапаўцы. Загадалі ісьці ў канец салёну, «мордай у шкло і не паварочвацца».

Сьляды ўдараў, нанесеных амапаўцамі

Завялі яшчэ чалавека і загадалі «мордай у падлогу». Той, відаць, лёг, і пасыпаліся ўдары. Стогны. Заводзяць яшчэ аднаго. Удары. Крыкі. Потым да мяне: «Павярнуўся!» Поруч стаяць міліцыянты да 30 гадоў бяз масак. Камандзір загадвае: «Мордай у падлогу!» Я не падпарадкаваўся. «Хоць забі, — кажу, — ня лягу». Амапавец замахнуўся ўдарыць, але ягоныя падначаленыя папрасілі: «Дзядзя, пакінь яго».

Павялі на выхад і ля дзьвярэй колькі разоў ударылі дручком, але хутчэй для псыхалягічнага ўзьдзеяньня, хоць пісягі засталіся. Ад удараў я ледзь не паваліўся, але нехта мяне падхапіў. Пасадзілі ў аўтазак. Усьлед за мною заводзілі іншых затрыманых. Сярод іх быў знаёмец, разам у касьцёл ходзім, з разьбітым у кроў тварам.

У Ленінскім аддзеле міліцыі заганялі ў спартовую залю праз шыхт міліцыянтаў крыкам: «Жывёлы, на выхад. Бегма на трэці паверх». На кожным лесьвічным пралёце міліцыянты ў звычайнай форме білі дручком па сьпіне. З аўтазака я выйшаў апошні, адмовіўся бегчы, і мяне за тры паверхі толькі адзін раз выцялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У залі шмат ляжала людзей на падлозе, рассунуўшы ногі. Мне таксама загадалі легчы, але я патлумачыў, што ў мяне баліць нага, таму ня лягу. Тады, сказалі, на калені і апусьціць галаву. Толькі прысеў, як перад вачыма паплыло. Пасадзілі на лаўку. Зь людзей, што ляжалі, зьдзекаваліся. Мацюкамі сыпалі, не раўнуючы як грузчыкі. Тры маладыя супрацоўніцы, якія афармлялі затрыманых, не адставалі ад мужчын.

Мяне адвялі да лекара хуткай дапамогі. Яна займалася дзіцем. Я зьдзівіўся, адкуль дзіця ў міліцыі. Пакуль чакаў мэдыка, мне стала горш. Тры разы званітавала. Ціск быў завысокі. Мне далі лекаў, каб яго зьбіць, а потым на «хуткай» завезьлі ў абласную лякарню. Там нармалізавалі ціск і сказалі, што можна забіраць. Зноў прывезьлі ў аддзел. Супрацоўнік, які суправаджаў, супакойваў: “Не турбуйся, неўзабаве адпусьцяць”.

У міліцыі завялі да таго «дзядзі», якому не далі біць мяне ў аўтобусе. Ён прамовіў: «Гэты няхай пагаладае». З паўгадзіны стаяў ля сьцяны. Піць не давалі. Калі сталі афармляць, дык першае пытаньне было: «Колькі табе заплацілі? 20 рублёў атрымаў?» Апэратыўнікі былі ўпэўненыя, што ўсе, каго яны забралі, выходзілі за грошы. Там былі людзі ў шортах, сланцах. Выйшлі па сваіх справах, а іх у аўтазак. У паперах напісалі, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выкрыкваў лёзунгі. Сказалі, як прызнаеш віну -- атрымаеш 7 «сутак», а калі не — 15. Я не пагадзіўся і сваю пазыцыю напісаў у пратаколе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мне зноў стала кепска, але перада мною па дапамогу зьвярнуўся хлопец, у якога былі праблемы з сэрцам. Да яго прыйшла тая ж мэдык, што аглядала ўжо мяне, і зьдзівілася. Памералі ціск, а ён крытычны. Выклікалі «хуткую».

Пакуль яе чакаў у калідоры, аформленых людзей выводзілі да аўтазакаў таксама праз шыхт міліцыянтаў. Тыя білі нявольнікаў дручкамі. Ля сьцяны стаяў прывезены за бытавое хуліганства мужчына і мацюкаў супрацоўнікаў апошнімі словамі, але на яго не зьвярталі ўвагі. У той жа час «пратэстоўцаў» білі за любы рух ці просьбу.

Мне выпісалі позву на 10-ю раніцы ў аддзел. На гадзіньніку было тры ночы. У лякарні паклалі ў кардыялёгію. Праляжаў два тыдні. Дактары сказалі, што праблемы са здароўем — вынік стрэсу.

Ачуняўшы, занёс заяву ў Сьледчы камітэт на неправамоцныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Мяне падрабязна апыталі. Высьвятлялі, як, дзе білі, ці ёсьць сьведкі. Судмэдэкспэрты апісалі гематомы на сьпіне і руцэ. За два месяцы зьмянілася два сьледчыя. 6 лістапада мне пісьмова паведамілі, што праверка ў маёй справе прыпыненая. Да гэтага давалі разумець, што мая справа пры цяперашніх палітычных абставінах пэрспэктываў ня мае. У сьледчых быў стос папер у справах іншых пацярпелых ад сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

За 26 гадоў Лукашэнка выбудаваў ня толькі бюракратычны апарат, але сілавую вэртыкаль. У ёй усё трымаецца на адданасьці аднаму чалавеку. У аддзеле я гутарыў зь міліцыянтамі і высьветліў: многія апраўдваюцца тым, што сёньня яны патрэбны гэтаму рэжыму, а заўтра будуць запатрабаваныя іншым. Калі гаварыў з супрацоўнікам сам-насам, то гэта быў нармальны чалавек. Маёр нават суправаджаў затрыманых у аўтазак, каб іх ня білі. Калі ж міліцыянты ў кампаніі, то мяняюцца. Кожны баіцца, што западозраць у неляяльнасьці, таму гатовы выканаць любы загад. Мы і яны памятаем генэрала Захаранку, які заявіў Лукашэнку, што страляць у людзей, парушаць Канстытуцыю ня будзе. Дзе ён?..“

„Абяцалі зьняць відэа, дзе ў галоўных ролях дубінка і мой азадак“

Антон Карпекін, Менск:

„Крымінальнае чытво

Маўчаньне зацягнулася. Але і канец лета выдаўся насычаным! Я, вядома, разумею, што кожны бізнэсовец з павагаю да сябе павінен хоць трошкі пасядзець, але я ня думаў, што спраўлюся з гэтай задачай так хутка! Такім чынам, віетнамскія флэшбэкі.

Антон Карпекін

11 жніўня. Абяцаў маме, што хутка буду дома. Крыху не даехаў. Некалькі машын ДАІ перакрываюць дарогу. Фігуры ў масках з аўтаматамі. Сьвятлашумавая. Стрэлы ў кола. Гучныя крыкі. Магутны рывок за ручку дзьвярэй. Упс, дзьверы заблякаваныя. Выбух лютасьці. Сынхроннае выбіваньне шыбаў прыкладамі. Паднятымі рукамі затуляю галаву ад аскепкаў. Выбух жаху. Удар прыкладам у твар. Балюча, але адрэналін перакрывае гэтае пачуцьцё. «На калені». Твар і калені ўціскаюцца ў кавалкі шкла на асфальце. Рукі за сьпіну. Кайданкі (пашанцавала: калі вешаюць сьцяжкі, больш балюча). Прывітальная разьмінка ўдарамі нагамі, дубінкай па галаве, целе. Вакол чуваць асуджальныя крыкі людзей. Гарачая ліпкая кроў залівае вочы і рот.

Але вернемся ва ўтульную кампанію з аналягічных упакаваных цел у мікрааўтобусе. Мне, вядома, падабаецца зьверху, але ў той сытуацыі я б аддаў перавагу быць у сярэдзіне бутэрброда, бо менавіта верхняму па прынцыпе крокавай даступнасьці дастаюцца ўсе ўдары і аднатыпныя агрэсіўныя пытаньні, накіраваныя на хуткі раскол. Ну а паколькі калоцца проста не было чаму, але і не кашмарыць пасажыраў — не варыянт, таму паездка выйшла насычанай. Ляжыш на кучы цел, а чалавек пад табой не варушыцца і не рэагуе на падбадзёрвальныя ўдары. Усё што застаецца — толькі заліваць ніжняга суседа крывёю, лежачы зьверху, і ня ведаць, ці ён у адключцы, ці памёр. Крыўдна і несправядліва атрымліваць дабаўкі за тое, што ты запэцкаў іхны салён крывёй, калі твая машына засталася кінутай і расх***ранай на праспэкце.

Вышпурваньне на вуліцу. Грэблівы агляд прабітай галавы мясцовым Мэнгеле. Зашываць ніхто ня будзе. Пакет на галаву. Гляджу пад ногі і стараюся не спатыкацца. Разводзяць па кабінэтах. Зноў вітаю тварам і каленамі падлогу. Атрымліваю тыя ж абсурдныя пытаньні, але ад уладальнікаў новых кулакоў і чаравікаў, зь якімі таксама цесна знаёмлюся. Разумею, што папярэднія адказы не перадаваліся новым, прыйдзецца паўтараць, але даваць той жа канцэрт у другім горадзе заўсёды менш хвалююча, чым у першым. Гульня з рэзкага і сякернага націсканьня празь неэфэктыўнасьць пераходзіць у клясычныя перамоўныя тэхнікі сілавікоў. Седзячы ў кайданках зь мяшком на галаве, спасьцігаю мудрасьць, што да пі***юлёў хутка прывыкаеш.

Часам мяняюць кружэлку. Даюць папіць. П'ю. Другі глыток ужо салёны з мэталічным прысмакам. Прапануюць пакурыць. Адмаўляюся, няхай гэта будзе нават кальян... Чую тэрміны ад 8 да 15 гадоў. Лічу, колькі мне будзе пасьля выхаду. Думаю заняцца канцэртамі ў жанры шансон пасьля таго, як адкінуся. Абяцаюць, што здымуць відэа, дзе ў галоўных ролях дубінка і мой азадак. У душы ня веру (чытаючы праз два тыдні навіны пра падобныя ахвяры, разумею, што магло быць і так). Седзячы зь мяшком на галаве, ты пастаянна напружаны, бо ня бачыш замаху і ўдары застаюць зьнянацку. Кажуць, нарадзіўся ў кашулі, але кіно ўсё роўна пойдзем здымаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Кіно. Сьцяна. Шмат сьвятла. Шмат фігур. Мабыць, памянялі сцэнарыста, бо азадак застаўся цэлы. Зьбіраю ў кучку ўсе мазгі, бо рыхтуюся адказваць на камэру. «Ці будзеце яшчэ рабіць рэвалюцыю?». Гучыць ланцуг адказаў «не». Кажу: «Не рабілі, і ня будзем». Бо адказ «не» мае на ўвазе, што ўсё ж такі рабілі. Перажываю, што крайні адказ ня ўвойдзе ў рэжысэрскую вэрсію і давядзецца чакаць Снайдэркат. Зьнята. Пішу паводле ўзору заяву на сябе.

Новы кабінэт РУУС. Зноў прывітальная пастава ракам. Новыя ўладальнікі чаравікаў, дубінак. Атрымліваю дабаўкі за тое, што запэцкаў кабінэт. Выціраюць аб мяне дубінку. Разрэзаныя каленкі зноў прыклейваюцца да падлогі. Прывыкаю іх зноў адрываць зь мясам. Вітаюць пі***юлямі бадзёра і звонка, але далей не даюць. Позна як-ніяк, стомленыя. Злуюцца, што ня сьпяць трэція суткі. Крывыя, кульгавыя пратаколы з г**на і палак. Тупа забываюць даць мне пратакол (забягаючы наперад, ён зьявіцца ў справе з прыпіскай «адмовіўся падпісваць»). П***ды даць не забываюць. Шэсьць гадзін на нагах. Гледзячы ў сьценку, чакаем фатографа, які па начах не працуе. Пералічыў усе трэшчынкі ў сьцяне. Раніца. Фоткацца на магшот не пускаюць у такім выглядзе. Чатыры разы адціраю твар ад крыві. Выглядаю, як Кэры ў фінальнай сцэне Стывэна Кінга.

Спартзаля РУУС. Ракам. Прыклейваю тое, што засталося ад каленяў, яшчэ раз да падлогі. Раз на гадзіну дазваляюць зьмяніць позу і легчы на жывот, але не навічкам. Празь некалькі гадзін усё ж такі даюць паляжаць на жываце. Ляжаць на жываце пасьля ночы на нагах — гэта ашаламляе. У спартзалі недзе 300 спартзальцаў. Правілы гульні ўсмоктваем хутка. Калі хто-небудзь з арыштантаў быкуе — жорстка прыводзяць у выкананьне калегіяльную выхаваўчую гутарку. Бонус — караюць усіх зноў, ставячы ракам.

Этапуюць з РУУС на Акрэсьціна. Паездка ў аўтазаку нікога не пакіне абыякавым. Граматная аптымізацыя інтэр'еру дазваляе везьці па 7 чалавек у трох 3-мясцовых купэ: трошкі нагой падапхнуць — і дзьверы зачыняюцца.

Альпійская сьвежасьць унутранага дворыка Акрэсьціна абарочваецца дрыжыкамі і пераахалоджваньнем. З сумам успамінаю цёплую спартзалю РУУС. Разглядаю некалькі гадзін мурашак, лежачы тварам у траву, — ужо больш цікава, чым трэшчынкі ў сьценах. Раптам сілавік пачынае біць сьлівавае дрэва дубінкай. На траву падаюць сьлівы. Сказаць, што я а***еў, нічога не сказаць. Для многіх людзей гэта стала першай ежай за суткі-двое. Першая праява чалавечага ад супрацьлеглага боку. Я ад ласунку адмовіўся на карысьць цьвёрдага стулу. Дазваляюць адціскацца і прысядаць, каб не задубець. Засохлы фарш на каленях не асабліва ў захапленьні ад прысяданьняў. Мару пра нейкую абстрактную цёплую камэру. Вельмі холадна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Халодны карцар. Нейкі малады супрацоўнік дае папіць з ракавіны, схадзіць у туалет і два батоны хлеба. Ад другой праявы чалавечнасьці ўдзячна ах***ваеш ня менш, чым ад папярэдняй. Першай камэрай аказваецца халодны карцар — бэтонная падлога і сьцены, замест столі — зорнае неба і альпійская сьвежасьць начнога паветра ў 7 градусаў. Першыя 30 хвілін весела. Першы раз можна пагутарыць зь мясцовым насельніцтвам. Затым займаемся выжываньнем ад задубеньня, укладваньнем штабялямі ў стылі «бабсьлей». Кучкуемся, як пінгвіны, абдымаемся і грэемся. З красовак адна вусьцілка кладзецца пад зад, каб не застудзіцца. Ня раю быць затрыманым у шортах і майцы — гэта поўны гамон.

Усё паводле райдара, 130 чалавек на 25 квадратных мэтраў. Дзьве белыя прасьцінкі. Чатыры бутэлькі з крэм-содай і агульнае вядро для пірожнага «бульба». Хочацца піць. Бутэлькі зь “дзюшэсам” адклалі на чорны дзень. Крэатыў не пакідае, пакуль вядро яшчэ безь пірожных, аддаю яго гарсону ў форме за дзьвярыма, каб ён напоўніў яго вадой з ракавіны (без сарказму: дзякуй, што не адп***дзіў). Замэнэджарыў вадапой з аднаго вядра, якое магло стаць туалетам.

Цёплая камэра. На досьвітку белых хадакоў пераводзяць у цёплую камэру. Пасьля ўсіх этапаў — гэта мяжа мараў. Першае, што цябе сустракае — гэта пах камэры — тое, што ўжо не забудзесься. Дурманлівы мікс пахаў сарціра, бруду і цеплыні ахінае і закалыхвае, варта толькі сесьці на лавачку і пакласьці галаву на стол. Раніца. У шасьцімясцовай камэры каля 30 мужыкоў. Ацаніўшы мой выгляд, мне саступаюць «пальму» — верхнія нары. Дзякуй, мужыкі!

І вось тут ты пачынаеш ужо “адтапырвацца па поўнай” і смакаваць усе перавагі турэмнага жыцьця. Туалет з доступам у любы момант! Ракавіна зь безьлімітным доступам да вады! Лавачка са сталом, каб пасядзець! Хлебны мякіш, зь якога можна зьляпіць шашкі і гуляць на высечанай пазногцямі мінулых жыхароў дошцы! Красовачка пад галаву замест падушкі! Выцягнуць ножкі! А яшчэ аказваецца, што тут КОРМЯЦЬ. А пасьля сытнага сьняданку яшчэ і як юрыст прыгожа пакансультаваць сукамэрнікаў? Як сьпяваецца ў Кравастока, «мы ўмелі адпачыць прыгожа».

Ноч у адзіночным карцары. Чакаў трансфэр у Жодзіна ці хаця б Слуцак, але ўсе нумары аказаліся зарэзэрваваныя. Камплімэнт ад установы не прымушае сябе чакаць — раптоўнае паляпшэньне жыльлёвых умоў і перавод у аднамясцовы люкс-нумар. Вось гэта я разумею сэрвіс. Міні-бар на ўзроўні — замест простага грушавага дзюшэсу, мяркуючы па колеры бутэлек, мяне чакаў ягадны морс, відаць, ад папярэдніх жыхароў з адбітымі ныркамі. Парадаваў безьлімітны доступ да спартзалі проста ў нумары — разьмінка, адцісканьні, прысяданьні. Да ложка ніякіх нараканьняў: бэтон выдатна карэктуе паставу, лепш за артапэдычны матрац. Прыемным бонусам стала знойдзеная ў куце шапка. Шчыра, я ня з тых, хто крадзе ручнікі з нумароў, але ад цёплай шапачкі я ня змог утрымацца. Але добрае канчаецца, таму гэтаксама без тлумачэньня прычын мяне вярнулі ў звычайную цёплую камэру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Правілы жыцьця Esquire, б*ць.Не расслабляцца. Не прывязвацца. Не прывыкаць ні да чога камфортнага. Але і ня быць душнілам і зьбіваць вяршкі жабінымі лапкамі. Кайфаваць тут і цяпер ад адной красоўкі пад галавой, а другой пад азадкам, бо далей іх ужо можа ня быць.

Дзень суду. Рыхтую ў галаве прамову. Сукамэрнікам даюць 15 сутак. Настроіўся чыліць яшчэ пару тыдняў на нарах замест адпачынку і вучыцца гуляць у нарды. Але лёс падрыхтаваў нам з судзьдзёй іншы сцэнар. Памяты хлопчык-зайчык з чырвоным дыплёмам магістра права юрфаку, які ну праўда нядрэнна заявіў пісьмовыя пярэчаньні і не прызнаў віны. Судзьдзя, да якой ужо даўно не зьвярталіся «Высокі суд». Ну тут без варыянтаў — свайп улева. Match. 4 сутак. Аналізуючы судовую практыку ў рамках свайго паверха, зрабіў выснову, што калі б прызнаў віну, далі б яшчэ менш. Але шчасьлівыя гадзін не назіраюць.

Седзячы ў Азкабане і думаючы пра тое, што адбываецца, успомнілася, што падобнае ўжо было ў канцэртнай індустрыі Беларусі. Шматгадовая цэнзура, адмены, забароны артыстаў дайшлі да апагею, што выклікала зьяўленьне новых герояў, якія перавярнулі гульню. Ноч найцямнейшая перад сьвітаньнем.

У крайні дзень першы і апошні раз стаяў каля акна і лавіў сьвежыя подыху ветру. Заўважыў удалечыні сылюэт жанчыны, вырашыў, што забаўна было б думаць, што гэта мама. Думка, што за сьценамі наогул нешта можа адбывацца, пакуль я тут, не вязалася з ізаляцыяй унутры. Тут пачалі выпускаць усіх. Выйшаў вонкі. Сонца сьвеціць прыкольна. Цёпла. Маці стаіць, сябры зь мінулага жыцьця. А***ець. І праўда маці ўбачыў з акна камэры!

А потым было шмат усяго. Неабыякавасьць ад такой колькасьці людзей, што я састарэю вас усіх пералічваць. Ведайце: я думаю пра вас і вельмі ўдзячны. Удзячны ўсім, хто не перашкаджаў. Залізваньне ранаў. Уваскрашэньне машыны. Сапорт ад артыстаў і музычна-канцэртнай тусоўкі. Пераезд ва Ўкраіну. І шмат таго, што ўчора здавалася немагчымым.

«І так, мы сцым, кожны сцыць, страх і саліпсізм.

Але на злосьць сьвету мы ўзьляцім сярод мітусьні»“.

„Затрымалі на вуліцы ў той час, калі сядзеў на Акрэсьціна“

Сяргей Маслоўскі, 56 гадоў, экс-начальнік ДАІ Менскай вобласьці (апавядае дачка Вольга):

„Бацьку затрымалі за ўдзел у нядзельным маршы 11-га кастрычніка. Ён меў шматлікія мэдалі і нагрудныя знакі, у тым ліку падпісаныя Караевым і Лукашэнкам. Нават не знаходзячыся на службе, ён стараўся выканаць грамадзянскі абавязак: аднойчы, спыняючы вулічную бойку, атрымаў пералом носа, а ў 2011 годзе, ужо пасьля выхаду на пэнсію, заўважыў на аўтарынку рабаўніка, здолеў спыніць яго і вярнуць пацярпеламу грошы. Падчас службы ён заўсёды кіраваўся загадам МУС «Аб ветлівым і ўважлівым стаўленьні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў да грамадзян», зьмест якога патрабавалася ведаць на памяць. Тое, што дзеецца цяпер, з гэтым загадам зусім не адпавядае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі яго затрымалі, сьведка-міліцыянт Бельскі Н. А. сказаў, што бацька ўзяў удзел у шэсьці групы людзей, пазначаных бел-чырвона-белай сымболікай, і выкрыкваў «Жыве Беларусь!».

Відавочцы расказалі, што да яго адразу было «асаблівае» стаўленьне, таму што ён сказаў, што служыў у міліцыі. Неўзабаве ён трапіў у шпіталь з падазрэньнем на інсульт.

14 кастрычніка адбыўся суд, на якім бацька заявіў, што сапраўды ўдзельнічаў у шэсьці, але лёзунгаў не выкрыкваў. Раней да адміністрацыйнай адказнасьці ён не прыцягваўся, як пазначана ў пастанове суду, аднак яму адразу ж далі максымальна магчымае пакараньне (на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП) — 15 дзён арышту. Справу разглядала судзьдзя Савецкага суду Марына Фёдарава.

А ўжо на наступны дзень яго на «хуткай» прывезьлі ў шпіталь МУС (там аказваюць дапамогу ня толькі дзейным, але і былым міліцыянтам). Родных да яго не пусьцілі, патлумачыўшы гэта неспрыяльнай эпідэмічнай абстаноўкай. І даслалі адказ на зварот аб стане здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Як пазначана ў дакумэнце за подпісам намесьніка галоўнага лекара Алены Багровай, бацька быў дастаўлены ў шпіталь па экстраных паказаньнях брыгадай хуткай дапамогі з падазрэньнем на інсульт. У выніку абсьледаваньня дыягнаставалі артэрыяльную гіпэртэнзію ІІІ стадыі (самая высокая, ціск больш за 180 на 110) рызыка 4 (самая высокая), крызавае цячэньне і шэраг іншых захворваньняў. Таксама адзначана, што ў пацыента выяўленыя «ўдары, гематомы абодвух сьцёгнаў, ранкі на абодвух прамянёвазапясьцевых суставах, якія не ўплывалі на агульны стан пацыента».

Пры гэтым намесьніца галоўнага лекара пазначыла, што Маслоўскі паведаміў хірургу, што «11 кастрычніка быў пабіты невядомымі асобамі ў масках».

У нас была надзея, што з улікам стану здароўя бацькі яго пасьля шпіталя адпусьцяць дамоў, але праз тры дні яго вярнулі ў ізалятар даседжваць «суткі». Адваката да яго не пусьцілі. Перадачы з адзеньнем і прадуктамі, якія ў нас прымалі, яму ў выніку не аддалі.

26 кастрычніка мы загадзя, у 14.00, прыехалі да ІЧУ на Акрэсьціна. Прыкладна ў 16.20 нам сказалі, што ён у Савецкім РУУС. Мы паехалі туды, нам пацьвердзілі, што ён у іх, і сказалі, што пасьля РУУС ён зноў паедзе на Акрэсьціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У матэрыялах ўжо другой адміністрацыйнай справы напісана, што 26 кастрычніка ўчастковы міліцыянт Савецкага РУУС Тыцік А. І. затрымаў Сяргея Маслоўскага «для высьвятленьня асобы» ў 15:50 па адрасе: завулак Якуба Коласа, 9. Але паколькі Маслоўскі ўпіраўся, хапаўся за форму і адмаўляўся сесьці ў службовы аўтамабіль, каб ехаць у міліцыю, яго затрымалі за непадпарадкаваньне (арт. 23.4 КаАП). Савецкае РУУС знаходзіцца за 400 мэтраў ад месца затрыманьня (завулак Якуба Коласа, 3). Як Сяргей Маслоўскі апынуўся на завулку Коласа ў 15:50, калі па дакумэнтах яго павінны былі адпусьціць з Акрэсьціна ў 15:40, засталося загадкай: адлегласьць паміж гэтымі аб'ектамі — амаль 10 км. Сам Маслоўскі ў судзе сказаў, што быў у ІЧУ, непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі не аказваў. Паказаньні супраць яго даў той жа сьведка Бельскі Н. А., які выступаў і на першым працэсе, калі палкоўніка судзілі за акцыю. І працэс вяла ўсё тая ж судзьдзя суду Савецкага раёну Марына Фёдарава, якая зноў «выпісала» максымальнае пакараньне — 15 сутак арышту.

На другім судзе ён пасьпеў сказаць, што 15 дзён яго трымалі ў карцары ў жудасных умовах, судзьдзя ўсё гэта чула. І толькі нядаўна яго перавялі ў звычайную камэру. Мы лічым, што ўтрыманьне ў карцары прывяло да пагаршэньня ягонага здароўя. Бацька да гэтага часу знаходзіцца ў ізалятары, адваката да яго па-ранейшаму не дапускаюць. Цяжка падабраць словы, каб апісаць страх і бездапаможнасьць ад таго, што паважаны ў грамадзтве чалавек у адзін момант, на думку некаторых службоўцаў, можа стаць непажаданым і атрымаць да сябе адпаведнае стаўленьне з боку ўлады“.

TUT.BY

„Вы галасавалі не за таго, каго трэба. Той, хто трэба, будзе да канца“

Аляксандар Цярохін, 27 гадоў, рабочы, Барысаў:

Аляксандар Цярохін. Фота August2020

„Увечары 9 жніўня я ішоў каля цэнтральнай плошчы Барысава — там сабралася шмат людзей, якія пасьля галасаваньня чакалі абвяшчэньня вынікаў выбараў. Мы думалі, што з Барысаўскага райвыканкаму выйдуць члены выбарчай камісіі з пратаколамі і абвесьцяць вынікі. Але так і не дачакаліся — бюлетэні вывезьлі тайна.

Людзям жа сказалі, што гэта несанкцыянаваны мітынг, і супрацоўнікі праваахоўных органаў у чорнай форме выціснулі іх з плошчы. Потым падключылася і мясцовая міліцыя. Людзі сталі разьбягацца, але іх даганялі, білі дубінкамі, калі падалі — нагамі па галаве. Затрымлівалі вельмі жорстка. Там былі і пэнсіянэры, і цяжарныя жанчыны, і дзеці гадоў 10-12, якія плакалі, калі на іх вачах бацькам заломвалі рукі. Гэта было вельмі страшна!

Сілавік штурхнуў жанчыну, яна ўпала і зламала руку. Гэта было зафіксавана на відэакамэру — здымаў супрацоўнік РУУС. Я падышоў і сказаў: «Вы бачыце?! Што гэта такое, чалавеку зламалі руку!» Ён адказаў: «Ідзі па-добраму адсюль, пакуль не атрымаў!»

Мы з суседкай пакінулі плошчу і пайшлі дадому, за намі пабеглі двое супрацоўнікаў, выхапілі мяне, паклалі на асфальт і сталі біць дубінкамі: па галаве, сьпіне, руках, нагах — каля 10 удараў. Потым утрох схапілі за рукі-ногі і пацягнулі ў аўтазак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мяне запхнулі ў вузкую адзіночную камэру, потым «падсялілі» другога чалавека. Мы крычалі, што няма чым дыхаць, прасілі адчыніць люк. Ніхто не рэагаваў. Каля 20 хвілін мы сядзелі, задыхаючыся, пакуль сілавікі лавілі іншых людзей, і потым паехалі ў Барысаўскі РУУС.

Там нас — чалавек 40 — паставілі да сьценкі на заднім дворыку, дзе знаходзяцца гаражы для спэцтранспарту. Каля дзьвюх гадзін мы стаялі на расьцяжцы. Калі супрацоўнікам нешта не падабалася, білі па нагах.

Вядома ж, ніхто не прадстаўляўся, пасьведчаньня не паказваў, правы нам не тлумачыў. Супрацоўнікі мясцовай міліцыі былі бяз масак, але пераварочвалі свае пагоны, каб мы не вызначалі званьні.

Потым сталі складаць пратаколы. Я запомніў час затрыманьня — каля 23-й гадзіны. У пратаколе ж стаяла 00:10, і месца таксама не супадала.

Усе пратаколы былі, як пад капірку: знаходзіўся там і там, выкрыкваў лёзунг «Народ з намі супраць дзейнай улады!» Мне сказалі: «Давай, хутка падпісвай, час ідзе!» Я напісаў на пратаколе: «Ня згодны».

Усе былі ў глыбокім псыхалягічным стрэсе, у кагосьці была зламаная рука, але на просьбы пра дапамогу не рэагавалі. Прасілі вады — піць не давалі. Аформілі дакумэнты і перавялі людзей у ІЧУ — у будынку РУУС.

У камэры на восем чалавек стаялі чатыры двух'ярусныя ложкі. Нас спачатку было трое, потым шасьцёра, а потым каля дзесяці. Раніцай пакармілі сьняданкам — на дзесяць чалавек далі сем порцый.

Хлопца са зламанай рукой павезьлі ў лякарню, а нас адправілі на дактыляскапію. Потым пачаўся суд, я зьвярнуў увагу на нестыкоўкі зь месцам і часам. Судзьдзя сказала, што няма падставы не давяраць супрацоўнікам, якія складалі пратакол, і вынесла прысуд — 15 сутак.

Бліжэй да ночы павезьлі ў Жодзіна, толькі цяпер ужо нас у камэры было трое — усяго ў аўтазаку знаходзілася каля 50-60 чалавек. Паветра не хапала. Трэба было вызваліць месца ў РУУС, таму што былі новыя затрыманьні. Калі мы выяжджалі, на асфальце ляжала шмат людзей. Супрацоўнікі РУУС сказалі: «Калі вы будзеце фанабэрыцца, то проста не даедзеце да Жодзіна». І дадалі: «Вы галасавалі не за таго, каго трэба. Той, хто трэба, будзе да канца».

У Жодзіне пасьля ўсіх аглядаў быў і мэдагляд. На скаргі нам адказвалі: «Пабаліць і перастане».

Потым зьмясьцілі ў камэру на дзесяць чалавек. У першую ноч там было восем чалавек, на наступны дзень дадалі яшчэ дзесяць, а на трэці нас стала каля 30. Дыхаць не было чым. Спаць было складана, драмалі па два-тры чалавекі на ложку, хтосьці седзячы, хто як змог.

Ежы выдавалі дзесяць порцый на ўсіх, 2 боханы хлеба на 30 чалавек, і неяк хаатычна: сьняданак далі — абед не далі, ці абед далі — вячэры не далі.

Усе выгоды — туалет бязь сьценкі і дзьвярэй. Вада з моцным пахам хлёркі — піць яе немагчыма. На шпацыр за ўсе шэсьць сутак не вадзілі ні разу, у душ таксама. Неяк не па-чалавечы ставіліся.

У камэры мы проста ляжалі, немагчыма было рухацца ад недахопу кіслароду. Мы прасілі адчыніць «кармушку», каб хоць неяк паветра паступала. Не адчынілі. Маглі загадаць: “Не ляжаць, не сядзець!”

Затое перапісвалі нас неаднаразова. Шукалі журналістаў, замежных грамадзян.

У нашай камэры былі затрыманыя ад 18 да 40 гадоў: незалежныя назіральнікі, выбарнікі, назіральнікі ад ініцыятывы «Честные люди», праграмісты, рабочыя з «Кераміна», з МТЗ, з жодзінскага кавальскага заводу. Былі іншаземцы: літовец, украінцы, расейцы — іх потым забралі з камэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Некаторыя скардзіліся, што выйшлі ў краму і іх затрымалі, пазначыўшы ў пратаколе іншае месца і час. Да кагосьці прыйшлі дадому а 6-й раніцы і забралі зь нейкіх выдуманых прычын.

З Акрэсьціна прывозілі людзей, у якіх не было на руках ні дакумэнтаў, ні пратаколу. І праз трое сутак іх выпускалі безь нічога.

З Акрэсьціна паступалі людзі, моцна пабітыя: велізарныя сінякі, гематомы — у туалет хадзілі крывёю, не маглі ні хадзіць, ні сядзець, ні ляжаць. Такое адчуваньне, быццам па іх рота прайшлася. Прасілі паклікаць лекара, аказаць дапамогу... Было страшна.

Праз пару дзён пачалі прыносіць перадачы. Праўда, невядома, празь які час іх перадалі — некаторыя прадукты былі сапсаваныя.

Праз шэсьць сутак мяне вывелі з камэры, сказалі, амністыя. Быццам бы жодзінскі пракурор адмяніў прысуд. За знаходжаньне ў СІЗА спагналі 54 рублі.

Я прыехаў дадому, ачуўся і зьвярнуўся ў суд для азнаямленьня са справай. Убачыў тыя ж 15 сутак, а пра амністыю — нічога. Дагэтуль не магу зразумець, за што я адбываў пакараньне. І чаму так усё адбываецца.

Да затрыманьня я працаваў апэратарам па дамове падраду ў Жодзіне, потым адпрацаваў яшчэ тыдзень, і мне сказалі, што нібыта ходзяць чуткі пра тое, што занадта шмат гавару супраць дзейнай улады, што магу быць завадатарам якога-небудзь мітынгу на прадпрыемстве. Паведамілі, што я не прайшоў выпрабавальны тэрмін і са мной скасоўваюць дамову. Я кажу: «Ок, давайце расьпішуся, дзе трэба» Мне адказалі: «Нічога ня трэба, проста здай вопратку».

Пасьля таго, як я вярнуўся з Жодзіна, зьвярнуўся ў мэдычны цэнтар, прайшоў абсьледаваньне, зафіксаваў пабоі. Вярнуўся дадому — каля пад'езда мяне ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. З цэнтру ім паведамілі, што зьвяртаўся такі і такі грамадзянін, які паведаміў, што падчас мірнага мітынгу супрацоўнікі міліцыі ўжылі фізычную сілу. І ім трэба было, каб я даў тлумачэньне.

Мне сказалі, што я альбо «тлумачу» так, як мне скажуць, альбо паедзем у РУУС для далейшага разбору. Я падумаў, што калі раптам зьнікну, то ніхто пра гэта нават не даведаецца, і даў тлумачэньне: калі бег падчас мітынгу, проста спатыкнуўся і ўпаў.

Але як жа гэта дзіка: мірныя людзі, ні ў чым не вінаватыя, выйшлі выказаць свой пункт гледжаньня, пачуць вынікі выбараў, але супраць іх ужылі гвалт. Праваахоўныя органы зрабілі ўсё, каб людзі адчулі фізычны і псыхалягічны боль. Так жорстка! За што? За тое, што людзі проста ходзяць па вуліцы, размаўляюць, дыхаюць, нічога нікому ня робяць, ня б'юць вітрын, не пераварочваюць машын. У той дзень я нават уявіць ня мог, што можа быць такі тэрор. Калі б прадстаўнікі, работнікі дзяржаўных органаў падлічылі галасы, выйшлі да людзей і паведамілі вынікі, людзі б проста разышліся па хатах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Удары, гематомы сышлі, застаўся боль у сьпіне, ды пасьля таго, як білі па галаве, пагоршыўся зрок. Але зьявілася трывога, страхі па начах, неспакой, што зноў могуць прыйсьці, лішні раз баісься нешта па тэлефоне сказаць. Ад усяго гэтага вельмі цяжка адысьці. Часам як нахлыне, гэтыя карцінкі ўсплываюць у галаве, хочацца нават плакаць. Я хачу перамагчы свае страхі.

Калі выходзіў з Жодзіна, у калідоры праводзілі прафіляктычную размову: не даваць ніякіх інтэрвію, нічога не расказваць журналістам, праваабаронцам. Сказалі, што ў іх усюды ёсьць свае людзі, усё гэта выплыве і нам мала ня здасца: зробяць так, што мы ня шэсьць сутак адбывалі, а аж да крымінальнай адказнасьці. І я ведаю, многія сыходзілі і цяпер маўчаць. А людзі ў форме адчуваюць сваю беспакаранасьць.

Мне ж губляць няма чаго, у мяне няма ні мамы (я страціў яе тры гады таму), ні таты, ні сям'і. Трэба нешта мяняць. Я разумею, што адзін нічога не зраблю. Але пасьля таго, як выйшаў з турмы Жодзіна і мяне сустрэлі незнаёмыя людзі — накармілі, абагрэлі, аказалі мэдыцынскую дапамогу — зразумеў, што я не адзін, народ згуртаваўся. Нельга пакідаць усё, як ёсьць, інакш усё сыдзе з рук, сыдзе на нішто. Такое не павінна працягвацца. Мы самі маем права выбіраць свой лёс“.

August2020

„Мне на галаву надзелі мяшок і адвезьлі ў КДБ“

Дзмітры Строцаў, 57 гадоў, паэт, Менск, затрыманы 21 кастрычніка і асуджаны на 13 сутак арышту:

Дзьмітры Строцаў

„Вельмі пазытыўны досьвед, шмат цудоўных сустрэч, у нас была вельмі крэатыўная кампанія. Прыдумалі новы сьцяг для артыкула 23.34, зьбіраемся адкрыць клюб з назвай «23.34». Зь вялікімі напрацоўкамі выходзім на волю.

Фармальна мне прад’явілі фрагмэнт відэа, дзе я ўдзельнічаю ў шэсьці 4 кастрычніка. Паколькі ж мяне дапытвалі ў КДБ, то ёсьць здагадка, што інтарэс быў больш шырокі. Але канкрэтных размоў пра мае іншыя «правіннасьці» не было.

Я ішоў дадому зь «Беларусбанку», але за некалькі крокаў ад пад’езда мне надзелі на галаву мяшок, пагрузілі ў мікрааўтобус і, як я потым зразумеў, адвезьлі ў КДБ на Камсамольскую.

У КДБ мы знаходзіліся гадзіны паўтары, знаёміліся, як мне здаецца. У выніку я пагадзіўся на той эпізод, дзе быў адзін. Падпісаў пратакол, што ўдзельнічаў. Пасьля гэтага мяне прывезьлі ў Цэнтральнае РУУС.

Пры затрыманьні ня білі, нават калі зьмясьцілі ў мікрааўтобус, надзелі мяшок і кайданкі, то ветліва спыталі: «Як сэрца?» Я ім нічога не адказваў да таго моманту, як зьнялі мяшок і адвялі ў кабінэт сьледчага. Першае, што я сказаў: “Я вам не давяраю, вы мяне выкралі”.

Сьледчы прадставіўся не супрацоўнікам КДБ, а міліцыянэрам. Яму я прапаноўваў пераходзіць на бок народу, бо «вашы дні палічаныя». Калі мяне выводзілі, то я зразумеў, што гэта КДБ.

Я даў шмат інфанагодаў, занадта шмат і свабодна публікаваў матэрыялы на фэйсбуку. У іх ёсьць пункцік, што яны шукаюць лялькаводаў і арганізатараў, але размовы ў нас не атрымалася. Крымінальнай справай мяне не палохалі.

Са мной у камэры сядзеў студэнт Дзьмітры Мазура, які адседзеў 38 сутак. Быў яшчэ студэнт, у якога было 45 дзён арышту, ён быў напружаны, што могуць дадаць яшчэ.

У камеры ў нас была цудоўная атмасфэра. Калідорныя былі самыя розныя: хтосьці — дастойныя мужыкі, хтосьці больш жорсткі“.

„Наша ніва“

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

„Або прызнаеш віну і да цябе пускаюць мэдыкаў, або...“

Раман Курпачэнка, 21 год, праграміст, Магілёў:

Раман Курпачэнка

„Мяне ўзялі 10 жніўня блізу 20-й гадзіны на пешаходнай вуліцы Ленінскай. З бацькам і двума сябрамі ішоў папіць піва, але неўпрыкмет наша кампанія далучыліся да экскурсіі, як потым высьветлілася, арганізаванай Таварыствам беларускай мовы. Раптам з аркі выскачылі амапаўцы і перагарадзілі нам вуліцу. На іхнае патрабаваньне сысьці зь яе мы разьвярнуліся былі, але тут жа яшчэ адна група міліцыянтаў у рыштунку абкружыла ўсю экскурсію. За ачапленьне выпусьцілі жанчын і дзяцей.

Мужчын выводзілі па адным і садзілі ў аўтазакі. У аднаго з затрыманых здарыўся прыпадак эпілепсіі. Пра хваробу ён сказаў амапаўцам, а калі садзілі ў адзіночную камэру аўтазака, дзе ўжо былі тры чалавекі, папярэдзіў, што яму зробіцца кепска. Так і адбылося. Ён пачаў задыхацца, яго ахапілі канвульсіі. Хлопца вывелі з камэры і ўзяліся біць, каб «супакоіць», а ён крыкам заходзіўся, пакуль не прыехала хуткая дапамога. Усё гэта я бачыў…

Захоп экскурсіі

Нас прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі і на трэці паверх у спартовую залю гналі праз шыхт амапаўцаў. Дарогай білі нагамі, рукамі, дручкамі. У залі ў лепшым выпадку штурхалі тварам да сьцяны, а ў горшым — ударамі валілі на падлогу і клалі ў «позу смаўжа». Мяне амапавец ухапіў за патыліцу і ўдарыў галавой аб сьцяну. Каля яе я прастаяў некалькі гадзін.

Майго бацьку не чапалі. Я зьвярнуў увагу, што найбольш перападала маладзейшым. Калі гэта быў мужчына ў гадах, на яго пабойваліся падымаць дручок. Супрацоўнікі былі не нашмат старэйшыя за мяне, таму «паважліва» ставіліся да «старэйшых». Сярод тых, хто зьдзекаваўся, былі жанчыны-супрацоўніцы. Яны больш крычалі і зьневажалі. Дзьве стаялі ў калідоры і з задавальненьнем назіралі за тым, што адбывалася ў залі.

У маёй «партыі» спачатку забралі тэлефоны, а потым расстаўлялі нас уздоўж сьцен. Было шмат людзей. У некаторых забіралі тэлефоны пасьля зьбіваньня. Пароляў не патрабавалі, а толькі загадвалі выключыць званкі, каб іх не раздражнялі. Большасьць палонных у залі пратрымалі гадзіны тры ў «позе смаўжа». Таго, хто варушыўся ці нечага прасіў, білі. Давалі, праўда, ваду.

Захоп экскурсіі

Амапаўцы апраўдвалі гвалт, бо, зь іхных словаў, мы парушалі грамадзкі парадак, заканадаўства. Таксама даводзілі, што мы дурні і выйшлі пратэставаць за грошы. У гэтым яны былі перакананыя. Ад біцьця атрымлівалі задавальненьне. Рагаталі, калі нехта паказваў, што яму балюча. Я не магу сказаць, што амапаўцы былі неадэкватнымі, бо між сабою гаварылі асэнсавана.

Пратаколы афармлялі пад капірку, мянялі толькі імя і прозьвішча. Сьледчы запісваў адзін і той жа артыкул -- 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Я тады ня ведаў, што гэта азначае. Пярэчаньняў ніхто ня слухаў. Супрацоўнік, які працаваў са мною, дужа зьдзівіўся, што працую праграмістам за немалы заробак. Ён жа быў упэўнены, што людзі выходзяць пратэставаць за грошы.

У ізалятар нас, 16 чалавек, афармлялі пяць гадзінаў. Машына была разьлічаная на дзесяць. Паветра нам не хапала. Вады не было. У аўтазаку ледзь не пабілі другі раз, бо мы сьмяяліся, а на погляд міліцыянтаў, мы меліся маўчаць і баяцца.

Каля магілёўскага ізялатара ў першыя дні пасьля выбараў

А палове на шостую раніцы я быў у ізалятары. У ім прыніжэньне і зьбіваньне спыніліся. Ахоўнікі, здаецца, разумелі, што адбываецца, бо сярод нявольнікаў былі адукаваныя, культурныя людзі. Першыя суткі нам нічога не казалі. Жахліва было думаць, што родныя ня ведаюць, дзе ты. У камэры былі клапы, на прагулкі не вадзілі, вэнтыляцыя не працавала.

На другія дзень нас пачалі вадзіць да сьледчых з крымінальнага вышуку. Яны выпытвалі, хто ў камэры «рэвалюцыянэр», каму за пратэст заплацілі, хто чым незадаволены. Усяляк матывавалі «выдаць» сукамэрніка. Гучалі зьняважлівыя выказваньні.

У ізалятары я прабыў тры дні. На другі дзень у мяне забалела галава, адчуваў, што падскочыў ціск, ня мог глядзець на сьвятло. Супрацоўнік хуткай дапамогі зрабіў мачагнальны, як сказаў, укол і запэўніў, што стане лепей, але лягчэй не было. У прыбіральню мяне не ганяла; што праўда, заснуў. Сукамэрнікі бачылі, што мне кепска. Прасілі ахоўнікаў дапамагчы. Тыя абяцалі, што неўзабаве прыедзе зноў хуткая, але трымалі мяне ў такім стане да суду, які праходзіў у ізалятары.

На разгляд справы вадзілі тройчы. Судзьдзя пачынаць працэс адмаўлялася, бачачы мой стан . Перад трэцяй спробай сьледчы сказаў: «Або ты прызнаеш віну і да цябе пускаюць мэдыкаў, або вязём у аддзел міліцыі». Мне хацелася яшчэ пажыць, таму віну прызнаў. Прысудзілі пяць сутак і адразу аддалі ў рукі лекарам, якія сказалі, што варта везьці ў лякарню.

Зварот да адміністрацыі ізалятара

Калі выяжджала “хуткая” з ізалятару, яе абступілі родныя нявольнікаў. Людзі патрабавалі, каб назвалі, хто ў машыне, бо баяліся, што некага вывозяць пры сьмерці. Сярод людзей быў і мой бацька. Так я даведаўся, што ён не сядзіць. Мэдыкі перакручана назвалі маё прозьвішча, але бацька здагадаўся, што гэта я, і яго, на маю просьбу, упусьцілі ў салён. У лякарні зрабілі аналізы, запыталіся, ці білі. Я адказаў, што білі, але ня ведаю, ці інфармавалі яны сьледчых пра гэта. Мною яны не цікавіліся…

Ачуняўшы, я хацеў, каб мяне забралі ў ізалятар назад. З сабою набраў рэчаў, у якіх мелі патрэбу нявольнікі, але ў вязьніцу не пусьцілі. Сказалі, што яны толькі ахоўваюць, а прывозяць іншыя. Тады стаў паведамляць родзічам зьняволеных, якіх запомніў, дзе яны і што ім трэба.

Безумоўна, хто перажыў такі гвалт, жыве з душэўнай траўмаю. Калі цяпер бачу амапаўца, няма страху ці панікі, адно сьціскаюся, каб сябе стрымаць, бо ненавіджу гэтых людзей“.

„Я бачыў усякае. І ў Саюзе было ўсякае. Але такое...“

Аляксей Карповіч, 66 гадоў, грузчык, Менск:

Аляксей Карповіч. Фота August2020

„11 жніўня каля сёмай вечара я выйшаў у краму каля дому. А я жыву побач з РУУС Савецкага раёну. У мітынгах удзельнічаць не зьбіраўся: лічу, што ўзрост ужо не для рэвалюцый.

Недалёка ад дому я ўбачыў машыны ДАІ, якія перакрылі вуліцу каля аддзяленьня міліцыі. Пытаюся ў даішнікаў: «Хлопцы, а чаго гэта вуліцу закрылі?» Адказваюць: «У мэтах бясьпекі». Я не зразумеў: «Якой такой бясьпекі?»

Насупраць, каля цэнтральнага ўваходу ў РУУС, стаялі людзі ў камуфляжнай форме. Чую, даішнікі кажуць: «Хлопцы, ён ваш!» І ўсё — падбеглі, скруцілі ластаўкай. Дзьве хвіліны — і я ўжо ўсярэдзіне. У вельмі грубай форме затрымалі два хлопцы. Колькі тут мяне ёсьць, дзеда.

Без разбору завялі ва ўнутраны дворык разам зь іншымі затрыманымі. Там людзей трымалі амаль суткі. Ноччу проста на вуліцы паставілі пісьмовы стол і падводзілі людзей па адным.

У РУУС пратакол складалі, на камэру нешта здымалі. Які артыкул, за што мяне ўзялі, я нават і не зразумеў. Ня змог прачытаць, без акуляраў быў. Нешта пра супраціў міліцыі, алькагольнае ап'яненьне, мітынгі. Сказалі расьпісвацца ў нейкіх дакумэнтах. «Дзед, расьпісвайся, я сказаў. Або зараз палкай атрымаеш. Выпішуць дзьве мінімалкі — заўтра адпусьцяць». Вось такая размова.

Што было далей уночы, нават ня ведаю, як апісаць. Мне здаецца, нават немцы так у час вайны ня зьдзекаваліся. Мяне толькі адзін раз па галаве стукнулі, ды яшчэ па нагах падчас затрыманьня. А так дзеда шкадавалі, калі можна так сказаць. Але як білі моладзь — гэта страх... Яны стаяць каля агароджы, галовы апушчаныя. Ззаду ідзе міліцыянт — берцамі па нагах, палкамі...

12 жніўня перавезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна. Калі выпускалі з аўтазака, людзі траплялі ў «жывы калідор» з амапаўцаў. Затрыманы праходзіў, а яго з двух бакоў білі дубінкамі. Хто падаў, той атрымліваў яшчэ мацней. Потым усіх пасадзілі ў камэру.

Я такога ня бачыў. Фашызм натуральны. Паразьдзяваліся ўсе потым — сінія. Уяўляеце, нас 75 чалавек у камэры было. 75 чалавек! Камэра — мэтры 4 на 4. Бэтонная падлога. Пяць з 75 чалавек — гэта сапраўды тыя, хто ў чымсьці ўдзельнічалі. Астатнія — тыя, хто ў краму выйшаў, каля машыны стаяў.

Да нас потым хлапчука 18-гадовага закінулі. У калідоры перад гэтым яго прымушалі крычаць: «Я люблю АМАП!» Вось ён крычыць «Я люблю АМАП», а яго ззаду дубасяць палкамі. Да нас закінулі яго — ён ніякі ўжо. Мы папрасілі лекара турэмнага. Ён прыйшоў, аглядае. А побач якраз начальнік праходзіў турэмны. Кажа: «Няхай здыхае, няма чаго лезьці, куды ня трэба».

Але затым усё ж такі выклікалі «хуткую». І яшчэ іншым чатыром. Гэта тыя, якіх я на свае вочы бачыў, — яны зусім у адключцы былі. З нашай камэры больш нікога не чапалі. Але ў суседніх людзі крычалі страшна ўсю ноч.

13 жніўня праходзілі суды. Мяне выклікаць не пасьпелі. Замест гэтага далі позву на 4 верасьня. Прымусілі падпісаць паперу, у якой затрыманы абавязваецца ня ўдзельнічаць больш у несанкцыянаваных мітынгах. Пры паўторным затрыманьні гэта пагражае крымінальнай адказнасьцю.

Выпусьцілі а 5-й вечара. Я спытаўся ў іх, дзе мае ключы. Яны адказалі: «Дзед, ідзі! Будзеш пытаньні задаваць — застанесься». Вось такое стаўленьне. Дарэчы, потым, ужо ў пятніцу 14 жніўня, хадзіў у ЦІП шукаць ключы ад кватэры. Так і не знайшоў іх. Сказалі прыходзіць праз пару дзён.

Пасьля вызваленьня схадзіў у сваю паліклініку, каб зьняць пабоі. На ўсялякі выпадак.

Аляксей Карповіч. Фота August2020

Валянтэры да мяне зьвярталіся, прапаноўвалі бясплатную мэдычную дапамогу. Я сказаў, што дапамога мне не патрэбна. Якая ўжо рэабілітацыя ў маім узросьце. Мне ў паліклініцы выпісалі нейкую мазь — мажу.

14 жніўня выйшаў на працу. Калектыў і кіраўніцтва паставіліся да сытуацыі з прагуламі добра, бо я адпрацаваў у МАПІД 41 год… Размовы пра звальненьне не было.

Дома таксама падтрымалі. Я дзякуючы дачцэ вырашыў з прэсай кантактаваць. “Тата, -- кажа, -- трэба!” Я ж да яе прыехаў уначы 13 жніўня па ключы. Калашына разарваная, сам у сіняках. Напалохаў яе. Я разумею, што ў краіне павінен быць парадак. Але не да такой ступені. Так не павінна быць. У мяне два ўнукі — 10 і 13 гадоў. Як яны далей будуць тут жыць, я ня ведаю.

Я паўтаруся, я бачыў усякае. І ў Саюзе было ўсякае. Але такое...“

August2020

„Міліцыянт у вочы сказаў: што б ён са мной ні зрабіў, яму за гэта нічога ня будзе“

Аляксандар Раз, Менск:

Аляксандар Раз

„Серада, 30 верасьня, вечар.

Жонка зь дзецьмі паехалі ў суседні мікрараён «Менск-Сьвет» на дзіцячае сьвята. Я застаўся дома папрацаваць. Канец месяца і квартала.

Прыкладна ў 20:30 вырашыў, што на сёньня хопіць, і зайшоў у краму купіць сабе што-небудзь смачнае. Па дарозе дадому патэлефанаваў жонцы спытаць, як яны там, час позьні. У размове высьветлілася, што яны зьбіраюцца ўжо ехаць дадому, і мы дамовіліся, што я пайду сустракаць. Забягаючы наперад, скажу, што ў маім тэлефоне вядзецца запіс усіх размоваў.

Пасьля выхаду на вуліцу, з процілеглага боку падземнага пераходу стаяць людзі ў аліўкавай форме. Каля 10-15 чалавек. Я спакойна паспрабаваў прайсьці міма, але мне заступілі дарогу, запатрабавалі паказаць тэлефон і разблякаваць яго.

Я абурыўся. Зь якой нагоды на вуліцы ўвечары незразумела каму і чаму я павінен аддаваць свой тэлефон і паказваць яго зьмесьціва, на якой падставе?

Мне скруцілі рукі і «прапанавалі прайсьці» ў мікрааўтобус. Сказалі, што павязуць у РУУС. Я спытаў: “За што? Што я парушыў?”

Сказаў ім, што ў мяне ёсьць дамова з адвакатам, і папрасіў даць мне магчымасьць зьвязацца зь ім. Спрабаваў растлумачыць, што я іду да жонкі і дзяцей. Што я нічога не парушыў. Пытаўся, на якой падставе мяне затрымліваюць.

У званку адвакату мне адмовілі і сказалі, што адвязуць у РУУС, дзе «разьбяруцца».

Мяне і яшчэ аднаго хлопца, якога затрымалі крышку раней (ён кажа, што ішоў у аптэку і, калі пабеглі на яго вайсковыя людзі, спалохаўся і паспрабаваў уцячы, але яго злавілі і затрымалі).

І вось нас дваіх супрацоўнікі ўнутраных войскаў вязуць у РУУС Ленінскага раёну і зьмяшчаюць у бокс для машын, дзе знаходзіцца супрацоўнік РУУС і стол з крэслам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Нас абшукалі, склалі вопіс канфіскаванага, прымусілі дастаць матузкі з красовак.

І я, і хлопец патрабавалі выклікаць да нас адваката. Казалі, што, паводле Канстытуцыі, мы пры затрыманьні маем права на дапамогу адваката. Нашы патрабаваньні засталіся без увагі.

Нас яшчэ раз старанна абшукалі, зьнялі на камэру, пры гэтым мы павінны былі называць прозьвішча, імя, дату нараджэньня і месца жыхарства.

Потым узялі адбіткі пальцаў. І зноў накіравалі чакаць у знаёмы ўжо бокс гаража.

Прыкладна праз гадзіну нам прынесьлі паперы на подпіс. Мы спыталі: «Што гэта?»

Адказ: «Пратакол вашага адміністрацыйнага затрыманьня».

— Гэта — адміністрацыйнае затрыманьне? Мы затрыманыя?

— Так.

— Азнаёмце нас з нашымі правамі.

— Чытайце.

— Пункт 5 — “Кожны чалавек з моманту адміністрацыйнага затрыманьня мае права на адвакат”а. Падайце нам адваката. Усе паперы мы будзем падпісваць толькі ў прысутнасьці адваката.

— З вамі ўсё ясна.

Прыкладна праз 5 хвілін:

— Сядайце ў машыну, паедзем на Акрэсьціна.

— Вы абавязаныя даць нам адваката!

— Я вас ня ведаю, вы мяне ня ведаеце. Я вам нічым не абавязаны. Праходзьце ў машыну. (Адказ супрацоўніка РУУС, міліцыянта, на тэрыторыі РУУС пры выкананьні абавязкаў.)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пры гэтым ніхто не прадстаўляўся. На пытаньне «Хто вы такі? Прадстаўцеся, калі ласка» ніхто з супрацоўнікаў РУУС, зь якімі мы кантактавалі, не назваў свайго прозьвішча і званьня. Ніводзін супрацоўнік.

Такім чынам, мы едзем на Акрэсьціна ў чыёйсьці легкавой машыне. Па дарозе мы спрабавалі пагаварыць зь людзьмі, якія нас вязуць:

— Вы ж органы правапарадку. Вы павінны падтрымліваць парадак і выконваць закон. Што ж вы робіце? Вы склалі на нас фальсыфікацыю, як быццам мы ўдзельнічалі ў мітынгу, не далі нам скарыстацца правам на адваката, замацаванае ў Канстытуцыі. Па сутнасьці, вы груба парушаеце Канстытуцыю.

— Калі вы зараз жа не заткняцеся, то будзеце на Акрэсьціна начаваць у камэры з вашывымі бамжамі, я вам гэта арганізую!

Нас прывезьлі на Акрэсьціна ў ІЧУ (Ізалятар часовага ўтрыманьня). У прыёмнай я паспрабаваў зноў сказаць пра сваё права на адваката, пра тое, што затрыманьне маё незаконнае. Але мне адказалі, што яны мяне тут будуць трымаць і карміць (харчаваньне я аплачваю).

Далей зноў агляд з поўным разьдзяваньнем, канфіскацыя рэчаў пад вопіс і суправаджэньне ў камэру.

Першапачаткова камэра была пустая. Мы ўдвох былі першымі «наведнікамі». Да раніцы нас там было ўжо 5 чалавек.

Чацьвёра «нармальных» — дырэктар фірмы, праграміст (прадпрымальнік), лекар, рабочы. І бяздомнік Славік няпэўнага ўзросту. Зь ім незразумелая справа. Нам ён расказваў, што яго ўчора выпусьцілі адсюль, потым зноў павезьлі ў РУУС «паперу падпісаць» і зноў прывезьлі на Акрэсьціна.

Днём нас чатырох судзілі. Мінімум — 5 сутак (лекару). Максымум — 12 (мне).

Асабліва хочацца расказаць пра тое, як праходзіў суд.

Пад аховай вядуць на другі паверх. Там, у ІЧУ, 2-3 пакоі, абсталяваныя ноўтбукамі з выхадам у інтэрнэт. І праз скайп праводзяцца суды. Зьняволеныя — у ІЧУ, судзьдзя, а таксама адвакат, сьведкі (калі яны ёсьць) — у судзе.

Такім чынам, «Устаць, суд ідзе»!

Я спрабую расказаць пра абставіны затрыманьня: калі, адкуль і куды ішоў. Пра тое, што мяне не азнаёмілі з матэрыяламі затрыманьня, мне не прад’яўлена ніякага абвінавачаньня, не давалі на подпіс ніякіх дакумэнтаў.

Прапаную заслухаць сьведку. Сьведка — мая жонка. Яна пацьвярджае мае словы, што я застаўся дома, бо меў шмат працы, мы стэлефанаваліся, і я пайшоў да іх насустрач, каб разам вярнуцца дадому.

Судзьдзя ўсё гэта выслухоўвае. З нагоды парушэньняў — прапанаваў зьвярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі. Выступае сьведка, які заяўляе, што я ў гэты час, перад затрыманьнем стаяў у ланцугу салідарнасьці і крычаў «Жыве Беларусь!»

Сьведкам быў супрацоўнік РУУС, які нас афармляў і адвозіў на Акрэсьціна. Уяўляеце, ён быў у РУУС, але пры гэтым заяўляе, што ў гэты час быў у іншым месцы і бачыў там нас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Адвакат прапануе запытаць запісы ў сотавага апэратара, каб даказаць праўдзівасьць маіх слоў, што ў мяне ёсьць алібі, я ішоў да жонкі і дзяцей. Але... судзьдзя адхіляе запыт адваката. Адвакат кажа, што ў мяне малыя дзеці на ўтрыманьні — сын 7 гадоў і дачка 5 гадоў, што я адзіны карміцель у сям'і.

Судзьдзя сыходзіць на нараду і выносіць прысуд — 12 дзён арышту. Артыкул 23.34 — удзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Уявіце, спальны раён, серада, час — 20.45. Якія могуць быць мітынгі ў гэты час? Навошта мне ў сярэдзіне тыдня ў здаровым розуме на пустой вуліцы стаяць і крычаць «Жыве Беларусь»? Ды і алібі ў мяне ёсьць. Але ў судзьдзі, падобна, іншая лёгіка.

Забягаючы наперад, скажу, што сустрэўся пры перасылцы зь Менску ў Баранавічы з чалавекам, якому далі 5 дзён адміністрацыйнага арышту за тое, што ён п’яны з нажом бегаў па кватэры за цешчай.

На трэці дзень арышту (раніцай у суботу) нас перавезьлі зь Менску ў СІЗА Баранавічаў у стары будынак, 1903 году пабудовы. Адразу хачу сказаць — будынак у аварыйным стане. На сьценах камэраў цьвіль. Дзіркі ў тынкоўцы ў столі агульнага калідора прыкладна мэтар на мэтар. Бачылі як мінімум дзьве такія дзіркі проста каля нашай камэры. А вышыня столяў — 4 м, і пастаянна водзяць зьняволеных, возяць ежу. Калі адваліцца яшчэ кавалак тынкоўкі з такой вышыні і ўпадзе на галаву каму-небудзь — будзе бяда.

Камэры. Памер — 3х4 м. Пасялілі восем (!) чалавек. Зьлева ад дзьвярэй дзірка пад унітаз і вядро для сьмецьця, адгароджаныя бэтоннай сьцяной з кафляй вышынёй прыкладна 1,5 м, за сьценкай рукамыйнік. Насупраць, справа — вешалка.

Пасярэдзіне вольная прастора, прыкладна 0,8 м у даўжыню, наперад і ў шырыню прыкладна 1,8 м (ад сьценкі з санвузлом да вешалкі).

Гэта і ўся вольная прастора. Па пэрымэтры ўздоўж сьцен нары на 2-3 паверхі, пасярэдзіне стол і лаўка.

Адначасова на лаўцы ўпрытык зь цяжкасьцю зьмяшчаюцца 3 чалавекі. Перасоўвацца паміж сталом і ложкам, лаўкай і радамі нараў магчыма аднаму чалавеку бокам. Сядзець на ложку, расправіўшы сьпіну, немагчыма: вышыня другога ярусу не дазваляе.

Пазьней нам наогул забаранілі сядзець на матрацах.

Гарачай вады няма. Кіпяцільнікамі карыстацца забаранілі.

А таксама праз 3-4 дні перасталі выключаць дзённае сьвятло ў камэрах нават ноччу.

На наша пытаньне, зь якой мэтай гэта робіцца, атрымалі адказ: «Такі загад начальства».

У дзень, калі ў мяне заканчваўся тэрмін зьняволеньня, паступіў новы загад: матрацы згортваць і складаць зь першага паверху на другі. Каб людзі гарантавана не маглі сядзець (бо ў ложкаў мэталічны край з досыць вострым рабром).

Таксама абмежавалі час прыёму перадач. Калі раней можна было перадаваць палітычным зьняволеным перадачы 5 дзён, абмежавалі да 1 дня на тыдзень. Да падсьледных, якія знаходзяцца ў гэтым жа СІЗА (зладзеі, гвалтаўнікі) усе гэтыя абмежаваньні не ўжываліся, толькі да палітычных.

Пра ўмовы ўтрыманьня. Ёсць палажэньне, як павінны ўтрымлівацца адміністрацыйна асуджаныя. У СІЗА (ІЧУ) Баранавічы вельмі шмат парушэньняў. А загад не выключаць сьвятло і не даваць месцаў для сядзеньня — гэта ўжо элемэнты катаваньняў. Такога нават у карцары не практыкуюць.

Цяпер аб прыемным. Людзі добрыя папаліся. Я асабіста памяняў 12-14 суседзяў за час знаходжаньня. І, за выключэньнем бяздомніка ў ІЧУ, астатнія былі прыстойнымі, выдатнымі людзьмі. Мы шмат размаўлялі, а таксама майстравалі настольныя гульні з рэшткаў хлеба і паперы. Кармілі нас добра. Таксама вельмі падтрымлівалі перадачы ад блізкіх, лісты.

Ці б’юць цяпер затрыманых? Так, б'юць. Пры адзіночных затрыманьнях часта. У нас у камэры (толькі ў нас у камэры) былі два чалавекі, якіх білі пры затрыманьні. Першаму да сіні адбілі ногі. Другога білі ў сківіцу і па назе (па галёнцы, па косьці) -- нагой у берцы, у адно месца. Яшчэ адзін чалавек ня змог дакладна сказаць, білі яго ці не: на яго наляцелі, зьбілі з ног, і далей ён ня памятае. Але распухла калена, быў велізарны сіняк вышэй калена, а таксама балела галава.

Ну і зусім дзіўны выпадак.

Муж з жонкай і сабакам пайшлі пагуляць. Каля мэтро, на плошчы Прытыцкага ўбачылі, як высадзіўся аўтобус ці то АМАПу, ці то байцоў спэцназу. Мужчына вырашыў зь імі пагаварыць пра «жыцьцё». Яму для размовы прапанавалі прайсьці ў іх аўтобус. Ён аддаў сабаку жонцы, прайшоў у аўтобус. Яго не адпусьцілі, а затрымалі. Жонцы стала кепска, яна ўпала непрытомная. Выклікалі «хуткую».

Мужчыну даставілі ў РУУС, дзе на яго завялі справу за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Але далі патэлефанаваць дадому, дзе дачка сказала, што маме дрэнна, яна ня можа хадзіць.

Мужчына на судзе расказаў, што ён проста гуляў з жонкай і спыніўся пагаварыць, што ў байцоў былі відэарэгістратары, на якіх усё відаць, што ў яго пяцёра (!) дзяцей, малодшай дачцэ тры гады, што жонцы стала дрэнна і трэба забіраць малодшую зь дзіцячага садка.

Прысуд судзьдзі — 15 (!) дзён адміністрацыйнага арышту. З гэтым мужчынам я прасядзеў у Баранавічах у адной камэры восем дзён. Мяне выпусьцілі, а яму яшчэ трэба было сядзець там пяць сутак.

Вось такія справы дзеюцца ў Беларусі.

Мне вельмі хочацца, каб пра тое, што ў нас адбываецца, даведалася як мага больш людзей. Таму што гэта беззаконьне. А яшчэ мне асабіста супрацоўнік міліцыі ў вочы сказаў, што што б ён са мной ні зрабіў, яму за гэта нічога ня будзе, ніякага пакараньня.

Аляксандар Раз

Хочацца асабліва падкрэсьліць — спроба зламаць людзей адміністрацыйнымі арыштамі асуджаная на правал. Нават тыя, хто трапляе туды выпадкова, да канца тэрміну становяцца заўзятымі праціўнікамі дзейнай улады. А тыя, хто трапляе туды за ўдзел у акцыях пратэсту, пераконваюцца ў тым, што нічога страшнага ў «сутках» няма і што барацьбу з рэжымам трэба працягваць. Інакш хлусьня, зьдзек з народу будуць працягвацца“.

„Валаклі ў аўтазак з такой сілай, што ў сабакі сарвалі шворку“

Леанід Савёнак, 53 гады, грузчык, Менск:

„Увечары, у дзень выбараў, я пайшоў гуляць з сабакам. Гадзін у дзесяць мы падышлі да школы, дзе павінны былі вывесіць пратакол пра вынікі галасаваньня. Там стаяла шмат людзей. Чакалі-чакалі, але вынікаў так і не аб'явілі. Прыехаў АМАП і вывез са школы выбарчую камісію. Людзі пачалі абурацца і вырашылі пайсьці ў цэнтар гораду.

Леанід Савёнак. Фота August2020

Мы з Ф’ю стаялі каля дарогі на вуліцы Кальварыйскай. Пад'ехаў аўтазак. Людзі сталі скандаваць: «Міліцыя з народам!» З машыны выскачылі тры чалавекі ў чорным, схапілі мяне і пацягнулі, мацюкаючыся, б’ючы дубінкамі, кулакамі. Валаклі за рукі, за ногі, з такой сілай, што сарвалі шворку з галавы Ф'ю. Закінулі ў аўтазак. На мяне селі двое сілавікоў і працягвалі біць: па нагах, руках, грудзях, галаве. Я ўбачыў іх нечалавечыя вочы і спытаў:

— За што?

І раптам усё згасла...

Потым сьведка з аўтазака расказаў, што мяне білі каля 15-20 хвілін, а калі ўдарылі дубінкай па твары, я адключыўся. У хлопца, які ляжаў побач, пайшла пена з рота, але лекары вынесьлі на насілках мяне — бо ўжо не намацваўся пульс.

Ачуўся ў хуткай. Побач ляжаў малады хлопец з прастрэленым жыватом, зь якога вываліліся кішкі.

Я ўскочыў і закрычаў:

— У мяне ж там сабака застаўся! Я павінен яго знайсьці!

І басанож выскачыў на вуліцу. Наш Філ — звычайны дварняк, але нам вельмі дарагі. Жонка неяк заўважыла, што на прыпынку круціцца сабака, падбягае да аўтобусаў, чакае кагосьці. Празь некалькі дзён сабака зьлёг, і мы вырашылі яго забраць. Вэтэрынар сказаў, што вельмі своечасова: яшчэ б дзень, і ўжо ня выратавалі б.

У сабакі быў піраплязмоз, быў увесь згрызены кляшчамі. Потым яшчэ апэрацыю перанёс: раздробнены таз (цяпер стаяць жалезныя імплянты), 8 пераломаў на адной назе, 4 — на другой. Выхадзілі. Ф’ю вельмі добры, таварыскі, любіць гуляць зь дзецьмі. Але калі мяне цягнулі ў аўтазак, брахаў з усіх сіл, ледзь ня кідаўся на крыўднікаў.

Калі мяне цягнулі, зьляцелі чаравікі, прапалі ключы ад кватэры, тэлефон. Пасьля таго, як я выбег з «хуткай», адна дзяўчына прынесла мне чаравік, а другая — Ф'ю, без аброжка і шворкі.

Фота August2020

Жонка была на лецішчы, і мы з Ф'ю пераначавалі ў прыяцеля ў суседнім доме. Назаўтра ўсё балела, мне стала кепска. «Хуткая» забрала ў лякарню. Там спыталі, ці перанёс я нядаўна інфаркт. Высьветлілася, што ў мяне была блякада сэрца, пералом 4 рабрын і мезенца на руцэ, удары сківіцы, рук, ног, рана на галаве, страсеньне мозгу, ЧМТ. Цяпер я на бальнічным, але картку ў паліклініцы згубілі.

Ключы мы потым знайшлі на Акрэсьціна, а тэлефон назад так і не вярнуўся, хоць нехта заходзіў зь яго “УКантакце”.

Было крыўдна, што пабілі з такой жорсткасьцю ні за што. Але страшней, калі такое ў нашай краіне стане нормай...

Заяву ў Сьледчы камітэт падаў; адказалі, што яе разгледзяць празь месяц“.

August2020

„Пасьля міліцэйскага гвалту выпадковыя людзі зьбіраюцца на мітынг“

Вадзімір Заранкін, 32 гады, супрацоўнік пасольства ЗША ў Беларусі, сын мэра Віцебску, Менск:

„Хоць я і чалавек з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, якую выказваю рознымі шляхамі, але ў той вечар, 12 кастрычніка, далібог, ні ў чым ня ўдзельнічаў.

Я прыехаў на «Рыгу» ў «Суседзі». Там нічога не адбывалася, так, былі пратэстоўцы, але ў мяне былі свае пляны. Калі выходзіў, убачыў характэрны бусік, але ён спыніўся даволі далёка. Я вырашыў сыходзіць адтуль і пайшоў на паркоўку да машыны, сеў, завёў рухавік, ад’ехаў няўдала, закрануўшы чужую машыну, але тут падскочылі некалькі чалавек, пачалі біць шыбы і спрабаваць адчыніць дзьверы. Ім гэта ўдалося.

Вадзімір зь сяброўкай на выхадзе з Жодзінскага ізалятара. Фота NN.by

Мяне выцягнулі, паклалі тварам на плітку, некалькі разоў далі дручком па сьпіне, рукі сьцягнулі будаўнічай зацяжкай, на вочы нацягнулі капюшон і павялі ў свой бус. Але гэта быў ня той бус, які я бачыў раней. Таму я зразумеў так, што пачалася аблава і яны былі з розных бакоў, і я памыліўся, думаючы, што сяду і зьеду. Хто тыя людзі, якія мяне затрымлівалі, я ня ведаю. Яны былі ў касках і бронекамізэльках, не прадстаўляліся, як таго патрабуе закон, не тлумачылі прычын затрыманьня. Мяне ўдарылі ў твар да зорачак у галаве, спрачаліся, ці трэба мяне «пазначаць».

Потым закінулі галавой наперад у бус, сказалі не варушыцца, пагражалі доўгім турэмным тэрмінам. Па прыезьдзе ў РУУС выгрузілі ў падвал.

Як я зразумеў, гэта было Савецкае РУУС. У сутарэньнях нас паставілі на калені: рукі ўгору, галава ўніз. У мяне патрабавалі пароль ад майго тэлефона, але я не сказаў. І калі я лічыў тую аварыю з чужой машынай непрыемнасьцю, то аказалася, што яна мне дапамагла: уласьнік таго аўтамабіля выклікаў ДАІ, разам з ДАІ яны знайшлі мяне ў РУУСе. Мяне вывелі з падвалу, каб скласьці эўрапратакол, і ўдалося перадаць яму мабільны майго брата. Піліп прыехаў забраць пабітую машыну.

У РУУСе нас трымалі прыкладна да 4-й гадзіны раніцы, пасьля чаго прыехаў аўтазак.

У аўтазак трэба было бегчы, у ім усіх паставілі на калені на падлогу, так мы гадзіну ехалі да Жодзіна, пад адным хлопцам за гэты час налілася лужына крыві — яго білі ў нос. Стаўленьне да нас было грэблівае, як да злачынцаў, ніякай павагі да чалавечай годнасьці; тых, хто спрачаўся з канваірамі, білі.

У самім Жодзіне дваццаць чалавек займалі 10-мясцовую камэру. Спалі мы, седзячы на жалезных нарах. Увесь наступны дзень правялі ў камэры, нейкую ежу далі толькі ўвечары. Раніцай пачаліся суды, судзьдзі былі з вобласьці. Давалі то штрафы, то адпраўлялі на перагляд, нейкаму хлопцу аднаму далі 25 сутак. Я сказаў, што маю адваката і патрабую яго прысутнасьці, мне ёсьць што сказаць, таму судзьдзя перанесла пасяджэньне, мяне выпусьцілі, цяпер справа на «дапрацоўцы».

Я знаходзіўся зь людзьмі, за якімі будучыня гэтай краіны: маладыя, разумныя, мы шмат усяго абгаварылі. Былі хлопцы-айцішнікі, інжынэр МЗКЦ, студэнты. Усе яны ехалі ў крыві ў аўтазаку, іх марылі голадам, пагражалі. Гэта ня дужа страшна, але гэта ненармальна, і мне незразумела, навошта гэта ўсё.

Былі выпадковыя людзі — хлопец на свой дзень нараджэньня выскачыў у краму. Яны казалі, што вось раней не задумваліся, але, перажыўшы бясчынства, задумаюцца пра выхад на мітынгі, бо ніводная чалавечая істота не зразумее такога стаўленьня да невінаватых і ня будзе падтрымліваць тых, хто гэта робіць, і іхных камандзіраў. У ХХІ стагодзьдзі гэта недапушчальна, гэта тэрор і генацыд.

У межах сям’і мы ўсё гэта абмяркоўваем, бацьку я расказваў, ён ведае. Я патлумачыў, што не хачу, каб маім дзецям было за мяне сорамна: за тое, што я пайшоў на кампраміс з сумленьнем у той момант гісторыі, калі кампраміс быў немагчымы“.

„Наша ніва“

„Было адчуваньне, што нас акружылі і пачалася вайна“

Дар’я Бабенка, 23 гады, студэнтка, Наваполацак:

Дар'я Бабенка. Фота August2020

„Я ўжо пяць гадоў жыву ў Парыжы, вучуся ва ўнівэрсытэце, вывучаю расейскую мову, гісторыю і культуру. Да бацькоў у Наваполацак прыехала ў сакавіку, калі ва ўсім сьвеце пачаўся каранавірус. Увечары 10 жніўня мы з татам і малодшым братам паехалі ў кругласутачную аптэку ў цэнтры гораду.

Галоўная гарадзкая плошча была перакрытая, людзей туды не пускалі. Калі купілі лекі, мы заўважылі, што на скрыжаваньні каля плошчы сталі зьбірацца людзі. Усе былі настроеныя мірна, нічога не крычалі і не задзіраліся зь міліцыяй. Яны проста хацелі абараніць свой голас пасьля выбараў. Мы не пайшлі ў натоўп, падняліся на пагорак, далёка ад людзей і адтуль назіралі за тым, што адбываецца.

У нейкі момант да натоўпу пад'ехаў мікрааўтобус і зь яго выбеглі амапаўцы. Іх было чалавек дваццаць. Людзі былі настроеныя міралюбна, ніхто ня мог падумаць, што амапаўцы пачнуць шпурляць у натоўп сьвятлашумавыя гранаты. Мабыць, так яны хацелі разагнаць людзей.

Мне стала страшна ўжо зь першым выбухам, але мы працягвалі глядзець. Здавалася, што ў наш бок ніхто нічога ня кіне, што нас ніхто не заўважыць. Пагатоў, побач з татам я адчувала сябе ў бясьпецы. Усяго налічыла сем гранат, а восьмая прыляцела проста мне пад ногі. Яна была апошняй.

Дар'я Бабенка. Фота August2020

Калі адзін амапавец рэзка разьвярнуўся і кінуў гранату ў наш бок, мы з татам і братам пабеглі. Той момант я памятаю слаба. Здавалася, мы ўжо далёка адбегліся, але чамусьці злашчасная граната мяне дагнала і апынулася проста пад нагамі. Выбух — і мяне адразу аглушыла і асьляпіла. Я тут жа адчула боль у левай назе, у галёнцы і сьцягне, як быццам яны раздрабіліся на дробныя кавалачкі. Я падумала, што паміраю, і ўпала на зямлю. А калі мяне спрабавалі падняць, было адчуваньне, быццам нас акружылі і пачалася вайна. Я ўжо была без прытомнасьці.

Калі ачулася, я ляжала на лавачцы ў дварах. Брат глядзеў на мяне і крывіў твар, раіў мне не апускаць вочы ніжэй. Іх з татам, на шчасьце, не закранула. Пакуль чакалі «хуткую», зь мяне градам ліў пот, пэрыядычна то адключалася, то зноў ачыналася.

У лякарні зрабілі рэнтген, а потым сталі даставаць аскепкі з нагі. Нібыта абязболілі, але я ўсё роўна адчувала непрыемнае калупаньне. Аскепкі дасталі зь пярэдняй часткі галёнкі, з-пад грудзей і на лабку. Потым апрацавалі раны і сінякі па ўсім целе і ўначы адправілі дадому. Відаць, лекары чакалі больш цяжкіх пацыентаў. Адной дзяўчыне аскепкі прыляцелі проста ў ступню, мужчыну — проста ў азадак, а маладому хлопцу рана зачапіла нэрву і ён не адчуваў нагу.

Дар'я Бабенка. Фота August2020

На гэтым нашы прыгоды ня скончыліся. У мяне ўся майка, шкарпэткі і нават таблеткі, якія мы купілі, былі ў крыві. Дадому паехалі на таксі. Але ў дарозе нас спыніла міліцыя, разьвярнула і адправіла ў аддзяленьне. Калі я спрабавала растлумачыць сытуацыю і расказаць, што адбылося, у адказ пачула: «Вы мне тут казкі не расказвайце, выходзім». Ім было ўсё роўна.

Гадзіны тры мы сядзелі ў аддзяленьні, да нас падыходзілі міліцыянты, фатаграфавалі, распытвалі, што адбылося. І толькі а палове чацьвёртай ночы адпусьцілі дадому. А ўжо праз паўтары гадзіны дадому прыехаў участковы і настойліва папрасіў праехаць у Сьледчы камітэт, каб напісаць заяву. Але я наадрэз адмовілася, у той момант я была ніякая. Я дагэтуль ня бачу сэнсу пісаць заяву. На каго? Ня будуць жа яны караць сваіх жа. Нядаўна наш участковы паведаміў, што праверка ў нашай справе спыненая.

Цяпер я адчуваю сябе ня вельмі добра. Хаджу з мыліцамі, толькі ў шпіталь на перавязкі і ў туалет. Раны баляць, яны адкрытыя, зацягвацца будуць доўга. Да болю ўжо прывыкла. Наогул, я вельмі люблю бегаць. Спытала ў лекара, калі зноў змагу пайсьці на стадыён, а ў адказ — магільнае маўчаньне.

А яшчэ мне паставілі баратраўму правага вуха пасьля выбуху. Сказалі, што мне яшчэ пашанцавала, у адной дзяўчыны наогул бубенную балону разарвала. Цяпер пастаянна чую непрыемны звон у вушах. Лекары забаранілі лятаць, ныраць і падымацца ў горы наступныя тры месяцы. Сказалі, што з часам гэты звон павінен прайсьці.

Калі шчыра, ня ведаю, чым усё гэта для мяне павернецца. У канцы жніўня я павінна была паляцець у Парыж. Але лятаць мне нельга, ды і працу знайсьці вось так, на мыліцах, у мяне наўрад ці атрымаецца. А ўжо ў верасьні пачнецца вучоба, я перайшла на апошні курс унівэрсытэту. Пакуль незразумела, як дабяруся да вучобы і як там буду існаваць.

Дар'я Бабенка. Фота August2020

Вельмі зьдзівіла, як нашы беларусы ўмеюць самаарганізавацца. Незнаёмыя людзі сталі прапаноўваць мне дапамогу. Пасьля таго, што здарылася, са мной зьвязалася зусім незнаёмая дзяўчына, валянтэрка “Имён”, пацікавілася, у якой падтрымцы я маю патрэбу. Вядома, мне цяпер вельмі патрэбна дапамога кваліфікаваных мэдыкаў. У выніку гэтая дзяўчына арганізавала прыёмы ў менскіх спэцыялістаў за адзін дзень — у нэўроляга і траўматоляга, плюс мне зрабілі УГД брушной поласьці. Усё гэта бясплатна. Дзякуй неабыякавым людзям за ўсё гэта.

Нягледзячы на ўсе перажытае, я ніколькі не пашкадавала, што апынулася ў тым месцы і ў той час. Нават калі б ведала, што адбудзецца, я б усё роўна пайшла. Але ніводнаму іншаму чалавеку не пажадала б трапіць у падобную сытуацыю. Дзесьці ў глыбіні душы нават рада, што гэта адбылося са мной, а ня з кімсьці іншым. Я моцная, змагу з гэтым справіцца, а вось чалавек слабейшы, калі б якая-небудзь бабулька міма праходзіла — наўрад ці“.

August2020

„Пасадзілі на 15 дзён, каб раны пасьпелі загаіцца“

Юры Шафранскі, 29 гадоў, электрамантажнік, Менск:

Юры Шафранскі

„Я вяртаўся дадому зь нядзельнага шэсьця 27 верасьня. Ва Ўруччы, куды дайшла калёна, каля 19 гадзін людзі пачалі разыходзіцца. Я ішоў у бок «МакДональдсу». Раптам з-за сьпіны пачуў крыкі, што трэба ўцякаць. Абярнуўшыся, за дзьвесьце мэтраў убачыў людзей з дубінкамі, якія беглі ў мой бок.

Я пабег, але мяне павалілі на зямлю амапаўцы ў балаклавах, якія выскачылі з буса, што праяжджаў побач. Я не супраціўляўся і прасіў ня біць, аднак словы ня дзейнічалі. Мне надзелі на рукі сьцяжку і адвялі ў бус. Разам са мной затрымалі яшчэ двух хлопцаў, якія ішлі ззаду.

Бус паезьдзіў па раёне хвілінаў сорак і сабраў усіх самых пабітых: у каго была галава разьбітая, у каго парванае вуха, у каго лопнула бубенная балона. Усім адмовілі ў мэдычнай дапамозе. Усяго ў бусе аказалася восем чалавек, якіх завезьлі ў Цэнтральнае РУУС.

Амапаўцы працягвалі зьдзекавацца і ў аўтобусе. Мяне паклалі на падлогу і пачалі біць па твары і галаве. У мяне знайшлі тэлефон і патрабавалі назваць пароль, аднак я зажмурыўся і маўчаў. Ад удараў я страціў прытомнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пасьля іншыя расказалі, як мяне прыводзілі ў прытомнасьць — давалі панюхаць нашатыр, ставілі ногі на грудную клетку ды білі па твары і геніталіях, пагражалі зрабіць клізму і выкінуць за Курапатамі. Зьбіваньне не прывяло мяне ў прытомнасьць, і яны пераключыліся на іншых затрыманых.

Калі ўжо ў Цэнтральным РУУС выцягвалі з буса, мне ў твар вылілі вядро халоднай вады, пасьля чаго я ачуўся. Але яны былі ўпэўненыя, што я прыкідваўся, таму зноў пачалі біць.

Яны крычалі, маўляў, чаго нас падманваеш. Білі моцна, у мяне падкошваліся ногі, а яны мяне цягнулі, прымушалі ісьці, гаварылі, што будзе горш.

У аддзяленьні паставілі да сьцяны, а побач на падлогу кінулі тэлефон. Ува ўсіх затрыманых узялі паказаньні. У пратаколе сьледчы напісаў, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным маршы і аказваў супраціў праваахоўнікам.

Я не пагаджаўся з абвінавачаньнямі, прасіў пазначыць, што мяне білі. На гэта мне сказалі, каб не тапырыўся, бо мяне выведуць і яшчэ дадуць. Я падпісаў пратакол, што не згаджаюся зь ім.

Пасьля нас адвезьлі на Акрэсьціна. Суд адбыўся на другі дзень, мы атрымалі па 15 дзён арышту. Мы спадзяваліся, што перавядуць у іншую турму, але пакінулі ў ізалятары. Тут нас трымалі ў двух адзіночных карцарах памерам 1,5 на 3 м — па чатыры асобы ў кожным.

Я трапіў на Акрэсьціна прамоклы. Хтосьці быў у шортах і майцы. Гэтак давялося сядзець 10 дзён. Зусім невыносна стала, калі падсялілі бяздомніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У карцарах увесь час гарэла яркае сьвятло. Вады ў кране і ўнітазе не было, змыць экскрэмэнты далі толькі празь дзень — прынесьлі вядро вады. Прышпілены да сьцяны ложак у карцары не апускалі цягам усяго побыту, ад чаго даводзілася спаць на голым бэтоне. Усе моцна празябіліся, хтосьці застудзіў ныркі, нават высмаркацца не было ўва што, бо не было нават туалетнай паперы. Затрыманыя прасілі дапамогі ў доктара, але той адмовіўся што-небудзь рабіць.

Ён пытаўся пра скаргі. Хто казаў, што траціў прытомнасьць, хтосьці перамёрз на бэтоне, кагосьці ванітуе, у кагосьці расьсечаная галава і кроў цячэ. Ён нам сказаў, што гэта ня скаргі.

Мы прасілі падаслаць нам посьцілку, на што яны адказвалі: “Вам не паложана”. Перадачы складвалі каля дзьвярэй карцару, каб мы бачылі, але не аддавалі іх. Раніцай выводзілі на вобшук, куча перадач ляжала зь цёплымі рэчамі, але «Вам не паложана».

Бяздомнікаў мянялі: адзін абгадзіўся, яго вялі мыцца, прыводзілі новага. У камэру залівалі вядро хлёркі, паўдня балота стаяла. Яны самыя да нас баяліся заходзіць, бо смурод стаяў. Акна не было, мы ня ведалі, калі дзень, калі ноч. Арыентаваліся па тым, калі ежу выдавалі. Адзінае, што кармілі нармальна.

Пасьля дзесяці дзён на Акрэсьціна ўсіх перавезьлі ў Баранавічы. Нас хутка пабудзілі перад сьняданкам, аддалі сапсаваныя перадачы, якія ляжалі пад дзьвярыма карцару, і пасадзілі ў аўтазакі. Куды вязуць, не сказалі. Пра тое, што перавезьлі ў Баранавічы, мы даведаліся на месцы ад начальніка.

Першы дзень умовы былі прымальныя: дазволілі пайсьці памыцца, у камэры можна было курыць, перадачы — штодня. Давалі паперу, асадкі, крыжаванкі, выводзілі на прагулку. Аднак на наступны дзень прыехала праверка са сталіцы.

Нам толькі сказалі, што сур’ёзная праверка зь Менску, трэба прызначыць дзяжурнага па камэры. І ўсё, на наступны дзень усё памянялася. Забралі асадкі, забаранілі курыць, ляжаць і сядзець на матрацах. Перасталі сьвятло выключаць. Перадачы толькі па чацьвяргах. Адзінае — пакінулі прагулкі, калі 10 хвілінаў, а калі і 40 дазвалялі. Ну і хаця б унітаз змываўся і халодная вада ў кране была.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Да арышту мы не былі знаёмыя. Байцы АМАПу падчас затрыманьня называлі нас «злачынцамі, якія ішлі нападаць на іхных жонак». Такі доўгі тэрмін, я думаю, далі празь цяжкія пашкоджаньні, якія нанесьлі сілавікі. Пасадзілі аж на 15 дзён, каб раны пасьпелі загаіцца.

За 15 дзён усё ўва ўсіх загаілася. Сінякі ад дубінак былі, але і яны сышлі. Нас наўмысна хавалі ад сваякоў. Мая жонка змагла знайсьці мяне толькі пасьля суду. Тры дні яна абзвоньвала РУУСы і турмы, але нідзе ёй не далі ніякай інфармацыі.

Па-першае, сваякам не паведамілі, дзе і калі адбудзецца суд. Родныя званілі паўсюль, а іх перанакіроўвалі ўвесь час. Маўляў, па тэлефоне інфармацыю не даём, прыяжджайце. Прыяжджаюць, а ім кажуць, што нас няма, што мы недзе ў іншым месцы. У выніку хтосьці са сваякоў дазваніўся ў Фрунзэнскае РУУС, дзе нас судзілі. Ім сказалі, што нам далі 15 содняў, і кінулі слухаўку.

За час на Акрэсьціна і ў Баранавічах я, як і іншыя затрыманыя, не атрымаў ніводнага дакумэнту, акрамя раздрукоўкі аплаты праз сыстэму «Разьлік» (АРІП). Аднак там няма пячатак і подпісаў, як і інфармацыі, колькі і куды трэба заплаціць за ўтрыманьне ў ізалятары і турме.

Цяпер я на бальнічным — маю насмарк, кашаль і застуджаныя ныркі. Больш за ўсё я перажываў за жонку і пяцігадовую дачку, якія былі ў няведаньні і перажылі вялікі стрэс.

Жонка на мяне не злуецца. Яна вельмі перажывала, але ўсё разумее. Праяўляе салідарнасьць“.

„Белсат“

„Білі і раўлі, каб ехаў з гэтага гораду“

Васіль Салтановіч, 40 гадоў, кіроўца маршрутнага таксі, Магілёў:

Васіль Салтановіч. Фота з асабістага архіву

„Я быў назіральнікам на 92-м выбарчым участку ў школе №32. Нам не давалі працаваць. Адмаўлялі ў зьвестках пра колькасьць тых, хто прагаласаваў. Камісія ўсё ўтойвала. Для мяне адназначна вынікі выбараў сфальсыфікавалі. Потым кожныя выходныя я хадзіў на пратэставыя акцыі.

З 17 верасьня да мяне рэгулярна сталі наведвацца міліцыянты, каб уручыць позву. Віжавалі за мной. 27-га, калі ехаў на чарговы пратэст, у тралейбус уварваўся АМАП. Мяне выцягнулі з салёну і завалаклі ў мікрааўтобус. Рукі заламалі сьпераду і скулі іх плястмасавай сьцяжкай. Залезьлі ў мой мабільны тэлефон. Я яго не пасьпеў заблякаваць, бо не дапускаў, што мяне могуць схапіць у грамадзкім транспарце. У тэлефоне амапаўцы адшукалі фатаздымак, дзе я зь бел-чырвона-белым сьцягам. Іх ён раззлаваў. Былі таксама відэа з маршаў.

Васіль Салтановіч. Фота з асабістага архіву

Трое міліцыянтаў білі мяне нагамі і рукамі па рэбрах, нырках, галаве ў сваёй машыне. Як мог, прыкрываўся. На мяне крычалі: «Чаго вам не хапае?», «Едзь прэч з гэтага гораду!» Білі прафэсійна. Крыві не было. Набілі толькі пад вокам сіняк.

Стаміўшыся, запыталі, чаму маўчу. Я адказаў: «Калі нешта скажу, то адсюль выйду інвалідам». Аднаго раззлавала, што гляджу яму ў вочы. Ён зароў: «Давай выйдзем сам-насам на бойку». На гэта я яму прапанаваў згуляць у шахматы. Вочы ў міліцыянта наліліся чырваньню, але больш мяне ня білі.

Мне здалося, што амапаўцы былі абкураныя або іх нейкімі прэпаратамі давялі да агрэсіўнага эмацыйнага ўзбуджэньня. Гаварыць зь імі бессэнсоўна. Яны адчуваюць сябе героямі, абаронцамі створанай для іх мадэлі ідэальнага жыцьця. Ім адназначна патрэбна псыхалягічная дапамога. Я не ўяўляю, як яны змогуць жыць у нармальнай людзкай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пабіўшы, мяне завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Там я пазнаёміўся са «знакамітай» у Магілёве асобай — падпалкоўнікам Пахоменкам. Ён першы «апрацоўвае» магілёўцаў, затрыманых за пратэсты. Са мною міліцыянт спрабаваў гаварыць па-сяброўску. Я не паддаўся і запатрабаваў, каб гутарка была ў межах прававога поля. З сабою ў мяне была Канстытуцыя, шпаргалка (як сябе паводзіць на выпадак затрыманьня), прысяга міліцыянта і тэкст малітвы. Пахоменку гэта не спадабалася. Ён прыгразіў, што сядзець буду дужа доўга. Пазьней за тое, што Пахоменка ўмысьля не аб’яднаў у адну справу тры эпізоды нібыта маіх супрацьпраўных учынкаў, я на яго скардзіўся ў пракуратуру. Бо расцаніў гэта зьдзекам зь мяне.

На тры дні мяне кінулі ў ізалятар. Супрацоўнікі напісалі, што ў мяне пад вокам сіняк. Больш відавочных пабояў не было. Рэбраў мне не зламалі. З тыдзень балела цела і ныркі. Праверыцца не было магчымасьці.

Судзілі праз скайп. Далі спачатку 8 дзён арышту за пратэст 30 жніўня. У апошні дзень «пакараньня» зноў суд, ужо за 6 верасьня. Даюць яшчэ 12 дзён. Па іх сканчэньні пакідаюць у ізалятары на 13. З 33 дзён адседзеў 19. У ізалятары абвастрылася застарэлая хвароба, і я настаяў, каб выклікалі хуткую дапамогу. Мяне шпіталізавалі і зрабілі апэрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Усе прысуды абскардзіў. Апошні 13-дзённы з дапамогай адваката ўдалося зьмяніць на штраф 540 рублёў. Цяпер я дома і мне, прызнаюся, страшна выходзіць на вуліцу, бо могуць зноў схапіць за што заўгодна.

Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, для мяне — барацьба за будучыню. Мне, мужчыну, было б сорамна назіраць, як на пратэсты выходзяць дзяўчаты, студэнты, баронячы справядлівасьць. У нас трэба мяняць ня толькі прэзыдэнта, але і прыбіраць падалей ад улады ягоных памагатых, бо яны перашкаджаюць разьвівацца краіне. Яны абкрадваюць народ, нажываюцца на ягонай нядолі. Але гэтаму надыходзіць канец і рэжым б’ецца ў агоніі“.

„З 19 да 22 хапаем толькі мужыкоў, з 22 — усіх, хто на вуліцы“

Дзьмітры Дзьмітрыеў, 46 гадоў, фотакарэспандэнт і былы міліцыянт, Менск:

„9 жніўня мы з суседам і ягоным сынам гадзінам к васьмі пайшлі на выбарчы ўчастак №10, гэта 69-я школа на Авангарднай. За гадзіну сабралася, напэўна, больш за сотню людзей. Усё мірна, спакойна, ніхто нікуды ня лез, не патрабаваў. На дзіцячай пляцоўцы на тэрыторыі школы дзеці гулялі. І хтосьці раптам сказаў, што зь іншых выбарчых участкаў старшыні ўцякаюць праз запасныя выхады. Сапраўды, ужо машынка стаіць заведзеная.

Дзьмітры Дзьмітрыеў. Фота August2020

Тут выходзіць старшыня з тэчкамі, народ пачаў задаваць пытаньні, маўляў, а як жа выніковы пратакол і 55-ы артыкул Выбарчага кодэксу. Ён у дастаткова агрэсіўнай манеры адмаўляцца пачаў: яму паступіла ўказаньне з раённай выбарчай камісіі нічога нікуды не вывешваць, а ехаць адразу туды.

Разьвярнуўся і пайшоў назад у школу. Выйшла тры ці чатыры міліцыянты, пачалі нам казаць: «Разыходзьцеся». На што мы адказалі: «Спадарства, на вашых вачах парушэньне закону адбываецца, калі ласка, рэагуйце». Старшыня зноў выйшаў, сеў у машыну. Людзі, натуральна, не даюць машыне праехаць. Пад’ехала два экіпажы ДАІ: «Вызваліце праезную частку». Прабачце, якая праезная частка? Гэта дваровая тэрыторыя.

Адна з назіральнікаў і мой сусед ужо пачалі наводзіць кантакт са старшынём. Астатнія людзі стаялі і чакалі. І літаральна хвілін праз 4-7 — «Ляжаць! Мордай у зямлю!» Паварочваюся — ужо лятуць… чорныя лебедзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мне прыляцела па вуху. Я дагэтуль ім ня вельмі добра чую, да лекара схадзіць усё часу няма. Рукі за сьпіну, практычна тварам у калені — і так усіх закідвалі ў аўтобус. На калені ня ставілі, бо аўтобус быў самы звычайны, накшталт «ПАЗіка». Яны ў асноўным кулакамі там лупілі — з дубінкай асабліва не разьвернесься. Тэлефон тады не забіралі, і я змог пад сядзеньнем паведамленьне жонцы напісаць.

Доўга вырашалі, куды нас везьці, натуральна, праз мат гэта ўсё. У выніку апынуліся на стаянцы МТЗ. Хтосьці жартаваў: «Зараз у ліцейку завязуць і спаляць к чортавай матары». Потым туды пад’ехала яшчэ некалькі аўтобусаў і бусікаў і адзін аўтазак. І пад’ехаў ужо вялікі аўтобус, як рэйсавая сотка. З усіх дробных нас туды перагрузілі.

Я так зразумеў, нас вязуць у РУУС, бо да Партызанскага там літаральна тры хвіліны. Потым нейкая каманда, разьвярнуліся — і паехалі праз увесь горад. Зразумела — на Акрэсьціна. Я змог патэлефанаваць жонцы, бо сядзеў ззаду. Суседу даў пазваніць і яшчэ аднаму.

Турма на Акрэсьціна

Зайшлі незразумелыя хлопцы ў чорнай форме, жанчын павялі на ЦІП. А ўжо мужчын у другія вароты на тэрыторыі — гэта ІЧУ. Там, у дворыку, уздоўж сьцяны стаялі чалавек 50-80 — рукамі ў сьцяну, тварам уніз, ногі на расьцяжцы. Паміж імі хадзілі гэтыя таварышы ў чорнай форме. Мне здаецца, гэта альбо канвойнае падразьдзяленьне, альбо АМАП, бо дастаткова жорстка і зь веданьнем справы ставілі на расьцяжку, білі дубінамі. Адзін чалавек ляжаў на зямлі пасярод двара. Каля яго «хуткая» стаяла.

Усе з аўтобуса бегма, рукі за сьпіну, тварам уніз. Калі выбягалі, атрымлівалі дубінкамі. Але гэта, як потым высьветлілася, лёгкая форма прыёму. Уздоўж другой сьцяны мы выстраіліся ў такой самай паставе. Да нас хутка падышлі тры супрацоўнікі, перапісалі прозьвішчы і даты нараджэньня. І ўсе бегма ў будынак. У іх там увогуле такі бардак рабіўся. Тых, каго прывезьлі раней, маглі аформіць апошнімі, тых, каго прывезьлі цяпер, маглі, як нас.

Кожны заходзіў хутка ў памяшканьне, дзе было 4 ці 5 супрацоўнікаў абсалютна розных званьняў, ад сяржанта да падпалкоўніка, я так разумею, насьпех сабраных. Яны забіралі рэчы, матузкі. Я паясную торбачку меў, усё туды хутка затрамбаваў. Яны чырканулі проста прозьвішча, без усякіх пратаколаў, стэплерам гэты абрывак паперы з прозьвішчам да рэчаў — і ў вялізную кардонную скрыню. І бегма яшчэ мэтраў 10 праз калідор у камэру.

У калідоры стаяць па 3-4 чалавекі з кожнага боку з дубінамі, падганяюць. Рукі за сьпінай, гайдаеш, як маятнікам, — і дубінка па табе не трапляе, а сасьлізгвае. Гэта дапамагло.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Нас у чатырохмясцовую камэру за гадзіну ўтрамбавалі 25 чалавек. І потым ужо толькі дадавалася. Пазнаёміліся. Вядома, усе на нэрвах, цераз слова мацюкі. Я прапанаваў: «Няхай вось гэтыя ўсе грамадзяне матам размаўляюць, а мы нармальныя людзі, усё ж у нас слоўнікавы запас большы будзе». Усе з гэтым пагадзіліся, але ўсё адно праскоквала.

Быў у камэры ў нас Паша, 18 гадоў толькі хлопцу споўнілася, яго ў жыцьці ніхто пальцам не крануў, — у шокавым стане. Мы яго адразу паклалі, вады далі — ён адразу адключыўся ад стрэсу. Ну а мы, дарасьлейшыя, больш моцныя. Прыстасаваліся: падлога па квадраціках: хто на нарах, хто на падлозе, хто на падабенстве стала з лаўкай. У калідоры няспынны грукат, крыкі, лямант, удары. Тыя, каго прывезьлі пазьней, атрымлівалі моцна. Натуральна, спаць было немагчыма. Душна яшчэ.

Назаўтра раніцай кінулі аркуш паперы, асадку: “Перапішыцеся”. Увесь час нехта падыходзіў, праз кармушку: «Такі і такі ёсьць?» Кожныя паўгадзіны яны кагосьці шукалі. На трэцім паверсе туалет не працаваў, іх вадзілі ў суседнюю пустую камэру. То бок увесь час з трэцяга паверху грукат, «Бягом, мордай у сьцяну, выстройваемся тут»…

Адчуваньня часу ўвогуле ніякага. Ведаеш толькі, што дзесьці ў раёне пяці сьвятлее і ў раёне дзесяці цямнее. Паміж гэтым проста яма. Ахоўнікі дастаткова агрэсіўна рэагавалі на кожнае пытаньне. «Часу колькі?» — «Табе ўжо няважна». «А туалетнай паперы дадуць?» — «Майкамі падцірайцеся». Раніцай другога дня зьмена памянялася і ўдалося выпрасіць туалетнай паперы. Але яна так і не спатрэбілася. Потым нехта з ахоўнікаў прыцягнуў крыху менш за “цагліну” чорнага хлеба на камэру. А ўвечары — па лыжцы грэцкай кашы і па кавалку незразумелай катлеты. Але есьці асабліва не хацелася.

Чалавек сто вывелі ва ўнутраны дворык. Вам, кажа, усю ноч тут гуляць. Мы ў майках, шортах, пару чалавек увогуле ў адных майтках.

Турма на Акрэсьціна

Паводле нашых падлікаў, за суткі заяжджалі парадку 500 чалавек. Прыяжджалі, як правіла, ужо аўтазакі — па рухавіку чулі. Удзень іх не было, а вось увечары, пачынаючы з гадзін дзевяці-дзесяці... Гэтыя гукі ўдараў… Проста… Забыць немагчыма.

Увесь час стараліся адзін аднаго неяк падтрымліваць: жартавалі, гісторыя розныя расказвалі з жыцьця. Я прававы лікбез праводзіў: колькі нас трымаць могуць, каму што за што можа быць, як сябе паводзіць. Ніхто практычна з гэтым не сутыкаўся. Гэта цяпер у нас сьпяцоў шмат.

З жонкай размаўляў у думках, з мамай, з сабакам, з катамі. Бо самае страшнае ня тое, што ты там сядзіш. Страшна, што ты ня ведаеш, што з тваімі сваякамі. Ведаючы звычкі гэтых чарнамордых… За сябе што трывожыцца — ну ляжыш на падлозе, на красоўках, яны зручныя.

Разнамасны народ быў у камэры. Айцішнікі, хлопцы, з будаўніцтвам зьвязаныя, пару рабацяг, кіроўца аўтобуса, мэнэджары продажу... Каго выпадкова затрымалі — 70%. Ім трэба было неяк адрэагаваць на тое, што адбываецца. Затрымаць чалавека на масавым мерапрыемстве значна больш складана. Навошта ставіць сябе пад небясьпеку атрымаць па касцы, калі можна проста праехаць і 10 чалавек схапіць. Былі хлопцы, якія казалі, што дакладна чулі зь міліцэйскіх рацый: «З 19 да 22 хапаем толькі мужыкоў, з 22 — усіх, хто на вуліцы».

У нас у камэры быў хлопец, якому трапіла гумавая куля ў бок. У яго была прабітая майка навылёт. Гематома была на дзьве мае далоні, прычым усіх колераў. Як толькі ён да нас засяліўся, мы пачалі крычаць: “Лекара, доктара!” Натуральна, там не да лекараў было, там больш пацыентаў рабілі для гэтых лекараў. А ўжо на другі-трэці дзень падышла дама зь нейкімі знакамі прыналежнасьці да мэдыкаў. Праз адчыненую кармушку прыляпіла кавалак бінту з чымсьці на скотч — і ўсё.

Калі нешта прасілі, пагрозай было: «На другі паверх хочаш схадзіць?» Першыя пару дзён на другім паверсе моцна білі. Потым расказвалі: бяжыш па калідоры скрозь строй з чалавек 15-20, і там апрацоўваюць дубінамі. Ня вельмі хутка бяжыш — значыць, цябе адтуль валачы будуць. Гэта было чуваць. Фільмы пра канцлягер мне там здаваліся амаль казкай.

Каля 21:30–22:00 ахоўнік скамандаваў: “На прагулку”. Мы трошкі прыбалдзелі. Чалавек сто сагналі ў прагулачны дворык мэтраў 20х10, бэтонныя сьцены мэтры тры-чатыры вышынёй, закрыта ўсё кратамі. Нам нават вады прынесьлі. Ну, жыцьцё наладжваецца: косьці разьмялі, паветрам падыхалі — пастукалі ў дзьверы. “А вам, -- кажа, -- усю ноч тут гуляць”. Мы ў майках, шортах, рэдка ў каго была вятроўка. Пару чалавек наогул былі ў адных майтках — АМАП так прывозіў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Хадзілі, прысядалі, размаўлялі, але праз гадзінку стала зразумела, што гэтыя хлопцы не жартуюць. І мы пачалі станавіцца ў круг — адзін аднаго абдымаеш, у цэнтар самыя маладыя, хто лёгка адзеты. Курткі ішлі па крузе. Зуб на зуб не трапляў — гэта мякка сказаць. Спрабавалі пару разоў стукаць, што, маўляў, хопіць! Сказалі, яшчэ раз пастукаеце, на вас зьверху вады пальём. Празь сьценку, я так разумею, было таксама забіта.

Былі гарачыя галовы: мы дзьверы вынесем, дубіну ў яго адбярэм... А далей што? «Ну праб'еш ты галавой каменную сьцяну. Што ты будзеш рабіць у суседняй камэры?» Добра, што знаходзілася некалькі чалавек, са мной у тым ліку, якія астуджвалі запал. Тыя толькі і чакалі, каб пачаўся бунт.

Прычым ноччу літаральна за сьцяной заяжджалі аўтазакі: зноў грукат, крыкі, лясканьні дубінак... Да нас у прагулачны дворык закінулі яшчэ дзясятка паўтара. Убачыў знаёмага. Той зь вялікімі вачыма. Кажа, пачакаў, каб цёмна было, пайшоў у «Рыгу» па хлеб — у гандлёвую залю прыляцеў АМАП, выбілі, што было ў руках, і прывезьлі сюды. Ад іх мы даведаліся, што ў горадзе штосьці адбываецца, што мы не адны.

Гадзін у 10 раніцы адчыніліся дзьверы і пачалі разводзіць па камэрах. У нас быў хлопец-інвалід, на прыступку сам забрацца ня мог. Давялося яго на сабе цягнуць. Ахове было да лямпачкі. “Гэта, -- кажа, -- ваша мяса, вы і цягайце”. Нас закінулі ў двухмясцовую камэру на чацьвёртым паверсе. Там ужо былі чацьвёра. Яна была цалкам заваленая матрацамі, падушкамі і коўдрамі. Каб увесь паверх валяўся на дрэве. Па пояс, а то і вышэй матрацаў, і месца для людзей толькі каля туалета, гэта менш за квадратны мэтар.

У камэру падсялілі яшчэ дваіх. Але яны былі, як ахоўнік сказаў, транзытам. Ня ведаю, чаму ім далі штрафы. Адзін мужык казаў: «Так, я ваяваў з АМАПам на Пушкінскай. Ваяваў і яшчэ пайду». У яго праз усё цела сінякі ад дубінак.

Потым мы даведаліся: людзей, якім давалі штрафы, баяліся адразу выпусьціць — яны выходзілі і траплялі тут жа да валянтэраў, да журналістаў. А гэтыя два хлопцы былі моцна пабітыя. Таму кіраўніцтва вырашыла трымаць дацямна — можа быць, разыдуцца. Але не разышліся, за што ім дзякуй вялікі. Было ўсё гэта чуваць і надавала сур'ёзных сілаў.

Калегаў былых на Акрэсьціна сустракаў. Адзін афіцэр пазнаў і пазнаў, ня больш за тое. Ён мяне адводзіў якраз у гэтую камэру з матрацамі. Можа, гэта была дапамога зь яго боку. Яшчэ чалавек мяне ў камэры ўбачыў, калі рабіў пераклічку. Сказаў: «Як так? Што я магу зрабіць?» Кажу: “Патэлефануй…” — «У нас ва ўсіх адабралі тэлефоны». Характарызуе стаўленьне кіраўніцтва да сваіх супрацоўнікаў, калі нават у сваіх яны забіралі тэлефоны.

Суд выглядаў так. Спачатку заходзіш у адзін кабінэт, міліцыянт дае табе падпісаць пратакол, хоць яны павінны гэта рабіць адразу. З пратаколу высьветлілася, што я ўвогуле быў затрыманы на праспэкце Незалежнасьці, 53 у 23:50. Хадзіў, крычаў і дрэнна сябе паводзіў. Я на гэта ўказаў. На што ззаду адразу: «Ты што, дубінай даўно не атрымліваў?» Няхай, расьпісаўся, у тлумачэньнях пазначыў, што я ня згодны з пратаколам. Практычна насупраць гэтых дзьвярэй другія, там сядзіць судзьдзя. Зразумела было, што гэта канвэер. Пытаньне было толькі ў колькасьці сутак альбо велічыні штрафу.

Судзьдзя сядзеў, не падымаючы галавы. Наўрад ці яму было сорамна, хутчэй за ўсё, каб пазнаць не маглі, хоць у пастанове ёсьць прозьвішча. А вось дзяўчыну-сакратара было шкада. Яе рэальна трэсла. Судзьдзя прызнаў мяне вінаватым, прызначыў 13 сутак.

13 жніўня раніцай нам сказалі, што павязуць на Жодзіна. Калі тут такі жах дзеецца, што ж будзе там? Жодзіна заўсёды было... страшнаватым месцам.

Каля турмы на Акрэсьціна

У двары зноў пачалася «жэсьць»: крыху павернеш галаву, або проста штосьці таму зялёнаму з дубінай не спадабалася — па сьпіне, па нагах. Пастаянна: «Ну што, рэвалюцыю зрабілі? Хто вам плаціць? Чаго ты туды вылез, фашыст?» Побач стаяў хлопец, у яго рука была ў тату, у рунах — «О, дык гэта ж ты, напэўна, адзін з фашыстаў». Адвёў у бок, дубінкай яго нямала абабіў.

Дзесьці гадзіну стаялі, потым пачалі па аўтазаках расьпіхваць. Там ужо АМАП быў. Потым заходзіць хлапчук «чарнаморды» і выдае фразу: «Спадары, я папрашу вас не размаўляць». Мы проста анямелі. Калі прыехалі, там былі вайскоўцы, ужо бяз масак. Потым зьявіліся аўтаматчыкі з сабакамі. Тады нам сказалі, што мы ў Слуцку: «Мы вас тут будзем ахоўваць, спадзяёмся, вы дабудзеце свой тэрмін без эксцэсаў і потым мы з вамі расстанемся». Гэта значыць, абыходжаньне было больш-менш. Было відаць, што ўсё гэта рабілася ў сьпешцы: сьвежазрубленыя вышкі, плот. Пры нас рабацягі забівалі дадатковыя палі, абгортвалі іх калючым дротам. Жартавалі, таксама ня моцна задаволеныя: «Асьвенцім новы будуем».

Калі на мэдаглядзе яны бачылі, наколькі людзі пабітыя... Я рэальна бачыў гэтыя адвіслыя сківіцы і вочы па пяць капеек. Стаўленьне пасьля гэтага зьмянілася. Ніякіх крыкаў. Нам нават далі памыцца. З мылам. У дзевяць вечара адразу адвялі на вячэру, нажорыстую такую. Потым у будынак, відавочна актавая заля — на сьценах дзіркі ад тэлевізараў, цалкам застаўленая двух'яруснымі ложкамі. З матрацамі, падушкамі і коўдрамі. Курорт. І калі маёр выключыў сьвятло!.. Гэта пасьля трох дзён сьвятла 24-гадзіннага.

Жыцьцё стала наладжвацца. Хлопцы з намі нават цыгарэтамі дзяліліся. Потым яны прынесьлі яшчэ мыла, каб мы маглі памыць рэчы. Кнігі. І пасьцельная бялізна, прычым напалову новая, з этыкеткамі. Хлопцам, якія ў адных майтках былі, яны здабылі нейкія рэчы. У абед нам прынесьлі яшчэ і тэлевізар. Мы там ужо казалі: «Мы ж яшчэ потым пойдзем, нам яшчэ “суткі” дадуць, хлопцы, вы забярыце нас сюды».

Толькі “ціхая гадзіна” пад тэлік, забягае маёр: будзем адпускаць. На выхадзе стаяў палкоўнік міліцэйскі, ён выдаў прамову пра тое, што нас зараз адпускаюць, але ў нас застаўся яшчэ тэрмін, які давядзецца адбываць потым. «Мы дамовіліся з валянтэрамі, што яны вас усіх даставяць па месцы жыхарства». Ён дамовіўся... Далі ўсім падпісаць паперку стандартную — папярэджаньне аб тым, што пры паўторным нашым затрыманьні можам быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Ну і Бог зь ім, усё роўна гэтая паперка з пункту гледжаньня закону ніякая.

Там валянтэраў было… Ніхто такога не чакаў. Проста селі і плакалі. Адразу сваім патэлефанаваў — яны ўжо пад’яжджалі да Слуцку. З жонкай, цешчай і цесьцем мы праехалі ўвесь горад, і я ледзьве стрымліваў сьлёзы, бачачы гэтую гіганцкую падтрымку.

Да лекара мне асабліва не было з чым зьвяртацца. У параўнаньні з тым, якія людзі адтуль выходзілі, лічыце, што я выйшаў абсалютна чысьценькі. З псыхалягічнага пункту гледжаньня наступствы больш сур'ёзныя. Але я быў, напэўна, да гэтага гатовы. Так, і парыдаць даводзілася. Але я працай сябе загрузіў адразу. З «Новым часам» цяпер працую як фотакарэспандэнт на ўсіх маршах. Мозг у іншы бок працуе.

Першы раз накрыла 16-га. Я тады паехаў на Акрэсьціна забіраць рэчы. Адчуваньня, што ты зараз туды зойдзеш і будзе нешта дрэннае, не было. А вось калі ты туды заходзіш, на цябе ўсё гэта цісьне вельмі жорстка. Добра, што рэчы знайшліся на зьдзіўленьне хутка. І ўжо іншым адтуль выходзіш. Калі я выйшаў да мэтро, на адкрытую прастору, на псыхіку мне так цісканула. Я прыгнуўся. Як тады, у дворыку ІЧУ. Рукі аўтаматычна зьехалі за сьпіну. Злавіў зьдзіўлена-насьмешлівы позірк ДАІшніка. Аддыхаўся, пайшоў у бліжэйшы двор, выклікаў таксі і паехаў дадому.

У тым жа 2010 годзе, калі таксама досыць жорстка затрымлівалі, такога не было. Напрыклад, супрацоўнік у Жодзіне, які ўдарыў жанчыну, у часы маёй службы ўжо ўвечары стаяў бы ў кайданках у пракурора. Ужываньне спэцсродкаў было рэглямэнтаванае настолькі жорстка. Раней, калі пры затрыманьні чалавека на вуліцы ўжываеш дубінку і кайданкі, то, прыехаўшы ў дзяжурную частку, ты запісваеш у спэцыяльную кнігу, дзе, калі, у дачыненьні да каго, зь якога часу да якога кайданкі і чаму. І ў пратаколе абавязкова гэта паказваеш. Мала таго, асобны рапарт на гэта пішаш. Я ня ведаю, колькі рапартаў пісалі б гэтыя хлопцы. Проста прававы дэфолт.

Калі я сам працаваў у дзяжурнай частцы, у мяне сядзеў той жа Максім Вінярскі і іншыя. Так, былі, можа быць, намёкі, што зь імі больш жорстка, але сэнс, яны такія ж людзі. Апошнія год-два гэта пачалося, можа быць. І то не. Мяне калі ў 2017 годзе затрымлівалі на Дзень Волі, ніякіх «мордай у сьцяну» не было. Нас тады ў Маскоўскі РУУС адвезьлі. Я проста паварочваюся і кажу: «Я не бандыт і ня буду стаяць тварам у сьцяну». Другі чалавек павярнуўся і гэтак жа сказаў.

Мне надакучыў гэты рост непрафэсіяналізму. Я, старшы апэратыўны дзяжурны раёну, ведаю, дзе што і як у мяне адбываецца, колькі ў мяне сілаў, сродкаў. І калі да мяне прыяжджае клерк з ГУУС або з МУС, які наогул нічога ў гэтым не разумее, і пачынае крычаць і вучыць мяне... Мне жонка неяк сказала: “Ноччу прачынаесься, сядаеш і пачынаеш нарадамі кіраваць”. У сьне. Я зразумеў, што я ператвараюся ў дэбіла. Таму я тры гады не даслужыў і сышоў у 2012-м“.

August2020

„Я падняў руку і ўбачыў кавалак скрываўленага мяса“

Віталь Марока, 40 гадоў, спэцыяліст у лягістыцы, Менск:

„Пасьля закрыцьця ўчасткаў а 20:00 я разам з сынам адправіўся да школы, каб убачыць фінальны пратакол. Чакалі доўга. Прыкладна ў 21:30 пад канвоем супрацоўнікаў міліцыі ўчастковая камісія пакінула школу, пратаколу так і ня ўбачылі. Разам з групай абураных людзей мы рушылі ў цэнтар гораду. Але не дайшлі.

Віталь Марока. Фота August2020

Я быў дастаткова апалітычным чалавекам, ніколі ня ўдзельнічаў у мітынгах і не праяўляў актыўнай грамадзянскай пазыцыі. Накіпела. Уся перадвыбарная кампанія 2020 году складалася такім чынам, што заставацца ў баку было немагчыма. Колькі можна быць у пазыцыі «канапавага» крытыка? Разам зь сям’ёй мы вырашылі — прыйшоў час браць свой лёс у рукі і рабіць выбар, як жыць далей.

Мы ведалі пра збор людзей каля стэлы. Мы ішлі, і па дарозе нас рабілася ўсё болей. Мы выйшлі на Кальварыйскую і там сустрэлі калёну людзей, якія ішлі з боку Пушкінскай. Нас было прыкладна паўтысячы чалавек. На падыходзе да моста на Кальварыйскай нас сустрэлі супрацоўнікі АМАП. Яны перакрывалі адзіны шлях да стэлы.

Калёна спынілася. Сярод нас было шмат дзяўчат, можна сказаць, мы «пазяхалі», ніякага выкліку ці радыкальных дзеяньняў не рабілі. Я стараўся трымаць сына ззаду сябе. У нейкі момант кардон «супрацоўнікаў» пачаў грукаць у шчыты, яны рушылі ў бок людзей і нас паспрабавалі выцесьніць. Мы ўзяліся ў счэпку і далі адпор. Байцы разгубіліся і сталі адступаць. Па меры адступленьня яны распылялі сьлезацечны газ: кожны раз, калі мы набліжаліся да іх, мы апыналіся ў газавым воблаку. Я адчуў непрыемны смак у роце і смыленьне ў вачах. Людзі пачалі разьбягацца, я пабачыў, як уцякае мой сын, і пабег за ім. Раптам раздаліся гучныя выбухі і яркія ўспышкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Адбегшы ў бок, я зьвярнуў увагу на жоўтыя кропкі на маёй адзежы. Адчуў боль у руцэ, падняў і ўбачыў кавалак скрываўленага мяса. Мне рабілася горш, я спыніўся і стаў на калені. Людзі побач пачалі дапамагаць: дзяўчына дала бутэльку з вадой, хлопец парваў майку і пераціснуў мне рану, запісалі час раненьня. Крывацёк узмацняўся. Сын утрымліваў пераціснутую рану, і ад убачанай крыві яму было кепска, ён быў на мяжы страты прытомнасьці. Міма праяжджаў аўтамабіль. Зь яго выйшла дзяўчына і прапанавала дапамогу адвезьці ў лякарню. Калі я ўбачыў яе белы салён, то адмовіўся. «Дачакаюся “хуткай”!» — сказаў я. Мне было няёмка сапсаваць ёй салён, а крыві рабілася болей.

Хтосьці па гучнай сувязі набраў «хуткую», і голас у слухаўцы адказаў: «Шукайце дапамогу на месцы. Мы на месца выкліку не паедзем». Як стала потым вядома, ім было забаронена з 9 на 10 жніўня выяжджаць на выклікі ў раён стэлы.

Віталь Марока. Фота August2020

Дзяўчына побач вырашылі, што трэба мяне весьці праз рубеж АМАП і там шукаць машыну «хуткай». Мяне падхапілі і павялі. Супрацоўнікі нас не краналі і прапусьцілі. Каля прыпынку грамадзкага транспарту стаяла «хуткая», выйшаў кіроўца і сказаў, што ня можа мяне ўзяць, бо ўжо трое «цяжкіх» у машыне і ў аднаго кішкі навонкі. Мяне пасадзілі на парапэт і там чакалі дапамогі.

Падзеі ў лякарні памятаю ўрыўкамі. Мяне сустрэў вялізны кансыліюм лекараў. На мне была бірка «пацыент №2». Мяне ўразіла зладжаная і дакладная праца мэдычнага пэрсаналу. Адносіны былі, як да «свайго». Мне здалося, што дактары былі на баку пратэстоўцаў.

На наступны дзень, 10 жніўня, да мяне ў палату прыйшлі дзьве дзяўчыны са Сьледчага камітэту. Я праходзіў у якасьці сьведкі. Адна зь дзяўчат расказала гісторыю, што ў часе пратэстаў загінуў супрацоўнік АМАП. На маё пытаньне, пры якіх абставінах гэта адбылося, дзяўчына пазьбегла прамога адказу. Я засумняваўся ў ейным расказе. Таксама мне далі зразумець, без пагрозаў, што ня варта праходзіць судмэдэкспэртызу атрыманых траўмаў. Як-небудзь «замяць» гэтае «непаразуменьне». Закончыўшы нашу гутарку, супрацоўніцы зь неахвотай перадалі пратакол.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я ўважліва прачытаў яго і выкрасьліў яшчэ некаторыя выдуманыя эпізоды. Падпісаў. Напасьледак у дзяўчат пацікавіўся: «Якім правам карысталіся праваахоўныя органы, калі ўжывалі баепрыпасы супраць бяззбройных людзей?» Супрацоўніцы СК адказалі суха: «Мы не былі там. Нічога ня бачылі. Чыста тэхнічна ня можам сьцьвярджаць, зь якога з бакоў былі стрэлы». Яны сышлі.

Нам вельмі дапамагалі валянтэры. Яны дзяжурылі і дзень, і ноч. Мы не адчувалі нястачы чаго б там ні было, хутчэй нават лішак, таму мы з хлопцамі зьбіралі нейкія рэчы, прадукты і перадавалі паверхам ніжэй у дзіцячы апёкавы цэнтар. Тут я пазнаёміўся з хлопцамі з дабрачыннага фонду “Имена”, праваабарончага цэнтру «Вясна» і фонду салідарнасьці BySol.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Запомніўся дзень, калі ў лякарню прывезьлі людзей з Акрэсьціна. Гэта вельмі моцна ўразіла. Гэтую прыгнечанасьць і страх, убачаны ў вачах, не магу забыць дагэтуль. Я абсалютна перакананы, што мне пашанцавала быць параненым і адразу дастаўленым у лякарню. Тое, што я пабачыў, гэта не перадаць словамі… Яны былі не фізычна нават, а маральна, псыхалягічна забітыя. Гэта было жахліва! Мне здаецца, у сьвеце няма такога псыхоляга, які зможа вярнуць гэтых людзей да нармальнага жыцьця.

Калі шчыра, я не трымаю зла на «супрацоўнікаў», якія стралялі… Яны выконвалі загад. За адмову гэта зрабіць іх маглі пакараць ці рэпрэсаваць. У мяне больш пытаньняў да іхнага кіраўніцтва, хто аддаваў гэтыя зьвярыныя загады страляць і зьдзекавацца зь людзей. Я катэгарычна супраць публічнага цкаваньня праваахоўных органаў. Толькі дыялёг і прававая ацэнка! Зло спараджае яшчэ большае зло. Чым я тады буду адрозьнівацца ад садыстаў у балаклавах?

Я сумняваюся ў правасудзьдзі ў хуткім часе. Дзяржава ўчыніла вялізны прававы правал, і галоўная іх задача -- усімі спосабамі гэта зацерці… Усе пацярпелыя будуць пад велізарным ціскам. Мне трывожна за бясьпеку маёй сям’і. За адну ноч у мяне зьмянілася жыцьцё. За гэты час я пераасэнсаваў усё. Я хачу быць часьцей зь сям’ёй і вельмі хачу падзякаваць кожнаму беларусу за дапамогу.

Віталь Марока. Фота August2020

Гэты час рэфлексаваў часта пра сваё жыцьцё… Я 14 гадоў працаваў, працаваў -- і за адно імгненьне ўсё перавярнулася. Для мяне цяпер галоўнае — гэта мая сям’я і дзеці. Я бясконца закаханы ў кожнага неабыякавага беларуса, удзячны ўсім валянтэрам, усім дактарам і мэдычным супрацоўнікам, усім-усім, хто цяпер салідарны. Як толькі мая сям’я будзе ў бясьпецы, мне хочацца ўсю тую назапашаную добрую энэргію аддаваць іншым. Я поўны рашучасьці зрабіць штосьці важнае для маёй краіны. Вельмі хачу ў вольнай Беларусі сустрэцца з кожным, хто дапамагаў, і выпіць па кубачку эспрэса. Толькі разам мы сіла! Жыве Беларусь!“

August2020

„У камэры мы ўсе дамовіліся, што раскажам праўду пра гэты зьдзек“

Аляксандар Ласіца, 36 гадоў, электраманцёр, Менск:

„Увечары 10 жніўня я быў у Менску, вячэраў з калегамі ў інтэрнаце на вуліцы Альшэўскага. Мы пачулі, як на вуліцы гудуць машыны, і ў чым былі, у тым і выйшлі паглядзець, што адбываецца. З боку Прытыцкага ці Каменнай Горкі была чуваць кананада. Дайшлі да Пушкінскай, убачылі хлопца, які кашляў. Ён расказаў, што на Харкаўскай пускалі сьлезацечны пярцовы газ.

Аляксандар Ласіца. Фота August2020

Але па вуліцы спакойна ішлі людзі, цэлымі сем’ямі, зь дзецьмі, сабакамі. Я прайшоўся зь імі да мэтро, на скрыжаваньні Пушкінскай і Прытыцкага спытаўся ў хлопцаў, што ж тут адбываецца. А яны глядзяць мне на грудзі: па белай майцы бегаюць чырвоныя кропкі. Я нават не зразумеў, што гэта. Хто там забаўляецца з указкай?

Хлопцы закрычалі:

— Гэта ня ўказка, у цябе цаляюць!

І кінуліся ўроссып.

Я схаваўся за апорную мачту, пастаяў там, быццам бы ўсё сьціхла. Але потым убачыў, як мужчына ў масцы і кепцы (мне здалося, што ў натоўпе былі правакатары) пачаў падбіваць дзяўчат ісьці са сьцягам у бок кардону АМАП:

— Народ, ідзіце туды. Гэта будзе першая нябесная сотня.

Дзяўчына падняла сьцяг і пайшла. Я стаў адгаворваць:

— Стойце! Каго вы слухаеце?! Гэта мірная акцыя.

Нейкі хлопец кінуў бутэльку, яна ўпала — і асфальт загарэўся.

Мужчына сказаў:

— Ідзіце сьпінамі, у сьпіны страляць ня будуць.

Дзьве дзяўчыны пайшлі да кардону сьпінай, я выбег іх спыніць і сам падняў рукі ўгору, каб было відаць, што яны пустыя і ніякага намеру няма. І тут панеслася кананада! Каля галавы праляцела сьвятлашумавая граната, мяне кантузіла. Поўная дэзарыентацыя, у вачах пацямнела, і, як у кіно, — палоска, у вушах звон: і-і-і… Мне стала кепска. Пад нагамі таксама нешта выбухнула.

Потым убачыў, што адна зь дзяўчат ляжыць на сьпіне, быццам у яе таксама пад нагамі дзьве сьвятлашумавыя выбухнулі. Я нахінуўся, каб падняць дзяўчыну, і тут адчуў, як руку быццам ударыла токам. Я бачыў, як у амэрыканскіх фільмах паліцыянты страляюць адмысловымі дроцікамі, і закрычаў:

— Дастаньце дроцік!

— У цябе ня дроцік, гэта куля! — адказалі мне людзі і зрабілі вакол мяне кола, каб вывесьці на прыпынак.

Адзін хлопец аказаўся мэдыкам, апрацаваў рану перакісам і выцягнуў кулю, дыямэтрам з двухрублёвую манэту, перавязаў рану.

Калі прыехала «хуткая», я лёг на каталку і адчуў смыленьне ў нагах. Аказалася, што там тырчаць доўгія аскепкі, падобныя на шкло. Пачуў размову:

— Павязем у вайсковы шпіталь.

— Навошта? Там яго могуць «зьесьці». Паедзем у іншае месца.

У лякарні дасталі аскепкі, апрацавалі раны. Доктар сказала, што 10 жніўня магу адзначаць другі дзень нараджэньня — і куля і аскепкі прайшлі за некалькі мілімэтраў ад артэрый.

Сьлед ад кулі

Раніцай паехаў у паліклініку, адкрыў бальнічны. Адаспаўся. Увечары пайшоў у аптэку на Прытыцкага. Па дарозе ў траве ўбачыў белы бранзалет. Падняў і пайшоў далей, кручу яго на пальцах. А насустрач — людзі ў чорнай форме.

Я хацеў спытаць, ці змагу прайсьці ў аптэку. Але не пасьпеў, бранзалет сарвалі, сказалі:

— Наш кліент!

Схапілі мяне за рукі і за ногі і зацягнулі ў аўтазак:

Там ужо ляжалі адзін на адным чалавек трыццаць. Была неймаверная задуха. Аднаму мужчыну стала кепска, пачаліся канвульсіі, яго ўзялі за рукі і выцягнулі з машыны проста па целах.

Схапілі нават аднаго супрацоўніка міліцыі. Ён крычаў:

— Я свой, я свой!

Але разабраліся ўжо толькі потым у РУУС, там яго адпусьцілі.

Пакуль ехалі, я яшчэ атрымаў па патыліцы кулаком за тое, што круціў галавой і спрабаваў хоць нешта ўбачыць.

Прывезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, паклалі на асфальт, і мы гадзін пяць так ляжалі. Мне стала кепска, пачаліся сутаргі, і я лёг на бок — адразу ж улупілі па левай назе. Потым яшчэ адзін заўважыў, што я кручуся, падышоў:

— Хочаш у космас зьлётаць? На зоркі паглядзець?

– «Никак нет».

І ён ударыў мяне палкай па галаве, якраз па тым баку, дзе кантузія. Я сьціснуў зубы — пасьля ўдару яны пачалі крышыцца. Прыйшоў у сябе толькі тады, калі ўжо ватай з нашатыром махалі перад носам. Потым яшчэ адзін ударыў дубінкай па макаўцы.

Аляксандар Ласіца. Фота August2020

Калі пачало днець, прынесьлі на подпіс пратакол. Не хацелі, каб прачытаў, але я настойваў. Там было напісана: удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, выкрыкваў «Жыве Беларусь!» і яшчэ нейкае слова, якога я нават ня ведаў раней. А таксама аказваў супраціў органам улады. Я напісаў, што ня згодны.

Загадалі разблякаваць тэлефон і паказаць перапіскі. Я адмовіўся. Тэлефон выключылі і паклалі ў заплечнік. Апісалі маёмасьць. Гадзінаў восем мы стаялі каля сьцяны. Адзін з супрацоўнікаў сказаў:

— А што ў нас па часе? Шэсьць раніцы. Па тэлевізары зараз грае гімн.

І прымусіў усіх сьпяваць гімн. Я маўчаў, за што і атрымаў высьпятка:

— А ты чаго стаіш мычыш?

Давялося выцягваць, падпяваць.

Потым прыніжэньне працягнулася:

— Завучваем, я выходжу і кажу: «Здравствуйте, граждане бичи!» А вы павінны адказаць: «Здравия желаю, товарищ начальник!»

У памяць яшчэ ўрэзалася тое, як на сьвітанку вецер качаў па зямлі чыесьці кудзеркі чырвонага колеру. Аказваецца, у аднаго хлопца ў заплечніку знайшлі тры балёнчыкі з фарбай, і ў РУУС яму сінім на сьветлых шортах намалявалі цэль, як у ціры. Серабрыстай фарбай на куртцы — «3%», а чырвоным пафарбавалі галаву — пазьней валасы, якія зьліпліся, састрыглі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Потым нас прымусілі прысядаць — «як у арміі». Я быў у шортах і сланцах, потым і сам папрасіўся працягнуць: каля тысячы разоў прысеў, каб хоць неяк сагрэцца.

Далей зноў у аўтазак, там “цырк” працягнуўся. Адзін з ахоўнікаў, самага маленькага росту, каля 168 см, загадаў нам:

— Цісьніце зямлю! А раптам вайна, а вы нават аўтамат не панесяце.

І мы адціскаліся. А тыя, хто хацеў пакурыць, павінен быў прысесьці сто разоў. Тым, каму было ад 35 і болей гадоў, нават дазволілі прысесьці на лаўкі.

Калі прывезьлі на Акрэсьціна, сказалі:

— Ну ўсё, вам п...ц!

Я ўбачыў з акна «жывы калідор». Калі бег празь яго, згубіў абутак, урэзаўся ў таго, хто бег перада мной, пасыпаўся град удараў. Нас, чалавек 65, загналі ў дворык пяць на пяць мэтраў. Дзьверы адчыніліся — уляцелі нашы сандалі, красоўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мы стаялі і слухалі ўдары дубінак, крыкі, вой, як плакалі мужчыны. Як сілавікі спаганялі злосьць на людзях. Было вельмі холадна. Сьцямнела. Замест туалета далі 25-літровае вядро — хвілін за пятнаццаць яно перапоўнілася. Я сеў на пустую плястыкавую бутэльку і заснуў, але прачынаўся ад холаду.

Калі спыталі, ці ёсьць хворыя, я папрасіў перавязаць руку. Фэльчар агледзеў і сказаў:

— До свадьбы заживёт.

Потым далі вядро з катлетамі, укусіў — сырая, есьці ня змог.

Каля 15-20 гадзін правялі пад адкрытым небам. Дзяліліся адзежай. Здагадаліся сесьці, як даміно, стала цяплей, і мы адключыліся. З горам напалам ноч правялі.

Першымі адпускалі, як я зразумеў, былых работнікаў МУС, вайскоўцаў, кіроўцаў, якіх выцягнулі проста з-за стырна.

Сярод нас быў інкасатар, які проста з працы ішоў, перажываў, што пасьля затрыманьня яго звольняць і ў інкасатары больш ня возьмуць. Аднаго хлопца затрымалі, бо ў яго шмат тату, ён ішоў па вуліцы з жонкай і дзіцём у вазочку. Былі і такія «пратэстоўцы», як я — у адных шортах і сланцах.

На многіх было шкада глядзець — проста фіялетавыя, настолькі пабітыя.

Раніцай вывелі тых, хто меў траўмы. Аднаму хлопцу ў РУУС зламалі рэбры, а потым яшчэ дадумаліся абматаць элястычным бінтам, сьціснуўшы з абодвух бакоў. Нас завялі ў камэру — хутчэй за ўсё, гэта была капцёрка, там стаялі два двух’ярусныя ложкі і ляжалі гарой матрацы, прасьціны, чахлы для коўдраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Нас у камэры было чалавек трыццаць. Дзіка хацелася есьці і піць. Сукамэрнікі далі нейкі пакет з кашай і катлетамі. Папіў з-пад крана, упаў і заснуў.

Потым быў суд. Судзьдзя нешта шапоча, я ня чую пасьля кантузіі. Я патлумачыў, што ў мітынгу ня ўдзельнічаў, і спытаў, чаму сьведкі — супрацоўнікі праваахоўных органаў, ці нельга было запрасіць людзей з прыпынку.

— Вы хочаце сказаць, што нашы супрацоўнікі паклёпнічаюць?

— Так, паклёпнічаюць. Ніхто мяне зь мітынгу не выцягваў, і я нікуды не ўцякаў. З пратаколам я цалкам ня згодны.

Судзьдзя маіх словаў не пачуў. Сказалі, што ў мяне ў 2000 годзе была судзімасьць. Прысуд: 14 сутак.

Добра, хоць дазволілі патэлефанаваць родным і паведаміць, дзе я. Праўда, пасьля ўдараў па галаве я змог успомніць толькі нумар сястры.

Потым прыехалі мэдыкі, паклікалі перабінтаваць руку, зьнялі бінт, а там аказаўся дрэнаж, які яшчэ ў лякарні заклалі. Яго трэба было мяняць кожны дзень да 18 жніўня, каб рана не загнаілася. Мяне вырашылі везьці ў лякарню. Пакуль чакаў у двары машыну, бачыў хлопца, ён увесь быў колеру сьпелай сьлівы, тросься і паўтараў:

— Дайце мне коўдру і дайце мне, калі ласка, памерці.

Аляксандар Ласіца. Фота August2020

Яшчэ адзін хлопец стаяў, прытуліўшыся да сьцяны, сядзець ня мог, ногі ў яго таксама былі ўсе сінія, штаны разрэзаныя і на галёнцы стаяла чорная метка. Кажуць, так пазначалі тых, каго білі мацней за ўсіх.

Мне хацелася хутчэй зьехаць з гэтага дурдому. І я ўзрадаваўся, калі апынуўся ў лякарні. Там я прабыў тыдзень. Раны загойваюцца, а са слыхам і зубамі трэба яшчэ разьбірацца.

Вялікі дзякуй валянтэрам, якія дапамагалі ўсім, чым маглі.

У камэры мы ўсе дамовіліся, што ня будзем нічога ўтойваць, выйдзем і раскажам праўду пра гэты зьдзек“.

August2020

„На знак пратэсту праглынуў чатыры мэталічныя прадметы“

Дзьмітры Кулакоўскі, былы начальнік крымінальнага вышуку Заводзкага РУУС, Менск (апавядае жонка Юлія):

„Пасьля выбараў ён заявіў, што ня згодны зь дзеяньнямі ўлады, у верасьні напісаў рапарт на звальненьне. А неўзабаве яго аб’явілі падазраваным у справе аб абразе.

У міліцыі Дзьмітры працаваў з 2006 году. Дома ёсьць падзякі і прафэсійныя ўзнагароды. Ён быў на добрым рахунку. Пасьля выбараў ён трохі папрацаваў, але яго не выпускалі з РУУС. Дзьмітры адразу выказаў сваю пазыцыю, маўляў, у разгоне пратэстаў удзельнічаць ня будзе, а будзе выконваць толькі сваю працу.

У жніўні мы зь цяжкасьцю паехалі ў адпачынак: не хацелі мужа адпускаць, ён напісаў тры рапарты — на адпачынак з розных датаў і на звальненьне. Сказаў: “Выбірайце”. Калі мы ў верасьні вярнуліся, яго былі гатовыя ўзяць назад, але муж падумаў і вырашыў усё ж такі звольніцца. Было шмат пытаньняў да яго, маўляў, каму ты будзеш патрэбен, чым будзеш займацца, але ўсё ж такі ён сышоў са службы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пасьля ў судзе сказалі, што перад выбарамі на Дзьмітрыя прыйшоў дакумэнт з упраўленьня ўласнай бясьпекі, што ён «палітычна нядобранадзейны».

6 кастрычніка я была на працы, вярнулася дадому, пытаюся ў дачкі, дзе тата. Яна адказвае, што выйшаў на пару хвілін. Дома засталіся ўсе яго асабістыя рэчы. Мы пачакалі — ужо тры гадзіны яго няма. Пабеглі шукаць па раёне, бо тэлефон ужо не адказваў. Пазьней у міліцыі сказалі, што яго затрымалі. Суд даў яму 12 сутак за «непадпарадкаваньне службовай асобе».

Яшчэ да затрыманьня была заведзена крымінальная справа па факце абразы супрацоўніка міліцыі. Дзьмітры праходзіў падазраваным. Дома ў нас правялі ператрус, забралі тэхніку. Аднак пасьля ператрусу яго не затрымлівалі. Муж не прызнаў сябе вінаватым.

А шостага кастрычніка яго затрымалі каля дому. Нібыта ён не падпарадкаваўся супрацоўніку ўласнай бясьпекі Гвазьдзю. Быццам хапаўся за бардзюр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У судзе Маскоўскага раёну Дзьмітры заявіў, што нічога падобнага не рабіў. А судзьдзя Сяргей Кацар прызначыў яму 12 дзён арышту. На яго думку, вінаватасьць Кулакоўскага пацьвярджаецца пратаколамі, тлумачэньнем Гвазьдзя і рапартам Клімука, таксама супрацоўніка ўласнай бясьпекі, які быў пры затрыманьні.

Той суд прайшоў без адваката, мы таксама даведаліся пра рашэньне пастфактум. У часе 12-дзённага арышту адвакатка Натальля Тарасюк шмат разоў спрабавала трапіць да Кулакоўскага ў ІЧУ, але ёй увесь час адмаўлялі, спасылаліся на каранавірус.

18 кастрычніка мы з маім бацькам прыехалі на Акрэсьціна, каб сустракаць Дзьмітрыя, які ў 16:15 меўся выйсьці на волю. Мы прыехалі загадзя, за гадзіну да моманту вызваленьня. І вось ужо час падышоў, а муж не выходзіць, я тэлефаную ў ІЧУ, кажуць: “Не хвалюйцеся, неўзабаве выйдзе”. Каля гадзіны мы стаялі каля варотаў ізалятара, нам адказвалі, маўляў, ён ужо ня ў камэры, чакаем дакумэнтаў, афармляем. Яшчэ праз гадзіну нам сказалі, што з Дзьмітрыем «гутараць супрацоўнікі». Я абурылася: “Якія гутаркі без адваката? Ён адбыў прызначаны арышт, яго павінны вызваліць”. Супрацоўнікі ІЧУ сказалі, што па выніках гутаркі будзе прынята рашэньне. Я папрасіла прыехаць адвакатку, і ўжо ёй сказалі, што Дзьмітрыя затрымалі паводле новага пратаколу. Як мы пасьля высьветлілі, яму напісалі, што выйшаў з ІЧУ і аказаў непадпарадкаваньне супрацоўніку Савецкага РУУС, за што яго і затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

На наступны дзень адбыўся працэс у судзе Савецкага раёну. У матэрыялах было ўказана, што ў 16:20 (фармальна празь пяць хвілін пасьля вызваленьня) Кулакоўскага спыніў для высьвятленьня асобы ўчастковы Савецкага РУУС Любімаў, бо грамадзянін здаўся яму падазроным. Але Дзьмітры адмовіўся сесьці ў службовую машыну, за што яго і затрымалі. Дзьмітры заявіў у судзе, што ў названы час ён быў у ІЧУ, непадпарадкаваньня не аказваў. Таксама і мы засьведчылі, што былі каля ізалятара на Акрэсьціна, адкуль Дзьмітры не выходзіў. Судзьдзя Марына Фёдарава прызначыла арышт на 15 дзён. Віна нібыта пацьверджаная пратаколам, рапартам і тлумачэньнем сьведкі-ўчастковага Любімава“.

Натальля Тарасюк, адвакат:

„На судзе Дзьмітры пасьпеў сказаць, што з моманту затрыманьня і потым у часе адбыцьця 12-дзённага арышту ён знаходзіцца ў карцары. Чаму яго туды памясьцілі, ён сказаць ня мог, за сьпінай у яго стаялі супрацоўнікі ізалятара, размова адбывалася праз Skype. Ніводнай перадачы яму не даставілі, хоць у жонкі адзеньне і прадукты для яго прынялі. Ён ня быў згодны з затрыманьнем 6 кастрычніка, з тым, што яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні, таму на знак пратэсту праглынуў чатыры мэталічныя прадметы. Па-добраму трэба рабіць рэнтген і глядзець, у якім ён стане. Але, як ён сказаў, мэдычная дапамога яму не аказваецца. Трымаюць яго ў карцары, дзе ложак прышпілены да сьцяны і ўдзень, і ўначы, ёсьць адзін зэдлік, на якім ён сядзіць 12 дзён і ня сьпіць. Казаў, што апухаюць ногі, у яго цукрыца другога тыпу. Ад бессані яму цяжка сканцэнтраваць увагу. Пытаньні я яму задавала па два разы. За ўвесь час утрыманьня ў ІЧУ я як адвакат ні разу не змагла да яго трапіць, мяне проста не пускаюць, таму я не магу нават праверыць, у якім ён фізычным і псыхалягічным стане“.

Жонка Дзьмітрыя:

„Тэрмін арышту канчаецца 2 лістапада, але мы ня ўпэўнены, што ўбачым Дзьмітрыя на волі. Мы непакоімся, што зноў знойдзецца нагода ўтрымліваць яго ў ізалятары. Прычына такога «асаблівага стаўленьня» — альбо помста былому супрацоўніку міліцыі, альбо хочуць атрымаць ад яго паказаньні ў крымінальнай справе“.

TUT.BY

„Давялося спусьціць штаны і стаяць у адных майтках пасярод актавай залі“

Вольга, 36 гадоў, прадавец-кансультант, Менск:

„11 кастрычніка я вярталася ноччу дадому ў раёне гандлёвага цэнтру «Рыга». У тую ноч была чуваць страляніна і кудысьці рухацца было страшна. Таму я дачакалася, калі стане ціха, каб працягнуць свой шлях дадому. Было каля гадзіны ночы.

Нічога не адбывалася, ніякіх ланцугоў салідарнасьці альбо акцый. Як раптам да мяне падбеглі, нахілілі галаву, пасадзілі на парапэт і пасьля гэтага загрузілі ў мікрааўтобус. Затрыманьнем гэта цяжка назваць, гэта больш падобна на выкраданьне.

У той момант я была ў шокавым стане і, магчыма, таму адразу не змагла зразумець, што ў мяне пацэліла гумавая куля — проста нешта ўрэзалася ў нагу. Я таксама не змагла разгледзець тых, хто затрымліваў. Але ў мікрааўтобусе, куды мяне пасадзілі, я ўбачыла людзей у чорнай вопратцы, у бронекамізэльках і чорных балаклавах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

На мяне адразу пачалі крычаць, каб я аддала тэлефон, сказала пароль. Вельмі гучна, груба. Я дала тэлефон, сказала, што ў мяне няма пароля ніякага, што яны могуць усё паглядзець. Яны пачалі крычаць, каб я апусьціла галаву. Глядзелі ў мой тэлефон. Нічога там не знайшлі і вярнулі яго. І потым загрузілі яшчэ трох ці чатырох мужчын, пры гэтым крычалі: «На калені, мордай у падлогу!». І сілай іх прыціскалі. Потым павезьлі ў Савецкае РУУС. Я так здагадалася, бо міма яго кожны дзень ежджу на працу.

Калі мяне вывелі зь мікрааўтобуса, адразу ж пачаліся такія незразумелыя выпады: «О, сымпатычненькую прывезьлі. Хутка стала да сьценкі! Красоўкі бела-чырвоныя? Што ты шляесься па начах?». І крычалі зьневажальныя рэчы. Абыходзіліся, як быццам са сьмецьцем нейкім. Калі ім не падабалася, як стаіць чалавек, яны маглі з унутранага боку ногі біць, каб чалавек ледзь не на шпагат садзіўся. Стаўленьне жудаснае было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У РУУС супрацоўнікі былі альбо ў балаклавах, альбо ў чорных масках, а хтосьці — у звычайнай мэдычнай масцы. І толькі адзін супрацоўнік быў бяз маскі і ў цывільным адзеньні. Паводзіў ён сябе вельмі пахабна, як быццам ён начальнік усёй гэтай установы.

Нага ў мяне пачынала балець. Гэта сталі заўважаць супрацоўнікі. Мужчына ў цывільным сказаў вельмі груба: «Паказвай давай нагу». А я штаны не магла падняць, і кажу: «Тут шмат мужчын, можа жанчыну запросіце, супрацоўніцу?». Ён кажа: «Усё роўна, давай, здымай». Мне давялося спусьціць штаны і стаяць у адных майтках практычна пасярод актавай залі. Там на адным баку здымалі на відэакамэру затрыманых, а на другім — апытвалі іх, таксама было вельмі шмат было супрацоўнікаў, і іх гэта не бянтэжыла. Яны разгледзелі маю нагу і адвялі моўчкі мяне на крэсла. Праз хвілін 20 мяне вывелі ў хол, а там ужо чакалі мэдыкі. Яны сказалі, што шпіталізуюць мяне. На што супрацоўнік у цывільным пачаў казаць: «Вы можаце яе не катаць, яна ўсё роўна сюды вернецца».

Лекары ўсё ж забралі мяне ў лякарню. Разам з хуткай дапамогай, якая выяжджала з чорнага ўваходу РУУС, паехаў і канвой.

У мэдычнай даведцы, якую мне выдалі ў прыёмным аддзяленьні траўматалёгіі, пазначана заключэньне: «Удар, падскурная гематома мяккіх тканак левай падкаленнай вобласьці». Мне наклалі гіпсавую павязку. У нейкі момант да мяне падышоў лекар і сказаў, што канвой зьехаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пры мне не было рэчаў. Тэлефон, ключы ад кватэры — усё засталося ў РУУС. Я ўспомніла мабільны нумар сваёй начальніцы. Лекар патэлефанаваў ёй — і яна забрала мяне. Мы паехалі ў РУУС па мае рэчы. Гэта было пад раніцу, 12 кастрычніка. Я была ўжо ў гіпсе, ісьці амаль не магла. Мая начальніца пайшла тэлефанаваць у РУУС. Яны спачатку не адчынялі, але тут прыехаў чыйсьці адвакат — і тады адчынілі дзьверы. Супрацоўнік прынёс ліст А4 і папрасіў напісаць расьпіску, што я ўсе свае рэчы атрымала і да іх прэтэнзій ня маю. Усе рэчы былі на месцы.

Цяпер кожны дзень хаджу на перавязкі. Гіпсавую павязку на назе ўжо зьнялі, але гематома яшчэ не разышлася. Лекары сказалі, што наступствы для зьвязак і цягліц будуць даваць пра сябе знаць яшчэ цягам паўтара-двух месяцаў.

Я, магчыма, нарадзілася ў кашулі. Куля не пранікла, удар прыпаў вышэй падкаленнай артэрыі, не зачапіў яе. Калі б зачапіў, то, магчыма, не давезьлі б…“

„Вясна“

„Запомні — кроў не высыхае“

Эдуард Акулін, паэт, Менск:

Эдуард Акулін

„Гэта здарылася 26 кастрычніка недзе каля 10:30 ранку на праспэкце Дзяржынскага побач са станцыяй мэтро «Малінаўка». Мы стаялі ў ланцугу салідарнасьці, калі раптоўна, акурат насупраць мяне, спыніўся невялікі белы бус і адтуль, як гарох, высыпалі байцы АМАПу, апранутыя ў чорную форму. Зразумела, што мы сталі ўцякаць. За мной пагналіся адразу двое. Акружылі з двух бакоў, і, пачуўшы злосны вокліч «Стаяць, міліцыя!», мне нічога не заставалася, як падпарадкавацца. Мяне амаль культурна, пад рукі завялі і пасадзілі ў бус. Я сказаў, што зьяўляюся журналістам і маю пасьведчаньне без акрэдытацыі. «Тады яно несапраўднае», — пачуў у адказ.

Амапаўцы былі ўзброеныя гумовымі дубінкамі, а таксама пісталетамі і газавымі балёнчыкамі на папругах. Шчыра прызнаюся, да мяне паставіліся зь нейкай доляй павагі, нават пасадзілі ў крэсла, загадалі зьняць маску і зрабілі відэафіксацыю. А вось яшчэ дваіх палоньнікаў, маладых хлапцоў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах, паставілі на калені, нахілілі тварамі ў падлогу і па некалькі разоў «ахрысьцілі» па сьпінах дубінкамі… Мяне ўразілі іх вочы. Перапоўненыя лютасьцю, налітыя крывёй вочы разьятраных ваўкоў…

Эдуард Акулін

Нас даставілі ў Маскоўскі РУУС, дзе абшукалі, зрабілі вопіс забраных рэчаў, правялі арышт тэлефонаў… Затрыманых у зале сабралася чалавек 10, і з кожным па чарзе пачалі працаваць сьледчыя, складаючы пратаколы. Я адмовіўся размаўляць з афіцэрам міліцыі, заявіўшы сваё права на адваката. На што мне даволі ветліва адказалі: «Чакайце». Адваката я прачакаў аж да 7 гадзін вечара, але так і не дачакаўся…

Прыехаў аўтазак, і нам абвясьцілі, што ўсіх затрыманых вязуць у Жодзінскі ІЧУ. У аўтазаку было 8 мэталічных адсекаў, спачатку нас траіх пасадзілі ў трохмесны адсек, а празь нейкі час, заехаўшы па дарозе яшчэ ў нейкі сталічны РУУС, нам падсялілі яшчэ дваіх «пасажыраў», месца для якіх, зразумела, ужо не было… Гэта былі маладыя хлапцы, якія, стоячы з сагнутымі галовамі ў нязручнай паставе, вымушаныя былі гэтак трываць усю дарогу да Жодзіна. На маю прапанову памяняцца месцамі, яны, відаць, шануючы мой узрост, ветліва адмаўляліся…

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Потым была выгрузка, пераклічка, прагон доўгімі падземнымі калідорамі пад гучныя воклічы і злосную лаянку турэмных вертухаяў… Гучныя загады «Рукі за сьпіну!», «Глядзець у падлогу перад сабой!», «Тварам да сьцяны!», і ўсё гэта пад брэх аўчарак, якім поўніўся турэмны двор… Думкі ў гэты час былі толькі пра адно — няўжо гэта ня страшны сон? А адчуваньне, нібыта я рэальна трапіў у 37-ы год… Потым было маральнае прыніжэньне праз разьдзяваньне дагала і загад тройчы прысесьці, і нарэшце разьмеркаваньне па камэрах…

У камэру з 8 ложкамі нас разьмясьцілі 16 чалавек. Пазьней аднаго зь сядзельцаў некуды забралі… Спалі, калі гэта можна назваць сном, на мэталічных закратаваных ложках па два чалавекі, апранутыя, у абутку, бо батарэя ня грэла, а вакно было насьцеж… Ні матрацаў, ні пітной вады, ні ежы нам ніхто ня даў… Думалі, што пакормяць і дадуць вады ранкам або ў абед. Не пра наш гонар…

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Добра, што пасьля абеду пачаліся суды. Я зноў запатрабаваў адваката, бо, як высьветлілася, безь мяне мяне ажанілі і пратакол на мяне быў ужо складзены. Судзьдзя перанесла разгляд справы ў Крупскі суд, бо сваіх судзьдзяў на такую колькасьць затрыманых не хапала. Кампанія ў камэры падабралася вельмі шляхетная: студэнты БНТУ, інжынэры, праграмісты, дызайнэры і адзін паэт…

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Зброя АМАПу — гумовыя дубцы, фінскія нажы, балёнчыкі са сьлезацечным газам, пісталеты, аўтаматы, гранаты і вадамёты… Зброя паэта — слова. А слова, калі ім правільна карыстацца, мае велізарную сілу. Ня марна ж Янка Купала пісаў: «Магутнае слова, ты, роднае слова!» Сапраўды, слова можа вучыць, слова можа праклінаць, слова можа заклікаць, слова можа лячыць і слова можа забіваць… Калі не фізычна, дык маральна. Вось чаму многія беларускія паэты, а іх сотні, прайшлі праз турмы, ссылкі, ГУЛАГ і Курапаты… А наогул, у канцы бясконцай бяссоннай начы ў халоднай, абшарпанай, з закратаваным акном турэмнай клетцы мы адчувалі сябе самымі свабоднымі на сьвеце людзьмі, бо за намі стаяла праўда… А за праўдай стаіць Бог.

Запомні — кроў не высыхае…

Заміж таго, каб збочыць годна

дзеля Свабоды і Красы, —

ты распачаў вайну з народам,

украўшы нашы галасы…

Ты нам надзеі не пакінуў,

калі пачуўся першы стрэл…

Ня можа бацька ў вочы сыну

глядзець праз лазэрны прыцэл…

Ты дваццаць шэсьць гадоў ваякам,

нібы аўчаркам лютым косьць,

кідаў, каб сёньня ў аўтазаках

душылі нашу Маладосьць…

Ў любові кляўся да Каханай,

а за адмову жонкай стаць, —

твар адвярнуўшы ад экрана,

аддаў загад ў яе страляць…

Дык вось яна твая якая —

усенародная Любоў?..

Запомні, што не высыхае

на Плашчаніцы сьцяга кроў!“