Што можна зрабіць, каб спыніць злачынствы супраць журналістаў

Журналісты Ўладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч пасьля 11 сутак зьняволеньня выйшлі на волю з ізалятару на вуліцы Акрэсьціна. Менск, 24 верасьня 2020 году

ЗША заклікалі ўрады краін сьвету правесьці незалежныя расьсьледаваньні забойстваў журналістаў, пагроз у іх адрас і нападаў на іх, а таксама адмяніць законы, якія абмяжоўваюць свабоду слова.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, зь якой выступіла прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Морган Ортагус з нагоды Міжнароднага дня спыненьня беспакаранасьці злачынстваў супраць журналістаў, які адзначаецца ў панядзелак, 2 лістапада.

«Свабодная прэса неабходная інфармаваным грамадзянам. Энэргічная прэса можа, напрыклад, выкрываць карупцыю, праліваць сьвятло на парушэньні правоў чалавека і даваць грамадзкасьці важную інфармацыю ў часы крызісаў», — канстатуе Ортагус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 290 арыштаў. «Рэпартэры бязь межаў» завярнуліся ў ААН праз сытуацыю з журналістамі ў Беларусі

Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту адзначыла, што ў многіх месцах журналісты, якія выконваюць гэтую неабходную працу, зазнаюць напады з боку аўтарытарных рэжымаў і крымінальных арганізацый. Ортагус адзначыла, што з пачатку стагодзьдзя ва ўсім сьвеце было забіта больш за паўтары тысячы журналістаў, і больш чым у 85 працэнтах выпадкаў забойцы застаюцца беспакаранымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца RFE/RL: Радыё Свабода будзе надалей выкарыстоўваць усе даступныя шляхі, каб забясьпечваць аўдыторыю навінамі без цэнзуры

Летам – восеньню 2020 году ў Беларусі адбылося каля дзесяці затрыманьняў журналістаў Беларускай службы Радыё Свабода.

У сусьветным індэксе свабоды прэсы 2020 году Беларусь займае 153-е месца з 180.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля турмы на Акрэсьціна затрымалі 4 журналістаў, якія прыйшлі сустракаць сваю калегу