З горадзенскага драмтэатру звольнілі яшчэ шэсьць актораў, якія далучыліся да страйку

Акторы Горадзенскага абласнога драматычнага тэатру, 27 кастрычніка.

Усяго з тэатру за апошнія паўтара месяца сышлі 12 чалавек.

Як расказаў артыст Васіль Мініч, яго, Аляксандра Дзям’янава, Анастасію Мучко, Натэлу Бялугіну, Марыю Мялешку, Марыю Бутрымовіч звольнілі паводле артыкулу, нібыта яны не выконвалі сваіх працоўных абавязкаў без уважлівых прычынаў.

Актораў звальняюць заўтрашняй датай. Заўтра ім трэба быць яшчэ на працы. Сёньня артысты забіраюць працоўныя кніжкі, ёсьць ужо загад дырэктара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сышоў з пасады — і Лукашэнка сыдзе». Звольнілі рэжысэраў горадзенскага драмтэатру, якія пачалі страйк

Яшчэ двое артыстаў драмтэатру далучыліся сёньня да страйку: Аляксей Старнога і скрыпачка Паліна Левіна.

Усяго 12 работнікаў драматычнага тэатру страцілі працу за апошні час: акрамя вышэй пералічаных, гэта рэжысэры Генадзь Мушперт і Сяргей Курыленка, артысты Ігар Уланаў, Лізавета Мілінцэвіч, Валянціна Харытонава, Натальля Лявонава.