Як перадае МУС Беларусі , 26 кастрычніка студэнт менскага ВНУ разам зь іншымі навучэнцамі зайшоў у аўдыторыю, дзе праходзілі заняткі, і пачаў заклікаць да страйку.
Калі дэкан факультэту зрабіў заўвагу і папрасіў пратэстоўцаў пакінуць залю, у яго адрас пасыпаліся «абразы і пагрозы», сьцьвярджае ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акадэмія мастацтваў ужо адлічыла 3 студэнтаў на фоне пратэстаўУ выніку міліцыянты затрымалі 21-гадовага ініцыятара акцыі. Зь яго слоў, напярэдадні зь ім нібыта звязаўся невядомы ў тэлеграм-канале і прапанаваў загітаваць студэнтаў да страйку.
Сьледчыя завялі крымінальную справу супраць студэнта «за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
У Генпракуратуры ўдакладнілі, што справа тычыцца студэнта 3 курса БДУІР 1999 году нараджэньня. Яго затрымалі і ўзялі пад варту.
Пракуратура завяла крымінальную справу паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).