Паліттэхноляг Шкляраў зьехаў зь Беларусі пасьля размовы Лукашэнкі і Пампэо 

Віталь Шкляраў

Як стала вядома Tut.by, Віталь Шкляраў пакінуў межы Беларусі.
Ён быў фігурантам «справы Ціханоўскага», хоць яшчэ да затрыманьня заяўляў, што ня быў кансультантам Сяргея Ціханоўскага і ніколі на яго не працаваў.

«Сьледзтва ня скончанае, крымінальная справа ня скончаная. Мы напісалі хадайніцтва аб дазволе на выезд, яго задаволілі, таму Віталь зьехаў адразу да сям’і і паправіць сваё здароўе пасьля перанесенага каранавірусу», — паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» адвакат Шклярава Антон Гашынскі ў аўторак.

Гашынскі падкрэсьліў, што атрыманы дазвол на выезд — «гэта, безумоўна, вынік званка Пампэо». «Менавіта вызваленьне Віталя было асноўнай мэтай і прычынай званка», — падкрэсьліў ён.

Нараджэнец Гомля пазыцыянуе сябе як амэрыканскі, нямецкі і расейскі палітычны кансультант, дарадца выбарчых кампаній Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак ды іншых.

Жонка Шклярава — грамадзянка ЗША, яна працуе ў амбасадзе ў Кіеве. У сувязі з гэтым ён мае амэрыканскі дыпляматычны пашпарт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віталю Шкляраву памянялі меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Ён сустрэўся з мамай: «Плакалі паўгадзіны»

Паліттэхноляга затрымалі 29 ліпеня ў Гомлі, куды ён прыехаў наведаць маці. Амаль тры месяцы яго ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары № 1 Менску, падчас зьняволеньня ён перанёс каранавірус.

10 кастрычніка Шкляраў быў у ліку ўдзельнікаў сустрэчы Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ, а неўзабаве выйшаў на волю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША: Майк Пампэо патрабаваў ад Лукашэнкі вызваліць Шклярава

24 кастрычніка вызваленьне Віталя Шклярава абмяркоўвалі Аляксандар Лукашэнка і дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо.