У менскім маршы пэнсіянэраў узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Абышлося без затрыманьняў. ФОТА

26 кастрычніка пэнсіянэры сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску на чацьвёрты па ліку марш. Яны зноў прайшлі па галоўным праспэкце сталіцы да плошчы Якуба Коласа. Гэтым разам да акцыі пэнсіянэраў спачатку далучыліся студэнты, а падчас руху да калёны далучаліся людзі розных узростаў.

У калёне было некалькі тысяч чалавек. Сілавікі не заміналі яе руху. Калі акцыя скончылася, на плошчу Якуба Коласа прыехалі аўтазакі і мікрааўтобусы зь сілавікамі. Людзі, якія заставаліся на плошчы, разышліся, абышлося без затрыманьняў.

17.06 Сілавікі зьехалі. Людзі зноў сталі ў «ланцуг салідарнасьці» на плошчы Якуба Коласа.

16.57 Сілавікі стаяць каля філярмоніі на плошчы Якуба Коласа, затрыманьняў няма. На плошчы яшчэ застаюцца каля дзясятка пэнсіянэраў.

16.46 На плошчы Якуба Коласа засталося каля 50 чалавек. Раптоўна пад’ехалі аўтазакі і мікрааўтобусы зь сілавікамі, людзі пачалі разьбягацца.

16.15 Марш пэнсіянэраў завяршыўся на плошчы Якуба Коласа. Там яго ўдзельнікаў сустрэлі валянтэры, якія раздавалі аднаразовыя маскі, печыва, піцу, гарачую гарбату. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу, пакінулі ля манумэнта плякаты і расьцягнулі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Яны падзякавалі студэнтам за падтрымку.

Частка ўдзельнікаў акцыі ўжо разышлася, частка застаецца на плошчы: людзі размаўляюць, сьпяваюць песьні, скандуюць «Жыве Беларусь!».

Тым часам сілавікі перакрылі праспэкт Пераможцаў ад МКАД у бок цэнтру. На «Яндекс.Картах» відаць заторы ад Акадэміі навук да плошчы Перамогі, а таксама ў раёне плошчы Мясьнікова.

15.49 «Марш пэнсіянэраў і студэнтаў» дайшоў да плошчы Якуба Коласа. Тут удзельнікі акцыі разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг.

Сярод удзельнікаў акцыі — унучка народнага паэта Беларусі Якуба Коласа Марыя Міцкевіч.

У цэнтры — Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа

15.27 Марш пэнсіянэраў прайшоў плошчу Перамогі і рушыць далей па праспэкце.

15.15 Галава калёны ўжо на плошчы Перамогі. Каля плошчы Перамогі моладзь частавала пэнсіянэраў печывам, дарыла кветкі.

Тым часам у цэнтар гораду паехала вайсковая тэхніка.

Праваабаронцам ужо вядомыя імёны больш як 150 затрыманых сёньня ў Беларусі, зь іх 131 у Менску.

15.00 Калёна маршу пэнсіянэраў расьцягнулася ад плошчы Перамогі і да Кастрычніцкай плошчы.

Па ходзе руху калёны да дэманстрантаў далучаліся мінакі, цяпер у акцыі ўдзельнічаюць ня толькі пэнсіянэры, але і людзі розных узростаў. Каля Дома афіцэраў стаяць аўтазакі.

Рух каля праспэкту Незалежнасьці ў цэнтры амаль паралізаваны супрацоўнікамі ДАІ. Шматлікія пад’езды да яго перакрытыя.

А 14-й гадзіне каля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці пачалі зьбірацца на традыцыйны панядзелкавы марш пэнсіянэры. Сёньня да іх вырашылі далучыцца і студэнты. Хутка калёна рушыла па праспэкце Незалежнасьці.

Гэта быў ужо чацьвёрты па ліку марш пэнсіянэраў – такія акцыі праходзяць апошні месяц па панядзелках. 12 кастрычніка супраць пажылых людзей сілавікі ўжылі газ, сьвятлашумавыя патроны і іншыя спэцсродкі, чым выклікалі хвалю абурэньня ў грамадзтве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнты 9 беларускіх ВНУ далучыліся да агульнанацыянальнага страйку і пратэстаў. ВІДЭА