Больш за 1200 беларускіх мэдыкаў падпісалі адкрыты ліст за новыя выбары і супраць гвалту

Адзін з падпісантаў ліста мэдыкаў акадэмік Аляксандар Мрочак.

Работнікі сыстэмы аховы здароўя Беларусі ініцыявалі збор подпісаў з патрабаваньнямі да ўладаў і заклікаюць калегаў далучацца па спасылцы ТУТ.

Мэдыкі абураныя неверагоднай жорсткасьцю прадстаўнікоў сілавых структур у дачыненьні да мірных грамадзян. Яны лічаць абсалютна недапушчальным бесчалавечнае абыходжаньне з затрыманымі і стварэньне перашкодаў своечасовай кваліфікаванай дапамозе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнены дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія»: сьмерці ад COVID-19 у статыстыцы схавалі ў «хваробы сыстэмы кровазвароту»

Сярод падпісантаў такія вядомыя ў мэдыцыне людзі, як лекар-кардыёляг, доктар мэдычных навук, акадэмік НАН Беларусі Аляксандар Мрочак, лекар-эпідэміёляг Аляксей Цыганоў, лекар-кардыёляг Алена Жуйка, лекар-анколяг Аляксандар Мініч, лекар-эндаскапіст Тацяна Гінько ды многія іншыя.

Мэдычныя работнікі вылучылі свае патрабаваньні да ўладаў:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Буду выходзіць, пакуль не заб’юць». 75-гадовы мэдык расказаў, чаму ўдзельнічае ў маршах супраць Лукашэнкі
  • спыніць агрэсію ў дачыненьні да мірных грамадзян
  • вызваліць палітычных зьняволеных і затрыманых на мірных акцыях
  • прыцягнуць да адказнасьці выканаўцаў злачынных загадаў
  • аказваць мэдычную дапамогу зьняволеным
  • аднавіць рэпрэсаваных грамадзян на працоўных і навучальных месцах
  • прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі і правесьці новыя сумленныя выбары ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дзьве беларускі дапамаглі вывезьці лячыцца ў Чэхію каля 40 параненых

У выпадку аказаньня ціску мэдычныя работнікі будуць ставіць у вядомасьць СМІ і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.