Арганізатар шэсьцяў за Лукашэнку пабіў чалавека, у пацярпелага чэрапна-мазгавая траўма 

Шэсьце за Лукашэнку

19 кастрычніка былы супрацоўнік кампаніі EPAM, а цяпер арганізатар праўладных шэсьцяў Сяргей Каўрыгін пабіў суседа ў ліфце на вачах уласнай жонкі і дзяцей, высьветліў рэсурс Dev.by.

Сусед атрымаў удары і закрытую чэрапна-мазгавую траўму, зьвярнуўся да мэдыкаў. Здарэньне зьнята на камэру ў пад’езьдзе дому недалёка ад Парку высокіх тэхналёгій, дзе жыве сям’я Каўрыгіна. Відэа цяпер у праваахоўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэгамітынг» за Лукашэнку скасавалі нібыта праз каранавірус. Былі зьвесткі, што яго байкатуюць у рэгіёнах

Пацярпелы пацьвердзіў Dev.by факт бойкі:

«Я пацьвярджаю, што мяне біў Сяргей Каўрыгін». Ён падаў заяву ў міліцыю аб завядзеньні справы па ч. 1 арт. 339 КК РБ ( «Хуліганства»).

Дом, у якім адбылася гісторыя, адносіцца да каапэратыву «ЭПАМ Сістэмз-жылбуд». Яго старшыня пракамэнтаваў сытуацыю так: «Гэта быў бытавы канфлікт. Па ім вядзецца сьледзтва. Я не тое што не ўпаўнаважаны [камэнтаваць], я нават не ў курсе гэтага сьледзтва. Яго вядуць сьледчыя органы. Зьвяртайцеся ў МУС».

У РУУС Першамайскага раёна інцыдэнт не пракамэнтавалі, параілі зьвярнуцца ў прэс-службу ГУУС. dev.by больш за суткі чакаў камэнтара ГУУС, але так і не дачакаўся.

Dev.by патэлефанаваў жонцы Каўрыгіна. «Ну так суседзяў і пытайцеся! Я не збіраюся камэнтаваць ніякія плёткі», -- такім быў яе адказ на прапанову распавесьці сваю вэрсію гісторыі. З самім Каўрыгіным зьвязацца не ўдалося.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Сяргей Каўрыгін стаў арганізатарам і актыўным удзельнікам шэсьцяў у падтрымку дейнай улады. Суседзі характарызуюць яго як «канфліктнага чалавека».