На адным з маршаў у Гомлі ўпаў міліцыянт. На маладога чалавека за «гвалт» распачалі крымінальную справу

Гомель, Марш справядлівасьці, 20 верасьня. Ілюстрацыйнае фота.

20 верасьня ў Гомлі праходзіў Марш справядлівасьці. На пляцоўцы каля цырку людзей сустрэў АМАП і пачаў разьбіваць калёну. Частка людзей прарвалася праз ачапленьне. У штурханіне адзін зь міліцыянтаў зваліўся на зямлю.

«Цяпер на майго сына распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Нібыта ён „нанёс удар па задняй паверхні нагі“ міліцыянта. Затым нібыта міліцыянт паваліў Аляксея на зямлю, а той вырваўся і „нанёс два ўдары па галаве міліцыянту“. Насамрэч сын ня біў міліцыянта», — кажа маці затрыманага.

24-гадовы Аляксей цяпер у СІЗА. Яго абвінавачваюць па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Аляксею пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі «Марш справядлівасьці» прайшоў з затрыманьнямі. ФОТА

Ягоныя блізкія просяць адгукнуцца сьведак падзеяў ля цырку 20 верасьня.