Пралаз ад КС — новую Канстытуцыю можна прыняць без рэфэрэндуму

Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Аляксандар Марыскін зрабіў сёньня заяву, зь якой вынікае, што беларусы могуць аказацца з новай Канстытуцыяй і без правядзеньня рэфэрэндуму. Яго словы перадае БелаПАН.

22 кастрычніка на круглым стале ён нагадаў, што зьмены ў падставовыя разьдзелы Канстытуцыі можна ўнесьці толькі на рэфэрэндуме. А потым расказаў пра іншы варыянт — прыняць ня зьмены, а новую Канстытуцыю.

«У самой Канстытуцыі гаворыцца, што новая (хоць там і няма такога слова) Канстытуцыя можа быць прынятая ў звычайным парадку без правядзеньня рэфэрэндуму, — растлумачыў Марыскін. Таму гэта справа парлямэнту, прэзыдэнта, якім шляхам ісьці і якія зьмены ўлічваць».

«Любая Канстытуцыя не пазбаўленая недахопаў», — адзначыў ён.

Артыкул 140 Канстытуцыі даслоўна гучыць так:

«Канстытуцыя, законы аб унясенні ў яе зьмяненьняў і дапаўненняў, аб увядзеньні ў дзеяньне ўказаных законаў, акты аб тлумачэньні Канстытуцыі лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала ня менш як дзьве трэці ад поўнага складу кожнай з палат Парлямэнту.

Зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэньне аб зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі шляхам рэферэндуму лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасьць грамадзян, унесеных у сьпісы для галасаваньня.

Разьдзелы І, ІІ, ІV, VIII Канстытуцыі могуць быць зьменены толькі шляхам рэферэндуму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за стварэньнем прарасейскай партыі і пры чым тут канстытуцыйная рэформа?