Да юбілеяў The Beatles і Джона Ленана па-беларуску прагучаць два дзясяткі песень лівэрпульцаў 

The Beatles

Упершыню The Beatles прагучыць па-беларуску так масштабна — два дзясяткі песень за адзін вечар. Канцэртная прэм’ера адбудзецца 22 кастрычніка ў менскім рэстаране-бровары «Друзья». Яна прымеркаваная да 60-годзьдзя The Beatles.

Два дзясяткі легендарных твораў лівэрпульскай чацьвёркі пераклаў на беларускую мову паэт і музыка Мікіта Найдзёнаў. Сярод іх такія знакавыя рэчы, як Girl, Hey Jude, All You Need Is Love ды многія іншыя.

Канцэрт арганізуе музычны праект «СамШазам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сэр Пол Макартні пра Беларусь даведаўся. 60 гадоў таму распачалася эпоха The Beatles

Акрамя салістаў «СамШазам» на сцэне выступяць вакаліст «Беларускіх песьняроў» Валеры Дайнека, сьпявак Юры Селязьнёў, гурт Litesound братоў Каракіных і Palina.

Паводле арганізатараў, невыпадковая і песьня, якая дала назву праграме, — With a Little Help from My Friends — «З дапамогай (най)лепшых сяброў» (так па-беларуску падпісалі афішу). Бо 2020-ы — год сяброўскай падтрымкі і салідарнасьці, канстатуюць яны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцэрт праз 20 гадоў: у Менску выступіў лідэр Rouble Zone Алег Мінакоў

Уваход на канцэрт 22 кастрычніка вольны. А 19-й пачнецца наўпроставая трансьляцыя.