Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт праз 20 гадоў: у Менску выступіў лідэр Rouble Zone Алег Мінакоў


28 траўня ў Менску з адзіным канцэртам выступіў заснавальнік і лідэр папулярнага ў 1990-х рок-гурту Rouble Zone Алег «Джагер» Мінакоў.

Калектыў не існуе ад 1997 году, калі музыка зьехаў зь Беларусі на піку папулярнасьці — практычна адразу пасьля трыюмфальнай «Рок-каранацыі-1996». Тады каманда Алега Мінакова за альбом «Put Your Money... Now!» сабрала калекцыю адразу з чатырох каронаў.

Але ўчорашні выступ пацьвердзіў, што прыхільнікаў творчасьці Rouble Zone дастаткова дагэтуль. Сярод публікі было нямала пазнавальных асобаў — дызайнэр Уладзімер Цэсьлер, габэленіст Уладзімер Лісавенка, прадусар Юры Халезін, «пясьняр» Валеры Дайнека, колішні фронтмэн гурту «Тарнада» Андрэй «Ангус» Піпко, музычны крытык Зьміцер Падбярэскі ды іншыя.

Збольшага праграма была складзена са старых рэчаў, якія заля дружна падхоплівала. Аўтар прэзэнтаваў і некалькі зусім новых кампазыцый.

Алег Мінакоў
Алег Мінакоў

Бязьвізавы рэжым для музычнай амністыі

Як расказаў Алег Мінакоў, ідэя канцэрту ўзьнікла спантанна: нейкі час таму ён скарыстаўся магчымасьцю пяцідзённага бязьвізавага ўезду ў Беларусь, стаўшы «першым пасажырам новага маршруту Брусэль-Менск». Алег Мінакоў мае бэльгійскае грамадзянства.

Тады ж менскія сябры прапанавалі паспрыяць з арганізацыйнымі пытаньнямі, каб у наступны прыезд ён змог выступіць са сцэны.

Ідэя спрацавала — праз 20 гадоў Алег Мінакоў зайграў паўтарагадзінны канцэрт. Яму дапамагалі запрошаныя музыкі зь іншых калектываў.

Публіка доўга не адпускала ўлюбёнца, дый ён сам не хаваў эмоцый, шкадуючы, што «ня можа штодня гастраляваць па сьвеце ў кампаніі сапраўдных і правераных сяброў».

Алег Мінакоў і ягоная жонка Вольга жывуць у бэльгійскім гарадку Русэларе, які беларус напаўжартам называе «малымі Асіповічамі». Там яго ведаюць практычна ўсе — тут гэта адзіны прафэсійны музыка, да якога па ўрокі граньня на гітары ці бубнах ідуць і дзеці мясцовых чыноўнікаў, і музыкі-пачаткоўцы. Дом лёгка пазнаць па фірмовай эмблеме культавага гурту Rolling Stones — налепцы з высунутым языком на паштовай скрыні.

Паштовая скрыня Мінаковых
Паштовая скрыня Мінаковых

Апошнія гады Алег Мінакоў працуе кансультантам у спэцыялізаванай музычнай краме, а таксама рэалізуе новы праект — funky-blues-pop-rock-бэнд Moonshine. Калектыў атрымаў добрыя рэцэнзіі ад крытыкаў і засеў за студыйны запіс.

У інтэрвію Свабодзе музыка так тлумачыў, чаму прыняў рашэньне разьвітацца з радзімай:

«Справа ў тым, што я ў Беларусі атрымаў усё, што толькі можна сабе ўявіць. Меў усе кароны, узяў усе намінацыі, усё самае лепшае. Які наступны крок? У беларускім шоў-бізнэсе гэта ўжо столь, далей няма куды рухацца. І гэта вялікая праблема, якая існуе дагэтуль. Столь шоў-бізнэсу ў Беларусі пачынаецца там, дзе настае расейскі шоў-бізнэс. Калі ты нечага дабіўся, next step — рушыць на Маскву, тады цябе будуць любіць больш. Мяне запрашалі на Ўсход, аднак я вырашыў, што з маёй музыкай лепш ехаць на Захад. Перадусім не хацеў сьпяваць на расейскай мове, яна не сугучная з рок-культурай. Мая мара была, каб беларускі сьцяг узьняць вышэй на эўрапейскім узроўні. Думаў, што прывязу сюды сваіх музыкаў, пачнём працаваць. Так здарылася, што гэта ўжо было немагчыма, я застаўся адзін».

Калі сасьпела рашэньне разьвітацца зь Беларусьсю, з падачы эўрапейскага імпрэсарыё перад Мінаковым адчыніліся тры варыянты — ЗША, Нямеччына і Бэльгія. Як расказваў сам музыка, Амэрыка палохала сваёй аддаленасьцю, немцы разьлічвалі на ўзмацненьне мэтал-сцэны, а Бэльгія прымала без усялякіх папярэдніх умоваў. Так быў зроблены канчатковы выбар, і ў 1997-м Мінаковы пераехалі ў Русэларэ, недалёка ад якога жыў іхні прадусар.

Тэхнічны прагрэс для дыстанцыйнай творчасьці

На трэцім паверсе сваёй шматузроўневай кватэры ў цэнтры гораду Алег абсталяваў студыю — балазе сучасныя тэхнічныя магчымасьці дазваляюць дыстанцыйна падключаць для студыйнага запісу музыкаў хоць зь Беларусі, хоць зь іншых краінаў. Такім чынам праз ужо ўмоўны акіян быў запісаны трэк Father Of My Son сумесна з колішнім гітарыстам «Песьняроў» Аляксандрам Растопчыным.

На паддашку кампактна разьмясьціліся пульты, маніторы, цэлая шарэнга гітараў, барабанная ўстаноўка. Кажа, што на камэрцыйны посьпех ад супрацы зь мясцовымі музыкамі асабліва не разьлічвае, рухае ім толькі прага да творчасьці.

Дыск Put Your Money... Now! і праз 20 гадоў застаецца вянцом творчасьці Rouble Zone. На ўнутранай вокладцы музыкі зьнятыя анфас і ў профіль, у турэмных шапках і робах. Выглядае, што дызайн таго часу актуальны для Беларусі і сёньня:

«Тады мы надавалі гэтаму словазлучэньню Rouble Zone канкрэтнае значэньне, якое мае аднолькавы сэнс што ў беларускай, што ў расейскай мовах, — кажа Алег Мінакоў. — Таму атрымалася, што адпачатку акрэсьлілі, у якім месцы жывём — апроч „рублёвай“, ёсьць зоны і іншага кшталту. Прычым у лепшыя гады: самая сярэдзіна 1990-х, калі здавалася, што ўсё гэта жарты, што ўсё яшчэ можна зьмяніць. Альбом выйшаў у 1996-м, пачаў заваёўваць папулярнасьць, зьбіраць поўныя залі на канцэртах. Калі яшчэ была газэта „Имя“, калі было правільнае „Радыё Рокс“. А потым усё скончылася...»

Алег Мінакоў у вышымайцы
Алег Мінакоў у вышымайцы

Алег Мінакоў нарадзіўся ў 1964 годзе ва Ўзьдзе на Меншчыне. Зь дзяцінства займаўся музыкай, але пасьля школы паступіў у вайсковую вучэльню на спэцыяльнасьць «вайсковы псыхоляг». І ўсё ж галоўнае захапленьне жыцьця перамагло армейскую кар’еру.

Пры канцы 1980-х дэбютаваў у гурце «Праспэкт» пры Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, пасьля працаваў з камандай Віктара Смольскага Inspector, зь якой выехаў у першы замежны ваяж — па Эўропе.

У 1993 годзе заснаваў джаз-блюз-рокавы калектыў Rouble Zone з англамоўным рэпэртуарам. У 1996-м гурт з альбомам Put Your Money... Now! стаў сэнсацыяй беларускага шоў-бізнэсу, здабыўшы чатыры «Рок-кароны». Каманда пасьпела выступіць у Кіеве на разагрэве ў легендарных Deep Purple. У 1997-м на хвалі папулярнасьці Мінакоў эмігруе ў Бэльгію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG