У Горадні марш пэнсіянэраў прайшоў без затрыманьняў. ФОТА

Каля 20 гарадзенцаў сабраліся на марш пэнсіянэраў у парку Жылібэра 19 кастрычніка. За імі сачыла міліцыя, але нікога не затрымалі.

Жанчыны і мужчыны сталага ўзросту сабраліся ў цэнтральным парку. Спачатку шпацыравалі, размаўлялі між сабой. Жанчыны сабралі букеты з жоўтага лісьця, некаторыя трымалі чырвона-белыя парасоны, былі ўбраныя ў чырвонае і белае. Яны ня несьлі ніякіх плякатаў ці сьцягоў. У парк прыехаў міліцэйскі мікрааўтобус.

Потым калёна рушыла да ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. За імі сьледам ішлі «людзі ў цывільным», міліцыянты, якія часта прысутнічаюць на вулічных акцыях. Пэнсіянэры гукалі «Жыве Беларусь». Яны зрабілі некалькі кругоў па парку, па вуліцы Ажэшкі міма ўнівэрсытэту. Збоку іх здымала дзяржаўнае тэлебачаньне. Невядомая дзяўчына, да таго ж, здымала іх на мабільны тэлефон на адлегласьці каля мэтру.

Па маршруце, якім ішоў марш, стаялі аўтобус без пазнакаў і міліцэйская машына. Калі пэнсіянэры пайшлі ў бок аблвыканкаму, з аўтобуса выйшлі каля 20 міліцыянтаў і перакрылі праход на вуліцу Ажэшкі і Савецкую. Тады калёна разьвярнулася назад, і пэнсіянэры разышліся. Марш працягваўся паўтары гадзіны.

Тыдзень таму на першы горадзенскі марш пэнсіянэраў прыйшлі каля 70–100 чалавек. Тады затрымалі 6 жанчын, адну зь іх з РАУС забралі ў шпіталь з падазрэньнем на інсульт.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.