Жорстка зьбіты сілавікамі прадавец кветак выехаў за мяжу, але абяцае вярнуцца

Максім Харошын у шпіталі пасьля жорсткага затрыманьня

Раніцай 13 кастрычніка разам з жонкай затрымалі аднаго з уласьнікаў менскай крамы «Первый цветной» Максіма Харошына. Яго брутальна пабілі пры затрыманьні і пасьля ў РУУС, так што адразу зь міліцыі адправілі ў шпіталь.

Максім Харошын зьмясьціў сёньня ў Інстаграме зварот да беларусаў, якія падтрымалі яго ў цяжкія дні. Да яго затрыманьня ён быў вядомы тым, што на жаночых маршах раздаваў дзяўчатам кветкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што расказаў уласьнік кветкавай крамы, якога брутальна схапілі і зьбілі ў Менску. ВІДЭА

Пасьля таго, як навіна пра жорсткае затрыманьне Харошына разышлася па сацыяльных сетках, каля яго крамы стаялі доўгія чэргі па кветкі на знак салідарнасьці з уласьнікам крамы.

«Мы з сям’ёй на некалькі тыдняў вырашылі выехаць на рэабілітацыю.

Нягледзячы на тое, што гэта было зрабіць вельмі няпроста, я толькі цяпер выдыхнуў і абняў сына, жонку і расплакаўся. Ад былога страху і ад той падтрымкі, якую я атрымаў ад Вас.

Дзякуй Вам вялікі, Беларусы Вы неверагодныя, і мы абавязкова пераможам. Я вярнуся і зусім хутка буду дастаўляць Вам любімыя кветкі.

Дзякуй Вам і беражыце адны адных», — напісаў Максім у Інстаграме..