16 кастрычніка на Youtube прэзэнтуюць фільм амэрыканскай беларускі Вольгі Дземкі «Песьні старой Эўропы — старажытныя беларускія народныя песьні», які распавядае пра зьнікаючыя культурныя традыцыі Беларусі.
У фільме можна пабачыць кадры з экспэдыцый 1980-х i 1990-x і запісы сьпевакоў з адлеглых беларускіх вёсак на Палесьсі, інтэрвію з апошнімі носьбітамі ўнікальных традыцый, размовы з экспэртамі-гісторыкамі і этнографамі. Фільм ствараўся на ўласныя грошы рэжысэркі з дапамогай сродкаў, сабраных падчас правядзеньня краўдфандынгавай кампаніі.
Фільм прыняў удзел у шматлікіх фэстывалях па ўсім сьвеце, яго паказвалі ў ЗША, Мэксіцы, Літве, Баўгарыі, Канадзе, на 23-м міжнародным фэстывалі «Лістапад» у межах праграмы «Беларуская панарама».
Стужка атрымала галоўную прэмію Міжнароднага канадзкага кінафэстывалю «Творачасьць» (Canadian Creation International Film Festival) у намінацыі «Найлепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм», плятынавую ўзнагароду «Рэмі» на 50-м міжнародным кінафэстывалі Wordfest-Houston у катэгорыі «Кінавытворчасьць этнічных фільмаў і відэаматэрыялаў аб культуры» і шэраг іншых узнагародаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра старажытны беларускі фальклёр атрымаў прэмію Міжнароднага канадзкага кінафэстывалюРэжысэрка Воля Дземка з 2003 году жыве ў Сіэтле. Там у 2010 годзе скончыла Інстытут мастацтваў па спэцыяльнасьці «камэрцыйная фатаграфія», брала ўдзел у шэрагу конкурсаў і выставаў. Працавала прадзюсарам, рэжысэрам, асыстэнтам рэжысэра і апэратарам-пастаноўшчыкам кароткамэтражных фільмаў, рэклямных ролікаў і музычных кліпаў.