«АМАП, спыніцеся». У Горадні аcудзілі дырэктарку дзіцячага госьпісу

Вольга Вялічка

Дырэктарку Горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольгу Вялічку аштрафавалі на 405 рублёў 16 кастрычніка. Яе затрымалі напярэдадні. Ноч гарадзенка правяла ў ізалятары.

Перад судом Вольга расказала, што пачуваецца добра. У ІЧУ яна ня зьмерзла, ёй далі бялізну. Паводле пратаколу, Вялічка ўдзельнічала ў недазволеным масавым мерапрыемстве на вуліцы Гарнавых у Горадні 6 верасьня. Вялічка трымала ў руках плякат «АМАП, спыніся». Вялічка адмовілася даваць паказаньні.

Вольга Вялічка разам з мужам Сяргеем

На судзе ў якасьці сьведкі выступіў міліцыянт Кастрычніцкага РАУС Русак, зачыталі пісьмовыя паказаньні ягонага калегі Палякова. Паводле іх, 6 верасьня на вуліцы Гарнавых адбыліся сутычкі пратэстоўцаў і АМАПу.

Пасьля сутыкненьняў яны ўбачылі жанчын, якія абураліся дзеяньнямі на вуліцах, сярод іх была і Вялічка. Як раней расказаў муж Сяргей Вялічка, Вольгу затрымалі ўвечары 15 кастрычніка ў двары горадзенскага мікрараёну Альшанка. Там праходзіла працоўная сустрэча з гарадзенцамі аб валянтэрскай дапамозе госьпісу.

Гарадзенцы прыйшлі пад суд падтрымаць Вольгу Вялічку

На сустрэчу прыйшлі міліцыянты ў форме, прыехаў аўтобус з амапаўцамі. Міліцыянты папярэдзілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Калі ўбачылі паперы з дазволам праводзіць падобныя імпрэзы, сказалі, што Вялічку забіраюць за ўдзел у мітынгу 6 верасьня. Удзельнікаў сустрэчы папрасілі разысьціся.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Гарадзенцы прыйшлі пад суд падтрымаць Вольгу Вялічку

Кветкі, якія гарадзенцы прынесьлі пад суд для Вольгі Вялічкі