Пасьля выбараў улады завялі больш як 400 крымінальных спраў за пратэсты

Андрэй Швед, архіўнае фота

З 9 жніўня, калі пачаліся пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, завялі больш за 400 крымінальных спраў за парушэньне грамадзкага парадку, паведаміў генэральны пракурор Андрэй Швед у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».

Ён сказаў, што ўлады прымаюць «самыя рашучыя меры», каб спыняць «радыкальныя дзеяньні» грамадзян.

«Гаворка ідзе, напрыклад, пра факты блякаваньня дарожнага руху, у першую чаргу ў сталіцы».

Пракуратура патрабуе

  • як найхутчэй затрымліваць такіх пратэстоўцаў,
  • за кожны выпадак заводзіць крымінальныя справы,
  • зьмяшчаць затрыманых пад варту,
  • выносіць максымальна строгія прысуды.

Што да заяў грамадзян (імаверна, наконт гвалту з боку сілавікоў. — РС), то Швед сказаў, што ў свой час будуць рашэньні што да кожнага з паведамленьняў.

На сёньня не вядома, каб на заявы грамадзян, пацярпелых ад гвалту сілавікоў, завялі хоць адну крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты ў Беларусі адседзелі ўжо больш за 500 дзён адміністрацыйнага арышту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усіх ня вывезеш, усіх не пасадзіш». Ціханоўская расказала Свабодзе пра ўльтыматум, каманду, гвалт і размову з мужам