Крызісу няма. Сьледчы камітэт абвясьціў тэндэр на амаль 200 новых аўтамабіляў

Аўтамабіль Сьледчага камітэту, архіўнае фота

Партал дзяржаўных закупаў апублікаваў плян цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту купіць тавары для ведамства.​

Сярод некалькіх дзясяткаў найменьняў тавараў і паслугаў фігуруе і аўтатранспарт. Сьледчы камітэт зьбіраецца абнавіць амаль дзьве сотні адзінак. Прычым абавязковае патрабаваньне тэндэру — легкавікі мусяць быць новыя, год выпуску не пазьнейшы за 2020.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыстэмы запісу маўленьня і падрыхтоўка кіроўцаў дронаў. Што цяпер закупляюць сілавыя ведамствы

Да 143 легкавых аўтамабіляў з гэтай колькасьці выстаўляюць патрабаваньне да аб’ёму рухавіка — ня болей за 1500 см³. Яшчэ 50 + 5 машын — канкрэтныя мадэлі, якія вырабляе завод кітайскай кампаніі «Джылі» пад Барысавам.

На гэтыя мэты ды іншыя закупы для Сьледчага камітэту зь дзяржаўнага бюджэту заплянавана выдаткаваць амаль 4 мільёны даляраў у эквіваленце (10 мільёнаў 220 тысяч рублёў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хапае на амапаўскія балаклавы — мусіць хапаць і на мэдычныя маскі». BYCOVID не перазапусьцяць з прыходам другой хвалі пандэміі