«Гэта бяздоннасьць нейкага бясчынства і жаху». Віталь Гуркоў заявіў, што ня вернецца ў Беларусь

Віталь Гуркоў

Знаны беларускі спартовец, шматразовы чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе, сьпявак рок-гурту Brutto Віталь Гуркоў падчас стрыму ў інстаграме Tribuna.com сказаў, што не плянуе вяртацца ў Беларусь.

«Вось, кажуць, дно прабітае, але няма ніякага дна. Гэта бяздоннасьць нейкага бясчынства і жаху», — ахарактарызаваў ён падзеі ў Беларусі.

«Сказалі, што Кандрусевіч зьехаў у Эўропу і атрымаў заданьні нейкія… Яны могуць сказаць, што я быў у Зяленскага і атрымаў указаньні або грошы на рэвалюцыю. Цяпер жа ворагі Ўкраіна, Польшча.

Разумею, што супраць мяне можна прыдумаць якую-хаця справу. Я ведаю футбольных хуліганаў. У 2017 годзе мой таварыш атрымаў каля 10 гадоў у сфабрыкаванай справе — за кіраўніцтва нейкімі незарэгістраванымі арганізацыямі. Віталь Пума адседзеў каля 3 гадоў.

У свой час я быў у нефармальнай тусоўцы, дзе былі хуліганы, анархісты і гэтак далей. Можна лёгка прыдумаць, што я зь імі ў адной тэме.

Я бачыў артыкул, дзе я быў выстаўлены заўзятым нацыяналістам, што ў першыя дні мітынгаў я рыхтаваў хуліганаў, якія супрацьстаялі АМАПу. Пры гэтым гэта лёгка могуць даказаць: ёсьць фатаграфіі, дзе я з пэўнымі людзьмі. Я клясна падыходжу пад гэтую ўсю тэму.

Я прыняў рашэньне, што я эмігрант».

Пры канцы размовы Гуркоў пацьвердзіў, што не плянуе вяртацца ў Беларусь ніколі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША заклікаў улады Беларусі дазволіць мітрапаліту Кандрусевічу вярнуцца ў краіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьехаў Сяргей Дылеўскі — апошні сябра прэзыдыюму Кааардынацыйнай рады, хто быў на волі