Зорка баскетболу Алена Леўчанка даседзіць 15 сутак арышту. Суд адхіліў яе скаргу

Баскетбалістка Алена Леўчанка

Пасьля некалькіх пераносаў паседжаньня Менскі гарадзкі суд адхіліў апэляцыйную скаргу адвакатаў баскетбалісткі Алены Леўчанкі.

Яна адбывае 15-суткавы арышт за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандбольны клюб «Віцязь» зьнялі з чэмпіянату за падтрымку арыштаванай баскетбалісткі Леўчанкі

Такім чынам, як удакладніў Свабодзе сябра «Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў», трэнэр гандбольнага клюбу «Віцязь» Канстанцін Якаўлеў, самай вядомай беларускай баскетбалістцы давядзецца адседзець увесь тэрмін, прызначаны судом.

Ён заклікаў неабыякавых людзей раніцай 15 кастрычніка сабрацца каля турмы на Акрэсьціна, каб сустрэць адну з гераінь пратэстаў. Фармальна тэрмін яе зьняволеньня сканчаецца ў 7.40.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад мужчынскай годнасьці ў гэтага рэжыму нічога не засталося», — баскетбольная зорка Алена Леўчанка

Алену Леўчанку затрымалі 30 верасьня ў Нацыянальным аэрапорце перад вылетам на плянавае лячэньне і рэабілітацыю. Спачатку яе даставілі ў Ленінскае РУУС, а ўжо адтуль у ізалятар. Адваката да яе не дапусьцілі, спаслаўшыся на сытуацыю з каранавірусам, судзілі праз скайп.

Прафэсійная баскетбалістка, уладальніца бронзавай узнагароды чэмпіянату Эўропы, фіналістка жаночай Нацыянальнай баскетбольнай лігі была сярод першых прадстаўнікоў беларускага спорту, хто акрэсьліў сваю грамадзянскую пазыцыю. Яна публічна абурылася маштабам фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і садызмам сілавікоў, якія расстрэльвалі, калечылі, гвалцілі мірных пратэстоўцаў.