«Ад ідэалягічных формаў да ўжываньня зброі». Сьледам за МУС расстрэлам пратэстоўцаў прыгразіў сацыёляг 

Сілавік пагражае зброяй жанчыне падчас пратэставага мітынгу, Менск, 11 кастрычніка

Выхады людзей набылі радыкальны характар, што з падачы «замежных куратараў» можа прывесьці да фармаваньня экстрэмісцкіх груповак, цытуе БелТА загадчыка аддзелу Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Мікалая Шчокіна.

Сацыёляг назваў «своечасовай і абгрунтаванай» заяву першага намесьніка міністра ўнутраных справаў Генадзя Казакевіча, які напярэдадні паабяцаў: сілавікі ня сыдуць з вуліц і пры неабходнасьці будуць ужываць спэцсродкі і баявую зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС прыгразілі, што будуць ужываць баявую зброю супраць пратэстоўцаў

«Сама лёгіка разьвіцьця падзеяў вядзе да таго, што калі не спыніць жорсткімі мерамі гэтыя праявы, можам атрымаць другі клон „Правага сэктару“, і тады будзе разыграная іншая карта — з захопам улады ў рэгіёнах. Таму варта прымаць комплекс мер — ад ідэалягічных формаў (адукацыйных і асьветніцкіх) да больш жорсткіх з ужываньнем спэцсродкаў і зброі. Галоўная мэта — захаваньне дзяржавы і забесьпячэньне міру і спакою. Толькі ў стабільным грамадзтве і пры захаваньні інстытуцыйных асноваў дзяржаўнасьці можна весьці дыялёг і рухацца наперад», — адзначыў Шчокін.

Раней адзін з кіраўнікоў МУС Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў, што Беларусь спрабуюць «уцягнуць у хаос 1990-х, прымусіць прайсьці сумны шлях рэспублік, якія перажылі каляровыя рэвалюцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трое загінулі, 500 выпадкаў катаваньняў, 1800 заяваў пра гвалт — праваабаронцы расказалі пра Беларусь пасьля выбараў

Сілавік прыгразіў ад імя ведамства, што супрацоўнікі органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў у разе неабходнасьці будуць ужываць спэцсродкі і баявую зброю.