Сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ, разьбітыя галовы ў Менску. ВІДЭА

Сілавікі запусьцілі сьвятлашумавую ракетніцу ў дэманстрантаў у Менску

«Марш годнасьці» у Менску суправаджаецца гвалтам, параўнальным зь першымі днямі жнівеньскага супраціву.

Прадстаўнікі сілавых структураў напачатку адмаўлялі выкарыстаньне сьвятлашумавых гранатаў і сьлезацечнага газу, але неўзабаве былі вымушаныя прызнаць ужываньне спэцсродкаў супраць «найбольш агрэсійнай часткі» пратэстоўцаў.

Па відэа- і фатаздымках бачна, што ёсьць пацярпелыя сярод дэманстрантаў — людзям з акрываўленымі тварамі дапамагалі мэдыкі-валянтэры, якія накладалі бінтавыя павязкі. Фактычна ўпершыню за два апошнія месяцы людзі ў форме без апазнавальных знакаў і цывільныя з дубінкамі жорстка зьбівалі людзей.

Пацярпелы ад сілавікоў на праспэкце Пераможцаў

На праспэкце Пераможцаў, Нямізе, Раманаўскай слабадзе ды іншых месцах актыўна задзейнічалі вадамёты — палівалі людзей аранжавай жыжай.

Як і ў папярэднія акцыі, сілавікі мэтанакіравана перасьледавалі журналістаў: для высьвятленьня асобы і праверкі дакумэнтаў у пастарункі па ўсёй краіне дастаўленыя блізу паўсотні супрацоўнікаў СМІ.

На перакананьне Беларускай асацыяцыі журналістаў, такім прымітыўным спосабам улады спрабуюць «сарваць карцінку».