А звольненыя купалаўцы правялі адкрытую рэпэтыцыю «Тутэйшых» на іншай сцэне.
У памяшканьні тэатру не праводзіцца ніякіх рэпэтыцый, таксама не было набору новых супрацоўнікаў. Пра гэта сказаў намесьнік міністра культуры Валер Грамада, якога прызначылі часова выконваць абавязкі дырэктара тэатру імя Янкі Купалы.
Паводле Валера Грамады, спэктакляў бліжэйшым часам там ня будзе. «Ніякіх пакуль камэнтароў трупы няма», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акторы ў счэпцы, лямпачка ў крыві. Як прайшла адкрытая рэпэтыцыя «Тутэйшых»У тэатры кажуць, што «трупа сышла», і колькі працягнецца прастой, невядома, бо на пасаду дырэктара чалавека знайсьці прасьцей, чым мастацкага кіраўніка. Засталіся ўсяго дзевяць актораў, новых пакуль не набіраюць.
Купалаўскі тэатар на прастоі з 21 жніўня. Паказваць спэктаклі стала немагчыма, бо звольніліся акторы, рэжысэры і некаторыя іншыя супрацоўнікі.
«Нелегальна мы працаваць ня будзем»
6 кастрычніка акторы разам з рэжысэрам Мікалаем Пінігіным правялі адкрытую рэпэтыцыю «Тутэйшых» у іншым памяшканьні ў Менску. Якая гэта пляцоўка, не паведамляецца.
Мікалай Пінігін пакуль ня ведае, ці будзе магчымасьць далей паказваць і рэпэтаваць новыя спэктаклі.
«Ня ўпэўнены. Калі нам дадуць магчымасьць гэта рабіць, тады так. Усё залежыць ад таго, ці дадуць нам гастрольнае пасьведчаньне, а бяз гэтага мы ня можам легальна працаваць. А нелегальна мы працаваць ня будзем», — сказаў Мікалай Пінігін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка пра вайну сыстэмы супраць культуры: «Мяне проста скідвалі з пасады»Паводле Мікалая Пінігіна, у тэатры цяпер прастой да канца лістапада. «Што будзе далей, я ня ведаю», — кажа Мікалай Пінігін.
Ён кажа, што новае кіраўніцтва тэатру да яго не зьвярталася.