Арганізацыя па забароне хімічнай зброі пацьвердзіла, што Навальны быў атручаны «Навічком»

Аляксей Навальны

Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) перадала ўчора ўраду Нямеччыны справаздачу сваёй місіі, якая дасьледавала выпадак з атручэньнем Аляксея Навальнага 20 жніўня 2020 году. Нямецкі ўрад прасіў АЗХЗ аб тэхнічнай дапамозе ў гэтай справе.

Перададзеныя ўраду Нямеччыны вынікі аналізаў біямэдычных узораў, праведзеных сэртыфікаванымі лябараторыямі АЗХЗ, пацьвярджаюць, што біямаркеры інгібітару халінэстэразы, знойдзеныя ў крыві Навальнага і ўзорах мачы, маюць структурныя характарыстыкі, падобныя да таксычных рэчываў клясы 1.А.14 і 1.А.15.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны пасьля комы ўпершыню расьсьмяяўся, калі пачуў перахопленыя Лукашэнкам «перамовы Майка і Ніка»

Сталае прадстаўніцтва Нямеччыны ў АЗХЗ зьвярнулася з просьбай аб тым, каб Тэхнічны сакратарыят разаслаў высновы гэтай справаздачы ўсім дзяржавам — удзельніцам Канвэнцыі аб забароне хімічнай зброі і адкрыў грамадзкі доступ да гэтых высноваў.