САЗ: 10 адсоткаў насельніцтва плянэты, магчыма, заражаліся каранавірусам

Паводле ацэнак Сусьветнай арганізацыі здароўя, прыкладна кожны дзясяты чалавек у сьвеце, магчыма, заражаўся каранавірусам, піша Голас Амэрыкі.

Кіраўнік праграмы САЗ для надзвычайных сітуацыяў у галіне аховы здароўя Майкл Раян заявіў у панядзелак, што, «паводле найлепшых наяўных ацэнак» арганізацыі, 10 адсоткаў насельніцтва плянэты маглі заразіцца вірусам.

Гэта больш за 760 мільёнаў чалавек, што больш як у 20 разоў перавышае колькасьць пацьверджаных выпадкаў у сьвеце. Тым ня менш звыш 90 адсоткаў насельніцтва па-ранейшаму могуць заразіцца вірусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічбы новых заражэньняў каранавірусам у сьвеце б’юць рэкорды

Выступаючы на спэцыяльнай сэсіі Выканаўчага камітэту САЗ у Жэнэве, Раян сказаў, што гэтыя лічбы вар’ююцца ад краіны да краіны, дадаўшы пры гэтым, што гэтая ацэнка азначае, што «пераважная большасьць насельніцтва сьвету па-ранейшаму пад рызыкай заражэньня».