У Менску прайшоў «Марш пэнсіянэраў». ФОТА, ВІДЭА

5 кастрычніка ў Менску прайшоў «Марш пэнсіянэраў». Удзельнікі маршу сабраліся на плошчы Незалежнасьці і рушылі па праспэкце.

Яны трымаюць у руках плякаты «Пэнсіянэры за перамены», «Не — генацыду беларускага народу», «Ня веру Лукашэнку, БТ і RT, веру сваім дзецям і Сьвятлане Алексіевіч», «Пэнсіянэры супраць усялякага беззаконьня, гвалту і хлусьні» і іншыя. Удзельнікі акцыі скандуюць «Сумленныя выбары» і «Жыве Беларусь», «Нашы гады́ — сіла», «Верым, можам, пераможам», «Сыходзь!» і іншыя лёзунгі.

Удзельнікі прайшлі маршам па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Перамогі і павярнулі ў бок Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Яны прыйшлі да МДЛУ, каб падтрымаць студэнтаў. Нейкі час пэнсіянэры стаялі ля ўнівэрсытэту і скандавалі «Бабулі за вас!» і «Жыве Беларусь!», размаўлялі са студэнтамі, зычылі ім вучыцца на дзясяткі.

Пасьля калёна пайшла далей па праспэкце Незалежнасьці. На плошчы Якуба Коласа калёна праскандавала «Кожны панядзелак», і людзі пачалі разыходзіцца.

Пэнсіянэры сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску

Многія трымаюць у руках плякаты

Калёна рушыла па праспэкце Незалежнасьці

Калі марш праходзіў паўз будынак КДБ Беларусі, пэнсіянэры скандавалі «Бабушки против ОМОНа»

Пэнсіянэры прыйшлі да Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, каб падтрымаць студэнтаў

Яны скандуюць «Бабулі за вас!»

Калёна ідзе далей па праспэкце Незалежнасьці