Гандбалістаў «Віцязя», якія заявілі пра салідарнасьць з арыштаванай баскетбалісткай, зьнялі з чэмпіянату і пазбавілі залі 

Дырэктар гандбольнага клюбу "Віцязь" Аляксандар Апейкін (у цэнтры) сярод заўзятараў

За салідарнасьць са зьняволенай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай гандбольны клюб «Віцязь» спачатку зьнялі з чэмпіянату Беларусі, а сьледам пазбавілі трэніровачнай залі, паведамляе прэс-служба каманды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандбольны клюб «Віцязь» зьнялі з чэмпіянату за падтрымку арыштаванай баскетбалісткі Леўчанкі

«Сябры, зьвяртаемся па дапамогу. Гандбольны клюб „Віцязь“ шукае трэніровачную залю. Бяда не прыходзіць адна — гэтым разам нас пазбавілі месца для трэніровак. Калі вы ўладальнік спартовай залі або ў вас ёсьць знаёмыя, гатовыя супрацоўнічаць з нашай камандай, адгукніцеся», — заклікае адміністрацыя каманды.

«Віцязь» адмовіўся выходзіць на матч супраць «Машэкі» праз затрыманьне баскетбалісткі Алены Леўчанкі і прысуджэньне ёй 15 сутак арышту за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самую вядомую беларускую баскетбалістку асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у маршах пратэсту

У клюбе патлумачылі, што арышт вядомай спартоўкі яны лічаць незаконным і пратэстуюць супраць ціску на грамадзян Беларусі.

Сьледам Беларуская фэдэрацыя гандболу, якой кіруе даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі, экс-кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, выдала загад зьняць каманду з чэмпіянату Беларусі.