Украіна плянуе далучыцца да санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі, — кіраўнік МЗС Украіны

Дмітро Кулеба

Украіна плянуе далучыцца да санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі, заявіў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба ў інтэрвію ўкраінскай службе BBC.

«Я хачу паглядзець на канчатковае юрыдычнае рашэньне, хто там у гэтым сьпісе. Але так, мы настроеныя далучыцца да гэтых санкцыяў, бо тут ужо ідзецца аб пасьлядоўнасьці палітыкі», — сказаў Кулеба.

Кіраўнік МЗС Украіны адзначыў, што кошт такой салідарнасьці Ўкраіны нашмат вышэйшы, чым для краін ЭЗ або NATO, бо Ўкраіна не знаходзіцца пад «парасонам абароны» гэтых аб’яднаньняў, а пашырэньне ўплыву Расеі ў Беларусі пагражае ўкраінскай бясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйна Кіеў будзе зьвяртацца да Лукашэнкі па імі, без указаньня пасады

Міністар патлумачыў, што Ўкраіна плянуе далучыцца менавіта да пэрсанальных санкцыяў для пэўных прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва, але не плянуе ўводзіць нейкіх эканамічных санкцыяў і абмяжоўваць гандаль.

Украінскі міністар дадаў, што такая пазыцыя можа зьмяніцца ў тым выпадку, калі Расія ўсталюе кантроль над беларускімі прадпрыемствамі.

Таксама, з словаў Кулебы, Украіна не зьбіраецца паніжаць узровень дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Менску.

«Я ня бачу падставаў для разрыву дыпляматычных адносінаў або для паніжэньня прысутнасьці Ўкраіны ў Беларусі да ўзроўню часовага паверанага, як у нас гэта з Расеяй», — адзначыў міністар.