Сяргей Будкін зьехаў у Вільню і ўзначаліў Беларускі фонд культурнай салідарнасьці

Сяргей Будкін

Музычны крытык Сяргей Будкін прыняў прапанову ўзначаліць Беларускі фонд культурнай салідарнасьці. Да таго зь ім прыпыніў супрацу тэлеканал «Белсат», таксама быў згорнуты ягоны аўтарскі праект «Тузін гітоў».

«Сябры, усё імкліва зьмянілася ў маім жыцьці, — паведаміў Сяргей Будкін. — Я пагадзіўся ўзначаліць Беларускі фонд культурнай салідарнасьці і застацца на пэўны час у Вільні. Праца для мяне дужа цікавая, бо па факце ўбірае ў сябе ўсё тое, чым я займаўся папярэднія 17 гадоў. Каардынаваць справу будзем разам з чалавекам, якога ведаю і паважаю вельмі даўно — Марынай Шукюравай (сьпявачка Руся. — РС)».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музычны партал «Тузін гітоў» спыніў дзейнасьць пасьля 17 год працы

Паводле Сяргея Будкіна, дзейнасьць Беларускага фонду культурнай салідарнасьці стартуе ад наступнага тыдня з публікацыі адкрытага ліста работнікаў культуры. Яго падпісала ўжо больш за 400 чалавек.

Ахвотных далучыцца Сяргей Будкін заклікае зрабіць гэта ў камэнтарах пад ягоным пастом у Facebook.

«Ня маю аніякага сумневу ў тым, што мы пераможам і гэта здарыцца вельмі хутка. Сілаў усім нам!», — падсумаваў музычны экспэрт.